Вы тут

Наталля Аксёненка: «Абавязкова падтрымліваць тых, хто чытае, натхняць любоўю да кнігі, да літаратуры...»


Здаецца, у свеце няма такога чалавека, які б быў абыякавы да неверагоднага паху новых кніг. Многія перакананы: абуджае такую рэакцыю не столькі друкарская «хімія» водараў, колькі прадчуванне эмоцыі, што абяцаюць падарыць нядаўна аддрукаваныя аркушы. Пах новых кніг — гэта пра чаканне шчасця і задавальнення, пра новыя веды, адкрыццё чагосьці здабытага сваім розумам і сэрцам. Так, ёсць людзі, якім пашчасціла кожны дзень знаходзіцца, працаваць у такой атмасферы. Гэта супрацоўнікі кнігарняў. У іх асяроддзі лічыцца, што работа з кнігай асаблівым чынам фарміруе, мяняе да лепшага і шмат у чым вызначае чалавека. Аб людзях, якія кожны дзень дапамагаюць нам знайсці патрэбную кнігу, аб правадніках у свет літаратуры, друкаванага слова размаўляем з дырэктарам рэгіянальнага філіяла «Гомелькніга» Наталляй Аксёненка.


Дырэктар рэгіянальнага філіяла «Гомелькніга» Наталля Аксёненка.

— Наталля Аляксандраўна, калі ласка, пазнаёмце нас са сваёй камандай.

— Рэгіянальны філіял «Гомелькніга» — гэта амаль шэсцьдзесят чалавек. Менавіта столькі ўсяго супрацоўнікаў на прадпрыемствах нашай сеткі рознічнага гандлю. Ахопліваем не толькі абласны цэнтр, але і раёны. Усяго ў рэгіёне 12 крам. Восем з іх размешчаны ў Гомелі і адпаведна чатыры — у раёнах. Калі казаць пра райцэнтры, то гэта магазіны ў Мазыры, Светлагорску, Калінкавічах і Рагачове. Усе атрымліваюць новы тавар штотыдзень. Наша сетка рознічнага гандлю прапануе шырокі спектр тавараў: ад багатага асартыменту кніг да рознай сувенірнай прадукцыі, спадарожных тавараў. Абавязкова звяртаем увагу на наяўнасць дзяржаўнай сімволікі. Імкнёмся забяспечыць вялікі выбар у тым ліку канцылярыі, цацак, развіццёвых гульняў. Камплектуюцца ўсе крамы напрамую ААТ «Белкніга», працуюць таксама і з пастаўшчыкамі, з якімі ў нас ужо гадамі выпрацавана супрацоўніцтва. Гэта вельмі важна, бо галоўная наша задача — прапаноўваць пакупнікам толькі якасную і бяспечную прадукцыю.

— Дазвольце адразу гарачае навагодняе пытанне... Нельга не заўважыць, як кнігарні Гомельшчыны паглыбляюцца ў атмасферу надыходзячых калядных свят. Як гэты сезон уплывае на вашу працу?

— У кніжным гандлі, вядома, таксама ёсць свая сезоннасць. Традыцыйна вылучаецца час пачатку навучальнага года, са жніўня да верасня ўключна, калі ідзе паток пакупнікоў вучэбна-метадычнай літаратуры. Ва ўсе любімыя «народныя» святы назіраем пакупніцкі ажыятаж. І гэта падарункі не толькі да Новага года, але і 8 сакавіка, 23 лютага. Рост пакупак кніг адзначаецца і ў канцы навучальнага года: прасочваецца традыцыя дарыць кнігі з нагоды заканчэння школы. Калі казаць пра калядны кніжны попыт, то вялікай папулярнасцю карыстаецца мастацкая літаратура для дзяцей і падарункавыя выданні для дарослых. Наогул, як паказвае практыка, для многіх кніга так і застаецца найлепшым падарункам. Хочацца нагадаць, што ў гэтыя святочныя дні сваіх родных, блізкіх, дарагіх сэрцу людзей можна павіншаваць кнігай разам з намі. Рэгіянальны філіял «Гомелькніга», як і нашы калегі 
ў абласцях краіны і ААТ «Белкніга», прапануюць дастаўку кніг поштай у любы пункт Беларусі. Скарыстацца такой паслугай, дарэчы, можна не толькі ў Новы год. Пагадзіцеся, перадаць такі сюрпрыз «пад ёлку» вельмі прыемна. 

