Дзіцячае атлусценне — адна з надзённых праблем педыятрыі ў многіх краінах свету. Беларусь — не выключэнне. Зразумела, што прычына — у няправільным харчаванні і недахопе фізічнай нагрузкі. Здавалася б, дастаткова збалансаваць гэтыя два фактары — і праблема будзе вырашана. Але чаму тады яна застаецца актуальнай? Пра тое, што правільнае харчаванне дзіцяці — падмурак яго здароўя ў будучыні, пастаянна паўтараюць медыкі і дыетолагі. Але часам нават самая старанная, матываваная і любячая мама не здольная забяспечыць свайму дзіцяці паўнавартасны рацыён. Разбяромся, чаму.
Што ў славянскай культуры спрадвеку лічылася меркай здароўя дзіцяці? Правільна: добры апетыт і круглыя чырвоныя шчочкі. «Асілкам расце!» — замілоўваюцца пажылыя суседкі, і мама задаволена: гэта ж пахвала ёй як клапатлівай... Змагацца з такім стэрэатыпам няпроста, бо яго карані ў мінулым нашай краіны. У страшных гадах вайны і пасляваенных цяжкіх, галодных часах, у памятным сучасным 50—60-гадовым савецкім дэфіцыце, калі даводзілася стаяць у доўгіх чэргах... З таго часу шмат што змянілася. Сёння недахопу ў прадуктах харчавання няма і не трэба запашваць калорыі ў сваім арганізме. Памяняліся і ўмовы жыцця: сучасным дзецям не даводзіцца дабірацца да школы пешшу за некалькі кіламетраў, не трэба ім ні ў вёсцы, ні тым больш у горадзе гадзінамі працаваць па гаспадарцы. Больш за тое, нават бегаць з аднагодкамі ў двары ў цяперашняй дзятвы ўжо «не модна». Затое цэлымі днямі і першаклашкі, і падлеткі сядзяць спачатку на ўроках у школе, потым, ужо дома, — за «дамашкай», далей, у вольны час, — у гаджэтах. Змянілася ўсё. А стэрэатып аб добрым апетыце застаўся. Гэтак жа, як і іншая «спадчына»: «Еш з хлебам!»; «У нас таварыства чыстых талерак»; каларыйная вячэра непасрэдна перад сном; хлеб з маслам, бульба з адбіўнушкай і макарошкі з катлетай (вугляводы + тлушчы — энергетычная бомба для арганізма); «Смачнае на трэцяе!» — здоба, шакаладныя цукеркі, дэсерт як завяршэнне трапезы.
Сюды ж аднясём і традыцыю ўзнагароджваць або суцяшаць дзіця «смачненькім» як фактар хуткага фарміравання харчовай залежнасці.
Па меры сталення ў рацыёне сучаснага дзіцяці хутка з'яўляюцца не надта карысныя стравы з багаццем солі, заправак, фарбавальнікаў і кансервантаў. Досыць рана дзіця пачынае праводзіць значную частку часу ў арганізаваных калектывах (садок, школа), дзе яго харчаваннем, адпаведна, займаюцца не бацькі, а іншыя. Да таго ж дзіця само, па сваім меркаванні, траціць кішэнныя грошы. Заўважым, што гэта не камень у агарод школьнага ці дашкольнага харчавання. У апошнія гады ў нашай краіне гэтым пытаннем спецыялісты заняліся на дзяржаўным узроўні, і сёння можна казаць, што ў дзіцячых установах харчаванне збалансаванае і адпавядае прынцыпам дыеталогіі. Але ж дзіця есць не толькі ў школьнай сталовай. Па дарозе са школы, ідучы на гурткі ці ў секцыі, яно купляе гамбургеры, чыпсы, салодкую газіроўку, сокі з залішнім утрыманнем цукру, шакаладныя батончыкі, арэшкі ў глазуры, іншыя некарысныя прадукты. Ды і самі бацькі песцяць дзіця смачненькім, падтрымліваю-
чы няправільныя харчовыя звычкі. Псіхолагі і дыетолагі па ўсім свеце вінавацяць у «эпідэміі» атлусцення непаўналетніх рэкламу, якая прыцягвае ўвагу дзяцей да прысмакаў і фастфуду.
