Вы тут

Актрысе Наталлі Чамадуравай — 80 гадоў


Яна служыць у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага ўжо 58 гадоў. Тэатралы са стажам напэўна памятаюць яе лэдзі Макбет у славутай пастаноўцы, Гелу ў «Майстрах», доктара Мацільду фон Цанд у «Фізіках».

27 снежня — у Наталлі Чамадуравай юбілей. Аб сваёй выдатнай сям’і, аб сустрэчы з вялікай Марыяй Бабанавай, аб каханні, узросце і аб сваёй мары актрыса і расказала з нагоды гэтай урачыстасці.


Родам з дзяцінства

— Я шчаслівы чалавек, — пераканана Наталля Яўгенаўна. — Гасподзь падарыў мне геніяльнага бацьку, дабрэйшую прыгажуню-маму, цудоўнага брата, таленавітага мужа. І хоць іх ужо няма, я ўвесь час у думках размаўляю з імі.

Народны мастак БССР Яўген Чамадураў з 1959 па 1976 год быў галоўным мастаком нашага Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Аб сваім насычаным падзеямі жыцці ён распавёў у мемуарах «Маё дваццатае стагоддзе. З запісак опернага мастака». Прысвяціў Яўген Рыгоравіч іх сваёй жонцы — Азе Іванаўне Штанковай, музе і анёлу-ахоўніку сям’і.

— Нарадзілася я ў Душанбэ (тады Сталінабадзе), — працягвае актрыса. — Бацьку накіравалі працаваць у Таджыкскі дзяржаўны тэатр оперы і балета пасля заканчэння Ленінградскай акадэміі мастацтваў (сёння Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна — заўв. аўтара). Там ён сустрэў маю маму, бацька якой загінуў у канцлагеры. Ішла вайна, але ў Душанбэ яна не адчувалася. Памятаю, як мы прачыналіся пад гукі малітваў, якія чыталі муэдзіны. У горадзе па вуліцах хадзілі вярблюды, а часам і тыгры. Памятаю, як пачыналіся землятрусы, і ўсё прыходзіла вакол у рух. На шчасце, яны не былі разбуральнымі. Ніколі не забудуся, як тата вазіў мяне ў горы, і я піла найчысцейшую крыштальную ваду, якая сцякала з вяршыняў у арыкі. Мы жылі ў раскошных па тых часах умовах. Я ні ў чым не мела патрэбу, але мама ўвесь час чысціла мяне ад вошай, якіх я падхапляла, бо сябравала з тымі, хто жыў бядней за нас. З дзяцінства шкадавала гэтых людзей, увесь час цягала ім з хаты ежу, кнігі, рэчы. 

Прызванне

— У Душанбэ побач з намі жыла Лютфі Західава, першая з таджычак класічная балерына, — успамінае Наталля Чамадурава. — Гэта была легендарная жанчына! Мяне захаплялі ў тэатры дэкарацыі бацькі, цудоўная музыка вялікіх кампазітараў. Прыкладна да 8 гадоў я не бачыла драматычных спектакляў, толькі балеты і оперы. Тата часта браў мяне з сабой у тэатр. І пакуль ён працаваў, я танчыла ў праходах, паўтараючы рухі балерын з «Лебядзінага возера» і «Бахчысарайскага фантана». Мне вельмі падабалася хадзіць на пальцах і ўяўляць сябе прымай. Пасля Душанбэ наша сям’я ўслед за бацькам, які адгукнуўся на запрашэнне рэжысёра Мікалая Ахлопкава, пераехала ў Маскву. Там мы жылі ў інтэрнаце Маскоўскага акадэмічнага тэатра ім. У. У. Маякоўскага. Бытавыя ўмовы ў параўнанні з Таджыкістанам аказаліся вельмі спартанскімі. Але мяне вадзілі ў МХАТ на «Сінюю птушку», у Малы тэатр, у тэатр імя Я. Вахтангава. Аднойчы мы з мамай вярталіся ўзімку дадому, і міма нас прайшла жанчына. Яна была вельмі сціпла апранутая, у вясковай хустцы, бурках. Мама, паказаўшы на яе, сказала: «Глядзі, вось ідзе вялікая Марыя Бабанава. Запомні гэтае імя». Аднойчы ў двары для мясцовых дзяцей разыгрывала сцэны з вядомых спектакляў. У нейкі момант паварочваюся і бачу: сярод гледачоў стаіць і глядзіць на мяне Марыя Бабанава. Ад нечаканасці, забыўшыся пра ўсё, я літаральна аслупянела. А яна раптам адчыняе сумку, дастае адтуль апельсін і працягвае мне. З таго часу прайшло 70 гадоў. А ў мяне перад вачыма і зараз рука вялікай Марыі Бабанавай і гэты апельсін!

