Вы тут

У Гомельскай вобласці абмеркавалі паводкавую сітуацыю


Гатоўнасць органаў кіравання, сіл і сродкаў да рэагавання на паводкавую сітуацыю абмеркавалі на аператыўнай нарадзе ў Гомелі. Нараду на базе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС правёў старшыня гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.


У рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі камісій па надзвычайных сітуацыях вобласці, кіраўніцтва абласнога ўпраўлення МНС, Таварыства выратавання на водах, кіраўнікі мясцовых органаў улады і суб’ектаў гаспадарання. Па анлайн-сувязі да аператыўнай нарады далучыліся і прадстаўнікі раёнаў вобласці.

Як адзначыў начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Дзічкоўскі, паводкавая абстаноўка на тэрыторыі рэгіёна абвастрылася з другой паловы снежня мінулага года. Тады зафіксавалі першыя падтапленні талымі водамі жылой забудовы ў населеных пунктах. З канца мінулага года ў вобласці зарэгістравалі 85 фактаў падтапленняў жылых дамоў, 24 — падвальных памяшканняў, 189 — падворкаў і 76 — гаспадарчых пабудоў. Сёння ў 13 раёнах вобласці і Гомелі застаюцца падтопленымі 75 жылых дамоў, 18 падвальных памяшканняў, 140 падворкаў, 61 гаспадарчая пабудова. Найбольшая колькасць фактаў падтаплення зафіксавана ў Гомельскім раёне. Напружаная сітуацыя — у Веткаўскім і Добрушскім.

Удзельнікі аператыўнай нарады прааналізавалі прагнозы павышэння ўзроўню грунтовых і рачных вод на тэрыторыі абласнога цэнтра і раёнаў вобласці. Асаблівая ўвага — гатоўнасці аказаць дапамогу людзям, якія апынуліся ў зоне падтапленняў.

— Сёння ніякай надзвычайнай сітуацыі няма, але моцныя ападкі ў выглядзе снегу і дажджу пастаянна дадаюць вады ў рэках па ўсёй вобласці, — звярнуў увагу старшыня аблвыканкама Іван Крупко. — Рэкі ў вобласці знаходзяцца ў межах сваёй поймы. Наша задача — спрагназаваць далейшую сітуацыю і захоўваць гатоўнасць службаў да работы ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. Аператыўная абстаноўка на тэрыторыі Гомельскай вобласці патрабуе ад кіраўніцтва ўсіх узроўняў асаблівай увагі, хуткага рэагавання на падтапленне тэрыторыі населеных пунктаў, забеспячэння нармальных умоў жыццядзейнасці насельніцтва.

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што на Гомельшчыне адзначана найбольшая колькасць фактаў падтаплення жылых дамоў, прысядзібных участкаў, аўтамабільных дарог у параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны. Губернатар папрасіў даць ацэнку выканання даручэнняў, дадзеных па выніках паводкі 2023 года, у тым ліку забеспячэнню інжынерных збудаванняў для абароны тэрыторый ад падтапленняў.

Як растлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення ЖКГ Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Згурскі, запланавана будаўніцтва адкрытых і закрытых каналаў для адводу талых вод і частковага паніжэння ўзроўню грунтовых вод у аграгарадку Краснае Гомельскага раёна.

— Праектна-каштарысная дакументацыя распрацавана, чакаем фінансавання і прыступім да работ. Вядома, не атрымаецца цалкам выключыць падтаплення, але гэта дазволіць палепшыць сітуацыю з адводам талых вод ад населенага пункта. Другі праект, які мы пачнём рэалізоўваць сёлета — яго дакументацыя праходзіць дзяржэкспертызу, — гэта пачатак будаўніцтва дамбы для абароны ад падтапленняў пасёлкаў Сеўрукі, Чонкі і Паляна ў Гомельскім раёне. Будаўніцтва гэтага вялікага аб’екта разлічана на некалькі гадоў. Ён дазволіць абараніць у тым ліку шматпавярховыя дамы, прыватны сектар у зоне магчымага падтаплення, — удакладніў Дзмітрый Згурскі.

Некалькі праектаў узвядзення супрацьпаводкавых інжынерных збудаванняў запланаваны там, дзе «вялікая вада» пагражае найбольшай колькасці мясцовага насельніцтва. Гэта Манастырок, Якубоўка, Плёсы, Уза, Старая Валатава, што на тэрыторыі Гомеля і Гомельскага раёна. Пакуль для гэтых маштабных аб’ектаў распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя.

Старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў праінфармаваў аб паводкавай сітуацыі на тэрыторыі абласнога цэнтра. Ён адзначыў, што паводкавая абстаноўка ў горадзе кантралюемая, вядзецца пастаянны маніторынг магчымых месцаў падтаплення.

— Пакуль узровень вады ракі на тэрыторыі Гомеля 392 сантыметры, а крытычны — 500. Мы правялі штаб з выездам у месцы, якія падтапляліся летась. Гэта Манастырок і Старая Валатава. Цяпер у Старой Валатаве праблем увогуле няма. У Манастырку пачалі падвозіць грунт для падсыпкі на ўчастак, якому можа пагражаць падтапленне. Створаны прамыя тэлефонныя лініі з МНС. Кіраўнікі адміністрацый правялі сустрэчу з насельніцтвам і паведамілі, куды звяртацца пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый. Таксама на выпадак рэзкага ўздыму ўзроўню вады падрыхтавалі каля 70 месцаў у інтэрнатах для размяшчэння людзей з адзначаных вуліц, — падкрэсліў Уладзімір Прывалаў.

Для рэагавання на паводкавую абстаноўку на базе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС створаны мабільны атрад. Яго галоўная задача — аказанне дапамогі насельніцтву. Падобныя мабільныя атрады сфарміраваны ў Мазырскім і Жлобінскім раёнах. Акрамя таго, запланавана адкрыць каля 13 мабільных пастоў МНС на тэрыторыі Гомеля і раёнаў вобласці для транспарціроўкі людзей з затопленых участкаў і аказання ім дапамогі.

Па выніках аператыўнай нарады старшыня аблвыканкама Іван Крупко заклікаў органы кіравання на месцах, усе адказныя службы і ведамствы быць гатовымі да ўсіх магчымых варыянтаў развіцця паводкавай сітуацыі ў рэгіёне.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.