Вы тут

Лепшы па прафесіі вадзіцель «Белтэлекам» дастаўляў у свой час па 60 тэлеграм у дзень


Вадзіцель Магілёўскага філіяла «Белтэлекам» Раман Валчкоў стаў у сваёй катэгорыі пераможцам спаборніцтваў па выніках работы за мінулы год у Ленінскім раёне Магілёва. Яго стаж за рулём складае 26 гадоў. За гэты час дысцыплінаваны кіроўца не здзейсніў ніводнага ДТЗ і нават штрафаў ні разу не атрымліваў. Галоўнай якасцю вадзіцеля, лічыць ён, павінна быць уважлівасць і цярпенне. Трэба памятаць, што дарога памылак не даруе. 


 

Працаваць на прадпрыемства прыйшоў адразу ж пасля арміі — 20 гадоў таму. Расказвае, што як толькі ўбачыў абвестку аб вакансіі на пасаду кіроўцы ў «Белтэлекаме», нават не раздумваў. На гэтым жа прадпрыемстве 29 гадоў адпрацаваў кабельшчыкам-спайшчыкам яго бацька. Рамана адразу ж прынялі ў групу па дастаўцы тэлеграм. Сёння ён з усмешкай успамінае, як днямі прыходзілася развозіць тэлеграмы. У сярэднім за дзень дастаўляў па 15-20 тэлеграм, а напярэдадні Новага года усе 50-60. Нават прывозіў маладажонам тэлеграмы у ЗАГС. Зараз абавязкі ў Рамана Валчкова крыху іншыя. Напрыклад, падвезці работнікаў «Белтэлекам» на тыя ці іншыя мерапрыемствы, развезці тавары па сервісных цэнтрах «Белтэлекама» або непасрэдна па кліентах.

За час работы кіроўцам усякае здаралася. Бывала, што і транспарт падводзіў. Аднойчы зімой, калі быў у камандзіроўцы, у дарозе матор заглух. Што рабіць? Мароз – 25 градусаў, нікога навокал. Але кіроўца не разгубіўся. Наламаў галля, распаліў вогнішча і пачаў грэцца. На шчасце, калегі хутка спахапіліся і прыехалі на дапамогу. Але ўрок дарма не прайшоў. З таго моманту вадзіцель з сабой заўсёды бярэ ў далёкія паездкі камплект цёплай вопраткі, прылады для рамонту аўтамабіля і сякеру. Ніколі не ведаеш, што можа быць у дарозе.

Вольны час Раман Валчкоў цалкам прысвячае сям’е. І, цікавае супадзенне: у шлюбе з жонкай роўна столькі ж, колькі працуе на прадпрыемстве – 20 гадоў. Гонар сям'і – дачка, якая ўжо хутка закончыць Магілёўскі каледж мастацтваў і атрымае дыплом  выкладчыка ігры на гітары. Што датычыцца  хобі, то гэта, безумоўна, дача. Там без мужчынскіх рук справы не абыходзяцца. Яшчэ падабаецца вырошчваць кавуны і дыні, а восенню хадзіць у лес па апенькі.

Суразмоўнік лічыць, што ён чалавек шчаслівы. І ў сям'і лад, і прафесія яму падабаецца. Не трэба днямі сядзець у кабінеце, едзеш, а за вакном мільгаюць усё новыя карцінкі. Шмат прыгожых мясцін Беларусі дзякуючы прафесіі пабачыў.

Ну а пра тое, што яго за прафесіяналізм адзначаць, нават не думаў. Проста працаваў сумленна.  І першае месца ў спаборніцтве стала прыемным сюрпрызам. Гэта пацвердзіла, што ён – чалавек на сваім месцы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскага філіяла «Белтэлекам»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.