Вы тут

Інжынерныя і будаўнічыя рабочыя спецыяльнасці самыя запатрабаваныя


Падчас сёлетняй прыёмнай кампаніі ўстановы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі прымуць амаль 70 тысяч выпускнікоў. Самымі запатрабаванымі як у абітурыентаў, так і на рынку працы з’яўляюцца прафесіі інжынернага профілю, апрацоўчай і будаўнічай сфер. З’явяцца сёлета і новыя спецыяльнасці, запатрабаваныя на высокатэхналагічных вытворчасцях.


 

Як праінфармавала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова, падчас сёлетняй прыёмнай кампаніі выпускнікоў чакае 226 каледжаў (нагадаем, што, згодна з новым Кодэксам аб адукацыі, усе ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі аб’яднаны цяпер адной назвай) і 37 іншых устаноў. Гэта гімназіі-каледжы мастацтваў, вучылішчы алімпійскага рэзерву і філіялы ВНУ, якія навучаюць па праграмах сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Пераважна на ўзровень прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі паступаюць выпускнікі 9-х класаў. Усяго навучальныя ўстановы прымуць каля 40 тысяч выпускнікоў на сярэднія спецыяльныя праграмы і каля 27 тысяч — на прафесійна-тэхнічныя. Некаторыя паступаюць у такія навучальныя ўстановы, каб атрымаць прафесію і выйсці на рынак працы, іншыя разглядаюць іх як першую прыступку для атрымання далейшай адукацыі.

— Можна абраць спецыяльнасці і пайсці развівацца ў пэўнай сферы, напрыклад, галіне будаўніцтва, можна ў працэсе навучання змяніць траекторыю, калі вы разумееце, што абраная сфера не апраўдала чаканні, — адзначыла Аляксандра Пятрова. — Самымі запатрабаванымі на рынку працы з’яўляюцца выпускнікі, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю, прафесію, прайшлі практыку на прадпрыемстве і навыкі эксплуатацыі абсталявання, а потым перайшлі на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, атрымаўшы кіраўніцкія, канструктарскія, праекціровачныя кампетэнцыі. Ну і найвышэйшы кампанент яны могуць атрымаць на ўзроўні вышэйшай адукацыі. Такія спецыялісты традыцыйна ў сферы тэхнікі і тэхналогій з’яўляюцца запатрабаванымі, і ў рэальным сектары эканомікі на іх вялікі попыт.

Самы значны ў структуры сярэдняй спецыяльнай адукацыі — інжынерны профіль, спецыялісты для апрацоўчай і будаўнічай галін, гэта больш за трэць навучэнцаў. Вялікімі з’яўляюцца такія профілі падрыхтоўкі, як ахова здароўя, сацыяльная абарона, сельская, лясная, рыбная гаспадаркі, ветэрынарыя і педагагічныя спецыяльнасці.

— Гэтыя спецыяльнасці вельмі запатрабаваныя эканомікай, дастаткова папулярныя і ў абітурыентаў. Профілі педагогіка і ахова здароўя, напрыклад, — адны з лідараў па высокім прахадным бале на спецыяльнасці сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта матываваныя выпускнікі, якія свядома выбіраюць пэўныя сферы і развіваюцца далей. Па інтэграцыі з вышэйшай адукацыяй педагогіка з’яўляецца адной з лідзіруючых сфер. Атрымаўшы педагагічную спецыяльнасць сярэдняй спецыяльнай адукацыі, вялікая доля выпускнікоў паступае затым у ВНУ — як на дзённую, так і на завочную формы. Папулярнай, канешне, з’яўляецца завочная форма навучання, — расказала Аляксандра Пятрова.

Што датычыцца прафесійна-тэхнічнай адукацыі, то тут таксама лідзіруе інжынерная, апрацоўчая і будаўнічая галіны. Падрыхтоўка па гэтых спецыяльнасцях займае ўвогуле больш за 70%. 

Тут выпускнікі, як правіла, маюць не менш за дзве прафесіі, якія дазваляюць ім быць больш запатрабаванымі.

