Вы тут

Крэдыты зноў таннеюць


З якой бы прычыны вы ні вырашылі скарыстацца крэдытам, трэба дакладна ўсведамляць: яго неабходна вяртаць строга ў адпаведнасці з умовамі дагавора, а таксама выплаціць банку працэнты за карыстанне грашыма. Таму варта рэальна ацаніць, наколькі стабільныя вашы даходы і ці зможаце вы своечасова і ў поўнай меры ажыццяўляць плацяжы. Падумайце і крытычна ацаніце неабходнасць звароту па крэдыт. Пажадана, каб гэтыя грошы браліся на сапраўды неадкладныя і абгрунтаваныя мэты. Ва ўсіх астатніх выпадках перавагу варта аддаць зберажэнню.

Гэта ўсё лірыка, мы ж сёння пагаворым пра тое, чаму крэдыты таннеюць менавіта цяпер.


Уся справа ў стаўцы

Крыху раней Нацыянальны банк Беларусі абвясціў аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання да 10,5 % гадавых з 3 красавіка. Зніжаюцца і іншыя банкаўскія сістэмныя стаўкі. Як тлумачыць сваё рашэнне рэгулятар, зніжэнне стаўкі зроблена, паколькі інфляцыя працягвае фарміравацца паблізу чаканай траекторыі.

У лютым гадавы прырост спажывецкіх цэн запаволіўся да 11,7 працэнта пры 12 працэнтах месяцам раней. Трэндавая інфляцыя таксама дэманструе ўстойлівую дынаміку да запаволення. У другім месяцы года яна склала 8,9 % пры 9,2 % у папярэднім месяцы. Нацбанк упэўнены, што пасля выхаду ў сакавіку гадавога паказчыка інфляцыі на адназначную велічыню тэндэнцыя запаволення тэмпаў росту спажывецкіх цэн працягнецца і ў другім квартале.

На што гэта ўплывае?

Стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка задае кошт грошай у эканоміцы. Груба кажучы, па гэтай стаўцы наш галоўны банк крэдытуе камерцыйныя банкі. Часта банкі, выдаючы пазыкі спажыўцам, фарміруюць сваю стаўку па формуле «стаўка рэфінансавання плюс колькі працэнтных пунктаў». Гэта значыць пры змяненні стаўкі рэфінансавання аўтаматычна карэкціруюцца стаўкі па крэдытах для бізнесу і фізічных асоб.

Трэба сказаць, што камерцыйныя банкі ўстойліва зніжаюць стаўкі па новых крэдытах апошнія месяцы, сведчыць статыстыка Нацбанка. Да гэтага іх падахвочвае і сам рэгулятар, які зніжае «столь» ставак.

Фінансавыя эксперты лічаць, што такі рух стаўкі рэфінансавання быў чаканым. Росту беларускай эканомікі мяркуецца дасягнуць за кошт павелічэння аб'ёмаў інвестыцый. Справа ў тым, што знешнія крыніцы ў нашай краіны абмежаваныя, а значыць, у большай ступені задзейнічаюць ўнутраныя рэзервы, у тым ліку банкаўскую сістэму. Для гэтага прадугледжана змякчэнне грашова-крэдытнай палітыкі. Зніжэнне стаўкі рэфінансавання, а паралельна з ёй ставак па крэдыце авернайт і дэпазіце авернайт — можна сказаць, пачатак рэалізацыі дадзенай палітыкі. Гэта значыць грошы ў банкаўскай сістэме стануць больш таннымі. Трэба адзначыць, што ў канцы мінулага года запаволілася інфляцыя. Як падкрэслівае Нацбанк, гэта дало магчымасць перагледзець і ўзровень стаўкі рэфінансавання.

Якая агульная тэндэнцыя па кошце крэдытных грошай? Большасць крэдытных прадуктаў банкаў прывязаная да стаўкі рэфінансавання або стаўкі авернайт, таму крэдытныя працэнты па такіх прадуктах таксама змяншаліся. Асабліва прыкметна ў грашовым выражэнні гэта назіраецца ў крэдытах на буйныя пакупкі накшталт нерухомасці, аўтакрэдытах, а таксама крэдытах для юрыдычных асоб. Сёлета стаўка рэфінансавання зніжаецца ўжо трэці раз.

Зніжэнне было папярэднім

Першым пачаў зніжаць свае стаўкі па крэдытах для насельніцтва Беларусбанк. Ён яшчэ 29 сакавіка абвясціў аб тым, што стаўка па раней атрыманых крэдытах на фінансаванне нерухомасці будзе зніжана.

Новая крэдытная стаўка склала 16,31 % гадавых, тут няважна, з ужываннем фіксаванай стаўкі вы бралі крэдыт або пераменнай. Каб атрымаць зніжку, неабходна заключыць дадатковае пагадненне да крэдытнага дагавора, пагадзіўшыся з афертай, размешчанай на карпаратыўным сайце банка.

Зрабіць тое даволі проста. Дакладней, нічога і рабіць не трэба: пацвярджэннем прыняцця аферты выступае ўнясенне чарговага плацяжу па выплаце працэнтаў за карыстанне крэдытам у змененым памеры.

