Вы тут

Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе з 14 да 17 сакавіка


Ужо зусім хутка адбудзецца ХХХІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая пройдзе з 14 да 17 сакавіка. У беларускай сталіцы па добрай традыцыі каля 20 краін прадставяць свае скарбы кнігавыдавецкай галіны. Магчымасць убачыць разнастайнасць кніжнай прадукцыі, шанц трапіць на жывую сустрэчу з любімымі аўтарамі і стаць часткай вялікага свята, прысвечанага кніжнаму слову, — гэта толькі невялікі зрэз тых шматлікіх мерапрыемстваў, якія прапануюць наведвальнікам арганізатары і ўдзельнікі.


— Выстаўка пройдзе як знакавая для нашай краіны і для кніжнай сферы ў прыватнасці. У нас ёсць новыя ідэі, мы рыхтуем новыя падзеі, якія, спадзяюся, будуць ацэнены наведвальнікамі. Сёлета ў нас на выстаўцы будуць шырока прадстаўлены краіны блізкага і далёкага замежжа. Для нас гэта вельмі адказна і прынцыпова ў сувязі з пэўнымі геапалітычнымі падзеямі, з працэсамі, якія адбываюцца ва ўсім свеце, пераацэнкай каштоўнасцяў, якія мы ўсе назіраем. Фіксіуюцца яны і пісьменнікамі, якія будуць разважаць і гаварыць на тэму і ў ходзе работы пляцовак, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі. — Адзначу толькі адно: сёння арганізацыя работы міжнароднага квартала на выстаўцы папоўніцца новымі «фішкамі», падыходамі. У прыватнасці, цэнтральным экспанентам стане Рэспубліка Іран. Краіна будзе не проста ўдзельніцай міжнароднага квартала, дзе прэзентуюцца кнігі — яе выданні там адразу можна будзе і набыць. Усяго на стэндзе Ірана прадставяць парадку 500 найменняў кніг на рускай мове. І для нас тое таксама важна, бо гэта даступнасць кніг, якія па сваім змесце вельмі разнапланавыя, пачынаючы ад прыроды, культуры і заканчваючы кнігамі пра палітыку. Я спадзяюся, што ўсе краіны, якія прымуць удзел у нашай міжнароднай кніжнай выстаўцы, будуць нечым нас здзіўляць.

Што да тэматычных акцэнтаў на сёлетняй выстаўцы-кірмашы, то іх будзе некалькі і ў іх знойдуць адлюстраванне падзеі, якія адбываюцца ў нашай краіне. Увага будзе ўдзелена тэме Года якасці, 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дарэчы, заўважна гэта стане і па афармленні цэнтральнага стэнда. Папярэдне вядома, што на ім убачым плошчу Перамогі. На цэнтральным стэндзе ўвазе наведвальнікаў прадставяць таксама шырокі выбар кніг ваеннай тэматыкі, якія прадаюцца ў Беларусі. Кожнае з выданняў мае свой GR-код, па спасылцы праз яго можна знайсці ці месца продажу выдання, ці замовіць яго па пошце. Згадана будзе і пра 30-годдзе прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Работа цэнтральнай пляцоўкі ў ходзе выстаўкі па аналогіі з мінулым годам будзе пабудавана на інтэрактыўных зносінах. А значыць, магчымасць завітаць на мерапрыемствы будзе ў кожнага, няхай для некага і ў анлайн-фармаце.

Выканаўчы дырэктар Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу Дзмітрый Макараў распавёў, што лакацыя правядзення выстаўкі ранейшая, і ўваход на яе мерапрыемствы бясплатны. Таксама ад станцыі метро Няміга зноў будзе курсіраваць спецыяльны паэтычны аўтобус, якім не толькі зможаце дабрацца на месца прызначэння, але і сустрэнецеся ў ім з беларускімі пісьменнікамі.

