Вы тут

Другі месяц зімы сёлета будзе самым капрызным


Студзень — самы халодны зімовы месяц. Тэмпература паветра на тэрыторыі краіны вагаецца ў невялікіх межах, лічаць спецыялісты. Сярэдняя тэмпература днём — каля мінус 5 градусаў. І характэрная яна для поўдня і паўднёвага захаду краіны. У цэнтры і на паўднёва-ўсходнім схіле беларускага ўзвышша слупок тэрмометра можа апусціцца да мінус 10 градусаў. На поўначы краіны студзень больш суровы. У Віцебску па начах тэмпература падае да 16 марозу.


Снег выпадае, як правіла, у снежні. А да студзеня снежнае покрыва ўжо даволі ўстойлівае (не заўсёды і не ўсюды). Сонца ў студзені выглядае даволі рэдка, захоўваецца воблачнае, але сухое надвор’е.

Абсалютны зімовы холад і анамальнае цяпло

Галоўныя сіноптыкі краіны адзначаюць, што студзень і люты будуць адносна мяккімі і няўстойлівымі. Ды і па прагнозах сусветных цэнтраў зіма чакаецца цёплай. Сіноптыкі мяркуюць, што сярэднесезонная тэмпература ў Беларусі будзе на 1–2 градусы вышэй за норму і складзе ў сярэднім мінус 5,5 градусаў.

У першай палове другога месяца зімы магчымыя істотныя маразы, аж — да 25 марозу. Прычынай адмоўных тэмператур, багатых ападкаў і моцнага ветру будзе арктычны цыклон, які, пры сутыкненні з умеранымі паветранымі масамі будзе ўтвараць халодныя франты. Самыя нізкія тэмпературы будуць у паўночных раёнах краіны. Пахаладанне будзе не занадта доўгім, яно перыядычна можа змяняцца пацяпленнем.

Самай халоднай зімой за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў у Беларусі была зіма з 1939 на 1940 год, калі сярэдняя тэмпература за тры зімовыя месяцы склала мінус 10,9 градуса, што на 6,9 градуса ніжэй за норму. У гэтую зіму былі зарэгістраваныя абсалютныя мінімумы тэмпературы паветра за ўвесь перыяд назірання. Так, абсалютны мінімум тэмпературы паветра на тэрыторыі Беларусі, які не перавышаны да гэтага часу, быў адзначаны 17 студзеня 1940 года — мінус 42,2 градуса ў пасёлку Слаўнае Талачынскага раёна і мінус 41 з паловай у вёсцы Бычыха Гарадоцкага раёна.

Гэты дзень быў выключна халодным і для Мінска, дзе мінімальная тэмпература паветра апусцілася да мінус 39,1 градуса. Дадзенае значэнне з’яўляецца абсалютным мінімумам тэмпературы паветра для сталіцы. А самая халодная навагодняя ноч за ўвесь перыяд інструментальных назіранняў у Мінску была адзначана 1 студзеня 1941 года, калі тэмпература паветра апусцілася да мінус 29,8 градуса.

Зіма з пункту гледжання кліматолагаў надыходзіць тады, калі сярэднясутачная тэмпература паветра апускаецца ніжэй за нуль і ўтрымліваецца ў такім становішчы больш за пяць дзён. У Беларусі на мяжы 2019–2020 гадоў гэтага так і не адбылося.

«Сярэдняя тэмпература паветра ў тым зімовым сезоне склала плюс 1,5 градуса, што на 5,5 градуса вышэй за кліматычную норму. За ўсю гісторыю метэаназіранняў у нас зімы са станоўчымі сярэднімі тэмпературамі не адзначалася ні разу. Да гэтуль такімі анамальна цёплымі бывалі толькі асобныя зімовыя месяцы: напрыклад, нават люты 2020 года быў са знакам плюс. Але каб уся зіма — такое фіксавалі ўпершыню», — распавялі ў Белгідрамеце.

Тады, у 2019–2020-м усе тры зімовыя месяцы былі анамальна цёплымі: у сярэднім плюс 1,9 градуса ў снежні, плюс 1,1 у студзені, плюс 1,6 у лютым. Адхіленне тэмпературы ад кліматычнай нормы ў кожным з месяцаў перавышала 5 градусаў.

Метэаназіранні на тэрыторыі нашай краіны вядуцца ўжо больш за сотню гадоў. Так што можна з упэўненасцю казаць, што знакавая зіма была самай цёплай у нашай краіне, пачынаючы з 1881 года. Да гэтага рэкардсменам лічыўся зімовы сезон 1989–1990 гадоў, калі сярэдняя тэмпература паветра была мінус 0,1 градуса.

А самая цёплая «галоўная» ноч за ўсю гісторыю назіранняў у Беларусі была 1 студзеня 2023 года, калі падчас бою курантаў тэмпература складала плюс 4,9 градусаў, паведамілі спецыялісты аддзела вывучэння змяненняў клімату Белгідрамета. Па іх словах, павышэнне тэмпературы на працягу ночы працягнулася, і да 6 гадзін раніцы яна дасягнула плюс 6,5 градуса.

