Вы тут

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання


25  лютага адбыўся Адзіны дзень галасавання. Упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі ён праводзіўся ў такім фармаце. І ў назве гэтага дня, і ў яго слогане «Будучыню выбіраем разам» закладзеныя надзвычай важныя для кожнага з нас і для краіны ў цэлым сэнсы. Адзіны дзень галасавання значыць не толькі тое, што выбіраем адразу дэпутатаў усіх узроўняў, але і тое, што робім гэта, дэманструючы ўсяму свету сваё адзінства, сваё жаданне і ўменне самім вызначаць, па якім шляху ісці. «Выбіраем разам» — не толькі таму, што выбіраем УСІХ дэпутатаў, але і выбіраем іх УСЕ. Здаецца, менавіта гэта ў класічным, не сапсаваным, не перайначаным варыянце і называецца сапраўднай дэмакратыяй — уладай народа.

Гэты дзень увойдзе ў гісторыю нашай незалежнай краіны. Як і кожны з нас, хто прыйдзе на выбарчы ўчастак і аддасць свой голас за свайго кандыдата. Яшчэ раз пацвердзіўшы тым самым, што сваю дарогу, па якой ісці нам, нашым дзецям і ўнукам, мы, без падказак і патуранняў, выбіраем самі.


Фота Віктара Іванчыкава

У Беларусі ў Адзіны дзень галасавання адкрыліся ўчасткі на выбарах дэпутатаў

У Беларусі ў Адзіны дзень галасавання адкрыліся выбарчыя ўчасткі на выбарах дэпутатаў, паведамляе БелТА.

Фота БелТА

У Адзіны дзень галасавання будуць абраны 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і 12 514 дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў дваццаць дзевятага склікання. У краіне сфарміравана 5411 участкаў для галасавання, у тым ліку 11 — у воінскіх часцях, 215 — у месцах часовага знаходжання выбаршчыкаў (у бальніцах, санаторыях, дамах адпачынку і іншых месцах часовага знаходжання). Участкі для галасавання будуць адкрыты да 20.00. Паводле апошніх звестак, у спісы выбаршчыкаў уключаны 6 млн 911 тыс. 742 чалавекі.

Участковыя камісіі забяспечаны сродкамі сувязі, аргтэхнікай, неабходным для арганізацыі галасавання абсталяваннем, прававой і метадычнай літаратурай. У памяшканнях участковых камісій размешчана інфармацыя аб кандыдатах і парадку галасавання. Памяшканні для галасавання размешчаны ў асноўным на першых паверхах, як правіла, абсталяваны элементамі безбар’ернага асяроддзя, маюць неабходныя паказальнікі. На ўчастках дзяжураць валанцёры для аказання неабходнай дапамогі выбаршчыкам.

Памяшканні для галасавання абсталяваны кабінкамі або сталамі для галасавання інвалідаў-калясачнікаў і асоб, якім з-за ўзросту або стану здароўя зручней запаўняць бюлетэнь седзячы. Выбаршчык, які слаба бачыць, можа скарыстацца наяўным ва ўчастковай камісіі павелічальным шклом (лупай). Невідушчаму выбаршчыку, які жадае прагаласаваць самастойна, прапануюцца спецыяльныя трафарэты для запаўнення бюлетэняў.

На ўчастках бюлетэні выдаюцца выбаршчыкам пры прад’яўленні пашпарта, ідэнтыфікацыйнай карты, біяметрычнага пашпарта, ваеннага білета (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовага пасведчання работніка дзяржоргана (арганізацыі), правоў кіроўцы. Прагаласаваць можна таксама прад’явіўшы пенсіённае пасведчанне, пасведчанне інваліда (пры наяўнасці фатаграфіі), студэнцкі або вучнёўскі білет. 

Фота- і відэаздымка запоўненага бюлетэня для галасавання забаронены.

Сумесна з Міністэрствам унутраных спраў прапрацавана пытанне гарантавання бяспекі ў перыяд галасавання. Будынкі, у якіх размешчаны памяшканні для галасавання, абсталяваны сістэмамі відэаназірання, там таксама ўстаноўлены трывожныя кнопкі. З 19 лютага ўсе ўчасткі для галасавання ўзяты пад ахову супрацоўнікамі міліцыі.

Выбары дэпутатаў з’яўляюцца прамымі: дэпутаты абіраюцца грамадзянамі непасрэдна. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў дэпутатаў — 5 гадоў.

 

На ўсіх участках для галасавання ў 8.00 прагучаў дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

Прыняць удзел у галасаванні можна з 8.00 да 20.00.

Фота БелТА

Калі падчас запаўнення бюлетэня выбаршчык дапусціў памылку ці сапсаваў бюлетэнь, то ён можа звярнуцца да членаў участковай выбарчай камісіі і атрымаць новы бюлетэнь для галасавання. Але такім правам выбаршчык можа скарыстацца толькі адзін раз.

ЦВК Беларусі нагадвае, што забароненая фота і відэаздымка запоўненага бюлетэня для галасавання, а таксама вынас бюлетэняў за межы ўчастка для галасавання.


Эксперт: датэрміновае галасаванне паказала, што выбары важны для беларусаў

Датэрміновае галасаванне паказала, што выбары важны для беларусаў. Аб гэтым заявіў журналістам загадчык кафедры дзяржаўнага кіравання БДУ Вадзім Міхайлоўскі, перадае БелТА.

Фота БелТА

«Лічбы па датэрміновым галасаванні як на гэтых выбарах, так і на папярэдніх паказваюць, што гэта важна для беларусаў. Такая практыка запатрабавана і карыстаецца вялікай папулярнасцю. Лічбы, якія мы атрымалі на сённяшні дзень (больш за 41%), паказваюць, што беларускае заканадаўства арыентуецца на рэальныя патрэбы насельніцтва і ўлічвае фактары, якія могуць аб’ектыўна перашкодзіць беларусам прыйсці на выбарчы ўчастак у адзіны дзень галасавання, — сказаў Вадзім Міхайлоўскі. — З іншага боку, трэба прызнаць, што была праведзена вельмі вялікая работа як дзяржорганамі, так і акадэмічнай супольнасцю. Толькі, напрыклад, па лініі Белдзяржуніверсітэта праведзена больш за 200 мерапрыемстваў, у якіх было задзейнічана больш за 20 тыс. чалавек».

Паводле яго слоў, такія жывыя зносіны вельмі эфектыўныя. «Яны накіраваны непасрэдна да чалавека, яго сэрца і розуму, і людзі бачаць, што з імі не баяцца мець зносіны. Яны задаюць пытанні, атрымліваюць адказы, і ў выніку мы атрымліваем добрую яўку», — адзначыў загадчык кафедры.

«Адзіны дзень галасавання — мэйнстрым сённяшняга дня. Можна вызначыць моцныя бакі гэтага працэсу. Па-першае, эканомія бюджэтных грошаў, якія ў выніку пайшлі на адукацыю, ахову здароўя, транспарт і бяспеку. Па-другое, грамадзянін, вядома, эканоміць час: зараз можна адным прыходам на выбарчы ўчастак выказаць меркаванне з нагоды фармавання заканадаўчай галіны ўлады. І па-трэцяе, у нейкай ступені актывізаваліся і палітычныя партыі, і працоўныя калектывы, і грамадскія арганізацыі, таму што з гэтага часу ў іх толькі адзін шанец выставіць сваіх самых лепшых людзей і паўдзельнічаць у барацьбе за дэпутацкія месцы», — рэзюмаваў Вадзім Міхайлоўскі.


Вопыт кіраўніка, адукацыя і праца. На што робяць акцэнт выбаршчыкі пры выбары кандыдата

Супрацоўнікі Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук высветлілі, якой інфармацыяй аб кандыдаце кіруюцца выбаршчыкі, калі аддаюць за яго свой голас. Вынікамі сацыяльнага апытання падзяліўся дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Мыслівец, паведамляе БелТА.

Фота БелТА

У рэспубліканскім маніторынгавым даследаванні, праведзеным у чацвёртым квартале 2023 года, прыняў удзел 1851 рэспандэнт. Як паказалі вынікі, беларусы прад’яўляюць сур’ёзныя патрабаванні да тых, хто плануе быць абраным у лік дэпутатаў самага рознага ўзроўню. Найбольшую значнасць для выбаршчыкаў  мае наяўнасць у кандыдата вопыту кіруючай дзейнасці. Гэты крытэрый у якасці прыярытэтнага для сябе выбралі 38,6 працэнта апытаных.

Пры выбары грамадзяне абапіраюцца таксама на інфармацыю аб адукацыі і сферы працоўнай дзейнасці кандыдата. Затым увага надаецца ўзросту і палітычным поглядам вылучэнца. Прыкладна кожны трэці ўдзельнік апытання звярнуў увагу на цікавасць да інфармацыі такога роду.

Ці можна ў гэтай сувязі казаць пра тое, што перамагае на выбарах толькі кандыдат, які вылучыўся ў прафесіі, займае высокую пасаду і мае вялікі досвед? «Вядома, не. Дарога адкрыта і для маладых кандыдатаў. Калі яны дзейнічаюць, прапануюць рашэнні, праяўляюць адказнасць за тых, хто гатовы аддаць за іх свае галасы, то яны, безумоўна, атрымаюць падтрымку электарата», — заўважыў Мікалай Мыслівец.


ФОТАФАКТ: Выбаршчыкі прыходзяць на ўчасткі ў АДГ

У Беларусі праходзіць адзіны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых саветаў дэпутатаў дваццаць дзевятага склікання, паведамляе БелТА.

Фота БелТА


Крупко: Выбары — надзейны мост ва ўпэўненае заўтра

Выбары — гэта надзейны мост ва ўпэўненае заўтра. Такую думку выказаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко ў адзіны дзень галасавання, зрабіўшы свой выбар на ўчастку нумар 87 Цэнтральнага раёна Гомеля, перадае БелТА.

Фота БелТА

«Прагаласаваў за нашу сучаснасць і будучыню. Для мяне выбары — гэта надзейны мост ва ўпэўненае заўтра», — сказаў губернатар пасля таго, як апусціў бюлетэні ва ўрну.

Паводле яго слоў, важна, каб і надалей ішла планамерная рэалізацыя ўсіх праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця ў цэлым краіны, канкрэтнага рэгіёну. «Гэта і развіццё значных інвестыцыйных, інфраструктурных праектаў, і будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, дашкольных устаноў, школ, фізкультурна-аздараўленчых аб’ектаў, аб’ектаў у ахове здароўя», — дадаў старшыня аблвыканкама. І таму, на яго думку, дэпутат павінен быць найперш патрыётам, прафесіяналам у сваёй справе. Вывучаючы біяграфію кандыдата, трэба прааналізаваць яго жыццёвы шлях, уклад у развіццё, напрыклад, канкрэтнага прадпрыемства. «Мы павінны бачыць, што гэты чалавек будзе адстойваць інтарэсы свайго раёна, рэгіёна, у цэлым інтарэсы краіны. Вельмі важна зрабіць правільны выбар — за сваю малую радзіму, за Рэспубліку Беларусь, яе ўпэўненае цяперашняе і ўпэўненае будучае», — падкрэсліў Іван Крупко.

Губернатар уручыў Канстытуцыю і падарункі тым, хто галасуе ўпершыню, пацікавіўся іх уражаннямі ад удзелу ў важнай палітычнай кампаніі. «Незабыўныя!» — адказалі юнакі і дзяўчаты.

«Адчуваю адказнасць за будучыню сваёй Радзімы. Мой голас — на карысць любімай краіны, каб яна была толькі прыгажэйшай, каб кожны дзень, кожны год станавілася лепшай, — сказаў навучэнец Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Павел Дзегцяроў. — Робячы выбар, гляжу, каб кандыдат быў сапраўдным патрыётам, прасоўваў ідэі працвітання».

Хвалюючым і ў той жа час адказным адзіны дзень галасавання стаў і для навучэнца Гомельскага каледжа — філіяла БелДУТ Кірыла Самцова. «Хадзіць на выбары вельмі важна. Гэта тая падзея, якая вызначае, як будзе будавацца будучыня, — адзначыў ён. — На мой погляд, народныя выбраннікі павінны быць па-сапраўднаму народнымі. Таму пры выбары ацэньваю, які шлях прайшоў чалавек, да якіх складанасцей гатовы, каб ніякая сітуацыя не магла збіць яго».

