Вы тут

Што абмяркоўвалі члены экіпажа на перадпалётнай канферэнцыі?


Да старту касмічнага карабля, у складзе экіпажа якога будзе беларуска, застаецца ўсё менш часу. Касманаўты актыўна рыхтуюцца да палёту: на мінулым тыдні асноўны і дублявальны склад экспедыцыі, што мае адбыцца, прынялі ўдзел у экзаменацыйнай комплекснай трэніроўцы, якую ў нейкім сэнсе можна назваць генеральнай рэпетыцыяй палёту. Іспыт, які праходзіў у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў, нашы дзяўчаты Марына Васілеўская і Анастасія Лянкова здалі паспяхова. А падчас прэс-канферэнцыі падзяліліся сваімі думкамі і ўражаннямі.


Марына Васілеўская ўпэўнена, што вынікі навуковых эксперыментаў у час палёту дадуць магутны імпульс беларускай навуцы. «Мне дадзены вялікі гонар стаць удзельніцай асноўнага экіпажа», — сказала Марына Васілеўская. Яна падзякавала Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку і Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, якія ініцыіравалі рэалізацыю праекта па арганізацыі палёту ў космас грамадзяніна суверэннай Беларусі.

«Па даручэнні кіраўнікоў дзяржаў Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і карпарацыя „Раскосмас“ на самым высокім узроўні забяспечылі рэалізацыю гэтага праекта», — адзначыла Марына Васілеўская. Яна выказала ўпэўненасць, што навуковая праграма касмічнага палёту рэалізуецца поўнасцю.

«Я буду старацца выканаць усе задачы, якія мне даверыла мая краіна, — падкрэсліла Марына Васілеўская. — Упэўнена, што ўсе вынікі навуковых эксперыментаў дадуць высокі імпульс навуцы Рэспублікі Беларусь».

Беларуска Анастасія Лянкова — член дублявальнага экіпажа разам з касманаўтам «Раскосмасу» Іванам Вагнерам і астранаўтам НАСА Дональдам Петытам. Тым не менш, запэўніла Анастасія, дублявальны склад маральна і фізічна гатовы пры неабходнасці падмяніць асноўны.

«Мы для таго і дубліруем асноўны экіпаж, каб пры неабходнасці змяніць яго. Мы да гэтага маральна гатовы, для гэтага тут і знаходзімся», — сказала Анастасія Лянкова.

Па меркаванні беларускі, палёт у космас — гэта сапраўды вялікі крок для Беларусі. «Калі родныя даведаліся, што я паеду на падрыхтоўку ў Зорны гарадок у Расію, яны адрэагавалі станоўча. Гэта было маё шчырае жаданне, таму родныя ўсяляк падтрымлівалі», — дадала Анастасія Лянкова.

«Марына Васілеўская прайшла добры курс падрыхтоўкі і выконвала работу, якая выходзіць за рамкі тых дзеянняў, якія яна павінна была выконваць. Яна дапамагла мне нароўні з Трэйсі (астранаўт НАСА Трэйсі Дайсан. — „Зв.“)», — сказаў камандзір асноўнага экіпажа Алег Навіцкі. Гаворачы аб беларусках у складзе экіпажаў, камандзір экіпажа адзначыў: яму прыемна, што краіну, якая і для яго Радзіма, прадстаўляюць такія дастойныя людзі.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці паўплывала нейкім чынам напружаная міжнародная абстаноўка на ўзаемаадносіны членаў экіпажа, ці яны прытрымліваюцца табу на палітычныя тэмы, Алег Навіцкі сказаў: «Мы не лезем у палітыку. Мы прафесіяналы. У нас ёсць праграма палёту, і мы яе выконваем. У нас кожны чалавек на станцыі перажывае адзін за аднаго, і пры ўзнікненні нейкай аварыйнай сітуацыі мы не будзем ставіць перад сабой межы і з-за гэтага не дапамагаць адзін аднаму».

«Я буду здымаць, фатаграфаваць жыццё на станцыі, усё, што будзе там адбывацца. Гэта ўнікальны вопыт, вельмі каштоўны для нас, беларусаў, нашага народа. Думаю, усім будзе вельмі прыемна і цікава паглядзець, як праходзіць жыццё на Міжнароднай касмічнай станцыі», — сказала Марына Васілеўская.

Беларуска дадала, што запрашае членаў экіпажа ў Беларусь пасля вяртання на Зямлю. Адказваючы на пытанне, якой нацыянальнай стравай яна пачаставала б членаў экіпажа, Марына Васілеўская назвала дранікі.

А Алег Навіцкі расказаў, ці магчыма прыгатаваць у космасе знакамітую салату беларускага Прэзідэнта. Як вядома, падчас адной з сустрэч з Алегам Навіцкім Аляксандр Лукашэнка паказаў, як гатаваць смачную і карысную салату з самых даступных прадуктаў. «Рэцэпт салаты паўтарыць немагчыма, таму што яго рыхтаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь», — сказаў Алег Навіцкі, адказваючы на пытанне, ці мае ён намер паўтарыць у космасе рэцэпт беларускага Прэзідэнта.

«Салата вельмі смачная, натуральная», — падзяліўся ўспамінамі касманаўт аб прэзідэнцкім пачастунку.

«І я спадзяюся, што пасля палёту мы яго яшчэ пакаштуем», — дадаў Алег Навіцкі.

Паводле БелТА

Фота: БелТА

Загаловак у газеце: Прадчуванне вышыні

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.