Вы тут

Прайшла прэзентацыя кнігі Ігара Бышнёва «Нацыянальныя паркі — жамчужыны Беларусі»


 Прырода Беларусі заўжды ўражвала сваёй прыгажосцю, чысцінёй і неабсяжнасцю. Для таго, каб хаця крыху яе вывучыць, трэба, як мінімум, дзесятак гадоў. Прыкладна такі час і працаваў над сваёй новай кнігай вучоны-арнітолаг, эколаг, рэжысёр дакументальнага кіно Ігар Бышнёў.


Прэзентацыя яго працы пад назвай «Нацыянальныя паркі — жамчужыны Беларусі» сімвалічна прайшла 11 студзеня, у Сусветны дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гэтая кніга дазваляе ўбачыць прыгажосць роднай краіны з розных ракурсаў (у тым ліку і з вышыні птушынага палёту), зазірнуць у самыя запаведныя мясціны і нават «падглядзець» за жыццём жывёл, насякомых і птушак, у тым ліку і тых, што занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, на старонках альбома можна знайсці інфармацыю аб розных славутасцях, экскурсіях, гасцініцах, месцах для палявання і рыбнай лоўлі.

Усяго ў сваёй працы аўтар ахапіў чатыры нацыянальныя паркі і два запаведнікі. Кніга даволі аб’ёмная (больш за 300 старонак) з вялікай колькасцю яркіх унікальных фатаграфій.

— Тут праца дзесяці гадоў. Гэта пастаянныя экспедыцыі па Беларусі, па запаведніках, па нацыянальных парках, — дзеліцца Ігар Бышнёў. — Я заўсёды думаў, што кніга, у адрозненне ад кіно, дастаткова індывідуальная штука — усё ж пісьменнік працуе адзін. Але насамрэч гэта ў вышэйшай ступені вынік калектыўнай працы.

Так сумесна з выдавецтвам з «Беларусь» пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі была створана кніга, прысвечаная асабліва ахоўным тэрыторыям нашай краіны. Па словах аўтара, гэта быў рух насустрач з двух бакоў:

— Я задумаўся аб тым, што ёсць вельмі цікавы матэрыял, які было б выдатна адлюстраваць у кнізе. Патэлефанаваў у выдавецтва. Мне сказалі, ведаеце, гэта якраз тая тэма, якую замовіла дзяржава. Дык вось і атрымалася, што мы знайшлі адзін аднаго ў чарговы раз.

«У чарговы» — бо аўтар супрацоўнічае з гэтым выдавецтвам ужо на працягу 25 гадоў. Таксама Ігар Бышнёў прызнаўся, што падчас працы над матэрыялам адчуў, што ў гэтай кніжцы ёсць нешта кіношнае:

— Мы спрабавалі ў ёй сцэнарны рух зрабіць. Не толькі па сезонах, як звычайна, але таксама паказаць нейкія мікрагісторыі на разваротах кнігі, якія адпавядалі некаторым гісторыям нашых кінаработ. Ну а тэкст у дадзенай сітуацыі ідзе больш за ілюстрацыямі.

Сімвалічна самы першы экзэмпляр дырэктар выдавецтва «Беларусь» Вікторыя Філіпкава перадала ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На самой жа прэзентацыі было бачна, што гэтае выданне выклікае вялікую цікавасць. Усе ахвочыя маглі купіць кнігу і атрымаць аўтограф аўтара.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.