«У нас у родзе ўсе аб'ёмныя», «Гэта гены», «Проста косць цяжкая»... Эндакрынолагі сведчаць: такія сцвярджэнні — не больш за самападман. Сапраўды, статыстыка пацвярджае: калі адзін з бацькоў мае лішнюю вагу, дзіця дасягне тых жа памераў у 30 % выпадкаў: калі ж поўныя і маці, і бацька, то малы пойдзе па іх шляху ў 60 % выпадкаў. Але гены тут звычайна ні пры чым. Бывае, што лішняя вага дзіцяці звязана з генетычнымі захворваннямі, але падобных выпадкаў каля 1 % ад усіх зваротаў наконт атлусцення непаўналетніх. Значна часцей прычына лішняй вагі дзяцей (як і іх бацькоў) у сямейных звычках, адсутнасці культуры здаровага харчавання. На працягу апошняга стагоддзя навукоўцы адкрылі больш за дзясятак генаў атлусцення, але асаблівасць гэтых генаў у тым, што іх уздзеянне зводзіцца на нішто правільным харчаваннем і фізічнымі нагрузкамі. Калі бацькі праводзяць выхадныя перад тэлевізарам, ужываючы піцу (гатаваць сучасныя гаспадыні часта лянуюцца, купляючы паўфабрыкаты або заказваючы дастаўку гатовых страў), зразумела, што наўрад ці іх дзеці ўпадабаюць вараную брокалі і замест прагляду кіно адправяцца на трэніроўку. Асабліва небяспечная адсутнасць фізічнай нагрузкі ў перыяды з 5 да 7 і з 12 да 17 гадоў, адзначаюць дыетолагі: у гэтыя ўзроставыя прамежкі арганізму ўласціва рэзкае павелічэнне масы цела. Дарэчы, парушэнне рэжыму сну таксама падвяргае ваша дзіця рызыцы набору лішняй вагі: недасыпанне правакуе выпрацоўку гармону голаду.
Дыетолагі гавораць: большасць дзяцей і падлеткаў бацькі прыводзяць да спецыялістаў, калі вага спадчынніка ўжо набліжаецца да 90-100 кг. Калі праблема паўстае, прабачце за каламбур, ва ўсёй сваёй паўнаце. Пры гэтым медыцынская картка такога дзіцяці бывае не менш пухлай, чым яе ўладальнік. Але бацькі адмахваюцца ад слоў медыкаў, упэўненыя: іх дзіця спажывае не так і шмат калорый, ды і з фізічнай актыўнасцю ў яго ўсё ў парадку. Вырасце — пахудзее, калі захоча. Між тым нярэдка адказы на пытанні «Чаму маё дзіця часта хварэе?» і нават «Чаму дрэнна вучыцца?» можа даць дыетолаг. Бо шмат у чым гарманічнае развіццё арганізма, які расце, вызначае тое, што гэты самы арганізм здолеў узяць з ежы на пабудову сябе: амінакіслоты (падмурак з бялку), тлушчы (будматэрыял для клетак), вугляводы (чыстая энергія), вітаміны, мікра- і макраэлементы (каталізатары ўсіх абменных працэсаў у арганізме), ваду. Адсутнасць або недахоп тых ці іншых элементаў у харчаванні — і ўсе рэакцыі ў арганізме запавольваюцца: мы атрымліваем павольны абмен рэчываў, зніжэнне імунітэту і нават у шэрагу выпадкаў — праблемы
з паводзінамі. Не кажучы ўжо пра нізкую самаацэнку, а часта і непапулярнасць у калектыве аднагодкаў.
— Лішняя вага дзіцяці — не толькі і не столькі праблема эстэтычная, — падкрэслівае валеолаг Лілія Кацер. — Залішняя маса цела перагружае ўсе органы і сістэмы юнага арганізма. Павялічваецца рызыка развіцця цукровага дыябету другога тыпу. А гэтае захворванне, калі развілося раней за 18 гадоў, у перспектыве скарачае працягласць жыцця. Так што бацькам важна думаць аб будучыні сына ці дачкі.
Атлусценне ў перспектыве можа стаць прычынай яшчэ шэрагу захворванняў, падкрэслівае спецыяліст. Напрыклад, мужчынскага і жаночага бясплоддзя. Моцна пакутуе пры атлусценні печань — у шэрагу выпадкаў залішняя вага прыводзіць да яе хранічнай тлушчавай дыстрафіі і гепатозу (наступная стадыя — цыроз). Калі атлусценне мае дзіця ці падлетак, то хуткі рост і фарміраванне касцяной тканкі на фоне залішняй вагі могуць прывесці да праблем з пазваночнікам і суставамі яшчэ ў дзяцінстве. Таксама атлусценне можа правакаваць апноэ, ранні атэрасклероз, павышэнне артэрыяльнага ціску, хранічныя хваробы сэрца, якія, дарэчы, сёння ў свеце маладзеюць.
У групу рызыкі па атлусценні ўваходзяць, у прыватнасці, дзеці, бацькі якіх маюць атлусценне або тыя, чые сваякі пакутуюць на цукровы дыябет (іншыя эндакрынныя паталогіі), а таксама малыя, рана пераведзеныя на штучнае харчаванне (асабліва незбалансаванымі высокакаларыйнымі сумесямі), і неданошаныя дзеці.
