Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» папрацавала на будучае беларускіх лясоў


Калі нехта думае, што збіраць шышкі справа не сур’ёзная, ён глыбока памыляецца. Гэта толькі пачатак вялікай работы над аднаўленнем лясоў. У лясгасах наладжаны цэлы працэс па здабычы з шышкі якаснага насення. У Год якасці было асабліва цікава паназіраць за тым, як гэта адбываецца. І Магілёўскае лесагаспадарчае аб’яднанне дало такую магчымасць, арганізаваўшы прэс-тур.


Дрэвы са знакам +

Знаёмства з гэтай справай адбылося на тэрыторыі Горацкага лясгаса. Ён ахоплівае лясістыя плошчы трох раёнаў — акрамя Горацкага, яшчэ Дрыбінскага і Мсціслаўскага. Невялікія яго ўчасткі знаходзяцца таксама ў Крычаўскім, Чавускім і Аршанскім раёнах. Лесанасенных плантацый у лясгаса некалькі. Там растуць лістоўніца, сасна, дубы. Але перыяд жалудоў прайшоў, зараз уся ўвага збору насення хваёвых культур.

Адна з лесанасенных пляцовак знаходзіцца на землях Цемналескага лясніцтва, што ў Дрыбінскім раёне. Тут расце елка еўрапейская ІІ парадку. Нумар сведчыць, што дрэвы прышчэпленыя лепшымі ўзорамі ў маштабах краіны.

— Гэта гарантыя лепшай усходжасці і ўстойлівасці, — тлумачыць наш гід галоўны ляснічы Горацкага лясгаса Аляксей Зуёнак. — Мы атрымліваем шышкі з плюсавых дрэў. Гэта значыць, з прышчэпленых вегетатыўным спосабам чаранкамі ад лепшых дрэў па краіне. У Беларусі ёсць рэестр плюсавых дрэў. Гэта тыя асобнікі, якія падчас свайго росту і развіцця паказваюць найбольш каштоўныя характарыстыкі — рост, памер, дыяметр, вышыню. Інстытут лесу вядзе пастаянны адбор па гэтых дрэвах. Іх заносяць у асобны рэестр, кожнаму дрэву прысвойваецца нумар, і з яго наразаюцца чаранкі, якія потым прышчэпліваюцца. Робіцца гэта для таго, каб дрэва на плантацыі давала лепшае насенне.

Прызнаюся: дагэтуль не ўяўляла ўсю важнасць работы з шышкамі. Здавалася, што дрэвы самі здольныя паклапаціцца пра сябе. Упадзе пад дрэвам семечка, пройдзе час і яно праклюнецца невялічкім зялёным саджанцам, а потым пераўтворыцца ў прыгожае, раскідзістае дрэва.

— Не факт, — кажа спецыяліст. — У пітомніку мы, умоўна кажучы, пасеялі 60 кілаграмаў, а ў лесе прасыпалася 500 кілаграмаў на гектар. Зразумела, у апошнім выпадку будзе складацца ўражанне, што там расце лепш. Але ж мы не ведаем, колькі семечак упала і колькі выжыла.

Навошта палоць траву ў лесе

Пытанне, як той казаў, на засыпку. Але трэба ведаць тэхналогію. Плантацыі — гэта месцы, дзе створаны ідэальныя ўмовы для росту дрэва з мэтай фарміравання максімальнай колькасці «пладоў», у дадзеным выпадку шышак. І для дрэў там ствараюцца ўмовы не абы якія, а элітныя. Пакуль ехалі да месца, уяўляла сабе густы яловы лес, дзе лясныя прыгажуні як на падбор. Убачанае, мякка кажучы, расчаравала. Елкі як елкі, некаторыя нават крывыя і рэдкія.

Ляснічы першага класа Цемналескага лясніцтва Аляксандр Анішчанка, які тут гаспадарыць, тлумачыць:

— Тут задачы крыху іншыя. Мы вырошчваем елкі не для прыгажосці, а для таго, каб яна давала добрае насенне. Для нас галоўнае атрымаць як мага больш шышак. Да таго ж дрэўцы яшчэ досыць маладыя.

Дзеля таго каб шышка адпавядала ўсім стандартам, нельга адступаць ад тэхналогіі. Тут трэба правільна пасадзіць будучае дрэўца, даглядаць яго, падразаць, песціць і зберагаць. Як таму аграномаў, без чыёй самаадданай працы хлеба не будзе. Толькі тут увесь цяжар работы бяруць на сябе леснікі.

У абавязкі Аляксандра Анішчанкі ўваходзіць і апрацоўка ўчастка супраць шкоднікаў, ён гэта робіць чатыры разы ў год. Тая ж пядзеніца — на выгляд прыгожы матылёк, за якім так прыемна назіраць у лесе. Насамрэч прыгажуня у стадыі вусеня вельмі моцна псуе хвою. Акрамя яе хапае і іншых, якім таксама падабаецца смак елак. Калі не адпужваць, з’ядуць усе іголкі. І тады пра шышкі можна будзе забыцца.

Не любяць елкі таксама, калі вакол іх буяе трава. «Прыходзіцца касіць, — кажа суразмоўнік. — Інакш галіны будуць цягнуцца ўгору і радыус іх размаху будзе вузкі. А калі дрэўцы зусім яшчэ маленькія, нават праполку робім. Каб трава іх не заглушыла».

Калі дрэва, нягледзячы на ўсе старанні леснікоў, усё ж такі не выжывае, восенню ці вясной, калі зямля найбольш вільготная, да-
саджваюцца маладзейшыя. Наогул тэрмін службы дрэў, што на лесанасеннай плантацыі, каля 40 гадоў, далейшае яго жыццё вызначае камісія. Калі ўсё адпавядае патрабаванням, перыяд працягваецца.

