Вы тут

Качанава павіншавала выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў Мінску


18 гадаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Ленінскага раёна Мінска атрымалі падарункі з рук Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай у рамках дабрачынай акцыі «Нашы дзеці».


Выхаванцы СПЦ вучацца ў сярэдняй школе № 40, гуляюць у тэніс, займаюцца дзюдо, робяць шмат падзелак на занятках у творчых аб’яднаннях «Цветафорык» і «Чароўны пэндзаль». Сустракалі гасцей яны сапраўдным прадстаўленнем: вершамі, танцамі, карагодамі. Завіталі ў госці да дзяцей не толькі Дзед Мароз са Снягуркай, але і сімвал надыходзячага года — Дракон, а скончыліся відовішчы гарбатай з прысмакамі.

У кожнага з дзяцей, якія тут знаходзяцца, няпросты лёс, і вельмі хацелася б, каб іх мары, а яны ў асноўным мараць пра сваю сям’ю, маму, тату, спраўджваліся. Вельмі важна, што ў нашай краіне шмат людзей, якія робяць усё не толькі для таго, каб працаваць у такіх цэнтрах, але і забіраць гэтых дзетак, выхоўваць іх, даваць адукацыю і цеплыню сваёй душы, заўважыла Наталля Качанава:

— Мы вельмі ўдзячныя нашым суайчыннікам, якія дапамагаюць нашым дзеткам у гэтым жыцці, і заўжды шчыра рады бываць у такіх установах, віншаваць іх. Калі прыходзіш у такія цэнтры, бачыш, што тут ёсць усё для таго, каб дзеці ні ў чым не мелі патрэбы.

Ва ўстанове выхоўваюцца дзеці, якіх забралі з праблемных сем’яў, расказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра (СПЦ) з прытулкам Ленінскага раёна Мінска Аксана Говен:

— Каб дзіця не знаходзілася ў сям’і, куды прыйшла бяда, яго змяшчаюць да нас, дзе пануе атмасфера дзяцінства і радасці, а іх бацькі тым часам (з нашай дапамогай і ўдзелам суб’ектаў прафілактыкі) пераадольваюць праблемы, якія існуюць у сям’і. Дзеці чакалі навагодняга цуду і свята, вучылі вершы, песні, рыхтавалі падарункі блізкім і гасцям, пісалі лісты Дзеду Марозу. Яны, як і ўсе звычайныя малыя, замаўлялі яму цацкі, моднае адзенне, сучасныя гаджэты.

З Саветам Рэспублікі ў СПЦ склаліся добрыя стасункі, і яго Старшыня сёлета ўжо трэці раз наведала гадаванцаў цэнтра, каб павіншаваць малых з надыходзячым святам.

— Калі Наталля Іванаўна прыехала да нас упершыню, дзеці настолькі былі рады сустрэчы, што вельмі доўга не адпускалі яе. І тады Наталля Іванаўна запрасіла малых на экскурсію ў Савет Рэспублікі, і слова сваё стрымала, — успамінае дырэктар. — Мы разам з дзецьмі наведалі Савет Рэспублікі, і гэта сустрэча пакінула ў нашых выхаванцаў уражанні на доўгі час.

— Добрая традыцыя віншаваць дзяцей з Новым годам дапамагае стаць добрымі сябрамі. Мы прыходзім да вас не першы год і хочам, каб вы заўжды памяталі: вы нам патрэбныя, мы вельмі вас любім. Займайцеся спортам, творчасцю, заўжды шукайце добрых сяброў, — пажадала Наталля Качанава і ўручыла цэнтру сертыфікат на набыццё камп’ютарнай тэхнікі.

У адказ дзеці падарылі Наталлі Качанавай ёлачную цацку шар, што таксама стала традыцыяй — у Савеце Рэспублікі гэта ўжо не першае ўпрыгажэнне ад выхаванцаў СПЦ, а таксама карціну, намаляваную дзеткамі. А Старшыня паабяцала, што яшчэ абавязкова сустрэнецца з малымі.

Пасля канцэртнай праграмы і карагодаў дзеці разам з госцяй пілі гарбату з прысмакамі, паказвалі майстар-класы па роспісе імбірных пернікаў і расказвалі пра сваё жыццё і жаданні. Мяркуючы па размовах, тут падрастаюць і будучыя тэлевізіёншчыкі, і навукоўцы, і ратавальнікі. Прычым развагі ў малых часта зусім не дзіцячыя... Дзеткі вельмі кантактныя, і яны па-асабліваму цэняць дабрыню і тое, што яны маюць у дадзены момант, падкрэсліла Наталля Качанава:

— Ім давялося пабачыць тое, з чым не хацелася б, каб сутыкаліся нашы дзеці. Гэта цяжка, калі дзіця забіраюць з сям’і, каб абараніць. І важна, што дзяржава робіць усё, каб дзеці адчувалі сябе паўнавартаснымі грамадзянамі і разумелі, што яны патрэбны нам, нашай краіне.

Ірына СІДАРОК
Фота аўтара

Загаловак у газеце: Каб жаданні здзяйсняліся...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.