Вы тут

Шлюб пад Новы год: спантанны выбар ці магія свята?


Так, сёлета ў вобласці на апошні тыдзень снежня прыпадае ў два разы больш вяселляў, чым летась. Не менш актыўна адбываецца рэгістрацыя і ў папярэдні тыдзень. На гэты перыяд у аддзел загс Ленінскага раёна Гродна пададзена каля 60 заяў, што значна больш, чым летась. Многія вырашылі распісацца ў прыгожую дату 21.12.23 і 23.12.23. Не ўступаюць у папулярнасці і апошнія дні года. Чаму гродзенцы выбіраюць для шлюбу такі мітуслівы перыяд? Ці не баяцца яны, што навагодняе свята перакрые іх вясельны настрой? Карэспандэнт «Звязды» папрысутнічала падчас рэгістрацыі шлюбу і распытала маладых аб іх выбары.


Загс у гістарычным цэнтры Гродна — самы запатрабаваны сярод маладых пар. Наплыў сюды стаў яшчэ большым пасля таго, як сёлета перастаў дзейнічаць гарадскі загс на бульвары Ленінскага камсамола. 

А паколькі будынак існуючага загса невялікі, горад выдзеліў для ўрачыстай рэгістрацыі былы палац Тызенгаўза. Старажытны аб’ект адноўлены ў традыцыях каралеўскай эпохі. Тут рэгістрацыя маладых праходзіць, як правіла, вельмі пышна, з вялікай колькасцю гасцей. У самім загсе такіх умоў няма, тут зала для рэгістрацыі невялікая.

Між тым, па словах спецыялістаў, гродзенцы цяпер часцей схіляюцца да камернай працэдуры рэгістрацыі. Аб гэтым сведчаць і жаданні маладых, якія вырашылі распісацца напярэдадні Новага года.

Напрыклад, Кацярына і Павел наогул прыйшлі адны. Можа таму, што ў абодвух гэты шлюб не першы. Але маладыя людзі не згубілі надзею ўладкаваць сваё сямейнае жыццё і вельмі ўзрушаны будучай падзеяй. Кацярына — педагог-арганізатар у школе, Павел — ветэрынарны ўрач, працуе на мясакамбінаце, праўда пакуль не па сваёй спецыяльнасці. Спадзяецца, што ў новым годзе з’явіцца для яго адпаведная вакансія.

Пазнаёміліся яны ў інтэрнэце. Як абодва жартуюць: «Новы трэнд — інтэрнэт». Перапіска прывяла да сустрэч, а потым і сюды, у загс. Але чаму менавіта ў пераднавагодні час? Як высветлілася, рашэнне ўзнікла спантанна. Калі прыйшлі падаваць заяву, работнікі загса прапанавалі перадсвяточную дату.

— Мы падумалі: а чаму не? Гэта так крута! Цяпер кожны Новы год будзе яшчэ і чарговай датай сумеснага жыцця. Прытым падзея сама па сабе сімвалічная — пачатак новага года і пачатак новага сямейнага жыцця! — узрушана дзеліцца эмоцыямі Кацярына.

Свае спадзяванні маладая пара звязвае з папаўненнем сям’і. «І выйграць кватэру ў наступным годзе!» — жартуе Павел. «Галоўнае, каб усе былі здаровыя — і родныя, і бацькі. І каб было мірнае неба», — выказвае сваю думку яго спадарожніца. Яна пераканана, што ў навагодняе свята ўсе пажаданні абавязкова збудуцца.

У якасці сужэнцаў сустрэнуць Новы год гродзенцы Марта і Аляксей. Так супала, што ў маладых аднолькавае прозвішча. «Не трэба і пашпарт мяняць», — жартуе нявеста.

Для абодвух Новы год — дата сімвалічная. Менавіта 1 студзеня адбылося іх знаёмства. І вось праз некалькі гадоў кола адносін замкнулася заручальнымі пярсцёнкамі.

