Вы тут

Як правільна паклапаціцца аб здароўі свайго чацвёраногага сябра зімой


Велізарная памылка лічыць, што сабакі не мерзнуць. Так, некаторыя пароды прыстасаваныя да нізкіх тэмператур, але іншыя не выносяць халадоў, схільныя да прастуд. Да таго ж, кожную зіму ў гарадах выкарыстоўваюць шмат рэагентаў, якія аказваюць дрэннае ўздзеянне на лапкі гадаванцаў. Як правільна паклапаціцца аб здароўі свайго чацвёраногага сябра?


Пераноснасць халадоў у сабак залежыць ад некалькіх фактараў:

  • памер жывёлы. Маленькія сабакі мерзнуць больш за вялікіх;
  • умовы жыцця. Кватэрны гадаванец часцей ліняе, пазбаўляючыся ад непатрэбнага падшэрстка, таму яму будзе халадней узімку, чым сабаку, які ўвесь час жыве ў вальеры ці ў будцы;
  • наяўнасць поўсці. Горш за ўсё ў зімовы час голым і караткашэрсным пародам. Яны могуць захварэць нават у прахалоднай кватэры, не кажучы ўжо пра шпацыры пад мокрым снегам, дажджом ці ў маразы;
  • узрост — шчанюкі і старыя сабакі больш цяжка пераносяць нізкія тэмпературы.

Ну і як тады дапамагчы гадаванцу справіцца з халадамі?

1. Паклапаціцеся пра поўсць. Да зімы ў сабак павінен вырасці падшэрстак. Аднак бываюць збоі. Каб іх не было, неабходна рэгулярна вычэсваць гадаванца, каб працэс змены поўсці праходзіў хутчэй. Пухнатым пародам, апрача вычэсвання, патрэбна рэгулярная стрыжка, каб пазбавіцца ад футра, што будзе падмятаць дарожкі, мокнуць і збіраць на сябе хімічныя рэчывы, якімі пасыпаюць узімку вуліцы.

2. Абараніце лапы. Скура на іх можа сохнуць і трэскацца пад уплывам рэагентаў. Таму нанясіце на падушачкі лапак перад выхадам спецыяльны воск, спрэй ці бальзам (лепш спачатку параіцца з ветэрынарам). Некаторыя гаспадары нават апранаюць сабакам абутак.

3. Умацуйце імунітэт. Своечасова рабіце вакцынацыю: уважліва вывучыце яе схему, пракансультуйцеся з ветэрынарам і строга выконвайце. Пропускі прышчэпак зводзяць эфектыўнасць да нуля. Таксама неабходныя апрацоўка ад паразітаў, вартая ахова ад тытунёвага дыму. Блыхі актыўныя ўвесь год, а кляшчы могуць актывізавацца падчас пацяплення. Нават калі сабака ўвесь час знаходзіцца ў кватэры, можна занесці паразітаў на абутку. Што датычыцца тытунёвага дыму, то для гадаванцаў удыханне яго вельмі шкоднае, тым больш калі ў іх ёсць алергія або захворванні дыхальнай і сардэчнасасудзістай сістэм.

4. Збалансуйце харчаванне. Некаторым, асабліва актыўным пародам, узімку неабходны больш каларыйны рацыён. Апроч таго, трэба даваць вітаміннамінеральныя комплексы, толькі зноў жа пракансультуйцеся спачатку з ветэрынарам.

5. Змяніце рэжым і месца выгулу. У маразы выводзіць сабаку трэба часцей, аднак на кароткі час. Гадаванец пры гэтым павінен шмат рухацца. У сухое надвор’е час шпацыру можна крыху павялічыць. У галалёд лепш трымайце сабаку на павадку. Наогул, каб пазбегнуць траўм, не гуляйце там, дзе слізка ці дзе пад снегам можа апынуцца шкло ці галлё. Абірайце як мага больш расчышчаныя дарогі.

Калі вушы гадаванца сталі ледзянымі і ён падціскае лапкі — трэба ісці дамоў грэцца. 

6. Набывайце адзенне. Галоўнае, каб яно было гадаванцу па памеры, інакш яму будзе цяжка рухацца. Каб сабака хутчэй прывык да вопраткі, упершыню яе лепш прымяраць дома. Дайце гадаванцу абнюхаць рэч, не апранайце праз нежаданне. Калі дазвол атрыманы, пераканайцеся, што яму камфортна. Благі знак, калі сабака кладзецца на падлогу, спрабуе вызваліцца, грызе адзенне. 

Пароды, якім спатрэбіцца вопратка:

  • дэкаратыўныя (чыхуахуа, кітайская чубатая, ёркшырскі тэр’ер);
  • кароткашэрсныя (азавак, грэйхаунд, леўрэтка і інш.) — ім камбінезон неабходны не толькі на вуліцы, але і ў слабаацепленай кватэры;
  • кароткалапыя (пекінес, такса, скайтэр’ер і інш.).

Зоя САЛАЎЁВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.