Вы тут

Ад душы ці для Instagram?


У пераднавагоднія дні мы традыцыйна выбіраем падарункі блізкім. Святы — гэта нагода актывізавацца і рознага роду ініцыятывам, якія маюць на мэце дабрачыннасць. Ці ахвотна мы адгукаемся на іх і ці патрэбныя пасрэднікі для дабрачыннасці? А галоўнае — наколькі шчыра мы дапамагаем тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы?


...Гэта дама пачала ўжо крыху раздражняць. Яна атрымала свой заказ у пункце выдачы інтэрнэт-крамы, а потым адгукнулася на прапанову прадаўца паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі: маўляў, купіце што-небудзь з гэтай паліцы, а мы накіруем грошы на дапамогу дзецям, якія хварэюць. Жанчына ўсё ніяк не магла вырашыць, што ж ёй купіць: нататнік ці шакаладку.

Я ж паўдзельнічаць у прапанаванай прадаўцом акцыі адмовілася…

Так атрымалася, што з памяшкання мы з гэтай жанчынай выйшлі адначасова. І яна спытала: «А чаму вы не ўдзельнічаеце ў дабрачыннасці? Вам грошай на шакаладку шкада?»

Трэба было б, вядома, сказаць ёй, што задаваць такія пытанні незнаёмым людзям непрыстойна, але... Адказала, што ўдзельнічаю, але толькі тады, калі сама гэтага хачу, і без пасрэднікаў. Па-першае, крама набывае шакалад і нататнікі ў пастаўшчыка, значыць, абавязана з ім разлічыцца. Па-другое, плюс дзве надбаўкі: гандлёвая і на дабрачыннасць, таму шакалад быў прыкметна даражэйшы, чым звычайна. У выніку непасрэдна на дабрачыннасць пойдзе працэнтаў дзесяць ад усёй сумы.

Многія суб’екты, якія маюць патрэбу ў дабрачыннай дапамозе, размяшчаюць на сваіх сайтах спецыяльны рахунак для такіх мэт. Яшчэ прасцей — зайсці ў раздзел «Дабрачыннасць» у АРІП і выбраць: няхай гэта будзе дапамога людзям ці жывёлам. 

У такім выпадку чалавек сапраўды ведае, куды накіруюцца грошы... Аднак мая суразмоўніца выказала меркаванне, што я ўсё ўскладняю: навошта, маўляў, нешта шукаць, калі можна скарыстацца ўсім гатовым. На гэтым мы рассталіся.

Увечары актуальную тэму абмеркавала са сваёй нефармальнай «фокус-групай» — сябрамі і знаёмымі. Усе былі аднадушныя: трэба дапамагаць тым, хто аказаўся ў складанай сітуацыі. Маладзейшыя, праўда, лічаць, што сапраўды не варта затлумляцца, калі можна проста паўдзельнічаць у акцыі, як прапануе інтэрнэт-крама. Старэйшыя ж падтрымалі мой падыход: дапамагаць без пасрэднікаў. І дадалі: неабавязкова чакаць свят, дапамога патрэбна заўсёды. І яшчэ ўсе былі аднадушныя ў тым, што дабрачыннасць — не медаль, каб потым усім яго паказваць. Дапамог — і супакойся, не чакай, што цябе пахваляць.

У той вечар мне здалося, што тэма вычарпана. Але не, дні праз два на аўтобусным прыпынку ўбачыла маладую жанчыну з брэндаваным пакетам усё ад той жа інтэрнэт-крамы.

Жанчына расказвала камусьці па тэлефоне, што купіла ўсім падарункі і зараз вось да авансу засталося ўсяго трыццаць рублёў. Акрамя запланаванага, ёй давялося пасля прапановы прадаўца набыць тое-сёе ў дапамогу дзецям, і яна не магла адмовіцца.

— Вось прыеду зараз дадому, раскладу прыгожа падарункі, сфоткаю і выкладу ў Instagram. Напішу, што шакаладку купіла, каб дапамагчы дзеткам!

Ну, вядома ж, як без сацсетак: дзе, як ні там, сябе паказаць?..

А Новы год, між тым, набліжаецца. І навагодні настрой сапраўды матывуе парадаваць тых, каму сёння цяжка. Дык давайце гэта рабіць каму як зручна: з пасрэднікамі ці без іх. Але пры гэтым думаць пра тых, каму дапамагаеш, а не пра тое, які ты добры. І даваць роўна столькі, колькі не цяжка, каб потым не шкадаваць аб сваім высакародным парыве.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.