Толькі раз бывае ў жыцці сустрэча

— Школу № 19 я скончыла ўжо ў Мінску, — распавядае Наталля Чамадурава. — Пытання, кім быць, перада мной не стаяла. Толькі актрысай! Марыла паступаць у Маскву, а ў выніку стала студэнткай нашага БДТМІ (цяпер БДАМ), трапіла на курс да выдатнага педагога, народнага артыста БССР Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова. Думаю, гэта лёс. На другім курсе здавала іспыт у зале інстытута — выконвала ролю Кацярыны з «Навальніцы» А. Астроўскага. Мой партнёр дзесьці замарудзіўся, і я вымаўляла словы гераіні ў пустату. Мікалай Калінін, які вучыўся на рэжысёрскім факультэце, у гэты час праходзіў па калідоры, спыніўся ад майго гучнага эмацыйнага воклічу, прыадчыніў дзверы і ўвайшоў у залу. А я прамаўляю са сцэны: «Пачакай, пачакай! Дай мне паглядзець на цябе ў апошні раз». Такой была наша першая сустрэча. На першым спатканні Мікалай павёў мяне да магілы беларускага паэта Паўлюка Труса, чытаў яго вершы. Праз год мы сталі мужам і жонкай.

Муж родам з вёскі Карма Гомельскай вобласці, з вельмі простай сельскай сям’і. Чалавек з зусім іншага, чым я, свету. І пры гэтым незвычайна таленавіты. Цудоўна ведаў беларускую, рускую, сусветную літаратуру, валодаў выключнай памяццю. Ён і бацька размаўлялі адзін з адным на роўных. Кожнае лета я ехала ў Карму. Палюбіла маму і бацьку Мікалая, усю яго радню, а потым і Беларусь. Муж быў неверагодна працаздольным чалавекам, поўным творчых ідэй і грандыёзных планаў. Адзін з заснавальнікаў беларускага кіно, народны артыст СССР Уладзімір Корш-Саблін не аднойчы паўтараў пра Калініна: «Гэты хлопец — будучыня беларускага кіно». Хто ж мог падумаць, што ў 36 гадоў ён завершыць свой зямны шлях, а я ў 30 гадоў стану ўдавой з 7-летнім Дзянісам?

«Корцік» і «Бронзавая птушка» — кінакласіка, якой магло не быць

— Нядаўна пасля «Гора ад розуму» да мяне падышоў незнаёмы мужчына, — дзеліцца Наталля Яўгенаўна. — Аказалася, спецыяльна прыехаў у Мінск з Томска, каб трапіць на спектакль з маім удзелам і, паводле яго слоў, «дакрануцца да эпохі» — у асобе выканаўцы ролі маці Мішы Палякова. Ён прызнаўся: «Корцік» і «Бронзавая птушка» — яго любімыя фільмы, дзякуючы якім ён «стаў чалавекам». Вось як непрадказальна ўсё ў мастацтве! Сёння гэтыя карціны называюць класікай савецкага дзіцячага кіно. А Мікалай жа ўзяўся за гэтую працу вымушана і не разлічваў на нейкі поспех. Пасля «Рудабельскай рэспублікі», «Ідучых за гарызонт» ён меў намер пісаць свой сцэнар, марыў здзейсніць прарыў. Але ў нас ужо быў сын, і муж хацеў забяспечыць сям’ю, каб потым год спакойна прысвяціць увасабленню сваіх задум. Мікалай адгукнуўся на прапанову экранізаваць творы Анатоля Рыбакова і працаваў вельмі прагна. З такой хуткасцю, як «Корцік» і «Бронзавую птушку», тады ніхто кіно не здымаў. Усе трое хлопчыкаў-выканаўцаў галоўных роляў аказаліся па-сапраўднаму таленавітыя. У вобразе Мішы Палякова вельмі шмат ад самога Калініна. Сярожа Шаўкуненка рабіў усё так, як казаў Мікалай, пераймаў яго. Пераканана: Сяргей мог стаць цудоўным акцёрам. Як і Уладзімір Дзічкоўскі (выканаўца ролі Генкі Пятрова — заўв. аўтара), і Ігар Шульжэнка (які ўвасобіў на экране Слаўку Эльдарава — заўв. аўтара). І яны ж хацелі звязаць сваё жыццё з кінематографам. Іх не падтрымалі? Хіба магла я ўявіць, што Сярожа Шаўкуненка стане рэцыдывістам, узначаліць АЗГ і будзе забіты 11 лютага 1995-га? Чытала, што ў лютым 2009-га памёр Ігар Шульжэнка. А раней за ўсіх, 12 лютага 1974-га года, не скончыўшы працу над «Бронзавай птушкай», сышоў Мікалай. Нейкі фатальны месяц — люты.