— Немалаважна, што на выстаўку прыязджаюць па рэдкія кнігі, навінкі. І сёлета ў нас будзе прадстаўлена шмат новых выдавецтваў з Расіі, у асноўным з Масквы. Яны паспрыяюць новаму інтарэсу да кнігі, — адзначыў Дзмітрый Макараў. — Уся падрабязная інфармацыя па кніжнай выстаўцы ёсць на афіцыйным інтэрнэт-партале кніжны кірмаш. бел. Там можна будзе сачыць і за падзеямі ў ходзе яе правядзення. Што датычыцца галоўных стэндаў, будуць прадстаўлены Іран, Расія, Кітай. Хто цікавіцца вучэбнай літаратурай, шырокі выбар будзе ў адукацыйным квартале. А ў міжнародным квартале прадставяць свае дасягненні ў кнігавыданні каля 20 краін.

Напярэдадні выстаўкі-кірмашу 13 сакавіка зноў запланавана правядзенне міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час». Чарговы раз прадстаўнікі пісьменніцкіх, выдавецкіх колаў, творчай інтэлігенцыі краін-удзельніц выстаўкі будуць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі абмяркоўваць тэму «Партнёрства ў імя будучыні».

Што датычыцца беларускіх выдавецтваў, то яны не толькі прадставяць кнігі, але і арганізуюць цікавыя сустрэчы з пісьменнікамі, рыхтуюць акцыі, віктарыны і іншыя мерапрыемствы для прэзентацыі сваёй прадукцыі. Так, напрыклад, выдавецтва «Мастацкая літаратура» прэзентуе ў асноўнай экспазіцыі шмат выданняў, у тым ліку кнігу, якая нядаўна ўбачыла свет «За цябе, Беларусь». Яна прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі, і ў яе аснове — ваенная хроніка з 1941 да 1944 года. Адлюстраваны галоўныя ваенныя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі, даты, публіцыстыка, пісьмы людзей, якія ваявалі на нашых землях. Яшчэ, як распавёў дырэктар «Мастацкай літаратуры» Алесь Бадак, у рамках кніжнай выстаўкі адбудзецца падпісанне дагавора паміж выдавецтвам і Выдавецтвам літаратуры на замежных мовах Кітайскай Народнай Рэспублікі аб выданні кнігі-біяграфіі Мінска. Гэтае выданне будзе на беларускай, кітайскай і англійскай мовах у серыі «Сто гарадоў на Шаўковым шляху».

Выдавецкі дом «Звязда» прадставіць шырокай аўдыторыі ў тым ліку і навінкі. Сярод іх — кніга «Ведаем, ганарымся» Ірыны Аўсяп’ян, у якой пад адной вокладкай чытач знойдзе нарысы пра самых знакамітых дзеячоў культуры, асветніцтва Беларусі ХХ—ХХІ стагоддзя. Таксама выйшла кніга аўтара Андрэя Караля «Дарогі vs Сэнсы», прэзентацыя якой запланавана ў рамках выстаўкі. Будзе прадстаўлена чытачам і чацвёртая кніга са збору мемуараў народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца «Цяжкія дарогі жыцця». Кніга «Галавасек» Анатоля Бензерука распавядае пра карную аперацыю ў вёсцы Драмлёва ў Жабінкаўскім раёне.

Можна будзе знайсці сярод выданняў і кнігі ўдзельнікаў літаратурнага конкурсу «ЛітUp» і адкрыць для сябе новых аўтараў. Яшчэ на стэндзе выдавецтва запланаваны шматлікія сустрэчы з любімымі пісьменнікамі, аўтограф-сесіі. Саюз пісьменнікаў Беларусі праводзіць сумесна з калегамі з Расіі, якія прыедуць на Мінскую міжнародную кніжную выстаўку, Дэкаду рускай кнігі, у рамках якой пройдзе шэраг мерапрыемстваў у бібліятэках, студэнцкіх аўдыторыях і на пляцоўцы Саюза пісьменнікаў.

Алена ДРАПКО

Фота Кацярыны УРБАН

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.