Паказанні для зніжэння вагі могуць быць эстэтычнымі і медыцынскімі, тлумачыць спецыяліст. Медыцынскія вызначае толькі ўрач.
— І дзіця, і яго бацькі павінны быць гатовыя да змены ладу жыцця і харчовых паводзін, — падкрэслівае Лілія Кацер.
Банальна, але факт: ніколі не позна выпрацаваць здаровыя звычкі. А пачаць гэты шлях можна з некалькіх крокаў.
- Вазьміце за правіла харчавацца рэгулярна, у адзін і той жа час. Арганізм прызвычаіцца выпрацоўваць страўнікавы сок у вызначаныя гадзіны, і перакусаў — галоўнай крыніцы лішніх кілаграмаў — у дзіцяці ды і ў вас стане менш.
- Зрабіце сняданак абавязковым пунктам распарадку дня. Гэта зменшыць памер порцыі ў абед, і, што асабліва важна, вячэра будзе не такой каларыйнай. Нагадаем, апошні прыём ежы павінен завяршыцца за 3-4 гадзіны да сну. А не за паўгадзіны, «каб лепш спалася».
- Практыкуйце сямейныя трапезы, якія вы гатуеце «з нуля», а не заказвайце гатовыя стравы, не выкарыстоўвайце паўфабрыкаты. Акрамя таго, што хатняя ежа апрыёры больш карысная і здаровая, ёсць цікавае нядаўняе даследаванне: дзеці, якія рэгулярна не менш за 20 хвілін знаходзяцца за сталом у коле сям'і, важаць менш і маюць менш праблем са страваваннем, чым тыя, каго кормяць асобна.
- Выключыце падчас трапезы прагляд тэлевізара, скролінг у інтэрнэце, гульні, мультфільмы і г. д. Адкладзіце гаджэты самі і не дазваляйце дзіцяці сумяшчаць іх з прыёмам ежы. Калі чалавек заняты толькі ежай, ён хутчэй зможа ўсвядоміць, што сыты.
- Не прымушайце дзіця даядаць усё, што ляжыць у яго на талерцы. І заўсёды пытайце, колькі яму пакласці.
- Перастаньце хваліць дзіця за тое, што яно «добра есць». Напэўна, у вас знойдзецца мноства іншых прычын пахваліць малога.
- Прыгатуйце карысныя перакусы: маркоўныя палачкі замест чыпсаў, прысмакі правільнага харчавання замест «Снікерса», гарбузовыя семачкі замест салёных арэшкаў. Нясмачна? Толькі пытанне звычкі.
- Не рабіце з дэсертаў і фастфуду спосаб заахвоціць малое ці «забаронены плод» толькі для асаблівых дзён. Дзіця вырасце, і забароненае перастане для яго быць вось такім, а арэол пазітыву вакол цукерак або гамбургера заста-
нецца.
Марыя Літвінава, урач-дыетолаг:
— У пытаннях прафілактыкі і лячэння атлусцення ў дзяцей неверагодна важны бацькоўскі прыклад. Як паказвае практыка, вельмі часта падчас зваротаў да спецыяліста высвятляецца, што бацькі і самі харчуюцца няправільна. І проста не разумеюць, што яны робяць не так. Калі патрабуецца абмежаваць высокакаларыйныя прадукты ў рацыёне дзіцяці, неабходна зрабіць гэта ў цэлым у рацыёне сям'і. Такім чынам, паступова мяняючы ў бок правільнага харчавання звычкі ўсёй сям'і, мы дасягаем аздараўлення і дзіцяці, і бацькоў. І яшчэ адна заўвага. У выпадку залішняй вагі ў дзіцяці абследаванне ў эндакрынолага абавязковае. Гэтую праблему бацькам не варта лічыць малаважнай, не трэба спадзявацца, што ўсё вырашыцца «само сабой». Таму што дзіцячае атлусценне — у першую чаргу праблема не эстэтычная, а медыцынская. Гэта дыягназ. Як толькі педыятр выяўляе лішнюю вагу ў дзіцяці, ён накіроўвае яго да эндакрынолага. І вельмі важна прыйсці на прыём, выканаць усе неабходныя абследаванні і медыцынскія рэкамендацыі.
А ўвогуле, пачніце з сябе. Калі бацькі правільна сілкуюцца, выхадныя праводзяць не на канапе, а на прыродзе, наведваюць спартзалу, калі ў сям'і наладжаны рэжым ежы і сну, усё гэта будзе падхоплена і дзецьмі.
Атлусценне лягчэй прадухіліць, чым потым ад яго пазбавіцца. Так што вышэйпералічаныя парады ўніверсальныя. Пачынайце!
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».