— Мы не маглі абысці дату нашага знаёмства, таму вырашылі ўзаконіць свае адносіны менавіта напярэдадні Новага года. Цяпер гэта свята стане для нас яшчэ і напамінам аб нашай першай сустрэчы, можна сказаць, што Новы год падарыў нам шчасце, — дзеліцца сваімі разважаннямі 20-гадовая Марта. Яна прызналася, што стала ініцыятарам рэгістрацыі напрыканцы года, бо наступны год — высакосны. «Думаю, што разам мы пераадолеем цяжкасці», — рэзюмавала нявеста. «Магчыма, нам удасца ў будучым годзе завяршыць рамонт у кватэры», — падзяліўся турботамі Аляксей. Яго бацькі пагаджаюцца з сынам. Магчыма, таму і не плануюць рабіць шумнае вяселле. Сродкі лепш укласці ў надзённыя патрэбы, віншаванні атрымаць ад самых блізкіх — гэта будзе і шчыра, і душэўна. Таму на ўрачыстасць збяруцца толькі родныя і блізкія сябры.

— Вялікае вяселле патрабуе значных расходаў, да таго ж хочацца, каб усё было спакойна, акуратна, цывілізавана, — тлумачыць Аляксей. — Таму вырашылі святкаваць з самымі блізкімі людзьмі. Да таго ж, мы не любім да сябе ўвагі.

Як аказалася, само паняцце «вяселле» губляе традыцыйны сэнс. Вялікія і шумныя застоллі становяцца рэдкасцю. Дарэчы, рэгістрацыі, якія я ўбачыла, прайшлі сціпла, без традыцыйнага вальса Мендэльсона. Як расказала начальнік аддзела загса адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Святлана Анегіна, цяпер многія імкнуцца мінімізаваць гэту падзею. Пары могуць прыйсці і, як кажуць у народзе, проста распісацца. Але і для тых, хто рэгіструе шлюб у кабінеце, праводзіцца мінімальная цырымонія з абменам пярсцёнкамі, а не проста ўручэнне дакументаў. Фармат рэгістрацыі абгаворваецца падчас падачы дакументаў.

— Цяпер у нас напружаны час, работа, можна сказаць, кіпіць. Напярэдадні Новага года ўсе хочуць быць шчаслівымі, многія прымаюць рашэнне аб’яднаць два святы ў адным, узаконіць свае адносіны і адзначыць гэту падзею на Новы год. Асабліва насычаныя апошнія дзесяць дзён года. Самая запатрабаваная дата 23 снежня. Лічба выглядае прыгожа — 23.12.23. У гэты дзень мы зарэгістравалі  17 пар. А ўсяго за два перадсвяточныя тыдні — каля паўсотні. Гэта больш, чым за такі ж леташні перыяд. Вельмі запатрабаваныя пятніца і субота, 29 і 30 снежня. Хоць заяву па заканадаўстве можна падаць і за тры дні, некаторыя браніравалі гэтыя даты яшчэ ў сярэдзіне года, — паведаміла Святлана Анегіна.

Як сведчыць статыстыка, апошнім часам менавіта снежань стаў адным з самых папулярных месяцаў для рэгістрацыі шлюбу. Лічыцца, што ў навагодніх вяселлях ёсць рамантыка. Гэтаму спрыяе і навакольная абстаноўка — усё зіхаціць навагоднімі агнямі, радуюць вока ўпрыгожаныя ялінкі, і, наогул, перадсвяточная мітусня падымае настрой. Вядома, такія фактары ўносяць свой каларыт у пераднавагоднюю рэгістрацыю шлюбу. І нават калі сама працэдура не шматлюдная, атмасфера стварае адчуванне свята пры самым сціплым фармаце рэгістрацыі.

Але не толькі знешні антураж важны для маладзёнаў. Некаторыя жадаюць уступіць у новы год у статусе мужа і жонкі. Як паказала размова з парамі, усе зрабілі свой выбар асэнсавана і спадзяюцца на шчаслівы шлюб. Магчыма, гэта звязана з тым, што павялічваецца ўзрост шлюбных пар. Калі раней жанчыны выходзілі замуж у сярэднім у 21 год, а мужчыны ў 25, цяпер — у 25 і 30 гадоў адпаведна.

Ёсць і ўзроставыя рэкардсмены. Самым сталым жаніхом у Гродне сёлета стаў 77-гадовы мужчына, а самай узроставай нявестай — 74-гадовая жанчына.

Звяртаюць гродзенцы ўвагу і на магію лічбаў. Такіх нямала чакаецца і ў будучым годзе. У прыватнасці, ёсць ахвотныя распісацца 24.02.2024, шэсць пар ужо запісаліся на 24.08.2024. Не застануцца без увагі і такія даты, як 21.01.2024, 02.02.2024, 04.04.2024 ды іншыя.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.