Вы тут

Працоўны стаж на тры пакаленні — каля двухсот гадоў


Цікавая лічба: на працягу амаль сарака гадоў Гомельскі абласны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ўзначальвалі Друяны — спачатку бацька, потым сын. Абодва — заслужаныя ўрачы Рэспублікі Беларусь, кандыдаты медыцынскіх навук, дацэнты, ардэнаносцы... Да таго ж Друян старэйшы — Ібрагім Леанідавіч і яго жонка Марыя Лявонцьеўна — ветэраны вайны і, можна сказаць, заснавальнікі цэлай дынастыі медыкаў з агульным працоўным стажам каля двухсот (!) гадоў — тры пакаленні. Гутарым з прадстаўніком другога з іх — сярэдняга.


— Леанід Ібрагімавіч, у Беларусі, мусіць, няма больш такой дынастыі і няма ўстановы, якую б столькі гадоў узначальвалі бацька і сын. Для вас выбар прафесіі быў заканамернасцю?

— Я не фаталіст, але ж давайце разважаць. Калі б недзе з сёмага класа я не стаў наведвацца да бацькі на работу, не бачыў яго ў справе, не марыў таксама стаць доктарам, дык і не стаў бы. У маім характары змалку не было імкнення рвацца наперад, настырна заяўляць пра сябе... Тым не менш школу я скончыў з залатым медалём, у час вучобы не цураўся і грамадскіх спраў. Тое ж было і ў інстытуце. А пасля яго — праца тэрапеўтам у адной з паліклінік, цэхавым урачом на станкабудаўнічым заводзе, служба ў войску, завочная вучоба ў аспірантуры, выкладанне на кафедры медпадрыхтоўкі, паўстаўкі ўрача-тэрапеўта ў шпіталі інвалідаў вайны, абарона кандыдацкай дысертацыі, пасля якой паступіла прапанова ўзначаліць шпіталь.

Гэты шлях — угару, уверх па прыступках — вынік вялікай асабістай працы. Маё выхаванне было пастаўлена так, каб усё спасцігаў я сам. Бацькі змалку прывучалі да любой справы ставіцца адказна і добрасумленна, да любога чалавека — з павагай. Тады, маўляў, будуць і прызнанне, і пашана, — і як вынік — пасада.

— То-бок вы лічыце, што само жыццё ўсё і ўсіх расстаўляе на свае месцы?

— Напэўна, так. Хаця ў жыцці майго бацькі, рашаючую ролю мелі як заканамернасці, так і выпадковасці, аб чым ён, напэўна, нават не задумваўся. Проста рос у беднай армянскай сям’і, за тры кіламетры хадзіў у школу-сямігодку, падчас вучобы ў Керчанскім металургічным тэхнікуме перабіваўся з квасу на хлеб, бо стыпендыі не хапала, а дапамогі проста не было — пастаянна шукаў падпрацоўку... Горш за тое, пасля вытворчай практыкі на заводзе студэнт зразумеў, што будучая прафесія не для яго, і паступіў у Днепрапятроўскі медыцынскі інстытут. Апошні экзамен (і, дарэчы, на выдатна) ён здаў 21 чэрвеня 1941 года, спадзяваўся прыступіць да працы і прыступіў... Хоць зусім не да той, на якую разлічваў. Праз некалькі дзён доктар Ібрагім Друян апынуўся на пасадзе начальніка эвакуацыйнага аддзялення палявога шпіталя, які перамясціўся ў Жытомір... Казаў, што медыкі там не спалі суткамі — столькі было параненых…

Потым прыйшоў загад рухацца далей — у бок Кіева, але страты ад бамбардзіровак былі настолькі вялікімі, што перасоўныя шпіталі давялося расфарміраваць, а медыкаў адправіць на перадавую.

Для бацькі гэта быў 193 кулямётны батальён Кіеўскага ўмацаванага раёна, адступленне ўглыб краіны, зноў налёты нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў, і разгром калоны... Апрытомнеўшы пасля ранення, бацька ўбачыў перад сабой групу нямецкіх аўтаматчыкаў.

Пасля гэтага быў палон, паўгода амаль канцлагернага рэжыму з пастаянным голадам, маральнымі і фізічнымі здзекамі, невыносна цяжкай працай і пастаяннымі думкамі пра ўцёкі.

Першая ж спроба для некалькіх чалавек скончылася расстрэлам. Бацьку цудам пашчасціла выжыць і пазней трапіць у партызаны.

Расказваў, што атрад іх быў зусім не вялікі, аднак ворагу шкодзіў нямала. Немцы не раз спрабавалі расправіцца з народнымі мсціўцамі, што няцяжка было зрабіць ва ўмовах украінскага рэдкалесся... Таму летам 1942-га, адолеўшы нялёгкі шлях, атрад перабазіраваўся ў лясы Беларусі…

— Бацька прымаў удзел у баях, у сутычках з немцамі ці больш, як урач—хірург, стаяў за аперацыйным сталом?

