Вы тут

Са знакамітай Белавежскай пушчай можна знаёміцца бясконца


Хто сказаў, што зіма не час для вандровак? Мабыць толькі той, хто не ведае, колькі цікавостак можна паглядзець у нашай краіне ў любое надвор’е. А яшчэ беларускі ўнутраны турызм адметны тым, што нават у папулярных і добра знаёмых месцах можна адкрыць шмат незвычайнага і невядомага. Напрыклад, якія асацыяцыі ўзнікаюць, калі гаворка ідзе пра Белавежскую пушчу? Зубр, прырода, памесце беларускага Дзеда Мароза. Гэта ўсё, канешне, вельмі цікава. Але ў Белавежскай пушчы дзейнічаюць унікальныя музеі, у якія варта завітаць. «Звязда» з задавальненнем дзеліцца імі. І намякае, што хутка пачынаюцца святочныя выхадныя, і варыянт пазнавальна правесці іх лясах і музеях Белавежскай пушчы — вельмі прывабны. 


Існуе меркаванне, што назва «Белавежская» пайшла ад племя «белыя ятвягі», якія тысячы гадоў таму насялялі паўночную частку пушчы. Гэтыя землі называлі «белаятвяжскімі», што з цягам часу трансфармалася ў «белавежскія». Гісторыя захавала вельмі мала інфармацыі пры тыя плямёны, таму, чаму ім выпаў такі гонар, сказаць цяжка. Іншым плямёнам, якія жылі на гэтых тэрыторыях, пашанцавала куды больш, пра іх гісторыя захавала больш інфармацыі, якая сёння прадстаўлена ў археалагічным музеі пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы, адзіным такім музеі ў краіне. Спецыялісты правялі вялізную работу, каб вярнуць гасцей у мінулае і ўзнавіць месцы пасялення першабытных людзей. 

Першабытныя стаянкі людзей каменнага веку у перыяд ад ІХ да пачатку ІІ тысячагоддзя да н.э. паказваюць, што тады людзі жылі ну вельмі аскетычна. Некалькі жэрдак, накрытых шкурамі жывёл, саломай — і хата гатова. Сучасным людзям, асабліва дзецям, гэта здаецца чымсьці неверагодным. Пасяленне бронзавага веку узноўлена па матэрыялах тштынецкай архелаагічнай культуры ІІ тысячагоддзя да нашай эры. Акрамя прыладаў працы, асаблівасцяў тагачасных дамоў, гісторыкі ўзнавілі нават некаторыя лайфхакі продкаў. Напрыклад, над печчу-домніцай, у якой здабывалі з балотнай руды жалеза, вісела імправізаваная крышка з гліны. Пажар быў тады сапраўднай катастрофай, таму засцерагаліся ад яго як маглі.

Старажытнагерманскае падвор’е жалезнага веку — гэта ўзноўленыя жылыя пабудовы і кузня вельбарскай і пшэворскай археалагічных культур (ІІ — IV век да н.э.). Славянскае пасяленне ранняга сярэднявечча прадстаўлена пяццю рознымі падворкамі. Яны адлюстроўваюць, як жылі людзі розных заняткаў і рознага сацыяльнага статусу. Цікавы факт — нашы продкі былі зусім невысокага росту, таму, заходзячы ў хаткі, трэба прыгінаць галаву. Не абышлося і тут без цікавых лайфхакаў. Адзін з іх для маладых мам — засцяліць калыску для малога мохам. Продкі ведалі, што мох, якога на забалочаных землях пушчы ўдоваль, добра ўпітвае, ваду і выкарыстоўвалі яго як прататып памперса. Даступна, а самае галоўнае — абсалютна экалагічна. 

Археалагічны музей адметны тым, што тут ажывае гісторыя тысячагадовай даўнасці. Не на карцінках ці ва ўяўленні наведвальнікаў, а ў рэальнасці. І ўсё гэта — на фоне маляўнічай прыроды. Дзе яшчэ можна атрымаць багаж новых ведаў, дыхаючы свежым лясным паветрам? І як бонус — да некаторых экспанатаў можна дакранацца рукамі. Але не да ўсіх! 

Падарожжа на машыне часу працягваецца музеі народнага побыту і старажытных тэхналогій. Экспазіцыя паказвае, як жылі нашы недалёкія продкі ў ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя. Па адчуваннях, знаходзішся не ў музеі, ў дзяцінстве ў вёсцы ў любімай бабулі — так утульна. У музеі можна пазнаёміцца з культурай, традыцыямі і паўсядзённым побытам жыхароў Белавежскай пушчы XIX стагоддзя, паспрабаваць «пушчанскія» пачастункі, азнаёміцца з працэсам самагонаварэння, якім раней славілася Белавежская пушча.

