Вы тут

Натхніцца асобай і космасам


У сучасным свеце культура і мастацтва павінны быць асновай міру і супрацоўніцтва паміж народамі. У гэтым перакананы стваральнікі міжнароднага выставачнага праекта «Сто ўсмешак Гагарына: усмешка для Міру». Ён нацэлены дапамагчы шырокай аўдыторыі зразумець, ці магчыма «заслужыць права на подзвіг» і абудзіць у людзях «талент дабрыні». Напярэдадні старту экспазіцыі арганізатары распавялі, што чакае наведвальнікаў і якімі ідэямі прырастае творчая ініцыятыва ў працэсе падрыхтоўкі.


Фота pixabay.com

Выстаўка — вынік супрацоўніцтва Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь і ФДБУК «Аб’яднаны музей-запаведнік Ю. А. Гагарына» (Расія). Яна прымеркавана да 90-годдзя Юрыя Гагарына, запланаванага палёту ў космас першай беларускі Марыны Васілеўскай, а таксама да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі і Дня касманаўтыкі.

— Адкрываем выстаўку «Сто ўсмешак Гагарына: усмешка для Міру» мы 29 лютага. Гэта ўжо трэці наш сумесны праект, створаны разам з мемарыяльным музеем Юрыя Гагарына. І магу сказаць, што супрацоўніцтва, распачатае некалькі гадоў таму, дасць вялікі вынік, таму што ў гэтым праекце нам хочацца не проста паказаць экспанаты, не проста прадставіць новыя творы мастацтва, а стварыць прастору для міратворчага праекта з удзелам Беларусі і Расіі, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргей Крыштаповіч. — Мінск ужо шмат гадоў з’яўляецца пляцоўкай для ўрэгулявання палітычных канфліктаў. А мы прыйшлі да меркавання, што варта падключыць да такіх працэсаў культуру, якая з’яўляецца самым магутным фактарам уплыву на свядомасць чалавека, на яго настрой і погляды... Сёння свет рухаецца, на вялікі жаль, не ў тым напрамку, у якім павінен рухацца. Бо чалавецтва з’явілася для таго, каб ствараць, паляпшаць жыццё на планеце. І сваім праектам мы, як некалі зрабіў тое сваёй місіяй Юрый Гагарын, таксама хочам агульнымі намаганнямі даць імпульс міру, надзеі і перамозе над неканструктыўнымі палітычнымі працэсамі.

Выстаўка «Сто ўсмешак Гагарына: усмешка для Міру» аб’яднае ў сабе як экспанаты з музея-запаведніка Юрыя Аляксеевіча Гагарына, так і творчы ўклад у праект міжнароднай супольнасці. Справа ў тым, што ў працэсе работы над будучай экспазіцыяй творчыя ідэі стваральнікаў выстаўкі падтрымала Міністэрства замежных спраў нашай краіны, і ў выніку да яе далучыліся 36 краін, прадстаўнікі якіх скарысталіся магчымасцю творчага самавыяўлення, даслаўшы фотаздымкі і малюнкі па прапанаванай тэме. Адкрыецца выстаўка сінхронна ў Мінску і ў родным горадзе першага касманаўта — Гагарыне. Там з нагоды шэрагу святочных дат запланаваны цікавыя мерапрыемствы.

— Сёлета мы адзначаем 90-годдзе Юрыя Аляксеевіча Гагарына. І ў яго дзень нараджэння 9 сакавіка ў нашым музеі традыцыйна пройдуць 51-я грамадска-навуковыя чытанні, прысвечаныя памяці першага касманаўта. У рабоце самых розных секцый прымаюць удзел і моладзь, і вучоныя, і канструктары, і касманаўты. Сёлета мы чакаем зноў прыезд вялікай дэлегацыі з Беларусі. Маладыя людзі са Слуцка, Чэрвеня, Смалявіч выступаюць у нас у секцыі «Касманаўтыка і моладзь», — распавядае куратар міжнародных выставачных праектаў ФДБУК «Аб’яднаны мемарыяльны музей-запаведнік Ю. А. Гагарына» Наталля Гагарына. — Што датычыцца сумеснага праекта «Сто ўсмешак Гагарына...», то ў нашым музеі на пастаяннай аснове дзейнічае аднайменная фотаэкспазіцыя. І менавіта лічбавыя яе копіі мы перадалі Цэнтру сучасных мастацтваў, дапоўніўшы гэта некаторымі прадметамі з нашых фондаў, рэчамі з сямейнага архіва Юрыя Аляксеевіча. Са стартам у Мінску выставачнага праекта «Сто ўсмешак Гагарына: усмешка для Міру» ў нас адкрыюцца выстаўкі «Гагарын — першы назаўсёды» і «Якая прыгожая наша планета» з такой жа тэматыкай. Але хачу сказаць, што асобу Юрыя Гагарына нельга асацыіраваць толькі з яго ўсмешкай. Ён — той чалавек, які ў ходзе доўгага адбору атрымаў права на подзвіг, прычым даводзіў гэта на працягу ўсяго свайго жыцця... Мабыць, у яго быў талент аб’ядноўваць людзей розных краін, розных кантынентаў і нацыянальнасцяў.

Аб ролі міжнароднай супольнасці ў выставачным праекце распавёў намеснік начальніка галоўнага інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення — начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі, прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Анатоль Глаз:

— Для Міністэрства замежных спраў і нашых калег за мяжой, бо асноўная праца легла на іх плечы, вялікі гонар далучыцца да гэтага праекта. Мы абсалютна падзяляем думку, што культура — фактар уплыву. І перакананы, што ўплыў гэты павінен быць пазітыўны. Культура павінна выхоўваць і вучыць дабру, бо дрэннаму ў наш час лёгка навучыцца. Праект «Сто ўсмешак Гагарына: усмешка для Міру» вельмі правільны ў дадзеным кантэксце. Таму што міралюбнасць — у генетыцы беларусаў і людзей постсавецкай прасторы. І яна чырвонай ніткай праходзіць у дзейнасці нашага міністэрства, што не толькі сёння, але і раней скептычна ўспрымалася некаторымі нашымі партнёрамі. Яны спрабавалі наша міралюбства тлумачыць як слабасць. Аднак мы заўсёды будзем прытрымлівацца мірнай, міратворчай палітыкі, бо гэта адпавядае нашаму бачанню свету.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.