Вы тут

Лізавета Грахоўская: «Хакей кардынальна змяніў маё жыццё»


Беларускія дзяўчыны здольныя на ўсё. І з кожным днём удасканальваюць свае здольнасці і робяць тое, што раней лічылася зусім не жаночай справай. Вельмі яркі прыклад — жаночы хакей. Развагі аб тым, што ў хакей гуляюць выключна сапраўдныя мужчыны, сыходзяць у мінулае. Сёння гэта гульня пакараецца маладым, прыгожым, кволым дзяўчатам. 


Жаночы хакей — трэнд сусветнага спорту, ігнараваць які немагчыма. У кастрычніку 2021 года Федэрацыя хакея Беларусі прыняла канцэпцыю развіцця жаночага хакея ў нашай краіне. Канцэпцыя дзейнічае да 2028 года. І рэалізоўваецца яна сямімільнымі крокамі. Таму сёння аматары айчыннага хакея могуць назіраць сапраўды гістарычны перыяд у жыцці любімай гульні і захапляцца першым пакаленнем беларускіх хакеістак. Выдатная падстава для гэтага — традыцыйны Сусветны жаночы матч, які ў гэту суботу прымае Гродна. Гэты матч, які праводзіцца ў рамках праекта Міжнароднай федэрацыі хакея Global Gіrls’ Game 2024, дае магчымасць хакеісткам паказаць сябе ва ўсёй прыгажосці і адкрывае аматарам жаночы хакей. Менавіта з Сусветнага жаночага хакейнага матча пачалася прафесійная кар’ера Лізаветы Грахоўскай, што прадвызначыла яе лёс.

«Я доўгі час займалася мастацкай гімнастыкай. У адзін цудоўны дзень прыйшла падтрымаць сябра, які выступаў у аматарскай хакейнай камандзе. Мабыць, я так заўзята падтрымлівала каманду, што мяне заўважыў іх менеджар і запрасіў на трэніроўку — вучыцца гуляць. Пасля дзвюх трэніровак мне выдалі форму, і я стала гуляць у аматарскай камандзе. Каманда выключна мужчынская, я была адзінай дзяўчынкай, — успамінае Лізавета. — Спачатку было складана стаяць на каньках. Але самым складаным стала паказаць і даказаць мужчынам, што дзяўчынкі таксама могуць гуляць у хакей. Яны спачатку не вельмі сур’ёзна да мяне ставіліся. Але, тым не менш, паколькі я была адна дзяўчына, клапаціліся пра мяне». Таксама, па словах Лізаветы, спачатку было цяжка прывыкнуць да рытму гульні, бо хакей — гульня дынамічная і падзеі на лёдзе разгортваюцца вельмі хутка. Але гэта аказалася справай часу і трэніровак, ну, ці надта моцным аказалася захапленне хакеем.

Спартсменка ўспамінае, што сябры па камандзе адмовіліся ад свайго скепсісу ў адносінах да жаночага хакея, калі Лізавета выступіла на першым у Беларусі Сусветным жаночым матчы, які прайшоў у 2022 годзе. Яны ўбачылі, што дзяўчаты могуць выдатна гуляць у хакей, паказваць прыгожыя матчы. «Першы сусветны жаночы матч для мяне быў хутчэй азнаямляльны. Гэта, па сутнасці, першыя важныя спаборніцтвы ў маім жыцці. А на другім матчы было відаць, як вырас узровень хакеістак, гуляць стала цікавей. Прыехалі хакеісткі з Жаночай хакейнай лігі. На другім матчы адчувалася больш адказнасці. Але нязменнай засталася атмасфера свята і шоу. Выхад каманды на лёд вельмі феерычны, усюды камеры, шмат балельшчыкаў — адчуваеш сябе сапраўднай зоркай. Мяне такая атмасфера зараджае і падбадзёрвае. Гэта сапраўды незабыўна», — дзеліцца Лізавета.

