Вы тут

Пуцёўку ў жыццё дала «Звязда»


Калі Сяргея Хрыпача не стала, адзін з таварышаў па службе ў памінальным слове сярод іншых якасцяў афіцэра адзначыў яго гіперадказнасць за даручаную справу — аж да самых дробных дэталяў у практычнай рэалізацыі. І гэта сапраўды так. Калегі, падначаленыя падпалкоўніка міліцыі ведалі, што ён ледзь не штодня ад’язджаў са службы позна, з партфелем, туга набітым дакументамі, з якімі працаваў дома ўжо за поўнач і якія з самае раніцы ішлі ў працу без усялякай дадатковай арганізацыйнай, стылістычнай ці іншай падрыхтоўкі. Гэта пры тым, што кожны вечар яго трапяткой увагі і клопату дома з нецярпеннем чакалі жонка, сын і зусім яшчэ маленькая дачушка.


Афіцэрскае званне — датэрмінова

Нарадзіўся Сяргей Уладзіміравіч 31 снежня 1973 года ў вёсцы Талкачэвічы Уздзенскага раёна Міншчыны. У 1994-м, будучы студэнтам факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў у газеце «Звязда». У 1995-м прыйшоў у органы ўнутраных спраў.

Я добра памятаю нашу першую сустрэчу, знаёмства, якое адбылося ў 1994 годзе. Будучы прэс-сакратаром сталічнай міліцыі, па службовых справах давялося апынуцца ў сценах рэдакцыі «Звязды». Тут галоўны рэдактар і прадставіў мне худзенькага хлопца, які адразу неяк сарамліва ўсміхнуўся, прапанаваўшы гарбаты з печывам.

У службе інфармацыі прэс-цэнтра МУС Сяргей Хрыпач пачынаў старшым інспектарам. Праз некаторы час яго прызначылі намеснікам начальніка гэтага структурнага падраздзялення. Дарэчы, вельмі паказальны штрых: адначасова ён стаў малодшым лейтэнантам міліцыі. Напэўна, адзіным з ведамасных журналістаў, якія атрымалі дзякуючы свайму таленту афіцэрскае званне яшчэ да заканчэння ВНУ.

У снежні 1996 года Сяргей перайшоў на службу ў рэдакцыю газеты «На страже». Увесь яго далейшы лёс быў звязаны з гэтым выданнем. Некалькі гадоў мы з Сяргеем Хрыпачом, будучы спецыяльнымі карэспандэнтамі, удваіх займалі адзін кабінет. Затым абодва паступова, што называецца, пайшлі ў рост. Пасля пасады намесніка галоўнага рэдактара — адказнага сакратара газеты ў 2003 годзе ён узначаліў друкаваны орган МУС, а ў красавіку 2009-га — Аб’яднаную рэдакцыю. Быў узнагароджаны медалямі «За бездакорную службу» ІІ і ІІІ ступеняў, іншымі медалямі.

Адказны кіраўнік і ранімы чалавек

На працягу працоўнага дня кіраўнік паспяваў больш, чым патрабавалася: прыняць кожнага работніка рэдакцыі, даручыць, выслухаць і падказаць, бясконца гутарыць з пазаштатнікамі, наведвальнікамі-чытачамі. Пры гэтым бесперапынна «разрульваць» па тэлефонах розныя, часам вострыя тэмы, пастаянна трымаць кіраўніцтва ў курсе бягучых і перспектыўных пытанняў, мець зносіны з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, шматлікіх ведамстваў і прадпрыемстваў.

У даўніх прафесійных традыцыях газеты «На страже» заўсёды было ўпартае, мэтанакіраванае павышэнне прафесійнага майстэрства калектыву, бесперапыннае ўзняцце творчай планкі ведамаснага выдання, якое ініцыіраваў персанальна кожны зноў прызначаны яго кіраўнік. Не стаў у гэтым сэнсе выключэннем і падпалкоўнік міліцыі Хрыпач, які за 12 гадоў знаходжання на гэтай пасадзе ажыццявіў шмат новых інавацыйных праектаў. Апошняй у яго жыцці стала вельмі плённая ідэя аб’яднаць да 100-годдзя беларускай міліцыі пад эгідай рэдакцыі абсалютна ўсе бібліятэкі нашай краіны, пачынаючы ад кожнай раённай, у адзіную інфармацыйную карыстальніцкую сетку. І яму ўдалося гэта зрабіць.

Высокая адказнасць, прынцыпова-катэгарычная зацікаўленасць і бязмерная чуласць выяўляліся ў яго характары яшчэ з дзяцінства. Адзін з блізкіх Сяргею людзей успамінаў эпізод з юных гадоў, калі, як і ўсе хлапчукі, якія гулялі ў вайнушку, на «полі бою» ён аддаваў перавагу быць «начальнікам штаба». Аднойчы «начштаба» нават публічна адчытаў свайго «падначаленага» за тое, што той «не забяспечыў магчымасць вывазу і дастаўкі ў санчастку параненых з поля бою»…

Як кіраўніку, яму заўсёды па-добраму зайздросцілі. З захапленнем глядзелі на яго дружны і працавіты калектыў, шчыра ўхвалялі поспехі газеты. Хоць, зрэшты, і зласліўцаў хапала. Шмат хто добра казаў пра яго жыццё, маладосць, але мала хто ведаў пра тое, што рабілася ў яго ранімай душы ў гадзіны цяжкіх трагічных выпрабаванняў. Яшчэ дзіцем ён страціў бацьку — дарэчы, таксама супрацоўніка міліцыі, які пайшоў так раптоўна і рана. Затым, праз шмат гадоў, не вытрымала жахлівага інсульту першая жонка Сяргея, якая падарыла яму сына. Дарэчы, пасля скону Сяргея Хрыпача яго мама — Ларыса Сцяпанаўна — перажыла сына на шэсць гадоў, памерла яна ў 2021-м. Пахавалі яе побач з Сяргеем.

