Вы тут

Як рыхтуюцца да Новага года ў арміі


Да доўгачаканага свята — Новага 2024 года — застаецца няшмат. Па добрай традыцыі да яго пачынаюць рыхтавацца загадзя. Мільёны навагодніх ёлак, гірлянд і бліскучых агеньчыкаў ўпрыгожваюць дамы і вуліцы ўсёй краіны, надаючы навакольным настрой навагодняй казкі. 103-я Віцебская асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада не стала выключэннем. Вайскоўцы славутага падраздзялення не толькі з годнасцю выконваюць свой абавязак, але і старанна рыхтуюцца да гэтай урачыстасці. Пераканаемся ў гэтым на прыкладзе вайскоўцаў зенітнай ракетна-артылерыйскай батарэі.


Навагодняя ноч для вайскоўцаў — той рэдкі выпадак, калі адбой не ў дзесяць гадзін вечара, а далёка за поўнач. Зварот Прэзідэнта па тэлебачанні, смачны стол і салют — усё амаль як дома. Для салдат гэтая ноч таксама важная, як і для тых, хто сустракае свята сярод сям’і. Так, сваякі і сябры далёка, але побач таксама не чужыя — за час службы баявыя таварышы становяцца амаль роднымі. І нават жаданні ў іх падобныя: мір на Зямлі і ў кожным доме.

У дні, якія папярэднічаюць святу, пах пораху змяняецца пахам мандарынаў. Салдацкія казармы ператвараюцца ва ўтульныя пакоі, на тварах байцоў з’яўляюцца ўсмешкі, і нават на палігонах усё ў прадчуванні свята.

Ну які ж Новы год без ёлкі? Традыцыя ставіць ёлку, упрыгожваць казармы, клубы і тэрыторыю жыве ў легендарнай 103-й брыгадзе і сёння. Таму салдаты пачалі загадзя актыўна ўпрыгожваць памяшканні, наводзіць у іх парадак, падрыхтоўваць святочную праграму з жартамі, конкурсамі і выступленнямі. І, нарэшце, упрыгожваць навагоднюю прыгажуню. Мішура, гірлянды, шарыкі, сняжынкі, рознакаляровыя агеньчыкі — усё гэта, як прызнаюцца вайскоўцы, міжволі стварае святочны настрой. Тым больш, калі ўсю гэтую прыгажосць маладыя людзі навялі ўласнаручна. Зенітчыкі 103-й гвардзейскай брыгады адзначаюць, што ў навагодняй абстаноўцы нават у страі адчуваецца набліжэнне свята. Святочна ўпрыгожаную казарму салдаты тэрміновай службы запомняць надоўга.

Вайсковец зенітнай ракетна-артылерыйскай батарэі гвардыі радавы Даніла Ляўчук з горада Слаўгарад Магілёўскай вобласці прыняў актыўны ўдзел ва ўпрыгожванні роднай казармы. Да прызыву на тэрміновую ваенную службу малады чалавек скончыў Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж. Па спецыяльнасці ён — мастак-афарміцель дызайнерскіх работ. Прыбыўшы на тэрміновую службу два месяцы таму, гвардыі радавы Ляўчук не пажадаў заставацца ў баку, праявіў ініцыятыву арганізаваць упрыгожванне казармы да Новага года і святочна аформіць інтэр’ер. Акрамя ўсталявання навагодняй ёлкі, афармлення памяшканняў казармы, вайсковец, будучы мастаком, намаляваў шаўрон легендарнай 103-й брыгады і грознага дракона.

Бо, нагадваем, па ўсходнім календары 2024-ы — год Зялёнага Драўлянага Дракона. У кітайскай культуры міфічная жывёла сімвалізуе ўладу, высакароднасць, гонар і поспех.

«Мне падабаецца служыць у войску. Прызнацца шчыра, я хацеў трапіць менавіта ў 103-ю Віцебскую асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду, — распавёў гвардыі радавы Ляўчук. — Па-першае, чуў пра подзвігі гэтага легендарнага падраздзялення, а па-другое — заўсёды марыў здзяйсняць скачкі з парашутам».

Старанна ўпрыгожыўшы казарму, гвардыі радавы Ляўчук падарыў святочны настрой не толькі сабе, але і  сваім таварышам і камандзірам. Акрамя таго, суразмоўца падзяліўся ўражаннямі аб надыходзячым свяце: «Хоць я і ўпершыню буду праводзіць Новы год не дома, у коле родных і блізкіх, а ў не зусім яшчэ звыклай абстаноўцы, навагодні настрой усё ж прысутнічае. Чаканні ад такога Новага года колеру хакі самыя яркія і маляўнічыя. Плануем арганізаваць святочны стол і ў асяроддзі таварышаў правесці казачную навагоднюю ноч. Акрамя таго, будзем ладзіць навагоднія сцэнкі, і я з нецярпеннем чакаю, калі наступіць гэты час».

Малады чалавек расказаў, што па заканчэнні паўгода мае намер звязаць сваё жыццё з Узброенымі Сіламі ўжо на кантрактнай аснове. Гвардыі радавы Ляўчук марыць застацца ў зенітнай батарэі, бо тут — зладжаны калектыў, спагадлівыя афіцэры і сапраўды камфортная абстаноўка, якая прысутнічае не толькі па святах, але і звычайныя буднія дні.

«У нас, у зенітнай ракетна-артылерыйскай батарэі 31 снежня запланавана мноства розных мерапрыемстваў і конкурсаў, — адзначыў намеснік камандзіра батарэі па ідэалагічнай рабоце гвардыі старшы лейтэнант Іван Прыпутнеў. — Акрамя святочнага стала, для салдат будуць праведзены займальныя конкурсы і мерапрыемствы для ўзняцця святочнага настрою. Да святкавання Новага года вайскоўцы якасна падрыхтавалі размяшчэнне, упрыгожылі навагоднюю ёлку. Для нас важна, каб абсалютна кожны салдат мог адчуць святочную і хатнюю абстаноўку».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, ваеннаслужачы 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.

Фота аўтара

г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.