Сёлета стаўкі па іпатэчных крэдытах Беларусбанк зніжаў ужо некалькі разоў — услед за памяншэннем памеру ключавой стаўкі Нацбанкам. У апошні раз — да 10,5 % з 3 красавіка. Беларусбанк не стаў чакаць «гадзіны Х» і знізіў памер іпатэчнай стаўкі з апошніх дзён сакавіка.

Самая «смачная» пазыка

Гэтую пазыку на спажывецкія патрэбы на пяць гадоў таксама прадстаўляе Беларусбанк. Памер дадзенага крэдыту знаходзіцца ў межах плацежаздольнасці атрымальніка, але не меншы за 100 рублёў. Для фізічных асоб, што ажыццяўляюць прадпрымальніцкую, рамесную або іншую дзейнасць, якая не патрабуе рэгістрацыі ў якасці ІП у адпаведнасці з заканадаўствам, — у памеры, што не перавышае 600 базавых велічынь, у межах плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка, але не меншы за 100 рублёў

Працэнтная стаўка крэдыту — ад 12 % да 13,5 % у залежнасці ад падачы заяўкі на крэдыт праз каналы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Спосаб давання крэдыту шляхам безнаяўнага пералічэння на рахункі трэціх асоб ажыццяўляецца з выплатай працэнтаў за фактычны час карыстання крэдытам. У якасці забеспячэння прадстаўляецца няўстойка або паручыцельства іншых фізічных асоб. Характэрна, што памер крэдыту пад няўстойку не можа перавышаць 400 базавых велічынь на дату рэгістрацыі заявы-анкеты, для грамадзян, якія знаходзяцца ва ўзросце ад 65 да 70 гадоў, — 100 базавых велічынь на дату рэгістрацыі заявы-анкеты. Для кліентаў, старэйшых за 70 гадоў, у якасці забеспячэння прымаецца толькі паручыцельства іншых фізічных асоб.

Для атрымання такога недарагога крэдыту кліенту неабходна прадставіць дастаткова аб'ёмную папку дакументаў. Тры галоўныя паперы з іх — дакумент, які сведчыць асобу заяўніка (паручыцеля); рахунак-фактура(ы) (дагавор(ы)) з указаннем вытворцы прадукцыі; дакументы, якія пацвярджаюць даходы заяўніка (паручыцеля): даведкі (выпіска, пры ўмове залічэння даходаў на картку ва ўстановах банка).

Без паручыцеляў — трохі даражэй

Камерцыйны банк сталіцы выдае адзін крэдытны прадукт «Прыстойнае на асабістае» да 30 тысяч рублёў тэрмінам да 36 месяцаў. Стаўка такога крэдыту — ад 15,4 % гадавых. Умовы ў банка больш мяккія, грошы даюцца без паручыцеляў, патрэбна толькі даведка аб даходах. І яшчэ: узрост крэдытаатрымальніка павінен быць ад 21 года да 64 гадоў.

Ёсць і таннейшы крэдыт (14,91 % гадавых), але сума яшчэ меншая (да 10 тысяч рублёў). У дадзеным выпадку не патрэбныя паручыцелі і даведкі аб даходах. Затое ёсць спецыяльнае патрабаванне да атрымальніка. Кліент павінен быць з пашпартам грамадзяніна Беларусі з пастаяннай прапіскай.

Самы даступны крэдыт «На асабістае» з сумай да 10 тысяч рублёў мае стаўку ад 14 %. Тут не патрэбныя паручыцелі і даведкі, а ўзрост атрымальніка — ад 18 да 68 гадоў. Праўда, такія грошы вам дадуць усяго толькі на год.

Чаго чакаць надалей?

Нацбанк у красавіку паменшыў таксама разліковую велічыню стандартнай рызыкі. Гэты паказчык для крэдытаў, дадзеных юрыдычным асобам (без уліку льготных), зніжаецца да 11,85 % гадавых з 12,58 % у сакавіку, а аналагічная велічыня па крэдытах фізічным асобам (без уліку льготных) памяншаецца да 15,41 % з 16,31 %.

Разліковая велічыня стандартнай рызыкі разлічваецца Нацбанкам на аснове сярэдніх працэнтных ставак, устаноўленых сямю сістэмна значнымі банкамі краіны, за месяц, які папярэднічае месяцу разліку, па фінансавых інструментах крэдытна-дэпазітнага рынку ў нацыянальнай валюце. Такім чынам, названыя вышэй паказчыкі на красавік адпавядаюць сярэднім стаўкам па новых крэдытах у сакавіку. На гэтую велічыню цяпер будуць арыентавацца ўсе іншыя банкі.

Мяркуючы па разліковых велічынях, працэнты па крэдытах банкамі памяншаюцца хутчэй, чым стаўка рэфінансавання. Гэта звязана з тым, што ў фінустановах сфарміраваўся лішак рублёвай ліквіднасці, і ім даводзіцца памяншаць працэнты па крэдытах.

Паколькі Нацбанк упэўнены ў хуткім зніжэнні інфляцыі і, цалкам верагодна, будзе ў найбліжэйшыя месяцы зніжаць стаўку рэфінансавання, то і Беларусбанк, і іншыя банкі таксама зрэжуць свае іпатэчныя апетыты.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».