Холад часам прарываецца

Пазней да гэтай адзнакі (да 40 марозу) тэмпература ў Гарадоцкім раёне набліжалася ў 1956 годзе. А далей моцныя маразы сталі драбнець. З апошняга — мінус 35 градусаў у 2000 годзе. Менавіта на Гарадоцкай зямлі, калі верыць шматгадовым метэаназіранням, знаходзіцца полюс холаду ў нашай краіне. Досыць холадна было і ў студзені (24) 2010 года. Тады ноччу была зафіксавана і самая нізкая тэмпература паветра — мінус 32 градусы — гэта адбылося на метэастанцыі ў Пружанах.

А самы (найбліжэйшы) халодны Мінск быў у 2006 годзе. Лічылася, што ў сярэднім кожны год сталіца адчувае 25-градусны мароз. Хай — на не вельмі працяглы час, але ўсё ж. Па факце — гэтага ўжо няма. За апошнія гады тэмпературны мінімум студзеня няўхільна расце. Самы моцны, за апошнія 40 гадоў, мароз быў у 2006-м годзе, калі ў канцы студзеня тэмпература апусцілася да мінус 28,6 градуса.

Адлігі цяпер не анамалія

У нашай краіне адлігі вельмі частыя. У мяне няма дакладных даных па кожным месяцы ўсіх мінулых зім, але з’ява гэта настолькі звычайная, што серыя ў 30 дзён без адлігі стала б ледзь не абсалютным рэкордам па сапраўднай халоднай зіме.

Аднак характар у гэтай зімы будзе няўстойлівы, што абумовіць панаванне то вільготных цёплых паветраных мас з паўднёвых шырот, то халодных, калі з поўначы і паўночнага ўсходу пачне пранікаць арктычнае паветра, адзначаюць сіноптыкі. Спецыялісты паабяцалі ў гэтым зімовым сезоне шмат ападкаў, у тым ліку снегападаў і завей. Таксама не абыдзецца без моцнага ветру і туманаў. Калі ацэньваць студзень у цэлым, то ён будзе адносна мяккім, снежным, але няўстойлівым і капрызным.

Аб народных прыкметах і тэхналогіях у прагнозах

Прагноз — складаны навукаёмісты працэс, які ўлічвае масу фактараў. Пры яго складанні праводзяцца ацэнкі стану атмасферы і характарыстык паветраных мас. Выкарыстоўваць пры гэтым народныя прыкметы ненавукова, лічаць спецыялісты. Праўда, некаторыя з іх маюць цалкам навуковае тлумачэнне. Напрыклад: калі ластаўкі лётаюць нізка, то чакай дажджу. Напярэдадні дажджу ў атмасферы адбываюцца ваганні вільготнасці і ціску, і гэта змушае птушак апускацца ніжэй, каб знайсці пражытак.

Навуковы прагрэс, несумненна, адбіваецца на дзейнасці метэаслужбы. Велізарны скачок наперад у прагназаванні надвор’я здзейснілі ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, пасля запуску штучных спадарожнікаў Зямлі. Павысілі якасць гэтай працы і камп’ютэрныя тэхналогіі. Зараз дакладнасць прагнозаў на 4–6 сутак наперад такая, якой у сярэдзіне ХХ стагоддзя была на адны суткі. Але як бы ні развіваліся навука і тэхніка, на абсалютна дакладны прагноз разлічваць пакуль не прыходзіцца.

Як вынікае з аналізу паказчыкаў надвор’я, у апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі самым цёплым зімовым месяцам стаў снежань, на працягу якога сярэдняя тэмпература паветра не дасягае і мінус 4 градусаў. Акрамя таго, снежань яшчэ б’е рэкорды па нестабільнасці надвор’я — у гэтым месяцы часцей за ўсё здараюцца адлігі і ападкі ў выглядзе мокрага снегу. Па дадзеных навукоўцаў, за апошнія 35 гадоў снежань у Беларусі стаў цяплей на 0,5 градусаў.

Пры гэтым самым халодным месяцам у Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі стаў студзень. Сярэдняя тэмпература гэтага месяца на 1 градус халадней, чым у снежні. Пацяпленне клімату аказала і ўплыў на снежнае покрыва ў Беларусі, даўгавечнасць якога ў цэлым за сезон скарацілася на 11–12 дзён.

Цёплы рэкорд года і доўгатэрміновыя прагнозы

Паводле прагнозных дадзеных Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, сярэдняя тэмпература ў 2023 годзе можа быць амаль на 1,5 градуса вышэй, чым у базавым даіндустрыяльным перыядзе 1850–1900 гадоў.

Раней самымі цёплымі за ўвесь перыяд назіранняў лічыліся 2016 і 2020 гады.

На жаль, беларускія сіноптыкі не даюць доўгатэрміновых сінаптычных прагнозаў. Іх робяць толькі некалькі буйных сусветных цэнтраў надвор’я — у Вашынгтоне, Мельбурне і Маскве. Глабальныя прагнозы на сезон для значных тэрыторый робяць з дапамогай матэматычных мадэляў разлікаў. Пры гэтым навукоўцы з вялікай доляй упэўненасці кажуць, што гэтай зімой будуць і адлігі, і перыяды досыць моцных маразоў.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.