— У сельскай гаспадарцы ёсць сезонныя прафесіі, запатрабаваныя ў пэўны час. Наяўнасць другой прафесіі дазваляе працаваць круглы год. Напрыклад, гэта трактарыст і адначасова слесар па рамонце. Гэта папулярная звязка, і такія спецыялісты запатрабаваны цягам усяго года, — прывяла прыклад спецыяліст.

У бягучым годзе плануецца адкрыццё дзвюх новых спецыяльнасцяў для падрыхтоўкі рабочых — «Тэхнічная эксплуатацыя мехатронных сістэм электроннай вытворчасці» і «Вытворчасць вырабаў мікра- і нанаэлектронікі». Гэта спецыяльнасці для высокатэхналагічных вытворчасцяў. Таксама плануецца набор па новай спецыяльнасці «Эксплуатацыя сродкаў вымярэння» з прысваеннем кваліфікацыі «Тэхнік-метролаг».

Аляксандра Пятрова паведаміла, што ва ўсіх рэгіёнах праводзяцца кірмашы мэтавай падрыхтоўкі — пляцоўкі для сустрэчы абітурыентаў, іх бацькоў і заказчыкаў кадраў, дзе ў рэальным рэжыме можна абмеркаваць умовы па будучым навучанні і рабоце. Дарэчы, менавіта ў гэты час прадпрыемствы вызначаюцца, ці патрэбны ім спецыялісты, якія будуць навучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Лічбы прыёму сфарміруюць на аснове іх заявак.

— Абітурыенты і іх бацькі бачаць, якія прадпрыемствы заявіліся на заключэнне дагавораў па мэтавай падрыхтоўцы і могуць абраць пэўную арганізацыю, заключыць дагавор з арганізацыяй. Далей адбываецца асобны конкурс ва ўстанове адукацыі падчас прыёмнай кампаніі. Падкрэслю, што ў адрозненне ад сістэмы ВНУ на ўзровень прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі набор на мэтавае навучанне ажыццяўляецца падчас звычайнай прыёмнай кампаніі — у тыя ж тэрміны, якія ўстаноўлены для абітурыентаў на агульных падставах. Гэта даволі працяглы час, можна пад’ехаць на прадпрыемства, заключыць дагавор і прэтэндаваць на асобны конкурс. Многія арганізацыі выкарыстоўваюць стымуляцыйныя меры для сваіх работнікаў і падчас навучання даюць пэўную сістэму заахвочванняў, але гэта неабходна абмяркоўваць падчас заключэння дагавораў, — праінфармавала Аляксандра Пятрова.

З якімі прадпрыемствамі супрацоўнічае ўстанова адукацыі, можна пацікавіцца і ў самім каледжы. Там таксама сарыентуюць абітурыента, куды можна звярнуцца для заключэння дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы.

Даныя пра ўсе ўстановы адукацыі ёсць на сайце Міністэрства адукацыі. Там жа, а таксама на сайце Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі маюцца абноўленыя даведнікі для выпускнікоў. У саміх навучальных установах можна даведацца, калі яны праводзяць майстар-класы і дні адкрытых дзвярэй.

— Мы рэкамендуем наведаць гэтыя ўстановы адукацыі, паглядзець умовы, у якіх вы будзеце вучыцца і пражываць, пазнаёміцца з калектывам, каб зразумець, ці ваша гэта ўстанова адукацыі. І, канешне, аптымальны варыянт — наведаць прадпрыемства, якое з’яўляецца базавым для гэтай установы адукацыі. Паглядзець умовы, рабочае месца для таго, каб уяўляць, якую сферу эканомікі вы выбіраеце. Установа адукацыі — гэта шлях дасягнення пэўных кампетэнцый, што спатрэбяцца на вашым прафесійным шляху, які будзе доўжыцца не 2-3 гады, а значна больш, таму загадзя мець уяўленне будзе не лішнім, — параіла абітурыентам Аляксандра Пятрова.

Алена КРАВЕЦ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.