Усяго на ўчастку № 87 у спісе галасуючых 2983 чалавекі. Датэрмінова зрабілі свой выбар больш як 1,3 тыс. Упершыню галасуюць на гэтым участку 33 маладыя выбаршчыкі.


Шулейка: Задача дэпутатаў — быць максімальна побач са сваімі выбаршчыкамі

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка 25 лютага прыняў удзел у выбарах дэпутатаў, перадае БелТА.

Фота БелТА

На ўчастак для галасавання № 1 у Брэсце Юры Шулейка прыйшоў разам з жонкай. Губернатар адзначыў, што, вылучаючыся ў дэпутаты, кандыдаты сфарміравалі праграмы, давалі сваім выбаршчыкам пэўныя абяцанні. «Асноўная задача — выканаць наказы выбаршчыкаў, якія ім даверылі балатавацца ў дэпутаты рознага ўзроўню, — сказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама. — Адна з задач дэпутата (няхай гэта будзе Палаты прадстаўнікоў, мясцовых саветаў) — максімальна быць побач з тымі людзьмі, якія ім даверыліся».

Губернатар дадаў, што на будучых дэпутатаў ускладаецца вялікая адказнасць. Ім трэба ў тым ліку працаваць над рознымі заканадаўчымі дакументамі, якія будуць уплываць на жыццё краіны ў цэлым і рэгіёну ў прыватнасці.

Выбарчы ўчастак нумар 1 размешчаны ў цэнтры горада — у будынку Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы. «За адведзены для датэрміновага галасавання час свой выбар зрабілі каля 42%. Сярод маладых выбаршчыкаў 15 чалавек прагаласавалі ўпершыню. Чакаем, што такія прыйдуць на ўчастак і сёння. Пакуль адзін чалавек папрасіў прагаласаваць дома. Сёння ў нас усё больш урачыста. Арганізаваны гандаль. Улічваючы, што ўчастак знаходзіцца ў музычным каледжы, выбаршчыкі маюць магчымасць паслухаць жывую інструментальную музыку», — звярнуў увагу старшыня камісіі выбарчага ўчастка № 1 Сяргей Літвінчук.

На працягу дня выбаршчыкі змогуць пачуць жывое выкананне на цымбалах, баяне, акардэоне, гітары і іншых музычных інструментах. У галасуючых ёсць магчымасць смачна падсілкавацца ў буфеце і купіць разнастайныя прысмакі, прыгатаваныя рукамі брэсцкіх кандытараў.


Як праходзіць Адзіны дзень галасавання ў Салігорску?

Карэспандэнт «Звязды» наведаў выбарчы ўчастак №5 у горадзе Салігорску і паглядзеў, як галасуюць грамадзяне.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


Аляксей Бяляеў: Выбары павінны быць падзеяй, якую чакаюць

Як мяркуе дэкан факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Бяляеў, нельга збаўляць тэмп інфармацыйнай работы з насельніцтвам пасля выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў. Асабліва гэта важна ў кантэксце падрыхтоўкі да будучай электаральнай кампаніі, звязанай з выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

Фота БелТА

Па яго словах, тлумачальная работа павінна весціся пастаянна. «Электаральная кампанія – гэта не толькі і, кажучы прама, не столькі пра выбары, – звярнуў увагу дэкан журфака. – Гэта ўсё-такі ў цэлым аб нашай палітычнай і грамадскай сістэмах. Электаральная кампанія ідзе заўсёды, калі мы кажам аб дасягненнях і перавагах нашай дзяржавы, аб нашым сацыяльна-эканамічным развіцці».

Аляксей Бяляеў падкрэсліў, што работа Цэнтральнай выбарчай камісіі павінна быць рэгулярнай. «Падрыхтоўка да выбараў, напрыклад, Прэзідэнта, – гэта ў цэлым прапаганда ідэй сучаснай беларускай дзяржавы, яе сацыяльна-эканамічнага развіцця, –  канкрэтызаваў эксперт. – І як можна займацца гэтым раз на пяць гадоў?!»

Кандыдат гістарычных навук заўважыў, што сумесная работа, у тым ліку сродкаў масавай інфармацыі, работа кожнага адказнага грамадзяніна звязана з прасоўваннем гэтых ідэй. Ëн адзначыў, што перыядычна павінны праходзіць пэўныя спецыялізаваныя мерапрыемствы, на якіх будзе тлумачыцца сутнасць выбараў, дэмакратычных формаў, па якіх самі выбаршчыкі вызначаюць кіраўніцтва краіны. «Пры гэтым неабходна накіроўваць інтарэсы выбаршчыкаў, – дадаў Аляксей Бяляеў. – Трэба іх знаёміць, калі мы гаворым аб парламенцкіх выбарах, выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, з гэтымі людзьмі, якія павінны быць на слыху. Яны павінны ўсёй сваёй актыўнай дзейнасцю на працягу пяці гадоў апраўдваць сваё выбранне, даносіць да сваіх выбаршчыкаў, што зроблена, разбірацца ў праблемах, для таго, каб новая выбарчая кампанія не была нечаканым мерапрыемствам. Выбары павінны быць падзеяй, якую чакаюць».

Вераніка КАНЮТА


Вадзім Богуш: «Адзіны дзень галасавання — гэта вельмі прагрэсіўны крок у арганізацыі электаральнай кампаніі»

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі зазначыў, што існуюць пэўныя «зямныя» рэчы — эканамічныя, якія тычацца выдаткаў на кожную электаральную кампанію. Правядзенне ж у адзін дзень выбараў дэпутатаў розных узроўняў, вядома, дае відавочны эканамічны эфект.

Фота БелТА

Таксама ён звярнуў увагу на тое, што сёлетняя выбарчая кампанія вельмі граматна спланавана і, так бы мовіць, сэнсава згрупавана. Яна прысвечана выбарам дэпутатаў розных узроўняў і зразумела, што гэта і мясцовае прадстаўніцтва, і народнае прадстаўніцтва ў ніжняй палаце парламента. Чалавек робіць свой выбар у межах пэўнага пула заканадаўцаў і заканатворцаў. А за кошт выверанага, скрупулёзнага планавання вызначыцца з выбарам зусім нескладана.

Немалаважна і тое, што наперадзе этап фарміравання Усебеларускага народнага сходу, вельмі важнага дзяржаўнага органа для далейшага ўстойлівага развіцця краіны. «Я шчыра ўпэўнены, што практыка адзінага дня галасавання сябе апраўдае. Па тым, як ідзе галасаванне сёння і па датэрміновым галасаванні, можна зрабіць выснову, што ў грамадстве ёсць прыняцце адзінага дня галасавання, яго разуменне», — зазначыў Вадзім Богуш.


Меркаванне: «Дэпутат ведае, у якія дзверы ўваходзіць, каб дапамагаць людзям»

Па словах старшыні Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Сяргея Бобрыкава, бягучая выбарчая кампанія ўнікальная, бо ўпершыню праводзіцца ў такім фармаце. Акрамя таго, па яго словах, сімвалічнасць бягучага электаральнага перыяду ў тым, што ён выпаў на той год, калі ў нашай краіне будзе адзначацца 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 85-годдзе ўз’яднання заходняй і ўсходняй Беларусі.

Сяргей Бобрыкаў звярнуў увагу на тое, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў — гэта вельмі вялікая праца. «Колькі людзей задзейнічана толькі ў арганізацыі 1284 тэрытарыяльных, 110 акруговых і 5411 участковых камісій, — удакладніў ён. — Праводзілася добрая агітацыйная кампанія: мяккая, спакойная, без усялякай мітусні і „памочнікаў“. І тое, што звыш 40% выбаршчыкаў прагаласавала датэрмінова, сведчыць аб тым, што людзі ў нас актыўныя, мэтанакіраваныя і яны галасуюць за будучыню. Па вялікім рахунку, выбары ўжо адбыліся».

Як дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання, Сяргей Бобрыкаў добра ведае, якая адказнасць ускладзена на дэпутацкі корпус. «Тыя, хто думае, што дэпутаты толькі ў Авальнай зале кнопку націскаюць, не разумеюць, што гэта ўжо фінальная частка работы, — падкрэсліў старшыня грамадскага аб’яднання. — Работа дэпутата пачынаецца з таго, што ідзе размова аб тым, ці патрэбны ўвогуле той ці іншы законапраект, наколькі ён канцэптуальны. Затым ідзе яго разбор, аналізуецца, як дакумент будзе працаваць. Правільна скіроўвае дэпутацкі корпус Прэзідэнт — прымаць законы, якія працуюць для людзей».

Пры гэтым, як заўважыў эксперт, заканатворчасць — гэта толькі адна частка работы дэпутата. «За яго галасавалі выбаршчыкі, а таму ён павінен ведаць усе праблемныя пытанні людзей: і эканамічныя, і сацыяльныя, — звярнуў увагу Сяргей Бобрыкаў. — Дэпутат ведае, у якія дзверы ўваходзіць, каб дапамагаць людзям».

Старшыня грамадскага аб’яднання падкрэсліў, што работа ў дэпутацкім корпусе — гэта вялікі вопыт. І вельмі правільна, па яго словах, што кіраўнік дзяржавы патрабуе, каб гэтыя людзі пасля спынення сваіх паўнамоцтваў не знаходзіліся без справы, каб і далей працавалі на карысць дзяржавы. «Менавіта так і будзе», — запэўніў Сяргей Бобрыкаў.

Вераніка КАНЮТА


Марына Арцёменка: «Новая форма электаральнай кампаніі аптымізуе ўсе электаральныя працэсы»

Па словах намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны, адзіны дзень галасавання дапамагае вызначыцца з выбарам, зразумець, хто будзе прадстаўляць яго інтарэсы як у парламенце, так і на ўзроўні мясцовых Саветаў дэпутатаў. Канкрэтна для чалавека гэта вельмі важна, ён увачавідкі бачыць гэтую іерархію, разумее і ўсведамляе яе. Яна падкрэсліла, што адзіны дзень галасавання апраўданы яшчэ і таму, што выбаршчык, прыходзячы на ўчастак для галасавання адразу, адначасова і ў адным месцы «бачыць» усіх кандыдатаў. Гэта значна аблягчае выбар і дапамагае больш дасканала падысці да яго.

Фота БелТА

Марына Арцёменка адзначыла, што сёння кожны ўсведамляе — выбары гэта новы этап у развіцці краіны. Бо новы парламент павінен не толькі захаваць дасягнуты узровень сацыяльнага дабрабыту ў грамадстве, але і прапанаваць новыя ініцыятывы, рухацца наперад з улікам пажаданняў насельніцтва.


Мікалай Мыслівец: Адзіны дзень галасавання вызначыць, у якім кірунку мы будзем рухацца далей

Як падкрэсліў дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Мыслівец, адзіны дзень галасавання з’яўляецца вынікам вялікай работы тэхналагічнага і тэхнічнага плана, змястоўнай падрыхтоўкі Цэнтральнай выбарчай камісіі, органаў улады, абласных і тэрытарыяльных камісій, беларускага электарату. 

«Пачатак гэтай работы быў пакладзены, калі мы сталі актыўна далучаць беларускі электарат да абмеркавання ўсіх пытанняў, звязаных са зменамі заканадаўства, правядзеннем усемагчымых формаў камунікацый з насельніцтвам, — звярнуў увагу эксперт. — Адзіны дзень галасавання — гэта свайго роду прамежкавы вынік гэтай работы, паколькі выбарчая кампанія на гэтым фактычна не заканчваецца. Мы напярэдадні новых выбарчых цыклаў».

Мікалай Мыслівец падкрэсліў, што адзіны дзень галасавання дасць магчымасць падвесці пэўныя вынікі, зрабіць высновы і вызначыць, у якім кірунку мы будзем рухацца далей. «Мы чакаем вынікаў, але, нягледзячы на гэта, працягваем актыўна працаваць», — рэзюмаваў ён.

