Вы тут

Памякчэлі патрабаванні да прыёму замежных купюр


На час эпідэмій адзін мой знаёмы вырашыў пакласці долары ў самае надзейнае месца — у... цэлафанавы пакет. Пакуль яны там ляжалі, іх пабіў грыбок. Тады ў абменных пунктах іх не прымалі, таму што на ўльтрафіялеце свяціліся, не моцна, але ўсё ж.


Фота: pixabay.com

Грошы ў цэлафанавым пакеце праляжалі каля года. Каб памяняць запляснелыя банкноты, мужчына звяртаўся ў розныя банкі, дзе казалі, што раней такія купюры прымалі, а цяпер не. У адным банку яму паведамілі, што перасталі браць пашкоджаныя купюры з пачатку мінулага года. Усе банкаўскія работнікі, якія адмаўляліся браць такую валюту, згаджаліся, што банкноты сапраўдныя, толькі парадкам сапсаваныя. Мой таварыш усё ж такі абмяняў гэтыя каштоўныя паперы на айчынныя, але колькі нерваў страціў... Нагадаю, што гісторыя гэтая была паўгода таму назад. Што змянілася і ў які бок?

Дык вось, з пачатку лютага памякчэлі патрабаванні да прыёму замежных купюр, якія раней банкі не прымалі. А ўся справа ў тым, што ўступіла ў сілу новая рэдакцыя пагаднення аб прыёме замежных валютных банкнот (за выключэннем расійскіх рублёў) і адзінага пераліку прыкмет іх плацежаздольнасці. Да пагаднення далучыліся 17 банкаў, паведамляе Асацыяцыя беларускіх банкаў.

Пэўныя паслабленні будуць датычыцца пашкоджаных купюр. Калі ў вас ёсць старая банкнота, якую раней не прымалі ў банку, праверце яе цяпер: раптам яе цяпер возьмуць?

Якія купюры могуць выдаць або прыняць?

Напрыклад, да лютага ў нас у абменніку не бралі купюры замежнай валюты з надрывам або надрэзам больш за 5 міліметраў, цяпер жа дапушчальна пашкоджанне ў выглядзе надрыву або надрэзу да 10 міліметраў. Пачнуць прымаць банкноты з чатырма праколамі дыяметрам не больш за 1 міліметра кожнае (раней не больш за 3 праколаў).

Акрамя таго, цяпер дазваляецца прымаць у насельніцтва наяўную замежную валюту, якая мае не больш чым адну візуальна бачную пляму, у тым ліку скразную, памер якой не перавышае квадрат бокам 10 міліметраў, і не больш за тры візуальна бачныя плямы, у тым ліку скразныя, памер кожнай з якіх не перавышае квадрат бокам 5 міліметраў. Раней гаворка пра тры дадатковыя невялікія плямы наогул не ішла.

Таксама цяпер да прыёму-выдачы падыдуць купюры са свячэннем іншага колеру ўва ўльтрафіялетавых промнях (у тым ліку скразным), размешчаным у межах аднаго квадрата бокам 30 міліметраў альбо размешчаным у розных частках банкноты ў межах трох квадратаў, памер кожнага з якіх не перавышае квадрат бокам 10 міліметраў. Пры гэтым структура паперы не павінна быць парушаная, а сама папера не рассыпаецца і не крышыцца.

На мой погляд, гэтыя тлумачэнні, распрацаваныя асацыяцыяй, найбольш важныя. Справа ў тым, што раней любое свячэнне імпартных купюр выклікала ў работнікаў банкаў лёгкі недавер да гэтых грашовых знакаў. А ў выніку амаль любую не новую купюру маглі проста не прыняць у тым ці іншым абменніку, у самы непадыходны для кліента час.

З чым гэта звязана?

Спачатку пару слоў пра тое, якія купюры цяпер не прымуць і не выдадуць. Не павінны трапіць да нас у рукі грошы, якія афарбаваны спецыяльнай фарбай, якая ўжываецца пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў. Тут усё зразумела.

Акрамя таго, банкі не толькі прымуць больш пашкоджаную купюру, калі яна адпавядае крытэрыям са спіса, але і атрымаюць права выдаць такую банкноту кліенту.

У Асацыяцыі беларускіх банкаў растлумачылі, што гэтыя змены звязаны з тым, што новых банкнот у абароце не плануецца, якасць наяўнай валюты з кожным днём пагаршаецца, а магчымасці вывазу такіх купюр у замежныя банкі ў фінансавых структур краіны няма.

Раней банкі іх прымалі (купюры, якія не адпавядалі прыкметах плацежнасці) пад камісію і вывозілі ў замежныя банкі. «Пасля ўвядзення санкцый такой магчымасці ўжо няма, прынятыя раней і не вывезеныя проста захоўваюцца. Беларусы могуць вывезці такія банкноты за межы краіны ў прыватным парадку (у рамках заканадаўства) і абмяняць іх у замежным банку ці проста выдаткаваць такія грошы ў іншай краіне», — адзначаюць супрацоўнікі рабочай групы Асацыяцыі беларускіх банкаў.

Выснова простая — калі не збіраешся ехаць за мяжу, з доларам лепш не «гуляйся». Ва ўсякім разе, цяпер.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.