Вы тут

На І сесіі Маладзёжнага парламента ў Гродне прадстаўлена каля паўсотні праектаў


Прэзентацыя праходзіла ў дзвюх палатах парламента — вучнёўскай і палаце студэнцкай і працоўнай моладзі. 

Дарэчы, такога кшталту структуры пакуль няма ў краіне. 

Гродзенскі рэгіён першым увёў двухпалатную форму Маладзёжнага парламента, агульная колькасць яго членаў складае амаль 100 чалавек, пераважную большасць членскіх білетаў атрымалі прадстаўнікі вучнёўскай моладзі. Палова маладых дэпутатаў прадставілі на сесіі свае праекты. Менавіта па самых крэатыўных ідэях былі вызначаны лідары Маладзёжнага парламента Гродзеншчыны.


Першая сесія Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў VІІ склікання была неверагодна насычанай і ўрачыстай. Вырашалася даволі значнае кола пытанняў, у тым ліку выбары новага кіруючага складу. Фаварыты вызначыліся падчас прэзентацыі праектаў. Найбольш маладым парламентарыям спадабаўся праект студэнта ГрДУ Ягора Скяпко пад назвай «З кепкай». Ягор адразу захапіў залу сваім эмацыянальным падыходам. Малады чалавек мае вопыт работы на гарадскім тэлебачанні і хоча далучыць маладзёжную аўдыторыю да традыцыйных СМІ. Як гэта зрабіць? На яго думку, трэба стварыць кантэнт у абсалютна новым фармаце: блогі, рэпартажы, анонсы, агляды, каментарыі, фотаздымкі, якія будуць размяшчацца на тэлеканалах, старонках газет, у радыёэфіры, тым самым уцягнуць моладзь у так званы інфармацыйны паток Гродна і рэгіёна. Гэта павінна сфарміраваць станоўчы імідж горада ў прасторы інтэрнэта. Разам з тым праект, які рэалізуе дзяржаўную палітыку ў маладзёжным фармаце, будзе пасярэднікам паміж соцыумам моладзі і органамі кіравання. Актуальнасць яго, на думку Ягора, у падачы матэрыялу. Маўляў, з маладымі трэба размаўляць на іх мове простым і даступным спосабам. У якасці ілюстрацыі парламентарый прадставіў свой відэаролік, дзе ў кліпавай форме расказаў аб святкаванні ў горадзе 100-гадовага юбілею ветэрана вайны Валянціны Баранавай. Дзякуючы таму што былі выбраны самыя яркія моманты свята, ролік атрымаўся цікавым і разам з тым патрыятычным. Дзякуючы свайму праекту і юнацкаму запалу, большасцю галасоў старшынёй Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў быў абраны Ягор Скяпко.

За месца старшыні, дарэчы, спрачаліся некалькі прэтэндэнтаў. У іх ліку і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мастоўскага райвыканкама, старшыня Маладзёжнага парламента пры Мастоўскім раённым Савеце дэпутатаў, член Маладзёжнага парламента Нацыянальнага сходу Беларусі Ірына Курдзюк. Яна прадставіла інфармацыйна-асветніцкі праект, накіраваны на павышэнне электаральнай адукаванасці моладзі. Падчас выбарчай кампаніі гэта гучыць асабліва актуальна, а як паказала практыка, менавіта моладзь з’яўляецца найбольш інфармацыйна ўразлівай часткай грамадства. Вось Ірына і вырашыла стварыць праект, які дапаможа маладому пакаленню разабрацца ў тонкасцях заканадаўчай сістэмы Беларусі, даведацца аб гісторыі выбарчага працэсу, сучаснай рабоце парламентарыяў. Найбольш дзейснай формай работы Ірына лічыць дыскусійныя пляцоўкі з удзелам дзеючых дэпутатаў розных узроўняў, яна прапануе выкарыстоўваць гульні, інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе кожны можа адчуць сябе ў ролі выбаршчыка. А вывучэнне Канстытуцыі яна можна правесці ў выглядзе квэста. Атрыманыя ў выніку веды запомняцца значна лепш. А прававая адукаванасць дазволіць зрабіць правільны выбар падчас галасавання. Свой праект Ірына мяркуе распаўсюдзіць не толькі ў межах Мастоўскага раёна, але і па ўсёй вобласці.

Удзельнікі І сесіі Маладзёжнага парламента ацанілі важнасць праекта Ірыны Курдзюк і абралі яе намеснікам старшыні Маладзёжнага парламента Гродзеншчыны.

