Вы тут

Вынікі работы дэпутацкага корпуса падведзены ў Гродзенскай вобласці


67-я сесія абласнога Савета стала заключнай для дэпутатаў 28-га склікання, а сам перыяд іх работы наогул стаў унікальным у электаральнай кампаніі Беларусі. У выніку змяненняў, унесеных у Канстытуцыю, і ўвядзення Адзінага дня галасавання, паўнамоцтвы дэпутатаў мясцовых Саветаў былі падоўжаны да шасці гадоў замест чатырох. Характэрна і тое, што летась споўнілася 75 гадоў з таго часу, як у Гродне прайшла першая сесія першага склікання дэпутатаў абласнога Савета.


Як і ў тыя часы, сённяшнія дэпутаты разглядаюць пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, дбаюць аб бяспецы і ствараюць умовы для камфортнага жыцця насельніцтва. За гады работы 28-га склікання прынята больш за 600 рашэнняў. У адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі абласны Савет дэпутатаў вызначаў, у прыватнасці, меры сацыяльнай падтрымкі дзяцей, моладзі, ветэранаў, людзей з інваліднасцю, сталых грамадзян. Работа вялася ў рамках рэгіянальных мерапрыемстваў дзяржаўных праграм.

За шэсць гадоў члены Прэзідыума абласнога Савета правялі адзінаццаць выязных пасяджэнняў. Дэпутаты мелі магчымасць пазнаёміцца з работай мясцовых органаў самакіравання ў Ваўкавыскім, Лідскім, Шчучынскім, Іўеўскім, Гродзенскім, Навагрудскім і шэрагу іншых раёнаў. Увага звярталася на новыя формы работы, вызначаліся дапаўняльныя рэсурсы ў далейшай дзейнасці.

Адным з важных кірункаў дзейнасці абласнога Савета і абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў з’яўляецца падтрымка грамадзянскіх ініцыятыў мясцовага значэння. Напрыклад, у 2022 годзе ў рэгіёне было рэалізавана 14 такіх ініцыятыў. Чарговы конкурс аб’яўлены на гэты год, і ўжо ўнесены дзясятак прапаноў. У хуткім часе будуць вызначаны пераможцы, якія атрымаюць фінансы на рэалізацыю сваіх праектаў.

Найлепшы вопыт работы мясцовых тэрыторый распаўсюджваецца. Напрыклад, у некаторых раёнах перанялі вопыт Зэльвенскага раёна па рабоце з пустымі дамамі, у якіх ствараюцца музеі сельскага побыту. Такія музеі ёсць амаль у кожным сельскім Савеце раёна. Яны з’явіліся і ў некалькіх іншых раёнах вобласці.

У 2022 годзе асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў створаны свой фонд для падтрымкі мясцовых ініцыятыў. Па выніках конкурсу сярод органаў мясцовага кіравання і самакіравання пераможцы атрымліваюць сувеніры і каштоўныя падарункі.

Апошнім часам актывізаваліся стасункі з маладымі парламентарыямі. У студзені гэтага года адбыліся чарговыя выбары ў Маладзёжны парламент пры абласным Савеце дэпутатаў сёмага склікання. Упершыню ў краіне ён складаецца з дзвюх палат — вучнёўскай моладзі і працоўнай. Дарэчы, дэпутаты Маладзёжнага парламента прымаюць удзел у рабоце сесій, пасяджэннях камісій, дыялогавых пляцоўках, праводзяць сустрэчы са школьнікамі, аказваюць дапамогу ў рэалізацыі маладзёжных праектных ініцыятыў.

Асаблівая ўвага ўдзялялася міжнароднаму супрацоўніцтву. Дэпутаты 28-га склікання прымалі ўдзел у афіцыйных мерапрыемствах, форумах рэгіёнаў Беларусі і Расіі, у выніку якіх падпісана шэсць пагадненняў аб супрацоўніцтве. Летась паміж Калінінградскай і Гродзенскай абласцямі рэалізаваны сумесны праект «Расія-Беларусь: моцнае партнёрства». Дзякуючы праекту актывізаваліся сувязі паміж прадстаўнікамі грамадскасці дзвюх краін. Шмат пагадненняў аб супрацоўніцтве падпісана паміж суб’ектамі Гродзеншчыны і Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі падчас Другога з’езда малых гарадоў у Зэльве.

Не абышлі дэпутаты і юбілейную дату — 75-годдзе абласнога Савета дэпутатаў. У гонар гэтай падзеі нарадзілася традыцыя «75 слаўных спраў дэпутатаў Гродзенскага абласнога Савета». Наперадзе — планы па вывучэнні гісторыі гродзенскага парламентарызму сумесна са студэнтамі і выкладчыкамі ГрДУ імя Я. Купалы. Магчыма, гэта дасць старт новаму праекту абласнога Савета, дзе будзе шмат унікальных старонак па знаёмстве з дэпутатамі мінулых гадоў, іх дзейнасцю, развіццём народнай улады на Гродзеншчыне.

У тэму

Днямі адбылася першая сесія Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 29-га склікання. На парадку дня было адзінае пытанне — аб выбранні старшыні Савета. Падчас закрытага галасавання аднагалосна на гэту пасаду перавыбрана Алена Пасюта, якая ўзначальвала Савет мінулага, 28-га склікання.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара (з выязных пасяджэнняў)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.