Вы тут

За межамі трохмернай прасторы. Якую рэальнасць бачаць гродзенскія мастакі ў калядных сюжэтах


Экспазіцыя, якая прадстаўлена ў выставачнай зале Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры, стала заключным акордам чарговага года і традыцыйна праходзіць у каляднай тэматыцы. Сёлета тут сабрана больш за паўсотні работ гродзенскіх творцаў-мастакоў, дызайнераў, скульптараў. Усе экспанаты маюць розныя тэхнікі выканання, але аб’яднаны духоўнай радасцю існавання чалавека ў сусвеце.


Выстаўка так і называецца «На Каляды». Як аказалася, тэматыка настолькі багатая, што амаль кожны год па ёй ёсць што прадставіць. Да экспазіцыі далучаюцца новыя аўтары, пішуцца новыя работы. Вось і сёлета на выстаўцы нямала маладых мастакоў— Юлія Самойла, Ягор Коткін, Вольга Бухаўка, Наталля Ляліна... Некалькі новых работ прадставілі вядомыя мастакі — Пётр Янушкевіч, Уладзімір Качан, Вікторыя Ільіна.

Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна так характарызуе агульны настрой экспазіцыі: святочная каларыстыка, ззянне сонца, агню і цяпла. А ўсё таму, што Каляды нясуць у сабе гэты невычарпальны духоўны сэнс, які выклікае філасофскія разважанні пра ўсеагульную гармонію ў прыродзе і ў душы. А шматлікія выявы анёлаў нібы ахінаюць сваёй апекай і абараняюць ад нядобрых сіл.

—Кожны аўтар па-свойму бачыць тэму Каляд. У кагосьці яна адлюстравана праз навакольнае асяроддзе. Хтосьці праз пейзажы стварае зімовы настрой, іншыя аўтары пераходзяць да асэнсавання ўсяго сусвету. Многія звяртаюцца да багатай біблейскай тэматыкі. Бо, як вядома, народнае свята Каляды звязана з Нараджэннем Хрыстовым, — зазначае мастацтвазнаўца. 

Менавіта да біблейскіх матываў звярнуўся і старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Саюза мастакоў Уладзімір Качан. На выстаўцы прадстаўлены дзве яго карціны на гэты тэму. Як расказаў сам аўтар, адна яго работа паказвае зямное жыццё Хрыста да яго смерці на крыжы. Светлая палоска на карціне — гэта вучэнне, якое ён пасля сябе пакінуў.

На выстаўцы прадстаўлена і зусім новая работа мастака, сэнс якой пачэрпнуты з Евангелія. Як паясніў аўтар, яе сутнасць у духоўным бачанні свету, а не толькі ў матэрыяльным. Нараджэнне Хрыста — з’ява сусветнага, касмічнага маштабу, адсюль і залітая святлом постаць Марыі ў бязмежнай прасторы. 

Аб чым думае аўтар, калі стварае падобны сюжэт? 

— У мяне ёсць рамяство, якое дазваляе гэта адлюстраваць, — паясняе сваю канцэпцыю творчасці Уладзімір Качан.- Мне важна паказаць духоўнасць праз матэрыяльную рэальнасць. Гэта даволі складана ва ўсе часы. Хаця да гэтай тэмы ў мастацтве пачалі звяртацца яшчэ ў сёмым стагоддзі. Тэма Раства была адной з самых распаўсюджаных, бо несла ідэю нараджэння новага свету, надзей, добрых спадзяванняў. Многае з тых часоў удасканальваецца, калі можна так сказаць. Наш час дазваляе паказаць гэту тэму ў тонкім сусвеце. Бо глядач стаў больш адукаваным і можа гэта ўсвядоміць. Гэта выхад за межы нашай трохмернай прасторы. 

Мастак Сяргей Уткін бачыць увасабленне каляднай тэмы ў вобразе суседства чалавека і ката. Карціна таксама напісана да сёлятняй выстаўкі і стварае настрой утульнасці і цяпла. За вокнамі мяце зімовая завея, а чалавек з катом пазірае на яе праз акно, у пакоі гарыць святло і яму з катом нічога не пагражае... 

 

—Безумоўна, калядная тэматыка пашыраецца, нешта мяняецца ў вобразах, формах, штрыхах. Але галоўны пасыл застаецца нязменным — стварыць мір і пакой у душы чалавека, даць яму надзею на перамогу дабра. Гэты пасыл застанецца назаўсёды, бо ў ім галоўная сутнасць існавання чалавека, яго ўчынкаў. Мастакі заўсёды будуць звяртацца да гэтай невычэрпнай тэмы. І наша выстаўка — таму прыклад, — лічыць мастак. 

Калядная тэматыка зацікавіла і сына Сяргея Уткіна Андрэя. Ён лічыць, што экспазіцыя стварае адпаведны настрой, многія работы маюць глыбокі філасофскі сэнс. 

— Калі браць біблейскую тэматыку, яе можна адлюстраваць павярхоўна, а можна больш паглыблена. Тым не менш там заўсёды будзе філасофскі кантэкст, кожны мастак раскрывае яго па-свойму. Работы філасофскага плана тояць у сабе сюжэты, якія прапісваюцца ў свядомасці гледачоў. Задача мастака — раскрыць нейкія тонкія рэчы, складаныя, — упэўнены Андрэй. 

Хлопец таксама мастак, пачынаў маляваць маслам, зараз зацікавіўся камп’ютарнай графікай, робіць калажы, эксперыментуе. Між тым ён упэўнены, што сапаўднаму мастацтву ніякія нейрасеткі не пагражаюць. Яны не заменяць мастака, бо самае важнае — гэта ідэі. Толькі чалавек уносіць у творчасць нешта новае, расказвае аб звыклых рэчах па-новаму, праграма сама гэтага зрабіць не можа. 

—Мастацтва — гэта заўсёды сустрэча з нечым патаемным. Яно дапамагае лепш зразумець сябе, а, значыць, знайсці адказы на важныя пытанні, узбагаціць унутраны свет чалавека. Асабліва такія жыццёсцвярджальныя калядныя сюжэты, — рэзюміруе Андрэй.

Адно ў яго пажаданне — каб аўтараў на выстаўцы было яшчэ больш. Бо патэнцыял гродзенскіх мастакоў у гэтым сэнсе даволі значны.

Маргарыта УШКЕВІЧ 

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.