Па перыметры яловай пляцоўкі — бярозы. Гэта для таго, каб элітныя елкі не апыляліся звычайнымі, якія растуць непадалёк. Па слупках можна даведацца, калі якую партыю саджалі. Захоўваецца і пэўная схема пасадкі, кожнае дрэва ідзе пад нумарам.

Па маршруце заязджаем яшчэ на невялічкую дзялянку, дзе пасаджаны елкі з семечак вось гэтай цемналескай плантацыі. Ім толькі чатыры гады, і яны пад асаблівым наглядам.

Збор шышак пачаўся ў снежні і павінен закончыцца да сакавіка. На плантацыі, дзе мы пабывалі, ён ужо завяршыўся. Аляксандр Анішчанка з гонарам адзначыў, што сабралі яго леснікі за снежань 900 кілаграмаў. Улічваючы, што тут дастаткова маладыя дрэўцы, вынік добры.

У Аляксандра Анішчанкі і яго падначаленых сёння іншыя клопаты. Трэба яшчэ кожную елачку краніраваць, каб яна не марнавала свае сілы на непатрэбную ёй работу. Дарэчы, гэта адна з прычын, чаму елкі на плантацыі не вельмі прыгожыя. Іх місія больш значная — аздараўліваць сваім насеннем будучыя лясы.

Айда за шышкамі

Прычыніцца да збору шышак атрымалася ў Раснянскім вопытна-вытворчым лясніцтве. У першую чаргу вядзецца збор менавіта палепшанай шышкі. І толькі калі па плане не хапае аб’ёмаў, у ход ідуць звычайныя. Гэта якраз той выпадак. Елкі не элітныя, вымахалі па пяць метраў у вышыню. Знізу бачна, якія прыгожыя гронкі шышак на іх вісяць, але без спецыяльнага прыстасавання да іх не дабярэшся. Леснікі задзейнічалі ў зборы шышак тэхніку. Ляснік-вальшчык Андрэй Валчок у поўнай амуніцыі і з каскай на галаве выконваў складаную работу наўпрост з пад’ёмніка. У сярэднім на вышыні за дзень яму трэба сабраць 17 кілаграмаў.

Калі мяшок шышак быў поўны, ён з пачуццём выкананага доўгу расказаў, што яго работа хоць і складаная, але вельмі яму падабаецца. Таму ён у ёй ужо 25 гадоў.

Сёлета леснікі са зборам шышак спраўляюцца самастойна, але бывае, што прыходзіцца звяртацца да насельніцтва.

— Год быў для нас не вельмі ўраджайны, — прызнаецца Аляксей Зуёнак. — Здаецца, і цвілі ня дрэнна, спадзяваліся на ўраджай шышак, але працяглы перыяд — каля 50 дзён — без ападкаў — адбіўся на плоданашэнні. Таму сёлета абышліся без дапамогі насельніцтва. А ва ўраджайныя гады запрашаем лесанарыхтоўшчыкаў збоку.

Цэх па выпрацоўцы фітанцыдаў

Гэта такое ўражанне складаецца, калі сюды заходзіш. Правільна ён называецца цэх па перапрацоўцы лесанасеннай сыравіны. Але ад паху, які тут стаіць, кружыцца галава. Шышкі пасля збору адпраўляюцца менавіта сюды, каб прайсці працэс сушкі.

У такіх умовах, напэўна, вельмі карысна працаваць у грыпозны перыяд. Начальнік гадавальніка Горацкага лясгаса Таццяна Гарусава пагаджаецца, што яе работа звязана з гаючым пахам.

 Для таго каб раскрылася шышка, неабходна ад 24 да 48 гадзін.

— Шышкі паступаюць да нас з 13 лясгасаў Магілёўскай вобласці і аднаго — Віцебскай, з Аршанскага, — удакладняе Таццяна Гарусава. — Калі шышкі раскрываюцца, мы з дапамогай спецыяльнага абсталявання абяскрыльваем насенне і аддзяляем ад няякасных семечак. Потым сартуем, пакуем, а пробы адсылаем у рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр у Мінск, дзе ім прысвойваецца клас. Чым ён вышэй, тым лепш усходжасць і рост. За мінулы сезон мы перапрацавалі 51 тону шышак, атрымалі каля 650 кілаграмаў насення.

Гатовае насенне расфасоўваецца ў пакеты, якія запайваюцца. На кожную партыю ствараецца этыкетка, дзе ўказваецца год закладкі, маса, а таксама кандыцыйная якасць. Шлях шышкі, дакладней, ужо яе насення, заканчваецца ў халадзільніку Горацкага лясгаса. Сёння тут захоўваецца 4900 кілаграмаў насення. Пры тэмпературы −2° яны змогуць яшчэ доўгі час не страчваць кандыцыйнасці і пасяўных якасцяў.

— Шышку мы збіраем для таго, каб стварыць неабходны запас, — удакладняе начальнік аддзела Магілёўскага лесагаспадарчага аб’яднання Вячаслаў Галаўнёў. — З дапамогай халадзільнікаў яно можа захоўвацца 10 гадоў. Калі б семечкі проста ўпалі на зямлю і засталіся там ляжаць, яны б страцілі ўсходжасць. А тыя, што ляжаць у халадзільніку, — наш стратэгічны запас.

Дарэчы, сёлета па вобласці плануецца нарыхтаваць да 50 тон сасновай і яловай шышкі, у тым ліку з лесанасенных плантацый каля 30 тон.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Горацкі раён

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.