Вераніка КАНЮТА


Андрэй Басак: Адзіны дзень галасавання — гэта своеасаблівы экзамен на сталасць 

Па словах намесніка старшыні РГА «Белая Русь», намесніка старшыні Беларускай партыі «Белая Русь» Андрэя Басака, адзіны дзень галасавання — гэта своеасаблівы экзамен на сталасць, да якога мы падышлі з дастаткова добрым вынікам. «Беларуская партыя „Белая Русь“ прыняла самы непасрэдны і актыўны ўдзел у цяперашняй выбарчай кампаніі, — падкрэсліў ён. — Толькі ў Палату прадстаўнікоў мы вылучылі 112 кандыдатаў ад нашай партыі, больш за пяць тысяч чалавек намі было вылучана ў мясцовыя Саветы дэпутатаў».

Андрэй Басак паведаміў, што каля трох тысяч прадстаўнікоў партыі «Белая Русь» прымае ўдзел у выбарах у якасці назіральнікаў. Яшчэ 2,5 тысячы партыйцаў з’яўляюцца членамі выбарчых камісій рознага ўзроўню. «Для нас гэта важкі вынік і сведчанне таго, што ў шэрагах партыі знаходзяцца людзі, якія сапраўды думаюць пра будучыню краіны і гатовы падзяліць адказнасць за яе», — падкрэсліў намеснік старшыні РГА «Белая Русь», намеснік старшыні Беларускай партыі «Белая Русь».

Кажучы аб высокай яўцы выбаршчыкаў на датэрміновым галасаванні, Андрэй Басак звярнуў увагу на тое, што гэта вынік вялікай тлумачальнай работы і адказ «збеглым», якія заклікалі не хадзіць на выбары. «Людзі не паслухалі іх, а накіраваліся на ўчасткі, — канстатаваў ён. — Гэта сведчыць аб сталасці грамадства і аб тым, што памылкі былі ўлічаны. Людзі галасуюць за сваю будучыню і за сваю краіну».

Вераніка КАНЮТА


Алег РУМО: Мы бачым як з года ў год павышаецца электаральная культура грамадзян

Дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі звярнуў увагу на тое, што узровень палітычнай культуры беларусаў істотна вырас. Ён заўважыў, што ва ўсіх нас, як у грамадзян, ёсць толькі адзін спосаб выказаць сваю згоду або нязгоду з тым, што адбываецца — праз выбары. Сённяшняя выбарчая кампанія нагадвае кампанію па правядзенні рэферэндуму наконт змяненняў у Канстытуцыю. Яна такая ж значная і праходзіць таксама спакойна і карэктна на ўсіх узроўнях.

У навукова-практычным цэнтры лечацца не толькі мінчане, але і людзі са ўсёй Беларусі і, па словах Алега Румо, яны гатовы аддаць свой голас за таго кандыдата, які больш варты. А крытэрыі той вартасці ў кожнага свае: некаму імпануе асоба кандыдата, нехта лічыць, што яго праграма найбольш поўна адпавядае запытам рэгіёна і краіны ўвогуле. І самае лепшае ў гэтай сітуацыі — тое, што ёсць выбар. Сярод кандыдатаў настолькі многа сапраўды прыстойных людзей, што немагчыма зрабіць выбар «дзеля птушачкі». Колькасць кандыдатаў, іх праграмы, мэтанакіраванасць, досвед і энтузіязм падштурхоўваюць да менавіта свядомага выбару.


ЦВК: Яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў на 12.00 склала 50,97%

Яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў на 12.00 склала 50,97%, заявіла журналістам сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Алена Балдоўская, перадае БелТА.

Фота БелТА

«У Брэсцкай вобласці — 53,12 працэнта грамадзян, у Віцебскай — 51,52 працэнта, у Гомельскай — 58,49 працэнта, у Гродзенскай — 48,68 працэнта, у Мінскай — 48,91 працэнта, у Магілёўскай — 59,67 працэнта, у Мінску — 40,64%», — адзначыла Алена Балдоўская.


Сіняўскі: Наша задача — зрабіць так, каб адзіны дзень галасавання праходзіў у атмасферы бяспекі

Аб гэтым сказаў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі падчас селектарнай нарады, паведамілі БелТА ў прэс-службе МНС.

Фота МНС

Сярод удзельнікаў нарады — намеснікі міністра, начальнікі структурных падраздзяленняў цэнтральнага апарата, падраздзяленняў цэнтральнага падпарадкавання і тэрытарыяльных упраўленняў МНС.

Кіраўнік выратавальнага ведамства абазначыў асноўныя задачы, якія стаяць перад падраздзяленнямі МНС у ходзе электаральнай кампаніі. Гэта ў першую чаргу гарантаванне бяспекі на выбарчых участках, маніторынг супрацьпажарнага стану, арганізацыя аператыўнага рэагавання на пазаштатныя сітуацыі. «Адзіны дзень галасавання — па-сапраўднаму народная кампанія, у ходзе якой грамадзяне будуць выбіраць сваіх прадстаўнікоў у мясцовых саветах дэпутатаў і Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Наша задача — зрабіць так, каб гэта падзея праходзіла ў атмасферы бяспекі», — сказаў міністр.

Вадзім Сіняўскі абазначыў, што прыняты ўсе неабходныя рашэнні — ад маніторынгаў аб’ектаў выбарчай кампаніі да арганізацыі ўзмоцненага варыянта нясення службы аварыйна-выратавальнымі падраздзяленням у ходзе правядзення дзяржаўна значнай падзеі. «Засталося дастойна і прафесійна іх рэалізаваць», — адзначыў ён.

Міністр таксама звярнуў увагу на гатоўнасць да дзеянняў у асаблівых умовах, у прыватнасці, аказанне дапамогі МУС у спыненні парушэнняў правапарадку.

Для гарантавання бяспекі на выбарчых участках задзейнічаны амаль 5 тыс. работнікаў МНС. На баявым дзяжурстве стаяць 1,5 тыс. адзінак тэхнікі і амаль 4 тыс. асабовага саставу. Таксама арганізавана работа аператыўных груп ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.


Каранік абазначыў крытэры выбару дэпутатаў

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў расказалі, якімі прынцыпамі кіраваліся пры выбары дэпутатаў, перадае БелТА.

Фота БелТА

Уладзімір Каранік і Юрый Караеў аддалі свае галасы ў адзіны дзень галасавання на выбарчым участку № 6, размешчаным у Гродзенскай гарадской гімназіі ім. А.І.Дубко.

Прыстойнасць, адказнасць, патрыятызм — так абазначыў свае электаральныя прыярытэты Уладзімір Каранік. «Гэта тыя якасці, якія даюць магчымасць пасля выбрання ў органы заканадаўчай улады не забыцца, чые інтарэсы прадстаўляе дэпутат, каб заўсёды дзейнічаць у інтарэсах народа, у інтарэсах тых людзей, якія яго выбралі», — сказаў старшыня аблвыканкама. Ён таксама адзначыў, што большасць з кандыдатаў — прафесіяналы сваёй справы і шмат чаго дасягнулі ў сваіх сферах дзейнасці. «Я азнаёміўся з паслужным спісам кожнага кандыдата, таму выбар для мяне сёння быў дастаткова лёгкі», — падкрэсліў губернатар.

Гаворачы аб актыўнай грамадзянскай пазіцыі моладзі, Уладзімір Каранік адзначыў: «Важна, каб маладыя людзі разумелі, што будучыня краіны вызначаецца ў кабінках для галасавання, і гэта адзіны законны і правільны спосаб. На наступным этапе моладзь трэба стымуляваць да больш актыўнага палітычнага жыцця. Тым больш што абноўленая Канстытуцыя Беларусі дае для гэтага шырокія магчымасці: павялічваецца роля партый, грамадскіх аб’яднанняў, грамадзянскай супольнасці».

«Дэпутатамі павінны стаць людзі аўтарытэтныя, якія маюць пазітыўны прафесійны і кіроўчы вопыт», — выказаў меркаванне Юрый Караеў. Ён загадзя вывучыў інфармацыю аб кандыдатах у дэпутаты ўсіх узроўняў. «Многія пыталіся ў мяне, на што трэба звяртаць увагу пры выбары дэпутатаў, бо не з усімі людзі знаёмыя асабіста, — дадаў Юрый Караеў. — Маё меркаванне такое: трэба старанна вывучыць іх біяграфіі і ўжо потым вызначыцца. Напрыклад, калі чалавека высунуў працоўны калектыў, гэта значыць, што некалькі сотняў людзей яму давяраюць, ён заслужыў іх павагу. Іншы прыклад: калі кандыдат не ўказаў свае даходы, узнікаюць пытанні, на што ён жыве, ці не хавае крыніцы заробку». Галасаваць трэба за больш аўтарытэтнага кандыдата, лічыць памочнік Прэзідэнта.

За працэсам галасавання на ўчастку ўважліва сачылі назіральнікі, сярод іх — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы грамадзянін Гродна Валянціна Баранава. У мінулым годзе Валянціна Пятроўна адзначыла 100-гадовы юбілей, з якім яе ўрачыста павіншавалі кіраўнікі вобласці і горада, моладзь і калегі-ветэраны. У свае залатыя гады яна захоўвае бадзёрасць і аптымізм, вядзе актыўнае грамадскае жыццё. «Не першы раз удзельнічаю ў выбарах у якасці назіральніка, — падзялілася Валянціна Пятроўна. — Рада, што магу мець дачыненне да такой важнай падзеі ў жыцці Беларусі. Мы жывем у цудоўнай краіне, прынялі абноўленую Канстытуцыю, далі слова любіць сваю Радзіму і абавязаны яе трымаць».

Як паведаміла старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Таццяна Герасіменка, большасць выбаршчыкаў на ўчастку зрабілі свой выбар датэрмінова. Вельмі актыўна галасуе моладзь. Паступаюць і запыты на галасаванне дома ад пажылых людзей — участак нумар 6 размешчаны ў старым горадзе, і тут жыве нямала гродзенцаў старэйшага пакалення.


Вольга Шпілеўская: Жанчыны заўсёды – за мір

Старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Вольга Шпілеўская адзначыла, што жанчыны традыцыйна прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх палітычных падзеях краіны. І адзіны дзень галасавання — не выключэнне.

Фота БелТА

«Яны вельмі актыўныя хаця б таму, што 54 % насельніцтва Беларусі — гэта жанчыны, — канкрэтызавала старшыня грамадскага аб’яднання. — Яны актыўна працуюць і на выбарчых участках. Калі вы зойдзеце на любы ўчастак, то абавязкова ўбачыце, што ў выбарчай камісіі прысутнічаюць нашы цудоўныя жанчыны».

Вольга Шпілеўская звярнула ўвагу на тое, што жанчыны актыўна ідуць у дэпутаты розных узроўняў. «Жанчыны прадстаўлены ва ўсіх камісіях Палаты прадстаўнікоў, — заўважыла яна, кажучы аб ролі жанчыны-парламентарыя. — Жанчыны — гэта тыя, хто выхоўвае падрастаючае пакаленне, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх сферах жыцця, таму прысутнасць жанчын ва ўсіх камісіях — той баланс, які неабходны для таго, каб любы закон быў разгледжаны дзесьці пад іншым ухілам. І такія моманты і нюансы, якія не ўлічваюць мужчыны, могуць выпраўляць і карэкціраваць жанчыны. Ды і жанчыны заўсёды — за мір. Чым больш жанчын у Палаце прадстаўнікоў, іншых органах улады, тым больш шанцаў заставацца мірнымі».

Вераніка КАНЮТА


Аляксей Талай: «Нельга ляжаць на канапе і чакаць, што ўсё само сабою наладзіцца»

Як чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, знакаміты паралімпіец, шматразовы рэкардсмен свету і Еўропы, звярнуў увагу на надзвычай высокую актыўнасць беларусаў на выбарах. Сапраўды, ужо ў перыяд датэрміновага галасавання яўка выбаршчыкаў перавысіла 40%, гэта сведчыць аб тым, што людзі разумеюць важнасць сённяшняй выбарчай кампаніі і ролю ў ёй асабіста кожнага.

Гэта асабліва важна менавіта сёння, калі на нашу краіну ціснуць, што называецца, з усіх бакоў. Напружаная сітуацыя як непасрэдна на граніцах дзяржавы, так і на дальнім контуры знешняй палітыкі. Па словах Аляксея Талая, у такі няпросты час мы, грамадства, павінны быць мабілізаванымі, а выбары — якраз тое, што даказвае і паказвае нашу еднасць. «Таму ўсе павінны сёння прыйсці на выбарчыя ўчасткі», — зазначыў спартсмен. І дадаў, што там створаны ўсе ўмовы для ўсіх людзей. Так, ён, калясачнік, прагаласаваў без аніякіх праблем.