Тэатр — гэта стрэмка

— Быў бы мой акцёрскі лёс шчаслівым, застанься муж-рэжысёр жывы? Хто ведае..., — разважае Наталля Чамадурава. — Мікалай даваў мне ролі ў сваіх праектах, але не тыя, якія мяне творча прыцягвалі. Хаця у «Рудабельскай рэспубліцы» нешта цікавае ў мяне, лічу, атрымалася.

Мой настаўнік Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў напісаў у свой час у характарыстыцы, што я магу граць усё. А што ў выніку мне ўдалося? Сваёй «вяршыняй» у тэатры лічу ролю лэдзі Макбет у аднайменным спектаклі Барыса Луцэнка. Ставіў Барыс Іванавіч шэкспіраўскую п’есу перш за ўсё на народную артыстку СССР Аляксандру Іванаўну Клімаву. Яна выконвала лэдзі Макбет геніяльна. Але і аб сваёй працы я чула пахвальныя водгукі.

Тэатр — гэта мой манастыр. Магчыма, Гасподзь накіраваў мяне сюды, каб я ўтаймоўвала сваю ганарыстасць. І я душыла свае амбіцыі. Цярпела. Аднойчы запрасіла на «Майстроў» па М. Булгакаву, дзе грала Гелу, знаёмага святара. Пасля спектакля кажу яму: «Калі вы скажыце мне кінуць тэатр, нагі маёй заўтра там не будзе». Але ён адказаў: «Не, не магу гэтага патрабаваць. Хто лепш за вас увасобіць такую мярзоту?» І я засталася. Калі на рынку ці на вуліцы да мяне падыходзяць і пытаюцца: «Вы актрыса Наталля Чамадурава?», я звычайна адказваю: «Памыліліся». Пазнавальнасць ужо не радуе. Але наша прафесія — гэта сапраўдная стрэмка, якая сядзіць ўнутры. Самае дзіўнае — я і сёння адчуваю прагу граць. У 80 гадоў мне па-ранейшаму хочацца — патрэсці гледача, адкрыць на сцэне сваю душу, сказаць гледачу нешта вельмі важнае, што я зразумела пра жыццё, пра цярпенне, Веру, Надзею і Любоў.

Аб узросце

— У мяне ніколі не было жадання рабіць пластычныя аперацыі, — прызнаецца Наталля Чамадурава. — Як казала вялікая Ганна Маньяні: «Кожная мая маршчынка — гэта маё жыццё. Я не развітаюся ні з адной сваёй маршчынкай, таму што кожная з іх занадта дорага мне дасталася». Даўно заўважыла: калі на душы лёгка, светла, твар разгладжваецца, прыгажэе, маладзее. Калі на душы цёмна, цяжка, то і выглядаеш горш.Так, наша цела фізічна старэе, хварэе. І я памятаю аб сваім узросце. З гадамі мы пакрысе губляем прыкметы пола. І я памятаю аб сваім узросце. Але душа застаецца маладой. Ва ўсякім разе так я сябе адчуваю. Мяне ратуе вера ў Бога, у жыццё вечнае.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадстаўлены Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя М. Горкага

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.