Вы тут

Успаміны пра Аляксандра Капусціна, які любіў радзіму, верыў у будучыню


12 лютага жлабінчане ўрачыста адзначылі 100-годдзе з дня нараджэння знакамітага земляка, ураджэнца Старой Рудні, беларускага пісьменніка, ганаровага грамадзяніна Жлобіна, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Пятровіча Капусціна (1924–1996).


Валянціна Няхай (злева) уручае Алене Войстрыкавай дыплом Капусцінскай прэміі.

Капусцінскія чытанні

З нагоды юбілею ў Гарадскім цэнтры культуры адбыліся традыцыйныя чытанні, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменніка «Ім ганарыцца Жлобіншчына».

— Мы, землякі Аляксандра Пятровіча Капусціна, памятаем гэтага вялікага чалавека, — адзначыла падчас адкрыцця мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Няхай. — Ганарымся ім і працягваем традыцыі, ініцыятарам якіх ён быў.

Звяном, якое звязвае пакаленні, назваў Аляксандра Капусціна начальнік аддзела культуры райвыканкама Вячаслаў Паборцаў. 

Аляксандр Пятровіч Капусцін

Напрыканцы 1990-х гадоў была заснавана абласная літаратурная прэмія імя А. Капусціна. Многія яе лаўрэаты прынялі ўдзел у юбілейным мерапрыемстве. Так, ганаровы грамадзянін Жлобінскага раёна, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, галоўны рэдактар газеты «Новы дзень» Галіна Мельнікава, якая стаяла каля вытокаў традыцыі ўручэння Капусцінскай прэміі, падкрэсліла:

— Мне пашчасціла ў 1999 годзе быць адным з арганізатараў буйнога мерапрыемства, прысвечанага 75-годдзю з дня нараджэння пісьменніка. Такім чынам Аляксандр Капусцін увайшоў у маё жыццё і ў значнай ступені паўплываў на мой далейшы прафесійны і жыццёвы лёс. Галоўны ўрок, які я засвоіла, вывучаючы жыццё і творчасць пісьменніка, — сапраўдным патрыётам нельга быць без любові да малой радзімы.

Свой верш, прысвечаны пісьменніку, прачытала лаўрэат прэміі ў яго гонар паэтэса Юлія Андросава. Шмат цёплых слоў у адрас Аляксандра Капусціна сказалі таксама паэт Павел Луд і аўтар гэтых радкоў.

Нарэшце настаў кульмінацыйны момант Капусцінскіх чытанняў — быў названы новы лаўрэат літаратурнай прэміі імя А. Капусціна. Ім стала Стараруднянская сельская бібліятэка. Яе супрацоўніца Алена Войстрыкава ад хвалявання не змагла ўтрымаць слёзы. Дарэчы, і сама Стараруднянская сельская бібліятэка летась адзначыла 100-гадовы юбілей. Алена Войстрыкава працуе тут з 2018 года. За гэты час установа неаднаразова адзначалася, у тым ліку прэміяй Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры», Ганаровай граматай райвыканкама. 

Што запомнілася

Аўтара гэтых радкоў і Аляксандра Капусціна аб’ядноўвала любоў да гістарычнай і літаратурнай спадчыны Жлобіншчыны. Наша знаёмства адбылося на пачатку 1990-х гадоў у рэдакцыі раёнкі (тады яшчэ газета «Новы дзень» называлася «Камуніст»), дзе я на той час ужо працаваў. Аднойчы рэдактар Пётр Шутаў паклікаў мяне да сябе ў кабінет. Як аказалася, ён быў не адзін. За сталом сядзеў незнаёмы чалавек, які адразу ўзняўся, уважліва паглядзеў на мяне, усміхнуўся і паціснуў маю руку. Я ўжо здагадаўся, хто са мной так шчыра прывітаўся, і ад гэтага нават крыху разгубіўся. Але на дапамогу прыйшоў Пётр Філіпавіч. Ён адрэкамендаваў нас. А потым сказаў госцю:

— Мікола стане добрым памочнікам у вашых краязнаўчых справах.

Алена Войстрыкава

— Вельмі спадзяюся, што так і будзе, — прамовіў Аляксандр Пятровіч. — А працы ў нас шмат. 

