Вы тут

Да стаматолага — без праблем. Росту цэн у дзяржаўным сектары няма, у прыватным яны часткова знізіліся


Летась беларусы каля 14 мільёнаў разоў наведвалі дзяржаўных і прыватных стаматолагаў. Устаноўлена каля сямі мільёнаў пломбаў, больш чым 200 тысячам пацыентаў праведзена пратэзаванне, стаматалагічная дапамога аказана больш як 60 тысячам чалавек з артадантычнымі праблемамі і больш чым мільёну пацыентаў з хваробамі перыядонту. Як адбіліся на кашальках беларусаў адрэгуляваныя цэны на стаматалогію? Як будзе працаваць беларуская вакцына супраць карыесу зубоў? І як вырас попыт на самы надзейны і танны спосаб стаматалагічнай дапамогі — прафілактыку? Пра гэта расказалі спецыялісты.


Пяць спецыялістаў на 10 тысяч насельніцтва

 

Фота: pexels.com

Як паведаміў рэктар Беларускага дзяржаўнага стаматалагічнага ўніверсітэта галоўны пазаштатны стаматолаг Міністэрства аховы здароўя Сяргей Рубніковіч, стаматалагічная дапамога беларусам аказваецца ў 288 дзяржаўных паліклініках і 739 прыватных кабінетах і клініках. У Беларусі працуе 13 тысяч спецыялістаў у галіне стаматалогіі, з іх 5300 урачоў-стаматолагаў і больш за 7,5 тысячы сярэдняга медперсаналу. 2/3 урачоў-спецыялістаў, а гэта 3600 стаматолагаў, працуе ў дзяржаўным сектары, каля 30% урачоў сумяшчаюць практыку ў дзяржаўных і прыватных кабінетах.

Айчынная стаматалагічная служба ў лідарах па забяспечанасці медперсаналам — пяць урачоў на 10 тысяч насельніцтва. Гэта параўнальна з паказчыкамі такіх краін, як Вялікабрытанія і Аўстрыя, а ў Расіі, напрыклад, гэта лічба складае тры ўрачы на 10 тысяч насельніцтва.

— Стаматалагічная служба накіравана на падтрыманне мінімальных сацыяльных стандартаў. На бюджэтную форму стаматалагічнай дапамогі дзяржавай выдаткоўваецца больш чым 500 мільёнаў беларускіх рублёў, прычым толькі на стаматалагічныя паліклінікі без уліку аддзяленняў і кабінетаў пры амбулаторных агульных паліклініках, — адзначыў Сяргей Рубніковіч.

Акрамя таго, дзяржава падтрымлівае льготную катэгорыю пацыентаў. З яе ліку зубныя пратэзы атрымалі больш за 20 тысяч пацыентаў. На гэтыя мэты выдаткавана дзяржавай больш за 10 мільёнаў рублёў. Па сродках сямейнага капіталу праведзена зубапратэзаванне, артадантычнае лячэнне, устаноўка дэнтальных імплантатаў больш як 2,5 тысячы пацыентаў, на што затрачана звыш 15 мільёнаў рублёў.

Платных паслуг у Беларусі летась аказана на суму 200 мільёнаў рублёў. Больш чым у два разы вырас экспарт стаматалагічных паслуг: калі ў 2022-м ён складаў 2,4 мільёна долараў, то летась — 5,6 мільёна. Па лячэнне, пратэзаванне, дэнтальную імплантацыю ў асноўным звяртаюцца грамадзяне Расіі, а таксама Латвіі і Літвы, іншых краін.

Прэйскуранты адрэгулявалі

Сяргей Рубніковіч адзначыў, што летась былі створаны новыя нарматыўныя дакументы, якія датычацца цэнаўтварэння ў стаматалогіі. Яны рэгламентуюць новы парадак расходаў матэрыялаў для работы стаматалагічнай службы. У канцы мінулага года з’явілася пастанова, якая рэгламентуе работу па гранічных тарыфах. Цяпер гэтыя дакументы праходзяць апрабацыю ў стаматалагічных клініках.

Такім чынам, згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 13 лістапада 2023 года, устаноўлены гранічныя максімальныя тарыфы на стаматалагічныя паслугі. Галоўны ўрач Універсітэцкай стаматалагічнай клінікі Аксана Корзун адзначыла, што тарыфы ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя завышаны не былі, адпаведна, рэзкага зніжэння не адбылося.

Пры гэтым яна заўважыла: у дадзеным выпадку размова ідзе менавіта аб тарыфах, а не выніковым чэку для пацыента:

— У мяне склалася ўражанне, што многія чакалі: калі ўся паслуга каштавала 100 рублёў, то пры мінус 40% яна стане каштаваць 60 рублёў. Але не пра гэта ішла размова, а пра тое, што знізіцца тарыф за нашу работу. Нават калі ён быў 5 ці 15 рублёў і калі гэта мінус 40%, то гэта не 100 мінус 40 у агульным чэку.

