Вы тут

Мастацкі праект маладых талентаў


Мастацкі праект «Арт-прастора ў бібліятэцы» існуе ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы iмя А. С. Пушкiна больш за пяць гадоў. Створаны па ініцыятыве яе дырэктара Святланы Гарадзецкай восенню 2018 года, ён заваяваў папулярнасць сярод жыхароў горада. Праект задумваўся і ствараўся для таго, каб у маладых мастакоў была магчымасць прэзентаваць свае работы. Сёння нават знакамітыя аўтары зацікаўлены ў супрацоўніцтве з гэтай творчай пляцоўкай. 


Адкрыццё выставак суправаджаецца вернісажам, запрашаюцца прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Аб папулярнасці праекта гавораць лічбы: больш за 25 фотаэкспазіцый і больш за 65 мастацкіх. Прадстаўляюцца творчыя работы, выкананыя ў розных тэхнiках i жанрах. Праходзяць выстаўкі акварэлi i фiгуратыўнага жывапiсу, габеленаў i экслiбрысаў, нацюрмортаў i камп’ютарнай графiкi, пейзажнага жывапiсу i анiмалiстычнай графiкi, вышыўкі крыжыкам i стужкамi. 

Мастацкiя паказы абнаўляюцца штомесяц. «Арт-прастора ў бібліятэцы» адкрывае гораду новыя iмёны творчых людзей. Маюць магчымасць паказаць свае творы і вядомыя мастакi. Звесткi аб аўтарах змяшчаюцца на сайце бiблiятэкi на старонцы «Арт-вiзiтоўка». 

Мастакі дораць свае карцiны гарадской кніжніцы. Так, залу абанемента ўпрыгожваюць габелен Людмiлы Крапiўной, графiка Юліi Пiчуевай, выцiнанка Святланы Аляксейчык, жывапiсныя палотны Аляксея Пагожава, Таццяны Патворавай, Алены Шпанагель ды іншыя творы. 

У адкрыцці выставак часта прымаюць удзел паэты i празаiкi Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нярэдка складваюцца сапраўдныя творчыя тандэмы. Частая ўдзельніца вернісажаў — старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч, а яе дачка Мілана неаднаразова выконвала перад удзельнікамі вернісажу беларускія песні. Паэтэса Таццяна Шульга напісала вершы па матывах карцін Аляксея Пагожава і Ігара Раманчука. 

У лютым у «Арт-прасторы» дэманстравалася калектыўная выстаўка ўдзельнiкаў заслужанага аматарскага калектыву Рэспублiкi Беларусь узорнай студыi выяўленчага i дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Дэкор» Цэнтра дадатковай адукацыi дзяцей i моладзi пад кiраўнiцтвам Нiлы Гарчанюк. Экспазіцыя «Вобразы роднага краю» была прысвечана 85-годдзю стварэння Брэсцкай вобласцi і прадстаўляла работы юных мастакоў-аматараў авангарда. Цэнтральнае месца заняло пано-карта Брэсцкай вобласцi. Большасць твораў дэманстравалася ўпершыню. Сярод удзельнікаў — Маргарыта Бярэзiна. На выстаўцы экспанаваліся дзве яе работы: «Ефрасiння» i «Танец «Юрачка». Маргарыта — дачка паэтэсы Аксаны Валуй. 

Праект «Арт-прастора» ўвесь час удасканальваецца і напаўняецца новымі ідэямі. У сакавіку можна пазнаёміцца з сумеснай выстаўкай мастачкі-акварэлісткі Вольгі Данілюк і фатографа Анатоля Люкевіча. Тэма — брэсцкія дворыкі. 

Ірына ФАМІНА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.