Гаворачы пра спадзяванні беларусаў ад выбараў, ён зазначыў, што сёння людзі адказна ставяцца да выбараў. Трэба на проста ставіць галачкі, але па-сапраўднаму ацэньваць кандыдатаў: іх адукацыю, досвед, кампетэнцыі, грамадскую актыўнасць, здольнасць адпаведна рэагаваць на пэўныя выклікі сучаснасці і разбірацца ў складаных сітуацыях. Гэта трэба рабіць, каб потым нікога не вінаваціць. Увогуле, падкрэсліў Аляксей Талай, шукаць вінаватых — гэта, па сутнасці, пазіцыя ўтрыманцаў, слабых людзей, якія шукаюць дапамогі толькі звонку, а самі нічога робяць ні для сябе, ні для краіны. І дадаў, што такія паводзіны не ў традыцыі беларусаў, якім за сваю гісторыю не адзін раз давялося адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы і суверэнітэт. І сёння, на выбарах, яны па вялікім рахунку таксама робяць гэта.


Стэльмах: На дэпутатах вялікая адказнасць за дабрабыт нашай краіны

На дэпутатах вялікая адказнасць за дабрабыт нашай краіны, заявіла журналістам у Інфармацыйным цэнтры ЦВК першы намеснік старшыні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Алена Стэльмах, перадае БелТА.

«Сёння для нашай сям’і асабліва хвалюючы дзень. Мы з мужам прагаласавалі датэрмінова, а сёння ўпершыню галасуе наша дачка. У нас былі сямейныя гутаркі аб выбарчай сістэме, аб тым, як галасаваць. Казалі аб кандыдатах у дэпутаты. Гэтыя людзі бяруць на сябе вялікую адказнасць — працягваць ствараць дабрабыт нашай краіны», — сказала Алена Стэльмах.

«Трэба, каб у кожнага з нас быў стрыжань — такі, які ёсць у нашага Прэзідэнта. Тады будзе і моцнай краіна, і незалежная дзяржава», — падкрэсліла першы намеснік старшыні саюза.


ЦВК: Яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў на 14.00 склала 59,17%

Яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў на 14.00 склала 59,17 працэнта. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, перадае БелТА.

Фота БелТА

«У Брэсцкай вобласці — 61,85 працэнта, у Віцебскай — 60,31 працэнта, у Гомельскай — 67,09 працэнта, у Гродзенскай — 57,64 працэнта, у Мінскай — 56,97 працэнта, у Магілёўскай — 66,52 працэнта, у Мінску — 48,23%», — распавёў Ігар Карпенка.


Ветэраны прагаласавалі на даму

Са стартам адзінага дня галасавання з 8 раніцы і да шасці гадзін вечара ў грамадзян, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць прыйсці на свой выбарчы ўчастак, прымаюцца заяўкі на арганізацыю надомнага галасавання. Магчымасць прагаласаваць дома даецца толькі ў асноўны дзень выбараў. Для правядзення надомнага галасавання групы прадстаўнікоў выбарчых камісіі працуюць на працягу ўсяго дня — з васьмі раніцы да васьмі вечара. Адпрацоўваюцца як заяўкі на галасаванне на даму, якія паступілі загадзя, так і тыя, якія паступаюць непасрэдна ў адзіны дзень галасавання. 

Як правіла, па месцы жыхарства галасуюць не проста пенсіянеры, а людзі састарэлага ўзросту. Прагаласаваць лічыць сваім абавязкам ветэран Вялікай Айчыннай вайны Навум Львовіч Каплан. Больш за сорак гадоў жыцця ветэран аддаў службе ў пагранічных войсках. Быў і на Далёкім Усходзе, і на Крайняй Поўначы, а апошнім месцам службы стала сталіца Запаляр’я — Мурманск. З 1982 года Навум Каплан жыве ў Гомелі. Ветэран не прапускае ні адну электаральную кампанію. У свае 97 гадоў і ў дзень адзінага дня галасавання ён таксама поўны рашучасці выканаць свой грамадзянскі абавязак. Навум Львовіч па стане здароўя не змог асабіста прыйсці на ўчастак, таму прагаласаваў дома. 

Па месцы рэгістрацыі падпалкоўнік у адстаўцы адносіцца да ўчастка галасавання № 153. Пераносную апламбаваную скрыню па месцы жыхарства ветэрана асабіста даставіў старшыня ўчастковай выбарчай камісіі. Навум Львовіч Каплан прызнаўся, што гасцей чакаў з нецярпеннем. Сустрэў у парадным мундзіры, пры ўсіх узнагародах. Як і на выбарчым участку, так і ў хатняй абстаноўцы, упэўнены ветэран, — удзел у выбарах — гэта заўсёды вельмі ўрачысты, хвалюючы момант.

— Мы цэнім, што было зроблена тымі дэпутатамі, якія складуць свае паўнамоцтвы. Спадзяемся на тое, што дэпутаты, якіх выбяруць, будуць выконваць волю народа, патрабаванні, якія прад’явіць да іх Прэзідэнт. Я вельмі хачу, каб мы заўсёды былі наперадзе! Каб усе былі здаровыя! — пажадаў ветэран. 

Заўсёды «быў у страі» і сам прыходзіў на ўчастак для галасавання менавіта ў дзень выбараў жыхар Гомельскага раёна з вёскі Галавінцы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Трафімавіч Падліпскі. Але цяпер прыхварэў, таму галасуе дома. Аляксандру Трафімавічу ў красавіку споўніцца 101 год.

Яму давялося перажыць акупацыю, быць сувязным у партызанскім атрадзе. У 1943-м — у радах Чырвонай Арміі, удзельнічаў у аперацыі «Баграціён», вызваляў Бабруйск, Мінск. Пасля ранення — зноў на фронт: штурмаваў Кёнігсберг, сустрэў Перамогу ва Усходняй Прусіі. Аляксандр Трафімавіч адзначыў, як важна, каб не забывалася, колькі было зроблена ў імя свабоды і незалежнасці краіны. 

Сам ветэран не па чутках ведае аб тым, якая адказнасць ляжыць на народных абранніках. У свой час сам больш за дваццаць гадоў Аляксандр Трафімавіч Падліпскі быў дэпутатам Улукаўскага сельскага Савета.

У Гомельскім раёне надомнае галасаванне арганізавалі для ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны — Наталлі Еўстратоўскай. Падлеткам усю нямецка-фашысцкую акупацыю роднага раёна яна была сувязной Даманавіцкага партызанскага атрада «Мсціўца». Наталля Іллінічна жыве ў аграгарадку Азарычы Калінкавіцкага раёна, але на зімовы перыяд звычайна пераязджае да дачкі ў вёску Чкалава Гомельскага раёна. Члены Чкалаўскай участковай камісіі № 18 удзельніцу Вялікай Айчыннай вайны наведалі на даму. Наталля Ільінічна вельмі хацела прыняць удзел у галасаванні. Падзялілася, што абавязкова азнаёмілася з інфармацыяй пра ўсіх кандыдатаў у дэпутаты. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і ТК Гомельскага раённага Савета дэпутатаў


Аляксей Дзермант: Выбары — гэта абнаўленне ўсёй заканадаўчай сістэмы

Палітолаг адзначыў, што па сутнасці на сённяшнім этапе адбываецца абнаўленне ўсёй заканадаўчай, і не толькі, сістэмы краіны, таму што наперадзе яшчэ фарміраванне Усебеларускага народнага сходу — органа новага, канстытуцыйнага, які будзе вырашаць стратэгічныя пытанні. Але пачынаецца ўсё з выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы — яны будуць часткова прадстаўлены ва УНС, з выбараў дэпутатаў ніжняй палаты парламента — яны цалкам увойдуць у склад Усебеларускага народнага сходу.

Іншымі словамі, зазначыў Аляксей Дзермант, фарміруецца не толькі новы дэпутацкі корпус, а і кадравы рэзерв, бо сёння мы выходзім на той этап развіцця дзяржавы, калі трэба клапаціцца менавіта аб будучым. І людзі, якія будуць несці адказнасць за тую будучыню, павінны адпавядаць самым строгім патрабаванням, быць палітычна адукаванымі. І, вядома, прыхільнікамі існуючага курса развіцця краіны, які трэба не толькі захоўваць і берагчы, але і працягваць, развіваць. Гэта задача ляжа на плечы ўжо новага дэпутацкага корпуса. Такім чынам, па меркаванні навуковага супрацоўніка Інстытута філасофіі НАН Беларусі, будзе сфарміравана абноўленая сістэма дзяржаўнага кіравання, якая захавае той курс, якім мы ідзем сёння.


Жыхары раёна новай забудовы галасуюць за стабільнасць 

Участак № 135 у Брэсце знаходзіцца ў адміністатыўным будынку парка 1000-годдзя Брэста па вуліцы Грунвальдскай. Гэта новы прыгожы раён, які вырас літаральна за апошнія пяць гадоў. І парк новы: яго пасадзілі ў год, калі Брэст адзначаў міленіум. Стыльныя лаўкі, прадуманы дызайн ландшафту, свежае добраўпарадкаванне — усё разам стварае аблічча гэтай мясціны. А побач з памянёным адміністратыўным будынкам — летняе кафэ, якое ў дзень выбараў расчыніла свае дзверы ды радуе наведвальнікаў апетытнымі пахамі. З дынамікаў гучаць бадзёрыя песні. І сонца, якога даўно не бачылі гараджане, бліжэй да сярэдзіны дня лагодна выглянула з-за хмар. Не дзіва, што асаблівую актыўнасць выбаршчыкі сталі дэманстраваць а дванаццатай гадзіне. 

Вольга Барзянкова з дзецьмі

— У нас вельмі мала выбаршчыкаў сталага ўзросту, — гаворыць старшыня ўчастковай камісіі Алена Церашчук. — Дастаткова сказаць, што па стане на 12 гадзін ніхто не выказаў жаданне прагаласаваць на даму. Тут раён новабудоўляў, жывуць спрэс маладыя сем’і. Вось і зараз многія ідуць у сямейным складзе. Нямала і шматдзетных сем’яў. 

«У дамах па вуліцах Грунвальдскай, Екельчыка, Барыса Маслава, якія ўтварылі наш участак, жывуць таксама сем’і ваеннаслужачых, супрацоўнікаў МНС. Яны людзі адказныя, многія прагаласавалі датэрмінова. Усяго да ўчастка прыпісаны 1481 выбаршчык. Датэрмінова прагаласавала крыху больш за 40 працэнтаў, — працягвае суразмоўца. — Участак у нас таксама малады. Гэта другая кампанія ў яго гісторыі, у 2022 годзе мы працавалі на рэферэндуме. І мой другі вопыт у якасці старшыні камісіі таксама. Пакуль усё ідзе ў штатным рэжыме. Дарэчы, перыядычна тэлефануюць людзі і ўдакладняюць па сваім дамашнім адрасе лакацыю ўчастка. Апошняе сведчыць, што яны літаральна нядаўна справілі наваселле». 

Сям’я Юрчыкаў

Менавіта з такімі навасёламі карэспандэнт газеты сустрэлася перад уваходам у памяшканне ўчастка. Дар’я і Кірыл Юрчыкі не так даўно пераехалі ў новую кватэру. На выбары прыйшлі з двухгадовай дачушкай Віталінай. Галава сям’і працуе вадзіцелем у транспартнай кампаніі, жонка да дэкрэтнага была служачай. 

— Мы вельмі рады, што пасяліліся ў гэтым раёне, — расказвалі дапаўняючы адно аднаго сужэнцы. — Навокал уладкавана, прыгожа, праз дзясятак гадоў гэты парк стане зусім цудоўнай мясцінай. Школа і садок блізка, паліклініка цераз дарогу: усё, што трэба для жыцця, ёсць. Галасуем за мір, спакой, стабільнасць, магчымасці для дзяцей жыць, вучыцца, у далейшым — працаваць. 