Нягледзячы на пастаянны знешні спакой і ўнутраную вытрыманасць, ён быў вельмі тонкім, ранімым чалавекам. Але толькі ў выпадку, калі чуў у свой адрас абгрунтаваную крытыку ці нават жорсткі папрок. Перажываў да душэўнага самакатавання, маўляў, як жа я сапраўды гэтага не ўлічыў, выпусціў, не дагледзеў... Калі ж хтосьці ў сілу ўласнай дрымучасці, бескультур’я спрабаваў абсалютна беспадстаўна яго «падчапіць» проста наборам пустых, а часам нават дзёрзка-зневажальных жартаў, то Сяргей заўсёды трымаў сябе ў руках, усім выглядам даючы зразумець такому невуку — маўляў, у люстэрка паглядзі.

Прага да подзвігу

Сяргей Хрыпач заўсёды быў ініцыятыўным, мэтанакіраваным, генерыраваў новыя нестандартныя ідэі, настойліва і метадычна ўкараняў іх. Пры гэтым хацеў быць смелым. І быў такім. Паспяваў практычна ўсё. Толькі, на жаль, не заўсёды атрымлівалася належным чынам удзяляць увагу ўласнаму здароўю. Ніхто ніколі не бачыў, каб ён паліў. Не было выпадку, каб ён прапусціў службовыя заняткі па фізпадрыхтоўцы або ведамасныя турніры па розных відах спорту. І ў той жа час нават падазраваць не мог, што з-за пастаянных перагрузак яго сэрца білася ўсё слабей і слабей…

Сяргей Хрыпач быў зусім бескарыслівым чалавекам. Дзеля якой-небудзь глыбокай ідэі, не міргнуўшы вокам, мог вокамгненна ахвяраваць тым, чым быў у стане ў дадзены момант. Бывала нават так: у выпадку раптоўнага недахопу казённых грошай у рэалізацыі чыста службовай задачы ён без роздумаў лез ва ўласны кашалёк.

Яшчэ адзін красамоўны прыклад. Аўтару гэтых радкоў пашчасціла стаць хросным бацькам яго малюсенькай дачушкі адразу пасля яе нараджэння. У завяршэнне абраду хрышчэння Сяргей вырашыў проста так перадаць у дар храму старадаўнюю, пажоўклую ад часу царкоўную кнігу, якая доўга захоўвалася ў яго сям’і. Здавалася б, у наш далёка не бескарыслівы час проста так падарыць рэч, каштоўнасны эквівалент якой можа складаць зусім не тонкі стос купюр, — мякка кажучы, крок безразважны. Але не! Сяргей нават не стаў абцяжарваць сябе вывучэннем ацэначнага складніка фаліянта, а ўжо тым больш магчымасцю якога-небудзь гандлю гэтым Пісаннем.

Ніколі не забуду тыя выдатныя гады, калі мы, энергічныя, настойліва-ўпартыя, гэтакія прафесійна-амбіцыйныя афіцэры-спецкарэспандэнты, займаючы ў 1990-х кабінет, які ў рэдакцыі так і называлі «два Сяргеі», любілі, часцяком да пятнічнай паўночы, абменьвацца ўражаннямі ад шматлікіх насычаных камандзіровак, бясконцымі ўзаемнымі апавяданнямі, прафесійнымі і жыццёвымі марамі. Заўсёды буду памятаць адно з адкрыццяў Сяргея пра тое, як ён дрыгатліва марыў пра сапраўдны ўчынак у жыцці, своеасаблівы подзвіг. Як правіла, такія думкі ў яго заўсёды ўзнікалі па завяршэнні тэрміновых выездаў у рэгіёны, дзе супрацоўнікі нашай міліцыі або вайскоўцы ўнутраных войскаў пры нясенні службы рызыкавалі, а часам і ахвяравалі здароўем, нават жыццём. Ён марыў быць падобным на іх, адчуваць сябе з імі ў адным шэрагу. Гэтае жаданне зараджалася ў ім яшчэ з вучобы ў Мінскім сувораўскім вучылішчы, у якім ён правучыўся зусім няшмат часу, і з таго часу, мабыць, лічыў не да канца вывастранымі грані свайго жыццёвага і прафесійнага патэнцыялу. Дарма ён так лічыў, бо свой крыўдна нядоўгі ў жыцці палёт ён ажыццявіў спаўна, высока і сумленна.

Ад рэдакцыі. У апошні дзень снежня споўнілася б 50 гадоў былому начальніку Аб’яднанай рэдакцыі МУС Рэспублікі Беларусь падпалкоўніку міліцыі Сяргею Уладзіміравічу Хрыпачу, якога, на жаль, няма з намі ўжо восем гадоў. Успамінамі пра свайго калегу і сябра падзяліўся былы намеснік начальніка Аб’яднанай рэдакцыі — галоўны рэдактар часопіса «Міліцыя Беларусі» падпалкоўнік міліцыі ў запасе Сяргей Міхайлавіч Рачыла, які займаў гэтую пасаду 11 гадоў з першага дня заснавання ведамаснага выдання. Два афіцэры, прафесійныя журналісты пазнаёміліся і пасябравалі амаль тры дзесяцігоддзі таму, у першай палове тых самых славутых ліхіх 1990-х...

Сяргей РАЧЫЛА

Фота з асабістага архіва аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.