Вы тут

Экіпажы ЭП-21 у Зорным гарадку ўрачыста праводзілі на Байканур


У Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў у падмаскоўным Зорным гарадку ўчора было людна. Тут сабраліся моладзь, старэйшыя людзі і нават дзеці. Нагода самая што ні на ёсць урачыстая: на касмадром Байканур праводзілі асноўны і дубліруючы экіпажы 21-й экспедыцыі наведвання Міжнароднай касмічнай станцыі. Сярод іх — і нашы суайчынніцы Марына Васілеўская і Анастасія Лянкова, да якіх таксама прыехалі самыя блізкія і родныя людзі. Слёз развітання не было. Толькі радасць і гордасць за дзяўчат, якім выпаў гонар прадстаўляць нашу краіну ў бязмежнай касмічнай прасторы. Да якога, дарэчы кажучы, першаму касманаўту ў гісторыі суверэннай Беларусі застаўся літаральна адзін крок — двухтыднёвая перадстартавая падрыхтоўка. Карэспандэнты БелТА сталі сведкамі гэтага кранальнага моманту і гатовы расказаць, што адчувалі сваякі беларусак, праводзячы дачок на Байканур.


Фота: БелТА

«Кіраўніцтва пажадала нам штатнай работы. Было прыемна, што вельмі шмат людзей сабраліся на ўрачысты сняданак перад адпраўленнем на Байканур. Мы выказалі ўсім словы падзякі за праведзеную падрыхтоўку і такія душэўныя праводзіны», — расказаў журналістам камандзір асноўнага экіпажа, касманаўт «Раскосмасу» Алег Навіцкі.
«Кіраўніцтва Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў пажадала нам удачы, поспехаў, каб асноўны экіпаж вылецеў па плане. У сваю чаргу мы гатовы да палёту і выканаем усё на 100 працэнтаў, нават лепш. З такім экіпажам — толькі ў космас», — падтрымала камандзіра Марына Васілеўская.

Алег Навіцкі таксама адзначыў, што ў кампаніі Марыны Васілеўскай і астранаўта НАСА адчувае сябе надзейна. «Экіпаж вельмі надзейны і вельмі прыгожы», — дадаў ён. Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня Алег Навіцкі пажадаў цудоўнай палове чалавецтва такога ж настрою, як і ў дзяўчат экіпажа ЭП-21.

Астранаўт НАСА Трэйсі Дайсан пры гэтым адзначыла, што вельмі ганарыцца тым, што прайшла падрыхтоўку ў ЦПК імя Ю. А. Гагарына і стала часткай экіпажа. «Тут арганізавана цудоўная падрыхтоўка касманаўтаў і астранаўтаў. Я рада, што прадстаўляю НАСА ў гэтай місіі», — сказала астранаўт.

«Была мара — узляцець вышэй за неба»

У журналістаў была магчымасць паразмаўляць з роднымі і блізкімі Марыны Васілеўскай і Анастасіі Лянковай. Бацька Марыны Віталь Васілеўскі расказаў, што дачка яшчэ падчас работы бортправадніцай марыла пераадолець вышыню 10 тысяч метраў.

Бацька Марыны Васілеўскай таксама расказаў, ці лёгка было адпусціць дачку ў космас: «Яна гэтага захацела, значыць, трэба адпусціць. У яе была мара — узляцець вышэй за неба яшчэ падчас работы бортправадніцай "Белавія". І вось яна дасягнула сваёй мэты». Па словах Віталя Васілеўскага, дачка да апошняга не казала яму аб тым, што плануе стаць удзельніцай касмічнага палёту. «Калі даведаліся, то хваляваліся, перажывалі. А зараз толькі радасць», — сказаў на заканчэнне бацька Марыны Васілеўскай.

Анастасія Лянкова ўваходзіць у склад дубліруючага экіпажа разам з камандзірам, касманаўтам «Раскосмасу» Іванам Вагнерам і астранаўтам НАСА Дональдам Петытам. Разам з тым Анастасія запэўнівае: пры неабходнасці дубліруючы экіпаж гатовы падмяніць асноўны. Пра космас дзяўчына і зусім марыла з дзяцінства і маленькімі, але ўпэўненымі крокамі рухалася да мары.

«Калі я даведалася, што дачка можа паляцець у космас, то адчула хваляванне. Але ўсяго, чаго дачка хацела дабіцца, яна дабівалася сама — так бы мовіць, маленькімі крокамі. І для маці гэта вялікае шчасце — бачыць, як дзіця набліжаецца да сваёй мэты. Мне гэта вельмі радасна. Яна з дзяцінства марыла аб космасе, купляла часопісы па гэтай тэме», — сказала маці Анастасіі Наталля Лянкова.

Яна дадала, што рэгулярна стэлефаноўвалася з дачкой, цікавілася, як праходзіць яе падрыхтоўка. «У якасці талісмана я перадала дачцэ цацку-Нязнайку, якую яна ўзяла на Байканур», — адзначыла Наталля Лянкова.
На касмадроме экіпажы чакае перадстартавая двухтыднёвая падрыхтоўка. А далей  – толькі космас. Да без усякіх перабольшанняў знакавага і гістарычнага моманту для нашай краіны засталося зусім няшмат. 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.