Будучы ў Белавежскай пушчы грэх не пазнаёміцца з жыццём яе галоўных гаспадароў — звяроў. Зрабіць гэта можна ў Музеі прыроды. Умоўна кажучы, гэта Белавежская пушча ў мініяцюры. У сямі залах прадстаўлена багацце флоры і фаўны, экскурсаводы расказваюць цікавыя факты з гісторыі пушчы, якіх за сотні гадоў накапілася нямала. Тут можна даведацца, як пушча дапамагла выйграць вайну з Тэўтонскім ордэнам, за што Белавежскую пушчу любіла сям’я расійскіх імператараў, а таксама ў чым палітычнае значэнне гэтага лесу. 

Экскурсаводы не шкадуюць і цікавых фактаў пра жыхароў пушчы. Самы знакаміты, канешне, зубр, самая вялікая жывёла Еўропы. Выдатнае дасягненне беларускіх вучоных у тым, што яны змаглі захаваць гэты від жывёл у другой палове мінулага стагоддзя. У 1919-м годзе ў Белавежскай пушчы была забіта апошняя зубрыца. Усяго ў той час ў заапарках іншых краін заставалася ўсяго 52 зубры, якія калісьці былі вывезены з Белавежскай пушчы. Працу па аднаўленні папуляцыі спыніла Другая сусветная вайна. Але ў 1950-х у Белавежскай пушчы былі створаны спецыяльныя гадавальнікі для зуброў, дзе іх разводзілі і паступова выпускалі на волю. Зараз у Белавежскай пушчы жывуць больш за 700 асоб зуброў. Цікавы факт — у зубрыным статку пануе матрыярхат, магутныя зубры бездакорна слухаюць самую мудрую зубрыцу. А яшчэ, нягледзячы на свае памеры, зубр досыць грацыёзная жывёла — спецыялісты сцвярждаюць, што ён з месца можа пераскочыць двухмятровы плот. У музеі прыроды можна таксама даведацца, што ваўкі — выдатныя сем’яніны. Яны «бяруцца шлюбам» адзін раз на ўсё жыццё. Калі з’яўлецца патомства, яны ўвогуле паводзяць сябе як людзі: маці даглядае дзяцей, бацька клапоціцца аб харчаванні сям’і. Воўк можа развіваць скорасць да 60 кіламетраў у гадзіну і свабодна перамяшчацца на дзесяткі кіламетраў. 

Экспазіцыі музея прыроды выкананы з максімальным набліжэннем да рэальнасці, адлюстроўваюць насычанасць лясных экасістэм Белавежскай пушчы, ствараюць атмасферу прысутнасці сярод першабытнай прыроды. Эфект прысутнасці ўзмацняюць гукі прыроды — шум лесу, гук дажджу, ціўкат птушак, рохканне і роў лясных жывёл.

Аднак у Белавежскай пушчы трэба знаёміцца з прыродай на прыродзе. Абавязкова трэба павітацца з ляснымі жыхарамі, якія жывуць у дэманстрацыйных вальерах. Наўрад ці нехта парадуецца, сустрэўшы ў лесе зубра (хоць яны ніколі не нападаюць на людзей), але пачаставаць яго праз агароджу ў вальеры — вялікае задавальненне. Гордыя алені і касулі, актыўныя дзікі, насцярожаныя ваўкі і мядзведзі, якія жывуць у гэтым лясным заапарку, да людзей ужо прывыклі, таму не хаваюцца ад гасцей і дазваляюць добра сябе разгледзець. А яшчэ ім, здаецца, вельмі падабаюцца кампліменты. Некаторым, як, напрыклад, дзікам і тарпанавідным коням вельмі падабаюцца пачастункі ад гасцей. Карміць іх тут не толькі можна, але і трэба. 

Аддаць сваю даніну павагі ў Белавежскай пушчы трэба і дрэвам, чый узрост пераваліў за некалькі стагоддзяў. Іх можна сустрэць падчас абзорнай экскурсіі. Тут можна ўбачыць 600-гадовую сасну, старую бярозу з капам на ствале ў выглядзе галавы зубра. Асобая ўвага — дубам-патрярхам. Ёсць сярод іх і старыя, якім ужо па 600 гадоў, ёсць і маладзейшыя, якія размянялі толькі тры сотні гадоў. Нашы продкі лічылі зямлю пад дубам лячэбнай, верылі, што яна дае сілы. Упэўніцца ў гэтым можа, завітаўшы ў Белавежскую пушчы на выхадныя. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.