— І тое, і другое. З інструментаў — казаў — быў нож (звычайны, кухонны), іголка, ніткі, пацыенту — шклянка першаку для наркозу. Гэта ў пачатку. З часам бацька ўзначаліў санітарную службу партызанскай брыгады імя Гуляева, стаў адным з арганізатараў медыцынскай службы Мінскага партызанскага злучэння і вельмі многага змог дабіцца. Па яго прапанове былі пабудаваны спецыяльныя зямлянкі для параненых і хворых, для правядзення аперацый, адкрыты лазні, арганізаваны збор лекавых траў.…

Якраз гэтая справа і звяла майго бацьку доктара Ібрагіма Друяна з медсястрой Палескага партызанскага злучэння Марыяй Вежнавец. Нейкі час яны перапісваліся (бо атрады знаходзіліся на вялікай адлегласці), а потым атрымалі дазвол камандзіраў (такія былі парадкі) на шлюб. Кіраўнік партызанскай брыгады Герой Савецкага Саюза Фёдар Іларыёнавіч Паўлоўскі разлічваў, што доктар Друян перабярэцца да Марыі, і ў брыгадзе з’явіцца выдатны доктар. Але ж тата хацеў, каб жонка перабралася ў ягоны атрад... Так яно ўрэшце і выйшла: бацькаў шпіталь папоўніўся кваліфікаванай медсястрой.

— Адкуль была родам ваша матуля? Як яна трапіла ў партызаны?

— Марыя Лявонцьеўна паходзіла з вёскі Пратасы былога Парыцкага раёна, да вайны ў Бабруйску скончыла школу медсясцёр…

Яе старэйшы брат Рыгор пасля ваеннага вучылішча служыў у Чырвонай Арміі, трапіў у акружэнне, вызваліўся, вярнуўся дамоў і адразу папярэдзіў сям’ю, што пойдзе ў партызаны. Марыя пайшла следам.

— Спачатку — следам за братам, потым — следам за мужам, праз усё жыццё…

— Так... Адразу пасля вызвалення Беларусі мае бацькі працавалі на Камянеччыне. Дарэчы, па дарозе туды ў ліпені 1944-га ім давялося заначаваць у нейкім будане і трапіць там пад абстрэл (па лясах яшчэ блукалі недабітыя фашысты ды іх памагатыя)... У мамы пачаліся роды, і прымаць іх давялося бацьку.

З 1952 года па 1960-ы, ужо ў Гомелі, ён працаваў начальнікам медчасці шпіталя інвалідаў вайны, потым узначаліў яго і вельмі шмат зрабіў. Пры ім былі пабудаваныя новая сталовая, водалячэбніца, гаражы, пацыентаў-інвалідаў сталі навучаць іншым прафесіям — майстра па рамонце гадзіннікаў, абутка, кінамеханіка і г. д. Заслугі бацькі былі настолькі значнымі, што ў Цэнтральным медыцынскім музеі Ленінграда яго дзейнасці была прысвечана спецыяльная экспазіцыя.

— Пасля Ібрагіма Леанідавіча шпіталь узначалілі вы — Друян малодшы, Леанід Ібрагімавіч. Прызнайцеся: мела месца пратэкцыя?

— Не! Яе нават быць не магло, хоць бы таму, што шпіталь я ўзначаліў у 1990-м, а бацькі не стала ў 1988-м.

— Тым не менш вы прадоўжылі яго справу. Раскажыце, што ўдалося зрабіць?

— Пералік будзе доўгім. Пачну з таго, што калі заступіў на пасаду, шпіталь меў адзін корпус на 220 ложкаў і ў калектыве працавала 280 чалавек. Калі ў 2008-м пераходзіў на іншую работу, лічбы «падскочылі» адпаведна да 600 і 500... Ішло будаўніцтва новых карпусоў, ствараліся новыя аддзяленні — пасляінсультнае і пасляінфарктнае, траўматалагічнае, рэабілітацыйнае, прымяняліся новыя тэхналогіі лячэння і дыягностыкі. Вялікую ўвагу мы надавалі безбар’ернаму асяроддзю — рабілі ўсё, каб пацыенты-калясачнікі маглі самастойна наведваць любы кабінет, «выязджаць» за межы памяшканняў. У новых карпусах у кожнай палаце прыбіральня, умывальнік, і ўсё ж…

Калі ў Гомелі адкрываўся медыцынскі ўніверсітэт, я, у адрозненне ад большасці галоўных урачоў бальніц і паліклінік, горача падтрымліваў рэктараў гэтай ВНУ, якія стаялі за тое, каб на базе шпіталя і ўніверсітэта, у звязцы практыкі і навукі, дзейнічала клінічная ўстанова. Што ўрэшце атрымалася і дае цяпер добры плён…

Мне вельмі прыемна, што шпіталь працягвае развівацца пад умелым кіраўніцтвам Алега Анатолевіча Іванцова.

— Леанід Ібрагімавіч, пытанне, як той казаў, «на засыпку». Вашы бацькі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны, многімі медалямі і Ганаровымі граматамі, вы, «Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь» — ордэнам «Знак Пашаны»... Сёлета вам споўніцца восемдзясят. Пенсійны ўзрост. У такім вельмі многія і даўно — на сапраўды заслужаным адпачынку. Вы па-ранейшаму працуеце. Спакой вам толькі сніцца?

— Не (з усмешкай), не сніцца. Ужо 30 гадоў я працую дацэнтам кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб Гомельскага медуніверсітэта. За гэты час выступіў аўтарам ці сааўтарам 11 кніг, у свае 74 вырашыў заняцца вывучэннем англійскай мовы і ўжо тры гады навучаю на ёй замежных студэнтаў…

Дарэчы, ва ўніверсітэце было арганізавана інтэрнэт-галасаванне з мэтай вызначыць найлепшых выкладчыкаў. Што вельмі прыемна, студэнты назвалі мяне... Так што пакуль дазваляе здароўе, ад работы адмаўляцца не збіраюся. Жыць — значыць служыць, быць карысным людзям. У нас, Друянаў, гэта ў крыві.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

г. Гомель

Загаловак у газеце: Жыць — значыць служыць, быць карысным людзям

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.