Вы тут

У Цэнтральным Доме афіцэраў адкрылася выстаўка «Айчыне служым»


На мінулым тыдні ў Цэнтральным Доме афіцэраў адкрылася выстаўка «Айчыне служым», прысвечаная 20-годдзю Студыі ваенных мастакоў. У экспазіцыі змешчаны работы аўтараў, якія ўжо пайшлі з жыцця, і сучаснікаў, якія сёння актыўна працуюць. Жывапісцы працягваюць весці дыялог аб развіцці ваенна-гістарычнай і героікапатрыятычнай тэмы ў выяўленчым мастацтве.


Мікалай Апіёк «Усяслаў Чарадзей».

Студыя ваенных мастакоў з’явілася ў 2003 годзе. Яе адкрывалі тыя, хто не па чутках ведаў, што такое Вялікая Айчынная вайна, — каля вытокаў стаялі ў тым ліку майстры-франтавікі Міхаіл Савіцкі і Леанід Шчамялёў. Паспрыяла дзейнасці студыі і маладзейшае пакаленне — жывапісцы, графікі, скульптары Уладзімір Гардзеенка, Леанід Дударэнка, Георгій Паплаўскі, Мікалай Апіёк, Уладзімір Уродніч, Георгій Лойка, Іван Міско. Іх называюць дзецьмі вайны. Бацькі некаторых не вярнуліся... Гэтыя мастакі лічаць за абавязак расказаць пра трагічныя падзеі мінулага, адлюстраваць убачанае і пачутае, выказаць уласныя думкі.

З юбілеем удзельнікаў суполкі павіншаваў першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны палкоўнік Алег Копыл:

— 20 гадоў Студыі ваенных мастакоў — многа гэта ці мала? Мусіць, не нам і не сёння даваць такую ацэнку. Што зроблена, колькі душы ўкладзена ў творы — гэта ўсё ж такі не задача па матэматыцы. Тую працу, якая зроблена мастакамі за гэтыя гады, будуць ацэньваць нашчадкі. Як сказаў філосаф: «Мастацтва не павінна апускацца да ўзроўню грамадства. Мастацтва павінна цягнуць грамадства ўгару». Студыя робіць вялікі ўнёсак у патрыятычнае і духоўнае выхаванне як маладога пакалення, якое прыйдзе нам на змену, так і ўсяго нашага грамадства.

Уладзімір Гардзеенка «Балада пра лётчыка У. Карвата».

Апроч іншых, віншаванні калегам накіравалі ўдзельнікі Студыі ваенных мастакоў імя Мітрафана Грэкава, якая з 1934 года аб’ядноўвала баталістаў СССР і сучаснай Расіі. Яны да таго ж прапанавалі правесці сумесную выстаўку.

Кіраўнік Студыі ваенных мастакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў Мікалай Апіёк нагадаў пра першую выстаўку суполкі «Памяць», якая таксама праходзіла ў сценах Дома афіцэраў. А сёння пасля соцень выставак і сустрэч мастакі прадстаўляюць своеасаблівую справаздачу — «Айчыне служым».

— Мы працягваем справу, што рабілі нашы папярэднікі — мастакі Беларусі, якія абаранялі родную зямлю з вінтоўкай у руках. Мы, іх паслядоўнікі, зведалі вайну дзецьмі. Нашы разважанні на тэму болей філасофскія, работа над карцінамі даецца цяжэй — бо з той пары прайшло 80 гадоў. Аднак некаторыя падзеі ўзнаўляем з дакументальнай дакладнасцю.

Многія работы на выстаўцы прысвечаны сучаснасці — будням беларускай арміі. Вялікая частка палотнаў заснавана на ўспамінах ваеннага дзяцінства альбо ўяўляе сабой уласнае бачанне трагедыі, пераасэнса¬ванне лёсаў людзей і краіны.

— Студыя ваенных мастакоў — гэта, безумоўна, з’ява ў мастацтве, культуры і гісторыі Беларусі, — лічыць першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Яе кіраўнікі і ўдзельнікі — вялікія і высокія прафесіяналы, цудоўныя мастакі, якія шануюць традыцыі, якія мовай жывапісу здольны гаварыць пра самае важнае, што ёсць вакол нас, — пра гісторыю і сучаснасць. Яны вядуць расповед пра тое, што мы любім, што захоўваем не толькі для сябе, але і для нашчадкаў, што з’яўляецца нашай самай вялікай каштоўнасцю. Вядома, самая вялікая каштоўнасць — наша зямля, Беларусь, свет вакол нас. І для мастакоў зварот да ваеннай тэмы — магчымасць казаць аб міры.

Калі прафесійныя мастакі аб’ядноўваюцца ў падоб¬ныя студыі, а іх падтрымліваюць на высокім узроўні, як у выпадку са Студыяй ваенных мастакоў, — гэта выдатна, падкрэслівае Наталля Шаранговіч. Аднак не ўсе прысутныя былі настроены гэтак аптымістычна. Напрыклад, Уладзімір Уродніч заўважыў, што не ад¬чувае належнай увагі і падтрымкі з боку дзяржаўных структур і ўстаноў:

 

— Мы, удзельнікі Студыі ваенных мастакоў, скіраваны на традыцыю, працуем у рэалістычным кірунку і разважаем на тэму патрыятызму. Аднак нас шмат што трывожыць. Па-першае, пошук новых форм: на якой мове размаўляць з гледачом, якія матывы закранаць... Па-другое, надзвычай хвалюе, ці перадаецца эстафета памяці, ці не перапыняецца дзесьці? Мы не маем права маўчаць аб тых падзеях, таму шмат працуем, імкнёмся выстаўляцца, але ці чуюць нас, ці патрэбны нашы галасы? Выстаўку «Айчыне служым» меркавалі адкрыць на болей прыкметнай і маштабнай пляцоўцы сталіцы, але яе кіраўніцтва ў гэтым не было зацікаўлена... Увогуле, у нас даволі слабая ўвага да тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў выяўленчым мастацтве, да зробленага сучаснымі творцамі.

Уладзімір Уродніч «На Магілёўскім кірунку».

Здаецца, наспела неабходнасць дыскусіі прафесіяналаў. Ды і для гледача з’явілася чарговая нагода паразважаць, зрабіць высновы аб тым, што ў краіне актуальна, запатрабавана і наколькі яго самога зада¬вальняльняе тое, што прапануецца музеямі і галерэямі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.