Сям’я Барзянковых таксама прыйшла на ўчастак у поўным складзе: бацькі Вольга з Вадзімам, 8-гадовая дачушка Насця і чатырохгадовы сын Данііл. Маці сямейства Вольга расказала, што жывуць яны ў сваёй новай кватэры ўжо тры гады: 

— Пераехалі сюды з мікрараёна Рэчыца, і не нарадуемся. Там мы жылі ў раёне старой забудовы, да цэнтра горада далёка... А тут усё ў крокавай даступнасці, сацыяльная інфраструктура расце і развіваецца на вачах, не кажучы пра эстэтычны выгляд. Мы працуем, карыстаемся сацыяльнымі магчымасцямі ў плане выхавання дзяцей, таму свядома прыйшлі на выбары. А яшчэ рашылі выкарыстаць пагодны дзень для прыемнай прагулкі, пасля выканання грамадзянскага абавязку маем намер пасядзець з дзецьмі ў кафэ, пачаставацца шашлыком. 

 Раён новабудоўляў

Сяргей і Галіна Цэваны прыйшлі з дачкамі Ірынай і Варварай. І пакуль першакласніца Ірына дапамагала бацьку ў тэхнічнай частцы выбарчага працэсу, а менавіта апускала бюлетэні ў скрыню, маленькая Варвара капрызіла, давялося яе маме гушкаць малую на вуліцы. 

— Наша Іра вельмі актыўная і ў школе, і дома, — сказаў з усмешкай бацька. — Мы хацелі пазней прыйсці, як меншая паспіць, але старэйшая мабілізавала сям’ю ў першай палове дня. Ну вось прагаласавалі і з адчуваннем выкананага абавязку выпраўляемся дадому. 

Святлана ЯСКЕВІЧ


Алена Стэльмах: Адзіны дзень галасавання станоўча ўспрыняты беларусамі 

Па словах першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алены Стэльмах, бягучая электаральная кампанія адзначана вельмі добрым стартам, на што ўказвае высокая яўка на датэрміновае галасаванне і ў асноўны дзень галасавання. «Усё гэта сведчыць аб тым, што адзіны дзень галасавання станоўча ўспрыняты беларусамі і нам можна далей у такім фармаце развіваць гэту сістэму выбараў», — падкрэсліла яна.

Алена Стэльмах расказала, што сёння для яе сям’і — асабліва хвалюючы момант. «Мы з мужам прагаласавалі датэрмінова, а на выбарчы ўчастак у асноўны дзень галасавання пайшла наша дачка, якая галасуе ўпершыню, — патлумачыла першы намеснік стыршыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. — Напярэдадні пагаварылі аб нашай выбарчай сістэме, абмяркоўвалі, як і за каго галасаваць, перадвыбарныя праграмы кандыдатаў, якім трэба будзе стаць у хуткім часе дэпутатамі. Гэта людзі адказныя, якім трэба будзе працягнуць памнажаць патэнцыял нашай краіны, яе дабрабыт і дапамагаць кожнаму грамадзяніну ў вырашэнні набалелых пытанняў».

Алена Стэльмах лічыць, што важна дапамагаць моладзі, каб яна вучылася і разумела нашу гісторыю, як жылі нашы продкі, якім коштам дасталася нам наша перамога. «Усё гэта робіць з чалавека асобу, — лічыць эксперт. — І важна, каб у кожнага быў стрыжань, як у нашага Прэзідэнта. Толькі ў гэтым выпадку мы здолеем захаваць незалежнасць краіны, прымножыць яе патэнцыял і дабрабыт».

Вераніка КАНЮТА


Андрэй Лазуткін: Не можа не цешыць той факт, што на выбарчыя ўчасткі актыўна ідзе моладзь

Як заўважыў палітолаг, адказны сакратар выдання «Коммунист Беларуси. Мы и время» Андрэй Лазуткін, беларусы актыўна ідуць на выбарчыя ўчасткі. Па яго словах, для гэтага была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа. «Не можа не цешыць той факт, што на выбарчыя ўчасткі актыўна ідзе моладзь, — канстатаваў эксперт. — І тут, як мы бачым, упершыню галасуючым уручаюць лімітаваныя выданні Канстытуцыі, што таксама падабаецца».

Кажучы аб пытаннях бяспекі на выбарчых участках, палітолаг адзначыў, што дастаткова актыўна тлумачыліся пытанні, калі выбаршчыкаў адмацоўвалі з адных выбарчых участкаў і прымацоўвалі да іншых. «Выбарчая кампанія 2020 года паказала, што спробы паралізаваць працу выбарчай камісіі нікуды не падзеліся, — дадаў ён. — Некаторыя бралі дагаворы найму, прыходзілі на ўчасткі і стваралі чэргі, паралізавалі працу ўчасткаў. Каб гэтага не паўтарылася, а мы бачым, што падобныя схемы сёння абкатваюцца ў межах прэзідэнцкай кампаніі ў Расіі, мы зрабілі так, што адмацаванні ад участка па месцы пражывання і рэгістрацыі можна зрабіць толькі ў перыяд датэрміновага галасавання. У асноўны дзень грамадзяне павінны прыйсці па месцы прапіскі».

Андрэй Лазуткін адзначыў актыўны ўдзел грамадзян у галасаванні. «Ідучы на ўчастак прагаласаваць, яны абмяркоўваюць канцэртныя праграмы, работу буфета, — удакладніў палітолаг. — Усё гэта — нашы традыцыйныя фішкі. Зразумела, што людзі прыходзяць не дзеля таго, каб паесці ці паслухаць песні. Але для грамадзян старэйшага пакалення гэта свайго роду сродак камунікацыі, магчымасць паглядзець іншы раз школу, дзе вучацца дзеці».

Вераніка КАНЮТА


Разам з аднавяскоўцамі і сябрамі

У адзіны дзень галасавання на Віцебшчыне працуюць 693 выбарчыя участкі, 17 з якіх — закрытыя. Жыхары паўночнага рэгіёна з самай раніцы бясконцай чарадой спяшаюцца аддаць голас за стабільнасць і росквіт Беларусі. Святочная атмасфера пануе і ў сельскіх выбарчых акругах, у чым на свае вочы ўпэўнілася карэспандэнт «Звязды», калі завітала на Заронаўскі ўчастак для галасавання № 7. 

Чырвона-зялёныя сцягі на вуліцы калыша лютаўскі вецер, з неба сыпле дождж. Але гэта не ўплывае на святочны настрой у цэнтры не толькі культурнага, але і палітычнага выхавання аграгарадку — Заронаўскім доме культуры. Яшчэ на падыходзе да выбарчага ўчастку чуваць беларускія напевы, уздоўж будынку туляцца аўтамабілі. Работа кіпіць.

Асаблівасць сельскіх выбарчых участкаў заключаецца ў тым, што тут, у адрозненні ад горада, колькасць зарэгістраваных выбаршчыкаў значна меншая. А гэта значыць, што кожнага жыхара тут ведаюць у твар, чакаюць і пытаюцца аб справах, а калі хто ў кругавароце вясковых спраў забыўся выканаць свой грамадзянскі абавязак, таго запрашаюць прыйсці на ўчастак па тэлефоне. На Заронаўскім участку № 7 зарэгістравана 297 выбаршчыкаў, на апошні дзень датэрміновага галасавання яўка склала 33,6 працэнта. 

«Сёння дзве выязныя брыгады ўжо накіраваліся ў аддаленыя вёскі, каб грамадзяне маглі прагаласаваць на даму. Папярэдне камісія прымала заяўкі ад людзей пажылога ўзросту і інвалідаў, якія не змогуць прыйсці на ўчастак у адзіны дзень галасавання — гэта каля 15 чалавек. Права аддаць свой голас ёсць у кожнага, таму без увагі ніхто не застанецца», — расказвае старшыня ўчастковай камісіі Алена Драйліх.

У ліку тых, хто чакае членаў камісіі дома, — ганаровы грамадзянін Заронаўскага сельсавета, ветэран педагагічнай працы Аляксандр Якімавіч Гушчанка, які палову жыцця ўзначальваў мясцовую школу. Хоць мужчыне ўжо далёка за 90 гадоў, ён заўсёды прымае актыўны ўдзел у электаральных кампаніях, бо ўпэўнены, што ад кожнага з нас залежыць будучыня краіны, у якой жывём мы і будуць расці нашы дзеці. З ім згаджаецца і Таліна Міхайлаўна Іжохіна, якая таксама некалькі дзесяцігоддзяў прысвячала сябе педагогіцы ў Заронаве. Сёлета прыйсці на ўчастак у яе не атрымліваецца з-за галалёду, але члены камісіі абавязкова прыйдуць і да яе. 

«Асаблівасцю гэтай выбарчай кампаніі з’яўляецца тое, што на ўчастак прыходзяць цэлымі сем’ямі. Напрыклад, у сям’і Сарокіных трое дарослых дзяцей прывялі бацькоў, у сям’і Зіміных таксама трое дзетак, але яны яшчэ маленькія — бацькі Ганна і Алег на сваім прыкладзе дэманструюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Маладых людзей, для якіх гэтыя выбары першыя ў жыцці, у гэтым годзе няма. Усе яны зараз вучацца ў вышэйшых навучальных установах, таму галасуюць адпаведна па месцы знаходжання», — працягвае экскурсію Алена Уладзіміраўна.

На гэтым участку выдаюць чатыры бюлетэні, пытанняў у вяскоўцаў не ўзнікае. У кутку выбаршчыка ёсць уся інфармацыя аб кандыдатах у дэпутаты, напярэдадні ў клубе з імі прайшлі сустрэчы. Людзям, якія слаба бачаць, камісія дае лупы. Наяўнасць нізкай кабінкі са стулам пазітыўна адзначаюць не толькі выбаршчыкі з абмежаванымі магчымасцямі, але і пажылыя. Новаўвядзеннем у гэтым годзе стала відэаназіранне і магчымасць у канфліктных сітуацыях скарыстацца трывожнай кнопкай, але патрэбы ў апошнім на ўчастку не было — пачынаючы з 19 лютага тут кругласутачна нясуць варту праваахоўнікі. 

Мне ўдалося трапіць на ўчастак, калі пачаўся канцэрт, падрыхтаваны мастацкім калектывам Дома культуры. Адразу настрой стаў бадзёрым, захацелася падспяваць артыстам «Жураўлі на Палессе ляцяць». У фае размясціўся выязны гандаль, таму магчымасцю перахапіць што-небудзь смачненькага вяскоўцы, якія аддалі свой голас, карысталіся з радасцю. Так адзіны дзень галасавання стаў яшчэ адным са святаў, якое змагло аб’яднаць людзей, расквеціць шэры лютаўскі дзень.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара


На ўчастак — з ЗАГСа

Участак для галасавання № 5 па вуліцы Курака ў Магілёве лічыцца рабочым. Ён і размяшчаецца на тэрыторыі металургічнага завода. Акрамя яго работнікаў сюды прыходзяць галасаваць рабочыя прадпрыемства «Зеніт», швейнай фабрыкі. На тэрыторыі знаходзяцца два вялікія інтэрнаты. Раней яны былі завадскімі, зараз перайшлі ў камунальную ўласнасць горада. Але жыхары — тыя ж работнікі прадпрыемстваў. Участак адзін з найвялікіх у горадзе. Тут галасуе каля 2,4 тысячы чалавек. 

Месца для правядзення выбараў пастаяннае, добра вядомае ўсім, хто жыве ў гэтым мікрараёне. Але нават тыя, хто галасаваў тут упершыню — а такіх было 30 чалавек — не заблукалі. Будынак знаходзіцца побач з аўтамабільнай дарогай. 

Выбаршчыкі тут заўсёды актыўныя, шмат хто галасуе датэрмінова. У адных бягучы графік, непасрэдна на дзень выбараў няма магчымасці прыйсці, другія едуць на выходныя да родных у вёску. На гэты раз датэрмінова прагаласавалі тут каля 40% мясцовых выбаршчыкаў. 

У суботу наогул каля ўчастка прыпыніўся вясельны картэж. Мікіта і Крысціна Дуброўскія адразу ж пасля ЗАГСу адправіліся галасаваць па месцы прапіскі шчаслівага жаніха. Яму ўсяго 19 гадоў і свой грамадзянскі абавязак ён выконваў упершыню. 