Хочацца, каб жаночы хакей развіваўся і квітнеў

Хакейная кар’ера Лізаветы Грахоўскай пачалася на Сусветным жаночым матчы, а на прафесійныя рэйкі ўстала, калі дзяўчыну ўключылі ў жаночую зборную, якая выступае ў юнацкай лізе. Сёння Лізавета Грахоўская ў складзе каманды «Бярэзіна» выступае ў жаночым чэмпіянаце па хакеі. І гэту гісторыю яна называе сваёй вялікай любоўю: «Мы выступаем на суперкамфортнай «Алімпік-Арэне». У чэмпіянаце ўдзельнічае тры каманды. Калі ўлічваць, што яшчэ некалькі гадоў таму не было ні адной — гэта шчасце. У нашай камандзе сапраўды сямейная сяброўская атмасфера. Ды і з дзяўчатамі з іншых каманд мы сябруем. Што яшчэ для шчасця трэба?». Праўда, нават такія шчаслівыя моманты могуць азмрочыць траўмы. На адным з матчаў шайба прыляцела Лізавеце ў твар. На шчасце, хакеісткі гуляюць у спецыяльнай масцы, якая і прыняла ўвесь удар на сябе. Але Лізавета да такіх момантаў ставіцца па-філасофску — у спорце такое здараецца. І, па яе словах, трэба быць гатовай да ўсяго: «Я не хачу спыняцца толькі на тым, што я гулец. Не дай бог, нешта здарыцца і я не змагу гуляць, я ўсё роўна хачу заставацца ў хакеі. Таму мне цікавыя розныя бакі гэтай гульні». І гэтыя бакі Лізавета актыўна вывучае. Дзяўчына працуе суддзёй-статыстам, нават абслугоўвае матчы вышэйшай лігі. Яе задачы — зафіксаваць усе галы, кідкі, укідванні. Для гэтага патрэбна цудоўна арыентавацца ў гульні, ведаць гульцоў і ўвесь матч не губляць канцэнтрацыі. Складана, але, па словах Лізаветы, ёй вельмі падабаецца. Таксама дзяўчына вучыцца ў БДУФК на выкладчыка фізічнай культуры і менеджара ў спорце, піша навуковыя працы, прысвечаныя жаночаму хакею, плануе паступіць і скончыць магістратуру. Задач і планаў шмат, але Лізавета адзначае, што сумяшчаць усё нескладана, бо ўсё ў яе графіку звязана з хакеем.

«Дзякуючы хакею я переехала з Гомеля ў Мінску, паступіла ва ўніверсітэт. Дзякуючы хакею, я набыла досвед, працу, сяброў. Хакей даў мне добрую фізічную форму. Дзякуючы хакею, у мяне змяніўся характар, я стала больш мэтанакіраванай, моцнай, упэўненай бо гэта складаны від спорту, які патрабуе шмат сіл. Хакей карднальна змяніў маё жыццё. І мне хочацца яму за гэта аддзякаваць. Мне хочацца, каб жаночы хакей развіваўся. Я планую працаваць дзеля гэтага, каб пабудаваць трывалую вертыкаль развіцця, каб дзяўчынак набіралі з ранняга ўзросту і нашы хакеісткі ўсіх перамагалі», — дзеліцца Лізавета. Пакуль жа яна са сваімі сяброўкамі па камандах — прыклад для іншых дзяўчынак, якія плануюць узяць у рукі клюшку. Лізавета прызнаецца, што гэта нават прыемна. «Аднойчы, выходзіла з трэніроўкі, і мужчына, убачыўшы ў руках клюшку, спытаў ці не хакеістка я. Аказваецца, ён хацеў аддаць на хакей сваю дачку. Я пазнаёміла яго з адміністратрам і так на адну хакеістку ў краіне стала больш. Гэта ж выдатна, калі твой прыклад натхняе іншых», — дзеліцца Лізавета. 

Аднак бывае і іншая рэакцыя. Дзяўчына расказвае, што некалькі разоў чула, што хакей не жаночая справа. Але яе гэта не вельмі хвалюе: «Я стараюся такія словы не ўспрымаць усур’ёз, стараюся абстрагавацца і даказваць самой сабе ў першую чаргу, што дзяўчынкі могуць гуляць у хакей». А скептыкам яна раіць выйсці на лёд і праверыць, што такое сапраўдны хакей, а затым завітаць на матч, і паглядзець, як у яго гуляюць дзяўчыны. Нагадваем, што зрабіць гэта можна ў суботу на Сусветным жаночым матчы, які пройдзе ў гродненскім гандлёвым цэнтры TRINITI. Дарэчы, усім удзельніцам матчу, Лізавета Гроахоўская раіць, найперш, атрымліваць асалоду. Па яе словах, там для гэтага ўсё зроблена.

«У хакей трэба гуляць у задавальненне тады і гульня будзе ісці. У большасці матчаў я атрымліваю задавальненне, вядома, прайграваць гэтае такое сабе шчасце. Але калі ад перамогі трэба атрымліваць задавальненне, то ад паражэння — вопыт і высновы» — сцвярджае Лізавета. Вельмі трапная парада. І не толькі для хакеістак.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.