Вы тут

Ёлачныя кірмашы стартуюць у гэтыя выхадныя


Напярэдадні Калядных і навагодніх святаў лясныя гаспадарчыя ўстановы краіны традыцыйна запрашаюць нашых людзей наведаць ёлачныя кірмашы. Сёлета навагоднія дрэвы, выгадаваныя спецыялістамі лясгасаў, можна будзе набыць ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Колькі ўсяго навагодніх дрэў плануюць рэалізаваць лесагаспадарчыя ўстановы? Якія акцыі пройдуць па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі ў краіне? Якое навагодняе дрэва рэкамендуюць набыць спецыялісты, і дзе яго можна будзе купіць «танней»? Пра гэта расказалі спецыялісты Мінлясгаса.


Два тыдні актыўнага гандлю — елак хопіць усім

Навагоднюю прадукцыю ад лясгасаў можна будзе купіць больш чым на тысячы ста гандлёвых пляцовак, расказаў намеснік начальніка ўпраўлення вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Міністэрства лясной гаспадаркі Віталь Бандарэвіч.

Ён адзначыў, што напярэдадні калядных і навагодніх святаў Мінлясгас шмат чаго зрабіў для забеспячэння нашых грамадзян святочнай прадукцыяй, атрыбутыкай, сувенірамі. Гандлёвыя пляцоўкі розныя. «Так, у лясніцтве мы зможам набыць толькі дрэвы, а на гандлёвых пляцоўках сеткі „Лясны домік“ — не толькі елкі або хвоі, але і аксэсуары да свята. Усе гэтыя рэчы прадугледжаныя ў вялікай колькасці, хопіць усім», — запэўніў спецыяліст.

Так, толькі жывых елак і хвоек плануюць нарыхтаваць больш за 140 тысяч штук. Зрэшты, апошняе слова за попытам. А ён расце на дрэвы ў кадках, якія можна купіць ужо цяпер, навагоднія вянкі і букеты. Прапануюць некаторыя лясгасы і драўляныя складаныя елкі (з дошчачак), якія могуць разбірацца пасля святаў, доўга захоўваюць свой знешні выгляд, перадаюць водар лесу. Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр, у прыватнасці, рэалізуе, апроч іншага, натуральныя ўпрыгожванні на ёлку з фарбаваных шышак.

Па традыцыі лясгасы імкнуцца размясціць свае пункты продажаў бліжэй да пакупнікоў. Па просьбе грамадзян, зыходзячы з попыту, міністэрства павялічыла колькасць гандлёвых пляцовак. «Сёлета, у прыватнасці, узгаднілі 12 дадатковых пунктаў у Мінску, каб забяспечыць насельніцтва сімваламі свята па прымальных цэнах, — звярнуў увагу Валерый Бандарэвіч. — Дарэчы, ва ўсіх абласных цэнтрах будзе працаваць больш за 80 нашых гандлёвых пляцовак».

Ён адзначыў, што цэны на навагоднія дрэвы пастараліся захаваць на ўзроўні мінулага года. Набыць пушыстую прыгажуню можна ў лясгасах па досыць прымальных цэнах. Ялінка вышынёй да метра — у сярэднім будзе каштаваць ад 5 да 5,5 рубля, да 1,5 метра — да 10 рублёў, звыш 1,5 метра — да 15 рублёў. «Пры гэтым трэба ўлічваць спецыфіку рэгіёнаў, у залежнасці ад яе кошт можа адрознівацца. Актуальныя лічбы варта ўдакладняць на сайтах лясгасаў або звяртацца да нас, мы размесцім цэны, каб грамадзяне арыентаваліся», — падкрэсліў Віталь Бандарэвіч.

Каб яна не абсыпалася

Першае, што трэба зрабіць, гэта вызначыцца з датай, калі ж навагодняе дрэўца нам спатрэбіцца, ужо прыгожае і прыбранае. Наш эксперт рэкамендуе ўстанаўліваць дрэўца не раней чым за 5–10 дзён да ўрачыстасці.

Зрэзаная елка пачынае засыхаць толькі з таго моманту, як яна трапляе ў цяпло і пачынаецца працэс «высушвання», выпарэння вільгаці з іголак, таму пасля ўстаноўкі елкі трэба забяспечыць ёй рэгулярнае паступленне вады да ствала і прахалоднае, вільготнае паветра.

Месца для ёлкі падыдзе як мага далей ад адкрытага агню, электраабагравальнікаў, радыятараў і іншых крыніц цяпла. Вельмі добра, калі памяшканне часам будзе праветрывацца, каб трохі паніжаць тэмпературу, а паветра — рэгулярна ўвільгатняцца.

Асобна варта згадаць пра тое, што калі на вуліцы моцны мароз ніжэй за мінус 15 градусаў, то іголкі і галінкі становяцца вельмі далікатнымі і іх лёгка пашкодзіць. Пры такім надвор’і і спецыялісты не рэкамендуюць лішні раз трывожыць галінкі елкі адразу пасля таго, як яе прынеслі дадому. Лепш пачакаць, пакуль дрэва паступова адаптуецца да пакаёвай тэмпературы, і толькі потым ставіць.

Наступнае, што трэба зрабіць — гэта забяспечыць рэгулярнае паступленне вады да ствала. Каб дрэўца лепш убірала ваду, ствол спілоўваюць на 2-3 сантыметры ад зруба або надсякаюць нажом — для фарміравання свежага зрэзу і большай плошчы ўбірання вільгаці.

Можна выкарыстоўваць спецыяльныя падстаўкі для елкі з рэзервуарамі для вады. У іх елка надзейна і хутка фіксуецца ў патрэбным становішчы, а ваду лёгка падліваць па меры выпарэння. А яшчэ эксперт раіць ваду падсаладзіць.

