Вы тут

Як падрыхтавацца да паводкі?


Вясна яшчэ не пачалася, а на прыватных падворках некаторых рэгіёнаў краіны ўжо цурчаць ручаі. А дзесьці ўтварыліся нават цэлыя вадаёмы. Надвор’е, як часта бывае, паказвае характар. І гэтаму ёсць прычыны: імклівае таянне снегу, а таксама частыя дажджы прывялі да падняцця грунтавых вод. Клопату ў гэты перыяд дадаецца жыхарам нізіннай мясцовасці, а таксама тым, хто жыве па суседстве з вадаёмамі.


Гідралагічная абстаноўка — на кантролі

Як паведамляе афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі, па аператыўных звестках, падтапленні паводкавымі водамі назіраюцца на тэрыторыі пяці абласцей краіны: Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай. Традыцыйна ад разводдзя больш за ўсіх церпяць жыхары Брэстчыны і Гомельшчыны.

На бягучы момант з 18 снежня 2023 года, калі пачаўся перыяд падтапленняў, застаюцца падтопленымі 105 прыватных жылых дамоў, 21 падвал, 592 прыватныя падворкі, 139 гаспадарчых пабудоў, 35 участкаў аўтамабільных дарог, 98 іншых будынкаў (дачныя і нежылыя дамы). З іх паводкавымі водамі — два прыватныя жылыя дамы, 335 прыватных падворкаў, 26 гаспадарчых пабудоў, мост, 28 участкаў аўтамабільных дарог і 29 іншых будынкаў (дачныя і нежылыя дамы).

«Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях арганізаваны пастаянны маніторынг гідралагічнай абстаноўкі і абстаноўкі з затапленнямі для ацэнкі бягучай сітуацыі і выяўлення новых пагроз, — звяртае ўвагу Яўген Бараноўскі. — У кожным раёне краіны ёсць уся неабходная тэхніка, абсталяванне і спецыялісты для аказання неабходнай дапамогі. Наладжана шчыльнае ўзаемадзеянне з іншымі ведамствамі».

Адна вёска — 12 падтапленняў

Лідарам па колькасці фактаў падтапленняў з’яўляецца Гомельшчына. На бягучы момант у рэгіёне падтоплена 105 прыватных жылых дамоў, 21 падвал, 313 прыватных падворкаў, 139 гаспадарчых пабудоў, 25 участкаў аўтамабільных дарог і 95 іншых будынкаў (дачныя і нежылыя дамы).
Сітуацыя пакуль некрытычная. Аднак людзей у бядзе не пакідаюць. Ратавальнікі пры ўзаемадзеянні са спецыялістамі іншых службаў аператыўна рэагуюць на паводкавую абстаноўку. Для насельніцтва, якое патрабуе адсялення, у вобласці створаны 192 пункты часовага размяшчэння агульнай умяшчальнасцю больш як 100 тысяч чалавек. Акрамя таго, для размяшчэння людзей у перыяд паводкі вызвалены месцы ў інтэрнатах, гасцініцах, іншых установах.

«Пакуль у Гомельскай вобласці выпадкаў адсялення не зарэгістравана, — паведамляе афіцыйны прадстаўнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Ягор Пасканный. — Супрацоўнікі МНС штодзень ажыццяўляюць маніторынг па змяненні паводкавага становішча, абследуюць дамы ў зонах падтапленняў, таксама вызначаюць прычыны з’яўлення вады, дзе пражываюць людзі. У выпадках выяўлення парушэння бяспекі жыццядзейнасці грамадзянам прапануецца часовае адсяленне».

Церпіць ад наступстваў надвор’я і цэнтральны рэгіён. У Мінскай вобласці на цяперашні час падтоплена 12 прыватных падворкаў. Усе з іх — на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна, у вёсцы Новы Свержань. Прычынай надзвычайнага здарэння стала павышэнне ўзроўню вады ў рацэ Нёман. Сітуацыя — на асаблівым кантролі мясцовых органаў улады і аварыйна-ратавальных службаў.

Парады на экстранны выпадак

«У выпадку з’яўлення «вялікай вады» жыхарам прыватных жылых дамоў неабходна ачысціць дрэнажныя і сцёкавыя канаўкі ад назапашанага смецця, галінак, лёду, — рэкамендуе афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Вызваліце скляпы ад прадуктаў харчавання і іншых каштоўнасцяў, якія могуць пацярпець у выпадку падтаплення. У падтопленых памяшканнях не карыстайцеся электрапрыборамі, не ўключайце асвятленне».

Калі хата трапляе ў зону падтаплення, варта перанесці каштоўныя і патрэбныя рэчы на гарышча ці верхнія паверхі. Падрыхтуйцеся да эвакуацыі: вазьміце з сабой грошы, дакументы, сабярыце неабходнае адзенне, прадукты харчавання, лекі. Прадугледзьце вываз хатніх жывёл з зоны затаплення. Пры магчымасці акажыце дапамогу састарэлым, суседзям. Адключыце газ і электрычнасць, калі пакідаеце хату.

Калі вы не можаце пакінуць зону падтаплення, да прыбыцця дапамогі варта застацца на верхніх паверхах, гарышчах, узвышшах і арганізаваць падачу сігналаў ратавальнікам з дапамогай сцягаў, паходняў, святла ліхтара. Калі мясцовасць знаёмая і глыбіня вады невялікая, то можна ўпэўнена дайсці да будынка, збудавання, якія ўзвышаюцца над вадой незатопленых участкаў сушы.

Пасля таго як сышла вада, вярнуўшыся дадому, трэба прыступіць да аднаўленчых прац. Пры гэтым трэба выконваць патрабаванні тэхнікі бяспекі. Уваходзіць у будынак неабходна асцярожна. Пераканайцеся, што ён не пацярпеў і няма рызыкі абвальвання сцен ці столі, абвалаў, правалаў. Ні ў якім разе нельга ўключаць электрычнасць і запальваць агонь, бо магчымы выбух з-за ўцечкі газу. Неабходна забяспечыць прасушку ўнутраных памяшканняў, рэчаў, прыбраць смецце. Прывесці тэрыторыі і жыллё ў прыдатнае для пражывання стан.

Выконвайце гэтыя простыя парады, і тады «вялікая вада» не стане для вас «вялікай бядой». За актуальнай інфармацыяй аб падтапленнях вы можаце сачыць на інтэрактыўнай карце мабільнага дадатку МНС «Дапамога побач».

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС


Што рабіць:

— паглядзіце і вызначыце, дзе можа з’явіцца вада і па якім напрамку яна можа пайсці;

— тэрыторыю дома ачысціце ад снегу і лёду. Лёд, які перашкаджае праходзіць вадзе, разбіце;

— ачысціце дрэнажныя і сцёкавыя канаўкі ад смецця, галінак, лёду, якія назапасіліся за зіму;

— пры неабходнасці збудуйце з падручных матэрыялаў простыя перашкоды для вады;

— прыбярыце з падворка рэчы, якія могуць пацярпець ад вады;

— у падтопленым памяшканні не карыстайцеся электрапрыборамі, не ўключайце асвятленне.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.