Сёння ўжо і не згадаеш, колькі было ў мяне сустрэч з Аляксандрам Капусціным: у маім рабочым кабінеце, у раённай бібліятэцы імя Н. К. Крупскай, у гісторыка-краязнаўчым музеі, адным са стваральнікаў якога быў пісьменнік. Аляксандр Пятровіч шчыра перажываў за тое, каб маладое пакаленне жлабінчан ведала і ганарылася слаўнымі справамі сваіх дзядоў і бацькоў. Давялося мне разам з пісьменнікам паездзіць і па памятных мясцінах раёна, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Але пачну з сустрэч, якія абдыліся ў адзін з апошніх дзён верасня 1995 года. Тады ў Жлобін з Мінска, дзе ўжо доўгі час жыў, Аляксандр Капусцін прыехаў разам са сваімі сябрамі — пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім і слаўным баявым лётчыкам, удзельнікам баёў за Берлін Уладзімірам Чычовым, дарэчы, ураджэнцам Жлобіна. Суправаджаў гасцей не толькі я, але і старшыня тагачаснага Жлобінскага гарсавета дэпутатаў Віталь Байкачоў, таксама сябра Аляксандра Пятровіча. Мы пабывалі ў школе-інтэрнаце, а потым сустрэліся з дзецьмі-сіротамі, якія навучаліся ў прафтэхвучылішчы № 143 тэкстыльшчыкаў. 

Падпольшчык, партызан, франтавік — усё гэта пра Аляксандра Капусціна. Але пра асабісты баявы лёс пісьменнік не любіў расказваць. Ён казаў: «Для мяне галоўнае — занатаваць на старонках сваіх кніг мужнасць маіх землякоў і тых, хто змагаўся за свабоду Жлобіншчыны». І Аляксандр Пятровіч шмат зрабіў для гэтага, асабліва для ўшанавання подзвігу воінаў 63-га стралковага корпуса пад камандаваннем генерала Леаніда Пятроўскага, які знайшоў вечны спачын у брацкай магіле ў вёсцы Старая Рудня — на малой радзіме Аляксандра Капусціна. Нагадаем, што гэтае вайсковае злучэнне летам 1941-га здзейсніла ўдалы контрудар, у выніку якога на месяц ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў былі вызвалены Жлобін і Рагачоў.

Разам з Аляксандрам Пятровічам мы пабывалі на месцы баёў корпуса каля Пірэвічаў, Старой Рудні, Скепні і, канешне, там, дзе загінуў мужны генерал, каля вёскі Рудзенка. Тут у 1979 годзе быў усталяваны памятны знак, каля якога пісьменнік затрымаўся, моўчкі пастаяў, падумаў аб нечым, вядомым толькі яму аднаму. Разам з намі ў гэтых паездках звычайна бываў і жлобінскі краязнаўца, таксама ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, у мінулым — рэдактар раённай газеты Павел Кірычэнка (1927–2007). Абодва мы цярпліва чакалі, калі Аляксандр Пятровіч вызваліцца з палону сваіх думак. Як творчыя людзі добра разумелі, што сапраўдныя творы пішуцца не за сталом у кабінетах, а на месцах тых падзей, аб якіх потым пісьменнік расказвае ў сваіх кнігах. Так з’явіліся яго «Салёная раса», «Цвіў бэз, іграла скрыпка» і іншыя творы, у якіх распавядае аб мужнасці першых вызваліцеляў Жлобіншчыны, падпольшчыках.

Любімая кніга 

Аляксандр Капусцін з’яўляецца аўтарам каля 30 кніг (апошняя з іх, «Усяму беламу свету», выйшла з друку ў 1997 годзе, пасля смерці пісьменніка). Аднойчы Аляксандр Пятровіч сказаў мне:

— Запомні, Мікола, калі будзеш пісаць пра мяне, абавязкова згадай, што любімай з маіх кніг была аповесць пра юнага партызана Антона Губарава — «Хлапчук з Дняпроўскіх берагоў».

Падчас мерапрыемства

Я, канешне, запоўніў гэта. Але, мяркую, аўтар на той час проста ўсімі думкамі быў разам з героем сваёй новай кнігі, якая ўбачыла свет у 1992 г. І не памылюся, калі скажу, што ўсе кнігі, напісаныя Аляксандрам Пятровічам, былі для яго дарагімі, бо ў кожнай з іх засталася частка вялікай душы пісьменніка.

Мікалай ШУКАНАЎ, лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя А. Капусціна

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.