Асабліва ўрачыста было ў адзіны дзень галасавання. Першыя выбаршчыкі падыходзілі ў хуткасці пасля адкрыцця ўчастка, але больш масава народ пайшоў пасля 10 гадзін. У першай палове дня невялічкі канцэрт далі ў фае вучні школы № 21 і выхаванцы дзіцячага садка № 65. У будынку па суседстве можна было наведаць буфет. 

— Бачна, што выбаршчыкі падрыхтаваныя, у курсе таго, што і як адбываецца, — кажа старшыня выбарчай камісіі Людміла Елісеева.— Адзіны дзень галасавання — гэта вельмі зручна. Не ўсе, праўда, разумелі, навошта ім замест аднаго бюлетэня давалі тры. І мы тлумачылі, што адначасова выбіраем дэпутатаў у гарадскі і абласны Саветы, а таксама ў парламент. Што датычыцца ўчастка, то мы, як заўсёды падрыхтаваліся дасканала. Усё неабходнае для галасавання, у тым ліку лупы, ліхтарыкі, трафарэты і гэтак далей, ёсць. З улікам датэрміновага галасавання ў рабоце задзейнічаныя тры празрыстыя ўрны. 

Людміла Елісеева больш чым 30 гадоў на выбарах нязменны старшыня, шмат каго ведае па імёнах, а ў твар наогул ледзь не ўсіх. Тым больш, што шмат людзей прыходзіць завадскіх, якія ведаюць яе яшчэ і па партыйнай дзейнасці. Яна — прадстаўнік партыі «Белая Русь». 

Па традыцыі народ ідзе галасаваць сем’ямі, шмат хто з маленькімі дзецьмі. Некаторыя перад тым, як апусціць бюлетэнь у ўрну, падыходзяць да інфармацыйнага стэнда і ўважліва вывучаюць інфармацыю па кандыдатах. Тлумачаць, што хочацца, каб быў чалавек годны. І пра іх завадскі раён не забываў. 

Святлана завітала на ўчастак разам з дачкой. Прызналася, што прыходзілася некалькі раз звяртацца да свайго дэпутата і ён дапамагаў. 

— Гэта хоць і грамадская пасада, але тут ўсё залежыць ад чалавека, — разважае яна. — Калі ён сумленны і адказны, то з ім можна будзе мець справы. Я сама не абыякавы чалавек, разумею, як бывае патрэбная дапамога з боку. Тым больш, што некаторых з кандыдатаў я ведаю не па расказах, таму і прыйшла прагаласаваць за іх.

Яўген Пенкрат у складзе выбарчых камісій працуе не ўпершыню. Прызнаецца, што самаму прыйшлося датэрмінова прагаласаваць, бо жыве ў другім мікрараёне горада. А ў адзіны дзень галасавання ён задзейнічаны ў рабоце камісіі на ўчастку № 5.

— Наша камісія вельмі дасведчаная, усё праходзіць цудоўна, — адзначае ён. — Шмат хто датэрмінова прагаласаваў. З раніцы ездзілі са скрынямі да выбаршчыкаў, якія пажадалі прагаласаваць дома. Гэта ў асноўным пенсіянеры, інваліды. Людзі вельмі адказна ставяцца да сваёй місіі, і ў асноўны дзень выбараў тэлефанавалі і прасілі прыехаць да іх. Толькі ў першай палове дня наведалі 80 чалавек. Працягваем ездзіць пасля абеду, бо заяўкі паступаюць. 

На думку Яўгена Пенкрата, прыняць удзел у галасаванні павінен кожны. Дэпутаты — гэта прадстаўнікі ад народа. І імі павінны быць толькі самыя годныя і актыўныя людзі, лічыць ён. Як члена выбарчай камісіі, яго радуе, што выбаршчыкі ўдумліва і адказна ставяцца да сваіх абавязкаў.

— Усё арганізавана вельмі добра, выбары праходзяць спакойна, без парушэнняў, — даюць адзнаку выбарчаму працэсу назіральнікі ад металургічнага завода. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара


«Не фармальнасць, а будучае для нашчадкаў»

У электаральнай кампаніі прынялі ўдзел насельніцы жаночага манастыра ў Гродне

Выязная ўчастковая выбарчая камісія завітала ў манастыр пасля завяршэння там нядзельнага набажэнства. Членаў камісіі сустрэла настаяцельніца манастыра ігумення Гаўрыіла і запрасіла... на канцэрт. Удзельнікі дзіцячага і дарослага хору выканалі некалькі музычных кампазіцый, што стварыла вельмі душэўны і патрыятычны настрой. 

Ранішняя служба ў Свята-Раства-Багародзічным стаўрапігіяльным жаночым манастыры завяршылася каля апоўдні. Некаторыя прыхаджане вырашылі адразу накіравацца на свае выбарчыя ўчасткі, каб выканаць грамадзянскі абавязак. У іх ліку Ірына, якая прыйшла ў храм са сваёй дачкой і пляменнікам. Выбрала гэты дзень не выпадкова, ёй падабаецца асаблівая атмасфера святочнасці, якая пануе на выбарчых участках. 

Ірына ў свой час наведвала нядзельную школу пры манастыры, зараз яе дачка — удзельніца манастырскага хору. Менавіта дзіцячы хор стварыў святочную атмасферу ў пакоі для галасавання, куды прыбыла выязная выбарчая камісія гарадскога участка № 6. Прысутныя былі ўзрушаны галасамі маці і дачкі Дабрушанка. У выкананні хору прагучалі як дзіцячыя, так і патрыятычныя песні, якім падпавялі ўсе прысутныя. 

Настаяцельніца манастыра ігумення Гаўрыіла, звяртаючыся да дзяцей, прыгадала, як калісьці ў дзяцінстве вельмі зайздросціла дарослым, якія ішлі на выбары. «Так і сённяшнія пяці-шасцігодкі, праз пэўны час таксама стануць дарослымі і будуць выконваць свой грамадзянскі абавязак, а сёння яны сталі сведкамі таго, як гэта робяць іх бацькі. Спадзяюся, што ўсе яны звяжуць свой лёс са сваёй роднай Беларуссю, як пяецца ў песні, што мы зараз пачулі». 

Між тым сакратар участковай выбарчай камісіі ўчастка № 6 Любоў Панасевіч рыхтуе ўсё неабходнае для галасавання ў манастыры. На стале стаіць скрыня, раскладзены бюлетэні, падрыхтаваны спіс выбаршчыкаў. Тут іх каля дваццаці чалавек. Ігумення Гаўрыіла бласлаўляе працэдуру і сама першай ажыццяўляе сваё грамадзянскае права. Затым да галасавання далучаюцца ўсе насельніцы манастыра, святары з сем’ямі. 

Пасля настаяцельніца вядзе ў музей, які прысвечаны мітрапаліту Філарэту. З імем першага беларускага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі тут многае звязана, у тым ліку і сама дзейнасць манастыра, які быў адноўлены 30 гадоў таму. Дарэчы, мітрапаліт Філарэт падчас свайго служэння, напачатку 90-х гадоў, быў абраны і дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. Актыўную грамадзянскую пазіцыю займае і настаяцельніца манастыра. Яна — удзельніца трох Усебеларускіх народных сходаў, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне». Яе імя летась занесена ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці. 

Вось і на гэты раз манастыр не застаўся ўбаку ад электаральнай кампаніі.

— Мы — грамадзяне сваёй зямной Айчыны. Як мы можам адштурхнуцца ад таго, што адбываецца побач з намі? Радасці мірскія — нашы радасці, няшчасці мірскія — нашы няшчасці. Бо манастыр, храм — гэта не сцены, гэта людзі. А мы прыйшлі з міру і павінны выконваць наш грамадзянскі абавязак, каб быць дастойнымі грамадзянамі сваёй Айчыны. 

Яна падкрэсліла, што выбары — гэта не фармальнасць, калі чалавек ставіць адзнаку ў бюлетэнь, гэтым самым чалавек выбірае сваю будучыню. І нават не для сябе, а для сваіх нашчадкаў: для дзяцей, унукаў, праўнукаў. Каб у іх былі сапраўдныя сем’і, была дабрыня, чысціня. 

— Таму мы аддаем свае галасы за тых людзей, у якіх верым. У тых, хто за квітнеючую, мірную, свабодную, нашу цудоўную Беларусь. Бо чалавек нараджаецца для таго, каб рабіць дабро, з гэтым настроем мы глядзім у заўтрашні дзень, — рэзюмавала сваю пазіцыю ігумення Гаўрыіла.

Настаяцельніца жаночага манастыра актыўна прапаведуе галоўныя жыццёвыя каштоўнасці: духоўнае выхаванне моладзі і ўмацаванне інстытута традыцыйнай сям’і. Гэта будучае краіны, якому варта паўсюдна надаваць увагу, лічыць яна. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара


Надзея Лазарэвіч: Упэўнена, што новыя дэпутаты будуць працаваць на рэзультат

Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама адзначыла, што фарміраванне дэпутацкага корпуса надта важная падзея. Эфектыўная дзейнасць мясцовай выканаўчай улады заснавана на ўзаемадзеянні з дэпутатамі. Іх падтрымка, узаемаразуменне і агульная работа на рэзультат заўжды дасць плён.

Яна падкрэсліла, што роля дэпутатаў у мясцовым самакіраванні бясспрэчная — яны голас народа. Дзякуючы ім гарадскія улады заўсёды трымаюць руку на пульсе падзей, таксама вялікае значэнне мае і тое, што дэпутаты прымаюць удзел у фарміраванні гарадскога бюджэту, распрацоўцы праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця.

І ўсе эканамічныя і сацыяльныя дасягненні любога рэгіёна — гэта заслуга агульная. Таму, безумоўна, нельга заставацца ў баку ад электаральнай кампаніі. Тым больш, што сёлета яна праходзіць у новым фармаце — дасканалым і зручным для выбаршчыкаў. Акрамя таго, яна падкрэсліла, што выбары дэпутатаў — гэта выбары будучыні, сёння кожны вызначае ў якой краіне давядзецца жыць яго дзецям і ўнукам.


Гендырэктар Мастацкага музея: Адзіны дзень галасавання — момант яднання народа

Адзіны дзень галасавання — свята, якое сімвалізуе адзінства народа. Такім меркаваннем з БелТА падзялілася гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава пасля галасавання на ўчастку № 664 у Мінску.

«Адзіны дзень галасавання, як і кожнае вялікае дзяржаўнае свята, важны для грамадзян, таму што сімвалізуе адзінства народа. У няўстойлівым свеце нашаму народу, кожнаму грамадзяніну неабходная ўстойлівасць. Устойлівасць неабходная і тым, хто галасуе, і кандыдатам, за якіх галасуюць», — сказала Ганна Конанава. Яна падкрэсліла, што, вывучыўшы спіс кандыдатаў, дакладна ведала, за каго аддасць свой голас. «Гэтыя людзі ўжо вельмі многае зрабілі для нашай краіны», — дадала гендырэктар.

Паводле яе слоў, яна рада, што прыйшла менавіта ў асноўны дзень галасавання. «Менавіта ў той дзень, калі афіцыйна прызначаецца дата галасавання, асабліва адчуваецца яднанне народа. Адзінства заключаецца ў аб’яднанні за інтарэсы дзяржавы, калі ўсе разумеюць, што карысна для нашай краіны, і згуртоўваюцца ў гэтых ключавых вектарах. Як правіла, гэтыя вектары аб’ектыўныя для кожнага грамадзяніна: сямейныя каштоўнасці, сацыяльная і псіхалагічная абароненасць, абароненасць маральных асноў грамадства. На іх грунтуецца тое, што карысна дзяржаве, зразумела ўсім і ў кожнага ў душы знаходзіць цёплы водгук», — адзначыла Ганна Конанава.


Уладзімір Громаў: Выбары — тая цаглінка, якую чалавек укладвае ў сваю краіну

Кажучы аб выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў, народны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Громаў прывёў цікавую аналогію 

«Калі ўзяць свой дом, мы ж не толькі яго будуем, мы падтрымліваем у ім парадак, глядзім за тым, каб ён развіваўся, знаходзіўся ў належнай якасці, — сказаў Уладзімір Громаў. — Робячы нешта ў сваім доме, мы паляпшаем сваё жыццё. Мне здаецца, што выбары — тая цаглінка, якую чалавек укладвае сваёй уласнай працай у свой уласны дом, сваю краіну. З гэтых пазіцый лічу, што нельга спадзявацца на некага іншага, нельга чакаць, каб нехта іншы пабудаваў табе дом, бо той дом, які задавальняе цябе, ты можаш пабудаваць толькі сам». 

