Вы тут

Разам з карэспандэнтам «Звязды» выправіліся на адзін з выбарчых участкаў


Сёння — другі дзень датэрміновага галасавання. На Віцебшчыне створаны 693 выбарчыя ўчасткі, 676 з якіх адкрылі дзверы 20 лютага. Астатнія — закрытыя: яны знаходзяцца ў санаторыях і бальніцах, адзін — на тэрыторыі воінскай часці. У перыяд датэрміновага галасавання ў паўночным рэгіёне задзейнічаныя 687 стацыянарных празрыстых і паўпразрыстых скрынь, а агульная колькасць бюлетэняў перавысіць 2,9 мільёна. Па выніках першага дня датэрміновага галасавання ў паўночным рэгіёне прагаласавалі 6,11 працэнта грамадзян ад агульнай колькасці ўключаных у спісы. Карэспандэнт «Звязды» выправілася на ўчастак для галасавання № 14 Чыгуначнага раёна горада Віцебска, каб прасачыць за ходам выбарчай кампаніі і аддаць свой голас.


Участак для галасавання № 14 размясціўся ў чацвёртай гімназіі па вуліцы Цітова. Ён з’яўляецца адным з самых вялікіх у горадзе на Дзвіне — больш чым з трыма тысячамі выбаршчыкаў. Экскурсію па ўчастку для мяне праводзіць старшыня камісіі Аляксандр Кушараў — чалавек з вопытам удзелу ў электаральных кампаніях: выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе і канстытуцыйнага рэферэндуму ў 2022-м. Як расказвае Аляксандр Васільевіч, пераважная колькасць членаў камісіі — таксама людзі з багатым стажам, таму сёлетняя выбарчая кампанія, як і мінулыя, праходзіць зладжана і без нараканняў.

З улікам таго што ўпершыню ў фармаце адзінага дня галасавання ў гэтым годзе мы выбіраем дэпутатаў усіх узроўняў адначасова, актыўнасць насельніцтва значна вырасла. Грамадзяне цікавяцца такім новым фарматам, спяшаючыся першымі выканаць свой абавязак. Значную ролю ў гэтым сыграла шырокае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі.

У горадзе на рукі выбаршчыкам выдаюць тры бюлетэні, каб прагаласаваць за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, абласнога і гарадскога Саветаў. Азнаёміцца з праграмамі кандыдатаў можна на інфармацыйным стэндзе, дзе таксама размешчаныя звесткі аб раскладзе работы камісіі, дакументах, якія можна прад’явіць для атрымання бюлетэня (у іх ліку нават вадзіцельскае пасведчанне), і забарона выносіць выданы бюлетэнь за межы памяшкання для галасавання, а таксама ажыццяўляць фота- і відэаздымку запоўненага дакумента. Дарэчы, у сувязі з апошнім кабінкі для галасавання цяпер не маюць занавесак. Але клапаціцца аб тым, што так парушаецца тайна, не трэба — калі ставіш «птушку» ў дакуменце, які зручна класці на стол, за спінай выбаршчыка нічога не бачна.

«У першы дзень датэрміновага галасавання на ўчастку „адзначыўся“ 131 чалавек. Непаразуменняў у запаўненні бюлетэня зафіксавана не было, аднак, калі чалавек зрабіў памылку, камісія выдасць новы бюлетэнь, але скарыстацца такой магчымасцю можна толькі адзін раз», — працягвае ўводзіць у курс справы старшыня камісіі.

У ліку асноўных пытанняў, з якімі звяртаюцца выбаршчыкі, — заяўкі на магчымасць прагаласаваць дома. У большасці сваёй з гэтай нагоды звяртаюцца людзі пажылога ўзросту або з асаблівасцямі здароўя. На ўчастку сфарміраваны тры брыгады, якія будуць аб’язджаць грамадзян, і падрыхтаваны маленькія урны. Актыўна цікавяцца віцябчане магчымасцю прагаласаваць па месцы жыхарства, а не рэгістрацыі. У такім выпадку трэба прадаставіць дагавор найму жылога памяшкання, дакумент аб набыцці нерухомасці, навучанні або працяглай камандзіроўцы. Заўвага: прыйсці на ўчастак з пацвярджэннем неабходна да шасці гадзін вечара 24 лютага, зрабіць гэтую працэдуру ў адзіны дзень галасавання не атрымаецца.

«Сёлета зменены расклад работы камісіі, з 20 па 24 лютага ўчастак працуе з дванаццаці да сямі вечара без абеду. Гэта зручна і нам, і выбаршчыкам: так, многія віцябчане карыстаюцца абедзенным перапынкам, каб аддаць свой голас, або завітваюць пасля працоўнага дня. На нашай моцнай камандзе, у якой 16 чалавек, адсутнасць абеду не адлюстроўваецца. Наладжана дзяжурства», — зазначае Аляксандр Кушараў.

На ўчастку паклапаціліся аб людзях з абмежаванымі магчымасцямі. Так, для грамадзян з парушэннямі зроку камісія выдае трафарэты, пры дапамозе якіх чалавек без складанасцяў можа знайсці неабходнае акенца для «птушкі». Для тых, хто слаба бачыць, прадугледжана лупа, а для людзей, якія вымушаны перамяшчацца ў інвалідным крэсле, зроблена спецыяльная нізкая кабінка.

Для паўналетніх грамадзян, у якіх сёлетняя выбарчая кампанія — першая ў жыцці, падрыхтаваны падарункі. Гэта кішэнны варыянт абноўленай Канстытуцыі. Дзясятак кніг ужо атрымалі выпускнікі гімназіі, якія аднымі з першых прыйшлі ў альма-матар, каб прагаласаваць. Для маленькіх дзяцей, якія разам з бацькамі прыходзяць на значнае для краіны мерапрыемства, гімназісты падрыхтавалі гліняныя каляровыя цацкі. Гэта адзін з кірункаў дзейнасці ўстановы адукацыі, якая гістарычна атрымала статус мастацкай. Значную работу да электаральнай кампаніі правяло кіраўніцтва гімназіі: у фае размясцілася фотавыстаўка, на якой навучэнцы і педагогі расказваюць пра сваіх гераічных продкаў, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. 25 лютага ў фае адбудзецца святочны канцэрт, які рыхтуюць гімназісты, а яшчэ разгарнецца выязны гандаль.

Пасля экскурсіі па ўчастку № 14 упершыню ў горадзе галасую і я. Працэдура стандартная: паказваю пашпарт, адзначаю сваю прысутнасць у спісе. Тры запоўненыя бюлетэні з пачуццём выканага грамадзянскага абавязку апускаю ў цэнтральную празрыстую скрыню. А за мной на ўчастак няспынна ідуць людзі, і настрой пануе святочны.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: З пачуццём выкананага абавязку...і цацкай у падарунак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.