— Як у цэлым кнігарням у рэгіёне ўдаецца развіваць інтэрнэт-фармат паслуг? Ці атрымліваецца спраўляцца з канкурэнтамі?

— Так, мы таксама, як і наша галаўное прадпрыемства «Белкніга», далучаемся да паслугі інтэрнэт-крамы. Развіваецца даведачная служба анлайн: заказ і праверка наяўнасці кніг у крамах. Як вядома, у плане інтэрнэт-гандлю ў нас ёсць пэўная канкурэнцыя з маркет-плэйсамі, якія, па сутнасці, выступаюць пунктамі выдачы кніг, спадарожных тавараў. Дарэчы, канкурэнцыя пэўная ёсць не толькі ў сферы інтэрнэт-гандлю. Прыватныя прадпрымальнікі ў сезон рэалізоўваюць навучальна-метадычную літаратуру. Мы сёння таксама робім акцэнт на розныя формы дастаўкі і рэалізацыі тавараў. Напрыклад, да навучальнага года класныя кіраўнікі практыкуюць заказ навучальна-метадычнай літаратуры ў нашых кнігарнях. Дастаўка для іх бясплатная ў магазін сеткі. З-за таго, што замаўляецца вялікі аб’ём, даецца зніжка. 

— Наталля Аляксандраўна, пагадзіцеся, кнігарні — фактычна брэнд населенага пункта, месца, па якім у пэўнай ступені ўспрымаецца, ацэньваецца горад яго гасцямі.

— Сапраўды, сярод прадпрыемстваў сеткі «Гомелькніга» ёсць кнігарні, якія дзесяцігоддзямі працуюць, сустракаюць пакупнікоў па адным і тым жа адрасе. Сапраўдны брэнд Гомеля — «Кніжны сусвет» на праспекце Леніна — крама з больш як паўвекавой гісторыяй на адным месцы. Мы можам казаць і пра пэўную народную гарадскую памяць... Гараджане з пакалення ў пакалення прыходзяць па пакупкі ў адны і тыя ж кніжныя крамы, вітаюцца, пазнаюць работнікаў на вуліцах. Сярод нашых супрацоўнікаў ёсць тыя, хто з дзяцінства сам прыходзіў па кнігу ў кнігарню побач з домам, вырас, атрымаў адукацыю, прыйшоў працаваць у тую ж краму і ўсё жыццё звязаў з ёй.

Між тым, калі казаць пра Гомель, то яго гарадская інфраструктура так ці інакш уплывае і задае пэўную спецыялізацыю нашым крамам. Напрыклад, «Кнігарня № 19» па Савецкай знаходзіцца паміж карпусамі Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны. Яна прапаноўвае больш шырокі асартымент літаратуры для студэнтаў, вялікі выбар канцылярыі. «Кнігарня № 3», крама «Букініст» размешчаны на вуліцы Свецкай, непадалёк ад цэнтральнай плошчы. Таму тут у тым ліку робяць акцэнт на асартымент сувенірнай прадукцыі для турыстаў. Пры гэтым побач знаходзяцца Гомельскі дзяржаўны політэхнічны каледж і Гомельскі дзяржмедуніверсітэт. Таму яны забяспечваюць шырокі асартымент літаратуры тэхнічнага плана, медыцынскай накіраванасці. Таксама побач будынак упраўлення ўнутранных спраў Гомельскага аблвыканкама, таму ў гэтых кнігарнях ёсць і попыт і на юрыдычную літаратуру. Вялікай папулярнасцю як у гасцей горада, так і гараджан карыстаецца і той жа «Кніжны сусвет» на праспекце Леніна. «Кнігарня № 1» па вуліцы Тэльмана — у народнай памяці былы магазін «Плакат». Многія людзі па звычцы прыязджаюць туды менавіта набыць плакатную прадукцыю, календары, карты. 

