Вы тут

КДК Гродзенскай вобласці праверыў эфектыўнасць работы устаноў культуры


На рэалізацыю мерапрыемстваў па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны ў вобласці выдзяляецца штогод амаль 10 мільёнаў рублёў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Сродкі ідуць на аднаўленне, захаванне і выяўленне культурных каштоўнасцяў, каардынацыя вядзецца ў адпаведнасці з дзяржаўнай падпраграмай «Культурная спадчына». Гродзенскія кантралёры расказалі, з якімі недахопамі яны сутыкнуліся падчас маніторынгу работы галіновых устаноў рэгіёна.


Фота БелТА

У вобласці вядуцца маштабныя работы на знакавых аб’ектах — замках, палацах, музеях. Праводзяцца мерапрыемствы па адраджэнні і захаванні культурных каштоўнасцяў. Разам з тым у КДК акрэслілі і шэраг праблем у гэтай галіне.

— У ходзе праверак выяўлены парушэнні бюджэтнага заканадаўства, у прыватнасці, неабгрунтаванае планаванне патрэбаў і парушэнні па выплатах. Ёсць выпадкі здачы ў арэнду плошчаў пры адсутнасці дагаворных абавязацельстваў, парушэнні падатковага заканадаўства, наяўнасць пасрэдніцкіх структур пры правядзенні закупак, што вядзе да ўдаражання тавару, — паведаміла намеснік старшыні КДК Гродзенскай вобласці Таццяна Слабыш. — Негатыўныя факты распараджэння дзяржаўнай маёмасцю выяўлены, у прыватнасці, у гарадскім цэнтры культуры Гродна, у якім плошча здавалася ў арэнду індывідуальным прадпрымальнікам і недзяржаўнаму калектыву, сума недаплаты склала ад 3 да 18 тысяч рублёў. Матэрыялы праверкі накіраваны ў праваахоўныя органы, дзе па гэтым фактам будзе дадзена ацэнка службовым асобам.

Кантрольны орган звярнуў увагу на штатны расклад некаторых устаноў, у прыватнасці на неабгрунтавана ўведзеныя штатныя адзінкі, што вядзе да выкарыстання бюджэтных сродкаў не па прызначэнні. Напрыклад, у Гродзенскім гарадскім цэнтры культуры штат перабольшаны ажно на 20 адзінак, што вядзе да парушэння бюджэтнага заканадаўства. Такія парушэнні выяўлены ў шэрагу раёнаў вобласці.

Асаблівы акцэнт зроблены на праблему захавання музейных экспанатаў. Не ўсюды створаны адпаведныя мікракліматычныя ўмовы і ёсць патрэбная для гэтых мэтаў мэбля. Часцяком музейныя прадметы знаходзяцца ў цесных памяшканнях. Такая сітуацыя назіраецца ў тых музейных установах, якія будаваліся даўно, не па праекце, і іх фонды знаходзяцца ў непрыстасаваных памяшканнях. А вось новыя аб’екты адпавядаюць усім сучасным патрабаванням. Між тым, у абласным упраўленні культуры згодны з неабходнасцю навядзення парадку пры захаванні інвентару, банераў і іншага роду атрыбутыкі культурных устаноў у дапаможных памяшканнях. На падобныя факты безгаспадарлівасці звярнулі асаблівую ўвагу дзяржаўныя кантралёры. Справа тым больш абуральная, што не патрабуе ніякіх затрат. Варта толькі прывесці службовыя памяшканні ў належны стан і беражліва ставіцца да дзяржаўнай маёмасці.

Ёсць у кантрольнай службы і заўвагі па тэрмінах будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў культуры. Адзін з такіх знакавых аб’ектаў — Лідскі замак. На перыяд 2010-2020 гадоў на рэканструкцыю выдзелена 2 мільёны рублёў. Аднак да гэтага часу не ўведзены ў эксплуатацыю пяты пускавы комплекс замка, у прыватнасці баявыя галерэі, якія выкарыстоўваюцца для правядзення экскурсій.

Зацягваюцца тэрміны работ і па рэканструкцыі будынка пад цэнтр культуры ў гарадскім пасёлку Радунь Воранаўскага раёна. Аб’ект ужо доўгі час знаходзіцца ў незавершаным стане.

Дзяржаўныя кантралёры выявілі парушэнні ў дзейнасці Гродзенскага заалагічнага парка, які таксама адносіцца да ўстаноў культуры. Так, частка прыбытку ў суме 290 тысяч рублёў перададзена для пакрыцця стратаў структурнага падраздзялення заапарка — бару «Пелікан», у той час, калі гэтыя сродкі павінны былі пайсці на развіццё самога заапарка. Дарэчы, рэканструкцыя заапарка завершана 10 гадоў таму. За гэты час у будынку пачаў працякаць дах і выявіліся іншыя дэфекты.

Не вырашаецца пытанне па эфектыўным выкарыстанні боўлінга ў гарадскім цэнтры культуры. Даход за лістапад мінулага года склаў усяго 8 тысяч рублёў. Па стане на сярэдзіну снежня з 8 дарожак палова не працавала, а на чатырох астатніх часта здараюцца паломкі. Пры гэтым штодзённа адміністратарам паступае мінімум 20-25 званкоў аб замове на боўлінг, у адказ тыя адмаўляюць, бо абсталяванне не працуе. Адпаведна, губляецца прыбытак установы.

Рэзерв эканоміі бюджэтных сродкаў у КДК бачаць у аптымізацыі штатаў. Асабліва гэта датычыць тых вакансій, якія доўгі час не запаўняюцца. Такім чынам сумесная работа дзяржкантролю і абласнога ўпраўлення культуры дазволіла сэканоміць за 1,5 года 567 тысяч рублёў. Па выніках кантрольных мерапрыемстваў прадухілена незаконнае атрыманне бюджэтных сродкаў у суме 1,6 мільёна рублёў, у бюджэт вернуты больш за 900 тысяч рублёў. Прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 8 чалавек, да дысцыплінарнай — 16.

— Зараз важна прааналізаваць парушэнні, зразумець іх прычыны і не дапусціць іх у будучым, — каментуе вынікі праверкі начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. — З боку ўпраўлення культуры праводзіцца шмат мерапрыемстваў: семінары, сумесныя пасяджэнні, дзе даецца аналіз парушэнняў, у тым ліку і па выніках ведамаснага кантролю. Ва ўстановах культуры працуюць не толькі людзі, якія на віду, дасягаюць значных поспехаў у творчай дзейнасці, рыхтуюць мерапрыемствы, фестывалі, святы. Гэта яшчэ і бухгалтарская работа, дзе задзейнічаны штат эканамістаў, і тут патрэбен сур’ёзны падыход. Відавочна, што ў памылках прысутнічае чалавечы фактар.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Цэнтры культуры, музеі, заапарк...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.