Вы тут

Колькі каштуе сустрэць Новы год у санаторыі?


Сустрэча Новага года ў беларускім санаторыі традыцыйна карыстаецца попытам. Святочная вячэра са стравамі ад шэф-кухараў, канцэрт зорак беларускай эстрады, Дзед Мароз і Снягурка з конкурсамі і гульнямі і танцы да самай раніцы — такія праграмы прапануюць здраўніцы ў навагоднюю ноч. Астатнія дні будуць насычаны мерапрыемствамі на адкрытым паветры: зімовыя гулянні, спаборніцтвы і экскурсіі. І, безумоўна, медыцынскія і СПА-працэдуры, якія дазволяць адпачыць і парэлаксіраваць. У большасці санаторыяў месцы на навагоднія святы цалкам забраніраваны. Адзін дзень у беларускім санаторыі ў гэты час у сярэднім абыдзецца ў 93 рублі, навагодні банкет — да 200 рублёў.


Навагодні банкет, зімовыя гулянні і СПА-праграмы

Як адзначае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь БАЛБАТОЎСКІ, Новы год у айчынных санаторыях традыцыйна карыстаецца павышаным попытам. Усе здраўніцы будуць цалкам запоўненыя. У перыяд навагодніх свят тут чакаюць каля 22 тысяч гасцей. Адметна, што амаль палова з іх (больш за 10 тысяч) — замежныя грамадзяне, пераважна расіяне. Як правіла, на гэты час санаторыі арганізоўваюць двухтыднёвыя туры, якія будуць праходзіць з 25 снежня да 7 студзеня. Заезды будуць практычна паўсюль у адзін і той жа час.

Навагодняя праграма істотна адрозніваецца ад звычайнага знаходжання ў санаторыі. Акрамя комплексу медыцынскіх паслуг (а ўсе пуцёўкі набыты з гэтай опцыяй) праграмы будуць насычаны святочнымі мерапрыемтсвамі. Гэта канцэрты артыстаў беларускай эстрады, майстар-класы з нацыянальным каларытам, вулічныя гулянні, спартыўныя мерапрыемствы з акцэнтам на зімовыя віды спорту. Сёлетняе надвор'е ім спрыяе, і амаль усе санаторыі ўключылі ў праграмы масавыя лыжныя прагулкі. І, вядома, традыцыйны навагодні банкет з Дзедам Марозам і Снягуркай. Напрыклад, адзін з найлепшых беларускіх санаторыяў, «Альфа Радон», прапануе сёлетні навагодні банкет пад назвай «Рускія сезоны» — у стылі рускага дваранства з тэматычным фуршэтам, класічнай музыкай і творчымі майстар-класамі.

У сярэднім адзін дзень знаходжання ў гэты час у санаторыі складае каля 93 рублёў, кошт навагодняга банкета — у сярэднім 195 рублёў. Большасць санаторыяў на Новы год ужо забраніравана. У тым ліку адзін з самых нятанных — санаторый «Пліса» — паведамляе, што вольных месцаў на Новы год не засталося. А вось санаторыі сярэдняй цэнавай катэгорыі яшчэ маюць вольныя нумары, напрыклад, санаторый «Крыніца» пад Мінскам. Цана навагодняга банкета тут — 195 рублёў.

— Сёння санаторыі працуюць у рэжыме санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту, — падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі. — Няма ўспышак захворванняў, пры тым што сёння санаторыі запоўнены на 80 %. За апошнія гады гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў запаўняльнасці ў асенне-зімовы перыяд, што сведчыць пра высокі попыт на такі від паслуг.

Суразмоўца дадаў, што актыўна ідзе браніраванне і зімовых месяцаў. Студзень забраніраваны на 67 %, люты — больш чым на 40 %. Папярэднія вынікі года сведчаць пра тое, што сістэма санаторна-курортнага лячэння спрацавала паспяхова. Удалося выйсці на паказчыкі дзейнасці ўдалага 2019 года, нават па некаторых пазіцыях пераўзыйсці. А калі параўноўваць з мінулым годам, то сёлетні стаў нашмат больш паспяховым. Выручка па экспарце паслуг вырасла на 70 %, а агульная выручка — на 46 %. У грашовым выражэнні выручка ад экспарту паслуг складзе 100 мільёнаў долараў.

У лагер — зімой

Запланавана і аздараўленне школьнікаў падчас зімовых канікул у лагерах, у тым ліку стацыянарных з кругласутачным знаходжаннем. Мяркуецца, што аздараўленне ў лагерах розных тыпаў пройдзе больш за 60 тысяч дзяцей. Менавіта столькі заявак атрымана ад бацькоў.

Усе ахотныя і тыя, хто мае патрэбу ў аздараўленні, атрымаюць такую магчымасць, звяртае ўвагу Генадзь Балбатоўскі. Лагеры прымуць школьнікаў з 23 снежня да 7 студзеня. Запланаваны такі ранні пачатак канікул, бо будуць функцыянаваць кругласутачныя стацыянарныя лагеры, і працягласць пуцёўкі там — не менш за 9 сутак. У такіх лагерах на зімовых канікулах адпачне больш за паўтысячы дзяцей. На правядзенне зімовых канікул рэспубліканскаму цэнтру па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні выдаткавана 1,7 мільёна рублёў.

Найбольшы попыт, дарэчы, на аздараўленне ў Віцебскай вобласці — там у лагерах адпачне больш за 10 тысяч дзяцей. У Мінскай — 9,6 тысячы, у Брэсцкай — 9,4, Гомельскай — 8,9, Мінску — 7,9, на Магілёўшчыне — 7,5, Гродзеншчыне — 4. Праграмы ў лагерах таксама тэматычныя, а ўсе кругласутачныя лагеры — профільнай накіраванасці з акцэнтам на навагоднія святы і насычанай экскурсійнай праграмай.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.