Вы тут

Замежныя паслы прадэкламавалі вершы вядомых паэтаў Беларусі


У прыгожай і ўрачыстай абстаноўцы ў Мінскай гарадской ратушы 16 лютага прайшло мерапрыемства напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы. У гэтай незвычайнай міжнароднай літаратурнай сустрэчы прынялі ўдзел міністр замежных спраў Сяргей Алейнік, паслы і дыпламаты замежных дзяржаў. Госці пазнаёміліся з прэзентацыяй беларускіх дызайнераў, выступленнем зорак беларускай эстрады і самі прадэкламавалі вершы паэтаў на новай для іх беларускай мове. Гэта было прыгожа і кранальна, бо шмат для каго з іх гэта першая гутарковая практыка на нашай роднай мове, паведамляе БелТА.


Сяргей Алейнік, які з’яўляецца таксама старшынёй Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, адкрыў літаратурную сустрэчу, не толькі надаўшы нотку афіцыёзу культурнай праграме, але і адначасова настроіўшы на лірычны лад.

Размова міністра была напоўнена прыгожымі выказваннямі і цытатамі. «Як няма ракі без вады, так няма і нацыі без мовы, — сказаў ён. — Упэўнены, што кожны з прысутных ставіцца да сваёй роднай мовы з вялікай любоўю і павагай, бо ў ёй увасоблена гісторыя народа, яго культурная і духоўная спадчына, звычаі і традыцыі. Але мова — гэта яшчэ і крыніца развіцця, якая валодае магутным аб’яднальным патэнцыялам і сілай».

Сяргей Алейнік працытаваў паўднёваафрыканскага гістарычнага лідэра Нэльсана Мандэлу: «Размаўляць з чалавекам на мове, якую ён разумее, значыць звяртацца да яго розуму, але размаўляць з ім на яго роднай мове — значыць дакрануцца да яго сэрца».

Дарэчы, сумеснае правядзенне літаратурных вечарын стала ўжо добрай традыцыяй для беларускага знешнепалітычнага ведамства і замежнага дыпламатычнага корпуса. І гэта пацвярджае агульную прыхільнасць да значнасці моўнай і культурнай разнастайнасці.

Кіраўнік Міністэрства замежных спраў лічыць: «У разнастайнасці моў і ёсць наша адзінства. Яно ўвасабляе культурную разнастайнасць, заахвочвае абмен думкамі, стварае аснову для ўзаемапаважлівага дыялога — асноўнага інструмента нашай дыпламатычнай работы, аснову для ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва паміж краінамі і народамі. У Беларусі ўжо даўно зразумелі гэтую простую ісціну. Мы ніколі не дзялілі сваіх людзей ні па моўным, ні па этнічным прынцыпе».

Важныя словы міністра аб тым, што ў Беларусі асаблівае месца заўсёды займаў і будзе займаць родная беларуская мова. Яна дае нам сілу і стойкасць, у яе меладычнасці — нязломная воля беларусаў, самабытнасць і каларыт нашай найбагатай культуры. Беларуская мова гучыць у песнях, поўных чароўнай прыгажосці, легендах, паданнях, дасціпных і мудрых прыказках, трапных прымаўках і казках, творах мастацкай і навуковай літаратуры.

Калі на сцэну сталі выходзіць паслы замежных дзяржаў і чытаць беларускія паэтычныя радкі, гэта вельмі цёпла было сустрэта прысутнымі. Вядучы мерапрыемствы беларускі тэлежурналіст Павел Лазавік спачатку коратка знаёміў з творчасцю беларускіх паэтаў, вершы якіх гучалі потым у выкананні замежных дыпламатаў.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяоюн прачытаў урывак з верша Уладзіміра Мазго «Сакавiны». Затым у размове з журналістамі ён растлумачыў, што за больш чым тры гады працы ў Беларусі прывык да гучання беларускай мовы, даволі часта яе чуе, але разумее далёка не ўсё са сказанага. «У маім разуменні беларуская мова сапраўды вельмі прыгожая па гучанні і цікавая па сваёй лінгвістычнай гісторыі», — сказаў пасол.