Другім намеснікам стаў прадстаўнік вучнёўскай моладзі. У батле паміж школьнікамі Цімафеем Курстаком і Яраславам Юроўскім перамогу атрымаў апошні. Яраслаў выступіў з тэмай эмацыянальнага гвалту і яго наступстваў для дзіцяці. А яны, на думку юнака, могуць негатыўна адбіцца на дзіцячай псіхіцы. Таму ён прапануе шырока асвятляць гэту тэму, абмяркоўваць яе на дыялогавых пляцоўках. Выхад на шырокую прастору дазволіць падлеткам лепш вызначыць такія моманты і пазбегнуць іх уплыву на свядомасць.

Яго сапернік Цімафей Курстак хоць і не трапіў у склад кіруючай вярхушкі Маладзёжнага парламента, заслужыў добрыя словы ад прадстаўнікоў улады. Вось ужо два гады школьнік разам з іншымі валанцёрамі ажыццяўляе сацыяльны праект па навучанні людзей сталага ўзросту камп’ютарнай грамаце. Заняткі праводзяцца ў кабінетах інфарматыкі ў выхадныя дні альбо летам. Першымі курс прайшлі настаўнікі школы, каб карыстацца электронным класным часопісам. Затым падключылася ветэранская арганізацыя пры ЖЭСе. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца праграмы па карыстанні месенджарамі, сацыяльнымі сеткамі, праверанымі сайтамі навін, сайтам Белпошты і дадаткам Беларусбанка для аплаты паслуг. Праграма складалася з дапамогай настаўніка інфарматыкі і рэдагавалася.

Цікава, што ўсе валанцёры праекта прайшлі кансультацыю з псіхолагам і толькі потым былі дапушчаны да навучання. Часам праблема ўзаемасувязі пакаленняў усё ж заяўляла аб сабе, зазначыў Цімафей. У некаторых выпадках работа будзе весціся ў анлайн-фармаце. Попыт на трохмесячныя бясплатныя курсы расце.

Дарэчы, валанцёрскія праекты набываюць моц у беларускім грамадстве. Члены Маладзёжнага парламента не выключэнне. Вучань гімназіі № 7 Міраслаў Багдзевіч пастаянны ўдзельнік праекта «Хвост трубой». Школьнікі аказваюць дапамогу жывёлам з часовых прытулкаў. Кожны год у гімназіі вядзецца збор сродкаў, якія паступаюць з канцэртаў, арт-крамаў, здачы макулатуры, а затым на іх закупляюць медыкаменты, кармы, іншыя неабходныя прылады. Усё гэта паступае ў пункт часовага ўтрымання жывёл грамадскага аб’яднання «Адданае сэрца» ў Гродне.

Заслужыў увагу і праект вучаніцы СШ № 40 Гродна Арыяны Ланінай «Будучыня.by», скіраваны на прафарыентацыю падлеткаў. Дзяўчына расказала, што ў ходзе рэалізацыі праекта школьнікі пабывалі на розных прадпрыемствах, установах, удзельнічалі ў трэнінгах з псіхолагамі, сустракаліся са спецыялістамі розных галін эканомікі. Арыяна ўпэўненая, што дзякуючы праекту падлеткі вызначыліся з выбарам прафесій і змаглі пазбегнуць памылак. 

А работа, як вядома, істотна ўплывае на псіхалагічны стан чалавека.

Нямала праектаў звязана з духоўным адраджэннем малой радзімы, захаваннем традыцый, абрадаў. Пры гэтым прапануюцца віртуальныя экскурсіі, новыя маршруты, звязаныя са знакавымі падзеямі, датамі ці знакамітымі людзьмі. Многія праекты ўяўляюць сабой пляцоўку для інклюзіўнай творчасці для людзей рознага ўзросту.

Прапануецца праект па фінансавай асвеце моладзі. Як паказала апытанне, якое праведзена яго арганізатарамі, пераважная большасць вучняў лічыць неабходным нават увядзенне ўрокаў фінансавай асветы ў школе. Мяркуецца, што з удзелам фінансавых работнікаў удасца разабрацца ў тым, як планаваць бюджэт, прымаць рашэнні ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў і развіваць навыкі кіравання сродкамі.

Дарэчы, абласныя ўлады сумесна з Асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў гатовы фінансава падтрымаць усе разумныя ініцыятывы, якія будуць садзейнічаць развіццю маладзёжнага парламентарызму і аб’яднанню моладзі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.