Вераніка КАНЮТА


Мікіта Рачылоўскі: Нават адна асоба можа змяніць ход гісторыі. А мы выбіраем больш за 12 тысяч дэпутатаў

Мікіта Рачылоўскі, старшыня Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, назваў дзень, калі выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і дэпутатаў мясцовых саветаў, сапраўды гістарычным. «Нават адна асоба можа паўплываць на ход гісторыі, а мы сёння выбіраем больш за 12,5 тысячы дэпутаў мясцовага ўзроўню і больш за 100 парламентарыяў, якія будуць працаваць на карысць нашай дзяржавы на працягу пяці гадоў», — сказаў ён. 

Мікіта Рачылоўскі падкрэсліў, што Цэнтральная выбарчая камісія правяла вялікую інфармацыйна-асветніцкую работу. Да гэтага далучыліся палітычныя партыі, грамадскія аб’яданні. «Мы бачым, як дружна ўсе працуюць. Ніхто не дзеліць моладзь, не страецца прапіярыцца на гэтай кампаніі, а паказваюць адзінства і кансалідацыю, каб дастукацца да кожнага беларуса», — сказаў ён. Маладзёжным саветам пры Нацыянальным сходзе на працягу студзеня і лютага быў рэалізаваны праект «Беларусь будучага», у рамках якога прайшлі дыскусійныя пляцоўку з навучэнцамі і працоўнай моладдзю. У кожным раёне прайшло мінімум тры сустрэчы. «Самае галоўнае, што такія сустрэчы праводзілі не толькі дасведчаныя спікеры. Іх праводзілі і маладыя людзі, сярэдні ўзрост якіх 26 гадоў, амаль усе члены Маладзёжнага парламента. З іх 35 з’яўляюцца кандыдатамі ў мясцовыя саветы дэпутатаў, і чатыры чалавекі ідзе ў Палату прадстаўнікоў. Я цалкам перакананы, што па выніках адзінага дня галасавання ў нашага маладзёжнага парламента будзе прадстаўніцтва як у Палаце прадстаўнікоў, так і па ўсёй краіне ў мясцовых саветах дэпутатах. І такім чынам, нашы маладыя парламентарыі, будучы кандыдтамі ў дэпутаты, сустракаюцца з моладдзю, працуюць у фармаце „роўны навучае роўнага“, атрымліваюць ад іх зваротную сувязь», — расказаў Мікіта Рачылоўскі. 

Старшыня маладзёжнага парламента адзначыў, што маладыя людзі ў краіне валодаюць грунтоўнымі ведамі наконт электаральнай кампаніі, работы дэпутатаў. «Раней многія здзіўляліся, калі мы казалі, што дэпутаты мясцовага ўзроўню за сваю працу зарплату не атрымліваюць і працуюць дабравольна, на грамадскіх пачатках. Сёння гэтым нікога не здзвіш, людзі ўсё ведаюць. Гэта вельмі добры паказчык. Часам у людзей узнікаюць сумненні, ці паўплывае іх голас на вынікі выбараў. Але кожны голас паўплывае. Сядзець убаку, калі выбіраюцца прадстаўнікі твайго рэгіёна і горада, — гэта няправільна. Таму вялікі дзякуй усім, хто прыходзіць і галасуе, асабліва з дзеткамі, і паказвае прыклад, як гэта трэба рабіць», — адзначыў Мікіта Рачылоўскі. 

Валерыя СЦЯЦКО


ЦВК: Яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў на 18.00 склала 70,29%

На 18.00 яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў склала 70,29%. Пра гэта паведаміў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка на прэс-канферэнцыі ў інфармацыйным цэнтры ЦВК, перадае БелТА. 

Фота БелТА

«У Брэсцкай вобласці — 74,79%, у Віцебскай — 72,61%, у Гомельскай — 74,13%, у Гродзенскай — 70,56%, у Мінскай — 70,27%, у Магілёўскай — 75,11%, у Мінску — 59,09%», — распавялі ў ЦВК.


Наталля Карчэўская: Маладым людзям вельмі важна разумець, што яны актыўныя ўдзельнікі жыцця краіны

Наталля Карчэўская, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, адзначыла, што студэнты яе ВНУ заўсёды адны з самых актыўных. Традыцыйна яны актыўна ўдзельнічаюць ў розных акцыях, канцэртах і мерапрыемствах, прымеркаваных да выбараў. «Такім чынам яны ўзмацняюць эмацыйны складнік гэтай важнай палітычнай падзеі, ствараюць настрой для выбаршчыкаў. Многія нашы студэнты прагаласавалі датэрмінова, бо сёння яны ствараюць свята для тых, хто галасуе ў адзіны дзень галасавання. Усе адчуваюць агульную атмасферу свята», — расказала Наталля Карчэўская. Рэктар заўважыла, што моладзь тонка адчувае фальш і няшчырасць, таму ўсе мерапрыемствы ідэалагічнай накіраванасці не праводзяцца па прынцыпе «мерапрыемства дзеля мерапрыемствы». Самым яркім праектам яна назвала «Лінія памяці — код вайны». Праект быў рэалізаваны па гранце Прэзідэнта і ў ім былі задзейнічаны студэнты і выкладчыкі БДУКМ і ўдзельнікі дзіцячых харэаграфічных калектываў. «Гэты праект не прымеркаваны да электральнай кампаніі. Але ён ідзе ў рэчышчы нашай дзяржаўнай палітыкі па захаванні гістарычнай памяці. І нашым студэнтам і маладым людзям вельмі важна разумець, што яны актыўныя ўдзельнікі жыцця краіны», — адзначыла Наталля Карчэўская. 

Валерыя СЦЯЦКО


Вольга Чамаданава: Беларусы — камандная нацыя

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгравыканкама Вольга Чамаданава прызналася, што ў дзень адзінага галасавання для яе прынцыпова важна быць ў горадзе, з людзьмі, прааналізаваць іх настрой, паназіраць, з якімі эмоцыямі яны ідуць на ўчасткі. «У першую чаргу ў такі дзень аб’ядноўваецца сям’я, у мяне няма сумненняў. Калі мама прыняла рашэнне выканаць свой грамадзянскі абавязак, то як мінімум дзеці з ёй пойдуць на ўчастак. Я перакананая, што мы дзецям павінны не проста расказваць, а асабістым прыкладам паказваць. Шмат сем’яў мы бачылі на выбарчых участках, асабліва ў сельскай мясцовасці. Не проста так выбарчыя ўчасткі сфарміраваны ў школах: гэта дае магчымасць бацькам не толькі прагаласаваць, але і сустрэцца з дырэктарам школы, класным кіраўніком свайго дзіцяці, абмеркаваць яго вучобу — карысна правесці дзень», — сказала яна.

Вольга Чамаданава падкрэсліла, што беларусы — камандная нацыя. І тэрмін «яднанне» для беларусаў — прапісная ісціна. Таму невыпадкова людзі згуртавана, разам прынялі ўдзел ў сёлетняй электаральнай кампаніі. «Упэўнена, што адзіны дзень галасавання — гэта новая форма — выклікае ў людзей пэўную цікавасць. Многія хочуць прыйсці самі паглядзець, як гэта працуе», — сказала яна. Таксама, па словах Вольгі Чамаданавай, людзям прыемна прагаласаваць за сваіх знаёмых, унесці свой уклад у развіццё і станаўленне сваіх землякоў. «Цаніць трэба, што ў нашай краіне ёсць тыя, кім мы можам ганарыцца, што ёсць людзі, якія дасягнулі гэтага сваёй працай, сваімі памкненнямі», — падкрэсліла яна. 

«Я упэўнена, што першая прычына, па якой беларусы сёння разам выконваюць свой грамадзянскі абавязак — гэта жаданне захаваць мір на нашай зямлі. Мабыць, у чалавека няма сёння іншага жадання. І сёння ўсе разумеюць, што сапраўды ў адзінстве і з камандным духам можна захаваць краіну», — адзначыла Вольга Чамаданава. 

Валерыя СЦЯЦКО


У Беларусі закрыліся ўчасткі на выбарах дэпутатаў

У 20.00 у Беларусі закрыліся ўчасткі на выбарах дэпутатаў, паведамляе БелТА.

Усяго працавала 5411 участкаў для галасавання, яны былі адкрыты з 8.00 да 20.00. Акрамя таго, было арганізавана галасаванне дома.

Маніторынг выбарчай кампаніі праводзілі 45 505 нацыянальных назіральнікаў. Таксама былі акрэдытаваны 294 міжнародныя назіральнікі. У назіранні за выбарамі дэпутатаў у Адзіны дзень галасавання ўдзельнічалі Місіі назіральнікаў ад СНД, ШАС, прадстаўнікі Парламенцкай Асамблеі АДКБ, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, кіраўнікі і прадстаўнікі выбарчых органаў замежных дзяржаў, а таксама эксперты з еўрапейскіх і іншых краін (Італія, Германія, Літва, Польшча, Францыя, Швецыя, Швейцарыя, Сербія, Балгарыя).

У Адзіны дзень галасавання абіраліся 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і 12 514 дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.

Выбары дэпутатаў з’яўляюцца прамымі: дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў — 5 гадоў.


Група «Аўра»: На гэтых выбарах вельмі адчувалася інфармацыйная работа

Як звярнуў увагу заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прадзюсар групы Яўген Алейнік, гэтая выбарчая кампанія вылучаецца з усіх папярэдніх, падчас якіх таксама выбіраліся дэпутаты мясцовых Саветаў. Па яго меркаванні, грамадзяне адказна і свядома падышлі да гэтай важнай палітычнай падзеі. «Людзі разумеюць, што выбары — гэта неад’емная частка жыцця, якую нельга пускаць на самацёк», — удакладніў ён.

Па словах салісткі групы «Аўра» Юліі Быкавай, на гэтых выбарах вельмі адчувалася інфармацыйная работа, у тым ліку з боку СМІ. «Я прапісана ў вёсцы, а таму галасую там, — расказала яна. — Што датычыцца мясцовых органаў кіравання, то, вядома, мы галасуем за тых людзей, якія жывуць непасрэдна побач з намі, за людзей, якія будуць кампетэнтна разбірацца менавіта ў нашай сітуацыі, нашых праблемах. Таму я асабіста галасавала за тых, каму давяраю, каго я асабіста ведаю, хто ўжо сябе неяк праявіў, зарэкамендаваў». 

Вераніка КАНЮТА


Аляксандр Цішчанка: Выбары праходзяць спакойна, бо пасля 2020 года быў зроблены добры «разбор палётаў»

«Улічваючы спакойны фон гэтых выбараў, можна сказаць, што ў гэты раз выбары праходзяць у зусім іншай плоскасці. Чаму? Таму што пасля 2020 года быў зроблены добры “разбор палётаў”, прыйшлося крыху стэрылізаваць прастору і інфармацыйную, і палітычную для таго, каб з чыстымі рукамі падысці да новай электаральнай кампаніі», — у размове з журналістамі заявіў Аляксандр Цішчанка, эксперт па нацыянальнай бяспецы. Ён падкрэсліў, што сёння выбары праходзяць актыўна, але спакойна — усё празрыста і даступна для людзей.

Аляксандр Цішчанка звярнуў увагу, што абноўленыя нядаўна Ваенная дактрына і Канцэпцыя нацыяльнай бяспекі даюць пэўную платформу для таго, каб людзі разумелі адносіны да знешняй сітуацыі. І гэта вельмі добры падмурак да працы дэпутатаў, якіх сёння выберуць людзі. «Гэтыя асноўныя ў сферы бяспекі дакументы сёння з’яўляюцца нашай палітычнай падсвядомасцю», — падкрэсліў эксперт.

Валерыя СЦЯЦКО


Мікалай Зарубіцкі: Моладзь стала больш палітычна адукаванай

Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» Мікалай Зарубіцкі з’яўлецца адным з нацыянальных назіральнікаў. У размове з журналістамі ён адзначыў вялікую актыўнасць маладых людзей у адзіны дзень галасавання. На яго думку, гэта звязана з тым, што пасля 2020 года маладыя людзі сталі разумець, што краіну трэба берагчы і што кожны грамадзянін уплывае на яе жыццё. «Моладзь стала больш палітычна адукаванай. Люді сталі аналізаваць інфармацыю, навучыліся растаўляць акцэнты, каб зрабіць правільны выбар», — заўважыў Мікалай Зарубіцкі. 

