Вы тут

У Магілёве прайшоў абласны тур рэспубліканскага фестывалю «Час моцных»


Гэта фестываль роўных магчымасцяў, людзей, якія змаглі рэалізавацца, нягледзячы на свае абмежаванні ў здароўі. Больш чым 70 жыхароў Магілёўскай вобласці змаглі прадэманстраваць свае магчымасці ў вакальным, харэаграфічным, тэатральным, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Месцам падзей стаў Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы.


На выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што размясцілася ў фае, было прадстаўлена больш за 100 творчых работ з дрэва, тэкстылю, фоарміяна і іншых матэрыялаў. Нельга было не захапіцца саламянымі лялькамі Вольгі Рыжовай, якая прадстаўляла Дом народнай творчасці аграгарадка Дабрэйка Шклоўскага раёна. Пры стварэнні ляляк майстрыха карыстаецца не толькі саломкай, але і ўсімі спадручнымі матэрыяламі. Акрамя гэтага яна вядзе дзіцячыя гурткі, вучыць свайму майстэрству ўсіх жадаючых.

— Галоўная ідэя ў маіх работах — дарыць людзям цяпло, — прызнаецца Вольга. — А яшчэ я хачу знайсці свой стыль і дадаць нешта новае, чаго раней ні ў каго не было.

Шмат таленавітых аўтараў жыве на Хоцімшчыне. Хоцімскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прывёз на фестываль работы васьмі ўдзельнікаў.

— Нашы рабяты ходзяць да нас з 2010 года і авалодалі ўжо шматлікімі методыкамі работы з ільняной ніткай, вышыўкай крыжыкам, вязаннем, — паведаміла загадчык аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Святлана Гаўрыленка. — У сваіх работах яны дэманструюць сямейныя каштоўнасці і традыцыі беларускай культуры. 

Не менш змястоўнай была культурна-забаўляльная праграма з танцамі, дэкламацыяй вершаў уласнага сачынення, спевамі, дэманстрацыяй старадаўняга абраду.

Абрад пад назвай «Свечка» прэзентаваў Кіраўскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 

—На гэтую ідэю нас натхнілі калегі з Цюменскай вобласці, — распавялі інструктары па працоўнай тэрапіі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Анжэла Горбач і Вераніка Пятруша. — Гэты абрад у Расіі сталі праводзіць перасяленцы з Магілёўскай вобласці, якія там уладкаваліся і пачалі адраджаць свае традыцыі. У старыя часы людзі раз у год пераносілі абраз з дому ў дом і перадавалі новым гаспадарам з найлепшымі пажаданнямі. Дарогу яны высцілалі тканымі дарожкамі і ручнікамі. Абрад праводзіўся ў вёсках вельмі аддаленых, дзе не было цэркваў, і дом, дзе заставаўся абраз, лічыўся храмам. Там заўсёды былі адчыненымі дзверы, каб любы жадаючы мог зайсці. 

Супрацоўніцы паведамілі, што ўсяго ў іх аддзяленні займаюцца 32 чалавекі.

З цікавым нумарам прыехаў у Магілёў дзіцячы тэатр танца «Калінка» Мсціслаўскага раённага Цэнтра культуры, якому споўнілася ўжо 20 гадоў. Яго наведвальнік Улад Палеяў прадэманстраваў інклюзіўны нумар, ініцыятарам якога быў ён сам.

— Мы пачулі, як Улад незвычайна спявае, акампануючы сабе на варгане, і вырашылі дапоўніць яго нумар харэаграфічнай замалёўкай, — расказала кіраўніца тэатра Ірына Рыжкова. — З Уладам супрацоўнічаем усяго год, а ўжо пабывалі з выступленнем у Смаленску, цяпер вось у Магілёве. 

Кожны нумар — маленькая ўнікальная гісторыя. І такіх гісторый было шмат. Усе, хто прычыніўся да гэтай творчасці, атрымаў прыліў станоўчых эмоцый. І зразумеў, што хвароба творчасці не перашкода. 

— Адбор нумароў для абласнога тура праводзіла экспертная камісія ў складзе рэжысёра-пастаноўшчыка «Маладзёжнага тэатра эстрады» Вадзіма Нікрэвіча і старшага выкладчыка кафедры рэжысуры факультэта мастацкай культуры Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў Кірыла Шыка, — паведаміла вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадцэнтра НТ і КАР Крысціна Башарымава. — Цікава, што ўдзельнікі фестывалю на пытанне, што робіць іх моцнымі, адказвалі прыкладна адно і тое ж — воля да жыцця і адзінства. А яшчэ іх моц у веры і надзеі. Фестываль праводзіцца ўпершыню, але ёсць надзея, што ён прыжывецца і стане адным з найцікавейшых у нашай фестывальнай скарбонцы. Ён накіраваны на стварэнне роўных умоў для выяўлення і развіцця творчых здольнасцей грамадзян з інваліднасцю і іх інтэграцыі ў грамадскае жыццё.

Арганізатарамі фестывалю з’яўляецца Міністэрства культуры, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам. Лепшыя з удзельнікаў прадстаўляць свае рэгіёны на галоўнай сцэне рэспубліканскага фестывалю роўных магчымасцей «Час моцных» 3 мая.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.