Вы тут

Чым парадуе гледачоў тэатральны форум «М.@rt.кантакт-24»


З падрабязнасцямі чаканага тэатральнага дзейства азнаёмілі састаршыня аргкамітэта ХVII Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форума «М.@rt.кантакт», намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Малашка, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун, дырэктар Магілёўскага абласнога драмтэатра Ірына Белякова і галоўны рэжысёр гэтага ж тэатра Каміля Хусаінава. 


— Вялікую тэатральную падзею другі год запар узначальвае міністр культуры, — адзначыў Валерый Малашка. — Гэта дапамагае прывабліваць цікавыя тэатральныя калектывы на міжнародным узроўні. Два гады з-за пандэміі мы не маглі развіваць фестываль, нават рабілі яго са спектакляў цалкам беларускіх тэатраў. Але форум застаецца топавым мерапрыемствам. Сёлета гэта першая маштабная падзея ў рамках Года якасці. 

Праграма вельмі насычаная, практычна 4 спектаклі за дзень. Будзе нялёгка і крытыкам, і журы, і гледачам вызначыцца, які з іх лепшы. Чакаем вялікую колькасць артыстаў, рэжысёраў, усіх тых, хто мае дачыненне да тэатра. У горадзе будуць задзейнічаныя чатыры сцэнічныя пляцоўкі, дзве з якіх абласнога драмтэатра.

Традыцыйна, акрамя паказаў спектакляў беларускіх і замежных тэатральных калектываў, у рамках форума адбудуцца майстар-класы, творчыя сустрэчы, будзе арганізавана работа маладзёжнай творчай лабараторыі. Асноўная праграма ўключае 25 спектакляў тэатральных калектываў з Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Арменіі, Балгарыі і Расіі.

Беларусь на тэатральным форуме прадставяць тэатры з Магілёва, Мінска, Брэста і Гомеля.

— Праграма форума пачала фармавацца адразу ж пасля таго, як толькі закончыўся папярэдні, — заўважыла дырэктар тэатра Ірына Белякова. — Мы актыўна наведвалі расійскія тэатры, прыглядаліся да калектываў. Некаторых запрашалі пасля таго, як убачылі іх работу на сцэне і атрымалі ад яе вялікае задавальненне. Наш тэатр выступае за пашырэнне межаў форума. Сёлета запланаваны паказ спектакля «Жаніцьба» ў Бялынічах — культурнай сталіцы гэтага года. 

Паколькі сёлетні год праходзіць пад знакам 80-годдзя вызвалення Беларусі, для аматараў тэатра падрыхтаваны падарунак. «Яны змогуць па білетах на спектаклі наведаць яшчэ і экспазіцыю Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перасовачная выстава ад якога будзе працаваць у тэатральным скверы», — удакладніў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун.

Тэатральная афіша вельмі насычаная спектаклямі класікаў, у рэпертуары пастаноўкі на вядомыя творы Гогаля, Булгакава, Дастаеўскага, Марк Твэна, Чынгіза Айтматава і іншыя. На думку арганізатараў, класічная форма падачы вядомых твораў таксама цікавая. У любым выпадку, яны будуць прачытаныя сучаснай мовай. Па словах Камілі Хусаінавай, тыя рабяты, якія працавалі ў эксперыментальных жанрах, крыху з часам пасталелі і ім стала цікавыя яшчэ і класічныя формы.

Толькі з Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці ў Магілёў завітаюць 4 тэатра — драмтэатр «На Ліцейным», Пецярбургскі камерны тэатр «ТАК», тэатр пантамімы і пластыкі «Атэлье» і Ладзейнапольскі драмтэатр-студыя «Красавік». 

У афішы заяўлены таксама Каляда-тэатр з Екацярынбургу, з якім у Магілёва склаліся вельмі цесныя сяброўскія сувязі. На гэты раз ён пакажа гасцям форума спектакль «Тарас Бульба». Рэжысёр Мікалай Каляда напісаў інсцэніроўку, выкарыстоўваючы розныя творы Мікалая Гогаля. Ён набліжае старадаўнія падзеі да сённяшняга дня і нагадвае, што не павінна быць месца войнам. Наогул тэма пераасэнсавання чалавечага жыцця, яго каштоўнасці і важнасці чырвонай ніткай пройдзе праз рэпертуар тэатральнага форума. Напрыклад, Іркуцкі акадэмічны драмтэатр імя Ахлопкава запросіць паразважаць на ваенную тэму і лёс салдата разам з героямі п’есы «Твардоўскі: Васіль Цёркін. Кніга пра байца». Гэты спектакль уваходзіць у трылогію пастановак аб жыцці і творчасці рускіх паэтаў, створаных у рамках праекта «Голас рускай паэзіі». Кыргызскі дзяржтэатр юнага гледача імя Бакен Кыдыкеевай з Бішкека прадставіць монаспектакль «Үмүт» («Надзея»). Гэта гісторыя апавядае пра жанчыну, якая адправіла сына на Вялікую Айчынную вайну з надзеяй, што ён вернецца. Кранальны спектакль аб бясконцай вечнай матчынай веры і любові. Госць з Ерэвана — дзяржаўны рускі драмтэатр ім. К. С. Станіслаўскага — з дапамогай тэатральных прыёмаў перадасць у кароткіх гісторыях паводзіны чалавека, якія абумоўліваюць інстынкты. Спектакль «Людзі. Зверы. Абставіны» — разважанні вядомага амерыканскага драматурга Дона Нігро на маральную тэматыку. Балгарскі тэатр з Сафіі «Сляза і смех» звяртаецца да адной з самых знакамітых кніг ранняга італьянскага Рэнесансу Джавані Бакаччо «Дэкамерон». У разгар чумы тры дамы ўспамінаюць свае інтымныя перамогі, сімвалізуючы гэтым трыумф жыцця над смерцю.

Журы Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форума «М.@rt.кантакт» прадставяць вядомыя тэатразнаўцы Беларусі, Расіі, Кыргыстана, Ізраіля. Узначаліць яго расійскі і ізраільскі рэжысёр, педагог, крытык Віктар Шрайман. 

Астаецца дадаць, што білеты ў касах Магілёўскага драмтэатра і адначасова на сайце kinoteatr. megamag. by можна будзе набыць ужо з 2 лютага. На асноўныя паказы квіток пацягне на 25-47 рублёў, на дзіцячыя — ад 20 да 30, а на адкрыццё каля 50 рублёў.

Як адзначылі арганізатары, плануецца, што доля бюджэтнага фінансавання форума сёлета складзе чвэрць ад усіх выдаткаў на яго правядзенне. Астатнія кампенсуюцца за конт продажы білетаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.