Як нацыянальны назіральнік, ён падкрэсліў, што сёлета выбары прайшлі спакойна і мірна. Па яго словах, пры арганізацыі работы ўчасткаў цяпер улічваюцца тыя моманты, на якія раней не звярталі ўвагу, бо вядома, да чаго можа прывесці неахайнасць. 

Старшыня грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» пажадаў дэпутатам выканаць тыя абяцанні народу, якія не паспелі іх папярэднікі. «Мне хочацца пажадаць выбраным сёння дэпутатам, каб людзі, якія да іх звяртаюцца, былі задаволены тым, што іх праблемы вырашыны», — сказаў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО


Аляксандр Хіжняк: Народ зрабіў свой выбар – развіццё моцнай, незалежнай дзяржавы

Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці ў гэтую электаральную кампанію вылучыла 22 кандыдата ў Палату прадстаўнікоў і 484 кандыдаты ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Пра гэта расказаў журналістам старшыня партыі Аляксандр Хіжняк. «Мы паставілі перад сабой амбіцыйную задачу пасля перарэгістрацыі — атрымаць прадстаўніцтва ў Палаце прадстаўнікоў і ў мясцовых саветах дэпутатаў. Па папярэдніх разліках, каля 30 працэнтаў кандыдатаў могуць быць падтрыманы. Сярод усіх задач, важнай лічым задачу падтрымліваць нашых грамадзян, улічваць іх інтарэсы, вырашаць праблемы на месцах, гэта найперш задача мясцовых саветаў дэпутатаў. І ставім перад сабой задачу быць пачутымі», — сказаў ён.

Аляксандр Хіжняк заўважыў, што спробы аказаць пэўны інфармацыйны ўплыў на народ, які сёння робіць выбар, аказаліся няўдалымі. «Народ зрабіў свой выбар. Выбраў развіццё моцнай, незалежнай дзяржавы. Гэты дзень значны не толькі тым, што ўпершыню ў гісторыі праводзіцца адзіны дзень галасавання. Гэты адзіны дзень галасавання з’яўляецца працягам канстутыцыйнай рэформы, якую два гады таму таксама падтрымаў народ», — заявіў старшыня партыі.

Валерыя СЦЯЦКО


Дзмітрый Шаўцоў: Пераможа той, у каго праграма была бліжэй да людзей

Генеральны сакратар Беларускага чырвонага крыжа Дзмітрый Шаўцоў сёлета — непасрэдны ўдзельнік электаральнай кампаніі. Ён балатуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Сваімі ўражаннямі ён падзяліўся з журналістамі: «Мне ёсць з чым параўноваць, бо да гэтага я двойчы балатаваўся і працаваў у парламенце ў пятым і шостым скліканнях. Сёлета зусім іншая кампанія. Вельмі спакойная, ніхто не спрабуе падножкі паставіць, абліць брудам. Вельмі важна, калі ёсць магчымасць працаваць спакойна. Сёлета была вельмі камфортная кампанія. Мы плённа працавалі і з нашымі прэтэндэтамі, і з кандыдатамі ў мясцовыя саветы дэпутатаў. І гэта выдатна. Усе людзі маюць сваю пазіцыю, усе цудоўна разумеюць, навошта яны ідуць у дэпутаты. Гэта вялікая прыступка да развіцця дэпутацкага корпуса краіны», — распавёў Дзмітрый Шаўцоў. Ён прызнаўся, што хваляванне прысутнічае. Але не варта забываць пра класічнае правіла аб тым, што пераможа наймацнейшы.

«Пераможа той, у каго праграма была бліжэй да людзей», — заўважыў Дзмітрый Шаўцоў. 

Валерыя СЦЯЦКО


Вячаслаў Даніловіч: Выбарчая кампанія сведчыць аб здольнасці нашых людзей адстойваць свае інтарэсы

Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч лічыць бягучую выбарчую кампанію важнай у сучасных геапалітычных умовах, якія складваюцца вакол нашай краіны. «Вельмі важна, што гэта кампанія прайшла спакойна, без пэўнага напружання, нейкіх эксцэсаў, — адзначыў ён. — Гэта сведчыць аб тым, што беларускае грамадства зразумела, наколькі важна захоўваць мір, адзінства і спакой, як важна ўдзельнічаць у выбарчым працэсе, выбіраючы сваіх прадстаўнікоў і ў парламент, і ў мясцовыя саветы. Унікальнасць гэтай кампаніі, вядома, заключаецца ў тым, што ў нас адзіны дзень галасавання, калі выбары сумешчаныя. Гэта вялізная адказнасць і для Цэнтральнай выбарчай камісіі, і мясцовых камісій, якім даводзіцца працаваць з вялікай колькасцю бюлетэняў».

Па словах Вячаслава Даніловіча, бягучая выбарчая кампанія сведчыць аб згуртаванасці беларускага народа і здольнасці нашых людзей адстойваць свае інтарэсы як унутры краіны, так і ва ўмовах найскладанейшай геапалітычнай абстаноўкі, якая назіраецца ў свеце. 

Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь адзначыў, перад новым дэпутацкім корпусам стаяць вельмі адказныя задачы. «У першую чаргу, захаваць мір у нашым грамадстве ва ўмовах узрушэнняў, — падкрэсліў ён. — Трэба як мага больш якасна прадстаўляць інтарэсы тых людзей, якія выбралі нашых дэпутатаў, як мясцовых саветаў, так і парламенцкага ўзроўню. Зноў выбраныя дэпутаты павінны адчуваць усю меру адказнасці перад сваімі выбаршчыкамі. Ëсць рэчы, якія неабходна каардынаваць, рэалізоўваць — на заканадаўчым узроўні і, вядома, на мясцовым узроўні вырашаць тыя праблемы, якія хвалююць выбаршчыкаў канкрэтнай акругі». 

Вераніка КАНЮТА


Драгамір Карыч: Выбары ў Беларусі — гэта сапраўднае свята для людзей

Выбары ў Беларусі — гэта сапраўднае свята для людзей. Такі пункт гледжання выказаў БелТА незалежны міжнародны назіральнік з Сербіі Драгамір Карыч.

Фота БелТА

«Я пабываў на некалькіх выбарчых участках у Мінску, размаўляў з тымі, хто галасаваў, а таксама з членамі выбарчых камісій, — распавёў Драгамір Карыч. — На мой погляд, усё было арганізавана ў адпаведнасці з заканадаўствам, ніякіх парушэнняў не было выяўлена».

«На ўчастках было шмат людзей — яўка добрая, што вельмі важна. Мяне заўсёды прыемна радуе, а я часта бываю назіральнікам на галасаванні ў вас, як беларусы прыходзяць — як на свята, з дзецьмі, сем’ямі. Гэта сведчыць аб адказнасці грамадзян краіны выканаць свой грамадзянскі абавязак. І гэта не адпавядае таму, пра што часам пішуць некаторыя заходнія краіны», — сказаў сербскі назіральнік.

Ён лічыць: людзі праз выбары вырашаюць свой лёс. Драгамір Карыч таксама заўважыў, што яму імпануе святочная атмасфера на ўчастках — канцэрты, выставы, буфеты.

«Ваш вопыт цікавіць міжнародных назіральнікаў, а я бачыў, што было шмат маіх калег з іншых краін, СНД, Еўропы. І я чуў іх пазітыўныя водгукі аб ходзе выбарчай кампаніі ў Беларусі», — сказаў назіральнік з Сербіі.

«Сербія — дружалюбная Беларусі краіна. «У нас цэняць і любяць Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, — сказаў Драгамір Карыч. — Вакол вас зараз ідзе вайна. Народ Беларусі — міралюбівы, шануе мір і стабільнасць».

«Я прылячу з Мінска ў Бялград і буду распавядаць сербскім журналістам пра тое, што ўбачыў у вашай краіне, і чым у рэальнасці жыве Беларусь», — рэзюміраваў незалежны міжнародны назіральнік з Сербіі.


ЦВК: яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў склала 72,98%

На 20.00 яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў склала 72,98%. Пра гэта паведаміў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка на прэс-канферэнцыі ў інфармацыйным цэнтры ЦВК, перадае БелТА.

«У Брэсцкай вобласці — 75,82%, у Віцебскай — 74,74%, у Гомельскай — 75,85%, у Гродзенскай — 76,90%, у Мінскай — 74,20%, у Магілёўскай — 77,03%, у Мінску — 61,54%», — распавялі ў ЦВК.


Дзмітрый Баскаў пра згуртаванасць беларусаў у Адзіны дзень галасавання: Нам як ніколі неабходна стабільнасць

Нам як ніколі неабходна стабільнасць і далейшае планамернае развіццё. Такое меркаванне выказаў БелТА член Савета Рэспублікі Дзмітрый Баскаў. 

Фота БелТА

Дзмітрый Баскаў адзначыў, што беларусы актыўна прымалі ўдзел у Адзіным дні галасавання і гэта гаворыць аб нашай згуртаванасці. Сенатар таксама распавёў пра свой выбар у Адзіны дзень галасавання.

«Я галасаваў за дабрабыт кожнай асобнай вуліцы, горада, раёна, вобласці і нашай цудоўнай краіны. У тых геапалітычных умовах, у якіх мы знаходзімся сёння, відавочна, што нам як ніколі неабходны стабільнасць і далейшае планамернае развіццё. Якім яно будзе — сёння залежыць ад кожнага з нас, у тым ліку і ад таго выбару, які робяць беларусы ў Адзіны дзень галасавання. Многія кандыдаты прадстаўляюць сацыяльную сферу: адукацыю, спорт, навуку, медыцыну, хтосьці ўпершыню спрабуе сябе ў палітыцы, таму напэўна будзе поўны рашучасці і энергіі ў вырашэнні пастаўленых грамадзянамі задач. Важна, каб гэтыя людзі працавалі на максімуме магчымасцяў на карысць нашай дзяржавы. Таму важны голас кожнага выбаршчыка, важна паказаць згуртаванасць беларусаў у выбары сваёй будучыні», — сказаў Дзмітрый Баскаў.


Вадзім Грачоў: Працэс галасавання быў арганізаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам, надзвычайных сітуацый не ўзнікала 

Як паведаміў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вадзім Грачоў, нягледзячы на тое, што выбарчыя ўчасткі ўжо зачыніліся, нацыянальныя назіральнікі працягваюць сваю работу. «Яны назіраюць за працэдурай падліку галасоў, — удакладніў ён. — Таму поўныя вынікі нацыянальнага назірання мы падвядзём ужо заўтра. Сёння можам сказаць аб тым, як быў арганізаваны выбарчы працэс у дні датэрміновага галасавання, у асноўны дзень з пункту гледжання нацыянальных назіральнікаў».

Па яго словах, штодзённа, у дні датэрміновага галасавання, працавала ад 12 да 14,5 тысяч нацыянальных назіральнікаў. «У асноўны дзень мы ўзмацнілі нашу работу: працавала каля 25 нацыянальных назіральнікаў, — дадаў Вадзім Грачоў. — Без увагі не быў пакінуты ні адзін участак. Нават на зачыненых участках былі нашы назіральнікі. І нават пры галасаванні дома, са згоды грамадзян, таксама ў шэрагу выпадкаў ажыццяўлялася назіранне».

Нацыянальнымі назіральнікамі падкрэслена, што працэс галасавання быў арганізаваны з дакладнай адпаведнасцю з заканадаўствам, ніякіх надзвычайных сітуацый не ўзнікала. Вадзім Грачоў адзначыў, што па шматканальнай тэлефоннай лініі, на чат-бот Telegram-канала «Вядзецца назіранне» ў дні датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень у Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі звярнулася каля 400 чалавек. «Нашы грамадзяне рэальна зацікаўлены ў выбарчым працэсе, — падкрэсліў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. — Пацверджанне гэтаму — тое, што, знаходзячыся ў службовай камандзіроўцы або ў нейкім населеным пункце ў гасцях, грамадзяне шчыра цікавіліся і шукалі магчымасць, як прагаласаваць». 

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.