— Калі ў цэлым казаць, хто пакупнік вашых кнігарняў?

— Часцей за ўсё гэта чалавек, які не змяняе сваім традыцыям, традыцыям сваёй сям’і. Многія падтрымліваюць менавіта свае крамы, побач з якімі жывуць. Напрыклад, сярод нашых гандлёвых аб’ектаў ёсць і размешчаныя не ў цэнтры горада, а ў спальных раёнах — «Кнігарня № 2» па вуліцы Ільіча ў Навабеліцы, «Кнігарня № 23» па праспекце Кастрычніка, «Кнігарня № 7» у мікрараёне Касцюкоўка. Усе яны «трымаюць» сваіх пакупнікоў. Калі іх пастаянныя кліенты прыходзяць і чагосьці няма ў наяўнасці (такое бывае вельмі рэдка), то ўсё вельмі хутка заказваецца. Такім чынам, увогуле пастаянны попыт пакупніка дапамагае рыхтаваць асартымент крамы. Побач з той жа «Кнігарняй № 23» на праспекце Кастрычніка — тры ўніверсітэты, некалькі каледжаў, студэнцкія інтэрнаты. Таму гэты гандлёвы пункт імкнецца заўсёды трымаць адпаведны асартымент для студэнцкага асяроддзя. Такім жа чынам добра ведаюць свайго пакупніка і арыентуюцца на яго запыт і крамы ў раёнах Гомельшчыны. Магазін «Кнігі» ў Калінкавічах — самы малады гандлёвы аб’ект нашай сеткі, адкрыўся вясной 2020 года. Напрацоўваюцца абароты, і мы спадзяёмся, што гандаль тут будзе развівацца яшчэ больш дынамічна. Крама «Першацвет» у Рагачове была адкрыта ў 2016 годзе. Дарэчы, на прыкладзе гэтай кнігарні варта адзначыць, якім чынам могуць суседнічаць кніжны і бібліятэка. Знаходзяцца яны ў адным будынку, але наш «Першацвет» карыстаецца вялікім попытам у рагачоўцаў і жыхароў раёна. У Мазыры крама «Светач» — адна з самых буйных, яе плошча больш за 200 «квадратаў». У раёне «Светач» з моманту стварэння сеткі рэгіянальнага філіяла «Гомелькніга». Многія адзначаюць, што вабіць па пакупкі ў «Светач» у тым ліку месцазнаходжанне — у самым сэрцы горада на беразе Прыпяці.

— Наталля Аляксандраўна, як кнігарні ўдзельнічаюць у фарміраванні літаратурнага жыцця рэгіёна?

— Перш-наперш гэта вопыт узаемадзеяння крам з пісьменнікамі Гомельшчыны. Практыка такая выпрацавана. Аўтары перад выхадам накладу іх новай кнігі, як правіла, звяртаюцца наўпрост да мяне ці ў крамы. Дарэчы, калі такім чынам пабудавана ўзаемадзеянне з намі, кнігі аўтараў Гомельшчыны рэалізоўваюцца не толькі ў магазінах нашага рэгіёна, але і ў сетцы ўсіх абласцей краіны. Варта адзначыць, што мы ўвогуле актыўна супрацоўнічалі з Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Да пандэміі быў вельмі папулярны такі фармат работы, як правядзенне сустрэч пісьменнікаў Гомельшчыны з чытачамі. У асноўным гэта праходзіла на пляцоўцы нашай цэнтральнай крамы на праспекце Леніна, дзе плошча дазваляе. Потым быў, вядома, спад актыўнасці з-за пандэміі. Запрашаем, карыстаючыся магчымасцю, аўтараў не толькі Гомельшчыны, але і з розных куткоў краіны прыязджаць і праводзіць прэзентацыі сваіх кніг. Тым больш што ў жыхароў нашага рэгіёна ёсць цікавасць да такіх сустрэч з пісьменнікамі.

У гандлёвай зале гомельскай «Кнігарні No 3».