Гаворачы аб сітуацыі ў сваёй установе, яна адзначыла, што прэйскуранты прыведзены ў адпаведнасць.

— Натуральна, не ўзнялі іх да максімальных тарыфаў. У нас ідуць разлікі эканамічныя: узняты тыя тарыфы, якія патрэбна было павысіць, а якія не трэба было падняць, зразумела, не ўзнімаліся. Усё абсалютна лагічна. Кошты на матэрыялы засталіся такія ж, як у снежні мінулага года, — сказала Аксана Корзун.

Яна нагадала, што ў 2021–2022 гадах назіралася павышэнне заработнай платы медыцынскіх работнікаў, і гэта ўлічвалася пры пераглядзе тарыфаў.

— Мы імкнуліся закласці ў тарыф хоць бы тую заработную плату, каб нам не выходзіць у страты. Таму ёсць нейкае ваганне тарыфу — не больш, — адзначыла яна.

Як жа новая сістэма цэнаўтварэння паўплывала на выніковы чэк для пацыента, расказаў Сяргей Рубніковіч. Ён заўважыў, што росту ў дзяржаўным сектары не назірае. У прыватным сектары па некаторых пазіцыях, у прыватнасці па выдаленні зуба, дэнтальнай імплантацыі, цэны знізіліся.

Міністэрствам аховы здароўя створана камісія па выпрацоўцы падыходаў да цэнаўтварэння, адзначыла Аксана Корзун і дадала, што гэта дасць магчымасць выпрацаваць канчатковыя падыходы.

У цэлым датычна цэнавага рэгулявання стаматалагічных паслуг Сяргей Рубніковіч звярнуў увагу, што ў Беларусі ідуць дастаткова плаўна і намацваюць «тую аптымальную грань, якая дазволіла б дастаткова эфектыўна працаваць у плане цэнаўтварэння».

Ён выказаў меркаванне, што, магчыма, на шэраг паслуг у галіне тэрапеўтычнай, прафілактычнай, артапедычнай стаматалогіі трэба ўстанавіць мінімальныя сацыяльныя стандарты, «якія былі б мінімальна рэнтабельныя». У якасці прыкладу ён прывёў дзейнае сёння льготнае пратэзаванне.

Аксана Корзун таксама заўважыла, што дзяржаўная стаматалогія дазваляе выканаць усе віды амбулаторных аперацый на бюджэтнай аснове.

— У кожнай паліклініцы горада Мінска і краіны ёсць такія паслугі. Так, трэба пачакаць, запісацца ў залежнасці ад загружанасці, наяўнасці спецыялістаў. Але ўсе віды амбулаторных аперацый робяцца і на бюджэтнай аснове, — сказала яна.

Сяргей Рубніковіч дадаў, што ў дзяржаўных паліклініках можна прайсці і прафілактычныя працэдуры. Экстранная дапамога аказваецца ў дзень звароту і нават у начны час.

Распрацоўваецца вакцына ад карыесу

Беларускія стаматолагі сумесна з навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук вядуць шэраг распрацовак, у прыватнасці тэст-сістэм для дыягностыкі хвароб перыядонту. Яны ўжо ўкаранёны ў клініках Мінска і абласных паліклініках. Далейшае развіццё атрымаў праект па выкарыстанні клетачных тэхналогій для лячэння пацыентаў з хваробамі пульпы і перыядонту. Распрацоўваюцца новыя падыходы ў лячэнні пацыентаў з захворваннямі скронева-ніжнесківічнага сустава. Гаворка ідзе пра досыць сур’ёзную паталогію, якая спалучаецца з рознымі стаматалагічнымі і нестаматалагічнымі захворваннямі.

Новы праект, які запусцілі ў пачатку гэтага года, — распрацоўка прэпаратаў ці вакцыны ад карыесу зубоў.

— З нашымі хімікамі, а таксама Нацыянальнай акадэміяй навук мы спрабуем стварыць прэпарат, вакцыну, якая б перашкаджала размнажэнню стрэптакоку Streptococcus mutans, — сказаў Сяргей Рубніковіч.

Паводле яго слоў, вакцына будзе перашкаджаць прымацаванню гэтых мікраарганізмаў да цвёрдых тканак зуба.

Сяргей Рубніковіч нагадаў, што самае галоўнае — прафілактыка стаматалагічных хвароб. Чым часцей беларусы будуць звяртацца да ўрача з прафілактычнымі мэтамі, тым здаравейшай будзе поласць рота. Дарэчы, штогод звароты па прафілактычную стаматалагічную дапамогу растуць. Калі раней было каля 20–30% такіх пацыентаў ад тых, хто раней звяртаўся, то за мінулы год каля 50% пралечаных ці саніраваных раней прыйшлі на прафілактычныя агляды да стаматолагаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.