Паводле яго слоў, ён з вялікім задавальненнем дэкламаваў на беларускай мове ўрывак з верша. «Гэта для мяне першая спроба. Але гэта было і вялікае задавальненне. Не ведаю, ці правільна я ўсё вымавіў, але мне спадабалася, — падзяліўся ўражаннямі Се Сяоюн. — Родная мова для любой краіны мае вельмі вялікае значэнне. Кожны чалавек, безумоўна, любіць яе, нягледзячы на мноства іншых існуючых у свеце замежных моў».

Юбілею вядомага беларускага паэта Аркадзя Куляшова было прысвечана выступленне кіраўніка мангольскай дыпламатычнай місіі ў Беларусі Батсуха Баярсайхана, які прачытаў верш «Бывай» і пажадаў беларускаму народу вялікіх поспехаў у развіцці, у тым ліку ў галіне культуры і літаратуры.
Тая ўвага, з якой слухалі беларускія паэтычныя радкі паслы, гаворыць пра цікавасць да мовы краіны, у якой яны выконваюць сваю дыпламатычную місію.

Прыгожа і натхнёна гучалі беларускія радкі з вуснаў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Пакістана ў Беларусі Саджада Хайдэра Хана — верш пра зіму Паўлюка Труса. Дыпламат прызнаўся, што яму прыемна было чытаць пра зіму, бо ён сам нарадзіўся на поўначы Пакістана і любіць гэтую пару года. Пасол таксама расказаў, што на яго Радзіме вельмі любяць нацыянальнага паэта Фаіза, творчасць якога вядома ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі. А пісаў паэт на роднай мове урду.

На літаратурнай сустрэчы была адзначана і творчасць Васіля Быкава — яго вершы гучалі ў выкананні часовага паверанага ў справах Ізраіля Цві Міркіна.

Пра значэнне роднай мовы, якая з’яўляецца асновай любой нацыі, сказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Арменіі Размік Хумаран, які зачытаў урывак з верша Алеся Ставера «Жураўлі на Палессе ляцяць». «Беларуская мова важная для маёй сям’і, паколькі мае дзеці вучыліся тут у школе раней, калі я працаваў саветнікам у пасольстве Арменіі ў Мінску», — прызнаўся дыпламат.

Ён вельмі пранікнёна прачытаў радкі: «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць. Разумею цяпер, чаму з выраю жураўлі на Палессе ляцяць».

У паэтычным падарожжы па Беларусі прыняў удзел і кіраўнік палестынскай дыпламатычнай місіі Ахмед Махамед Алмадбух, які прачытаў верш «Васількі» Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага).

На сцэне была і юная прадстаўніца ад Дзіцячага Фонду ААН, якая таксама зачытала ўрывак з беларускага твора.

Удзельнікі мерапрыемства змаглі пачуць запісы галасоў саміх аўтараў і арыгінальнае выкананне музычных твораў, напісаных на словы іх вершаў.

Літаратурная сустрэча — вынік сумесных намаганняў Міністэрства замежных спраў, міжнароднага тэлеканала «Беларусь 24», радыё «Культура», Музея гісторыі горада Мінска, творчага праекта «Роднае-моднае». Усяго ў літаратурным свяце прынялі ўдзел больш за 30 кіраўнікоў замежных дыпмісій, консульскіх устаноў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у нашай краіне, члены Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, прадстаўнікі культурнай грамадскасці, акадэмічнай супольнасці.

Увазе ўдзельнікаў былі прадстаўлены нацыянальныя і гістарычныя касцюмы з калекцыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. М. Танка, дэфіле моднай калекцыі праекта «Роднае-моднае», нацыянальныя стравы беларускай кухні.

Літаратурны вечар прайшоў у музычным суправаджэнні музыкантаў аркестра Белтэлерадыёкампаніі і артыстаў ансамбля народнай музыкі «Бяседа». Усім удзельнікам мерапрыемства былі ўручаны сувеніры, падрыхтаваныя стваральнікамі і дызайнерамі праекта «Роднае-моднае» і Мінскім дзяржаўным каледжам імя Глебава.

Як прызналіся замежныя госці, ім спадабалася беларуская атмасфера свята, якое прайшло ў вельмі цёплай і дружалюбнай атмасферы.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.