Вы тут

Да дня нараджэння Міхаіла Савіцкага НЦСМ запусціў унікальную выставу


Многія людзі ведаюць Міхаіла Савіцкага як вялікага беларускага мастака, але мала хто задумваецца пра тое, што ён быў яшчэ і таленавітым выкладчыкам. У 1981-м годзе па яго ініцыятыве ў Мінску былі адчынены Творчыя майстэрні жывапісу і скульптуры па адрасе Някрасава, 3. Мастацтва працягвае жыць у гэтых сценах і дагэтуль.


Так, да дня нараджэння Міхаіла Савіцкага Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў запусціў унікальную выставу-прэзентацыю «Творчыя майстэрні — спадчына Міхаіла Савіцкага», на якой сабраны творы вучняў з тых самых майстэрняў. Дарэчы, гэтыя працы раней не выстаўляліся ні разу.

Па словах намесніка дырэктара па творчай працы НЦСМ Алесі Іназемцавай, выстава — адпраўная кропка, якая вяртае гледача да гісторыі гэтага будынка і да гісторыі беларускага мастацтва ў цэлым.

— Гэта ўнікальны праект, дзякуючы якому маладыя мастакі былі ў той час падтрыманы дзяржавай, — распавядае яна. — Тут былі створаны ідэальныя ўмовы, і аб гэтым успамінаюць усе, хто праходзіў тут у свой час стажыроўку.

Сюды прыходзілі мастакі, якія скончылі тэатральна-мастацкі інстытут, які пасля стаў Акадэміяй мастацтваў, і атрымлівалі ў творчых майстэрнях «шліфоўку» свайго таленту. Усе мастакі-пачаткоўцы працавалі непасрэдна з самім Міхаілам Савіцкім. Але гэта было не стандартнае выкладанне.

— Гэта была праца пад патранажам. Ён дамагаўся ад мастакоў кампазіцыйнай цэласнасці, нейкай яскравай ідэі, выразных сродкаў, каб талент станавіўся больш ідэйна вывераным, і мастацка прафесійным, — тлумачыць Алеся Іназемцава.

Непасрэдна на самой выставе-прэзентацыі ў большасці сваёй прадстаўлены выніковыя працы мастакоў, якія прымаў у тым ліку і сам Міхаіл Савіцкі. Па ўспамінах вучняў, з аднаго боку ён быў вельмі лаяльным да працэсу стажыроўкі: яму ўсё адно было, колькі часу ты праводзіш у майстэрнях, але з іншага боку, калі справа даходзіла да выніковай працы — ён быў максімальна строгім і справядлівым. Не баяўся крытыкаваць і прымушаў перапісваць карціны. Часам мастакі, каб дабіцца яго адабрэння, перараблялі ўсё па 10-15 разоў!

Міхаіл Савіцкі ствараў майстэрні для таго, каб развіваць беларускую рэалістычную жывапісную школу, захоўваць тыя традыцыі, якія былі напрацаваны ў гэтай школе, і перадаваць іх маладому пакаленню. Дарэчы, адна з выставачных работ, «Смерць Ілюшачкі» Алы Няхайчык, вельмі моцна нагадвае стыль самога Савіцкага. Адметна і тое, што на зваротным баку карціны ёсць невялікае пасланне: «З падзякай, майму настаўніку», што яшчэ больш падкрэслівае сувязь з яго мастацкай традыцыяй. Уражвае рэалізмам і сюжэтнасцю таксама праца «Дабраславенне маладых» Сяргея Шэмета. Прапісаны драбнюткія дэталі таго часу, ажно да цыраты на стале. А яшчэ закранута тэма пераемнасці пакаленняў і кругазвароту жыцця: на лаўцы сядзяць прымудроныя вопытам бабуля з дзядулем, маладых бласлаўляюць бацькі, якія таксама на сваім вяку пабачылі нямала, а каля ўслончыка стаіць хлопчык-падлетак, у якога ўсё гэта яшчэ наперадзе.

Выстава сапраўды ўнікальная, і час яе працы абмежаваны. Наведаць экспазіцыю можна да 18 лютага.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.