Чым вышэй тэмпература паветра ў памяшканні, тым раней пачне абсыпацца зрэзаная елка. Пры тэмпературы 10 градусаў вышэй за нуль навагодняе дрэва будзе стаяць доўга, да месяца. Але зімой у нашых кватэрах даволі горача, а павышэнне тэмпературы на кожныя 5 градусаў памяншае працягласць жыцця ёлкі на 1 дзень. Гэта значыць, калі ў нас дома 28–30 градусаў, то пры ўсіх хітрыках елка прастаіць толькі некалькі дзён. Спецыялісты раяць рэгулярна праветрываць памяшканне, у якім стаіць елачка, для паніжэння тэмпературы паветра хоць на некалькі градусаў. Не варта таксама забываць пра тое, што электрычныя электраабагравальнікі моцна высушваюць паветра, таму іх лепш не выкарыстоўваць там, дзе стаіць жывое дрэва.

Сацыяльнае і камерцыйнае

Лясгасы прапануюць нашым людзям набыць навагоднія дрэвы ў кадках, гаршках або скрынках, захаваць іх да вясны і высадзіць у найбліжэйшым лясніцтве падчас акцыі «Тыдзень лесу». Такім чынам, кожны беларус зможа ўнесці свой уклад у азеляненне малой радзімы. А кожнаму пакупніку навагодняга дрэва ў кадцы лясгасы падораць памятку па доглядзе за сімвалам свята. Акрамя таго, у каго ёсць свой асобны дом або дача, могуць вясной высадзіць ялінку з кадкі ў сябе на ўчастку. Калі яна прыжывецца, то ўжо праз 3–5 гадоў вы зможаце ўпрыгожваць зімой сваю ўласную прыгажуню.

Напярэдадні Новага года лесагаспадарчыя ўстановы акажуць дабрачынную дапамогу ўстановам дашкольнай і школьнай адукацыі і падораць ім жывыя атрыбуты свята. Для гэтага трэба, каб дзіцячыя садкі і школы зрабілі адпаведныя заказы.

У лес — па законе

Кансультант упраўлення лясной гаспадаркі Мінлясгаса Аляксей Бойка адзначае, што ў бліжэйшыя выхадныя дарогі, якія вядуць да лесу, будуць пад узмоцненым наглядам. Работнікі лясгасаў і іх памочнікі будуць пільна сачыць за тым, каб ніхто ў гэты час з сякерай у руках незаконна па лесе не гуляў.

Напярэдадні зімовых свят Дзяржаўная лясная ахова будзе ажыццяўляць шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на спыненне незаконнага набыцця елак і соснаў. У прыватнасці, службовыя асобы дзяржлесаховы пераходзяць на ўзмоцнены рэжым працы.

У першую чаргу яны будуць праводзіць інфармацыйна-тлумачальную работу з насельніцтвам — распавядаць аб парадку, месцах і тэрмінах набыцця дрэў. Акрамя таго, штодня будуць праходзіць палявыя мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў іншых ведамстваў. У тым ліку будуць арганізаваны стацыянарныя пасты на аўтадарогах для праверкі аўтамабіляў на прадмет транспарціроўкі незаконна нарыхтаваных елак. Праверкі будуць і на спецыялізаваных кірмашах. Работнікі Мінлясгаса сумесна з прадстаўнікамі падатковых органаў будуць глядзець, наколькі законна набыты прадстаўленыя дрэвы, ці адпавядаюць яны паказанаму віду і параметрам.

Аляксей Бойка звярнуў увагу на тое, што з кожным годам колькасць незаконных высечак жывых сімвалаў свята скарачаецца. Пры гэтым у мінулым годзе па выніках палявых мерапрыемстваў быў складзены 41 пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Шкода, прычыненая незаконнай высечкай, склала больш за 900 рублёў.

А за незаконную высечку елак у прыродаахоўных, рэкрэацыйна-аздараўленчых і ахоўных лясах прадугледжаны штраф для фізічнай асобы ў памеры 5–30 базавых велічынь, у эксплуатацыйных лясах — у памеры да 20 базавых велічынь. Акрамя гэтага, яшчэ будзе налічана шкода, прычыненая навакольнаму асяроддзю. А таксама будзе неабходна выплаціць кошт ссечанага дрэва ў памеры адной базавай. Ці варта так рызыкаваць, калі цана дрэўца на ёлачным кірмашы абсалютна даступная.

Дарэчы, у дапамогу работнікам лясной аховы ў перыяд навагодніх свят — фотапасткі. Іх у сістэме Мінлясгаса каля 1,4 тысячы. Летась яны дапамаглі выявіць пяцярых парушальнікаў.

Усё зробім самі

Дарэчы, а законна ссекчы навагоднюю ялінку ў лесе ўсё ж такі можна будзе. Для гэтага неабходна звярнуцца ў мясцовы лясгас (бліжэйшы да вашай рэгістрацыі) і аплаціць дрэва, якое вы жадаеце (елка, хвоя). Вам выдадуць дакумент для высечкі і адрас пляцоўкі, дзе вы будзеце шукаць тую адзіную вашу ялінку. Гэта так рамантычна, ды і значна танней. Ялінка з самастойным вывазам будзе каштаваць значна менш, чым такі ж тавар, але ўжо на кірмашах.

Для некаторых жыхароў нашай краіны гэтыя дзеянні — сямейная традыцыя. Бацькі так хочуць паказаць дзецям, як правільна сябе паводзіць у лесе, адкуль бяруцца дрэвы ў нашых дамах на Новы год. Калі ўсё зроблена дакладна і якасна, то такія дзеянні падтрымліваюць і прадстаўнікі Мінлясгаса.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.