— Вядома, што ААТ «Белкніга» вядзе рэйтынг папулярнасці кніг сярод чытачоў. На вашу думку, ці можа кнігарня прывіваць любоў да чытання?

— Усе нашы супрацоўнікі адзначаюць, што ўсё больш і больш расце цікавасць і любоў да друкаванай кнігі. Адны з самых папулярных — творы класікаў беларускай, рускай, замежнай літаратуры. Сярод беларускіх аўтараў на працягу года самыя папулярныя Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін, Іван Мележ, Янка Маўр. У нашых крамах імкнёмся прадстаўляць шырокі асартымент кніг беларускіх аўтараў. Арыентуемся на літаратуру беларускіх выдавецтваў, у тым ліку шырока прадстаўлены і Выдавецкі дом «Звязда». Усё, што выходзіць з друку, можна знайсці ў нас. Ад сябе асабіста магу дадаць, як уразіў, парадаваў, натхніў інтарэс да кніг, літаратуры, які мы бачылі летась падчас правядзення Дня пісьменства ў Добрушы. Для ўсіх людзей, хто працуе з кнігай, гэта надзвычай важная падзея. Калі мы рыхтавалі свой павільён да Дня пісьменства, то таксама зрабілі ўхіл на дзяржаўныя выдавецтвы, кнігі беларускіх аўтараў, як класікаў, так і сучасных. Вялікім попытам усё гэта карысталася ў гасцей з Расійскай Федэрацыі. Магу дакладна сказаць, што мы заўжды абавязкова будзем працягваць падтрымліваць чалавека, які чытае, папулярызаваць любоў да кнігі, да літаратуры. 

— Супрацоўнік сферы продажу кніг павінен быць вельмі добра падрыхтаваны, разбірацца ў літаратуры, аўтарах. Як падтрымліваць узровень?

— За кошт самаразвіцця, шчырай цікавасці да сваёй работы, да таго, з чым ты працуеш. Нашы супрацоўнікі, магу дакладна сказаць, шчыра любяць кнігу. Таму ім хочацца разбірацца, чытаць, дапамагаць з выбарам літаратуры. Вядома, кніжная прадукцыя — спецыфічны тавар, які патрабуе і адпаведнага ўмення яго прадаваць, прапаноўваць. Супрацоўнікі вывучаюць абавязкова і анатацыі да кніг, цікавяцца навінкамі. 

— Наталля Аляксандраўна, з вашага асабістага досведу, што дае чалавеку праца ў кніжным гандлі?

— Вельмі заўважна, як работа з кнігамі ў цэлым развівае агульную культуру чалавека. Супрацоўнікі кнігарань — гэта крышачку і настаўнікі, літаратурныя крытыкі, але яшчэ і псіхолагі, педагогі ў нечым. Пераканана, што з-за таго, што праз работніка кнігарні праходзіць неверагодная колькасць кніг, ён вучыцца лепш разумець іншых людзей, знаходзіць агульную мову з рознымі пакаленнямі. Заўважна, як праца з кнігамі, чытанне развіваюць культуру маўлення. Нашы супрацоўнікі, мне падаецца, праз кнігу вучацца і ўмеюць выказваць свае думкі. Многія мае калегі адзначаюць, што работа ў кнігарні — гэта і захаванне пэўнага стылю, культуры. Самае галоўнае, каб чалавеку было цікава працаваць у гэтай сферы. Я прыйшла пасля ўніверсітэта на сваё першае месца працы ў 1999 годзе ў гомельскую «Кнігарню № 23» па праспекце Кастрычніка. Працавала прадаўцом, пасля там жа вырасла да загадчыцы, і на гэтай пасадзе прапрацавала дзесяць гадоў. У паслужным спісе работа таваразнаўцам «Гомелькнігі» і цяпер у якасці кіраўніка. Ганаруся старажыламі нашай каманды. У калектывах ёсць супрацоўніцы, якія прапрацавалі больш за сорак гадоў. Я памятаю сябе, калі толькі пачынала, і радуюся за нашу моладзь, што ім ёсць у каго вучыцца, пераймаць веды, досвед, той самы стыль і культуру работы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.