Вы тут

Аляксандр Субоцін правёў прамую тэлефонную лінію


Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін правёў прамую тэлефонную лінію. За тры гадзіны да кіраўніка вобласці звярнуліся 35 чалавек.


Фота: БелТА

Шмат зваротаў, як і заўсёды, сезонных. З надыходам зімовых маразоў людзі скардзяцца на недастатковае ацяпленне і прамярзанне сцен, пасля чаго з’яўляюцца сырасць і цвіль. З такімі праблемамі сутыкнуліся жыхары дамоў № 1 на вуліцы Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, 4-й і 6-й Задарожных, Карла Маркса ў абласным цэнтры, Азёрнай у аграгарадку Ноўка, Маладзёжнай у аграгарадку Акцябрская. Маці дваіх дзяцей з Талачына падкрэсліла, што падлеткі мёрзнуць. «Асабліва ў класах, якія выходзяць на паўночны бок. Прамерзлыя сцены. Прычым такая сітуацыя складваецца не першую зіму. Мы звярталіся да мясцовых улад, яны абяцаюць нешта зрабіць, але пакуль выніку няма», — расказала заяўніца.

Гэтыя пытанні губернатар ўзяў пад асабісты кантроль і даручыў кіраўнікам на месцах высветліць, што можна тэрмінова выправіць, а што патрабуе капітальных работ. «У любым выпадку людзям трэба дапамагчы, і ў першую чаргу — дзецям», — падкрэсліў Аляксандр Субоцін.

Пенсіянер з Віцебска звярнуўся з просьбай вырашыць пытанне абыходжання з адходамі. З-за таго, што летам у шматкватэрным доме заварылі смеццеправоды, людзям пажылога ўзросту цяжка спускацца з пакетамі да кантэйнераў. «Ліквідацыя смеццеправодаў — гэта рэспубліканская практыка, якая прымяняецца ва ўсіх рэгіёнах. Аднак мы даручым мясцовым уладам разабрацца ў сітуацыі і знайсці альтэрнатыўныя варыянты для ўсіх катэгорый насельніцтва», — растлумачыў кіраўнік вобласці.

Пытанне своечасовага вывазу смецця турбуе і жыхароў шматкватэрных дамоў у Малых Лётцах Віцебскага раёна: машына забірае адходы раз на месяц, а ўвесь гэты час пляцоўка запоўнена, смецце расцягваецца жывёламі.

Некалькі званкоў датычыліся работы грамадскага транспарту, у прыватнасці аўтобусаў, якія ходзяць у Мішкава і мікрараён Біцялёва. Апошнім часам мікрараён разбудаваўся, людзям літаральна не хапае месцаў у аўтобусах і маршрутных таксі, апошнія праходзяць міма прыпынкаў. Заяўнікі папрасілі пусціць на маршрут больш адзінак транспарту або дадаць неабходныя прыпынкі для іншых маршрутаў.

Жыхары некаторых дамоў горада Віцебска паскардзіліся на завышаныя сумы на ацяпленне ў жыроўках. Весветлілася, што прыборы ўліку спажывання цеплавой энергіі былі на рэспубліканскай праверцы і разлік вёўся па-іншаму. Людзям вернуць розніцу пасля заканчэння ацяпляльнага сезона.

Жыхарку так званага сіняга дома на вуліцы Леніна хвалюе ўстанова з фрыцюрнай вытворчасцю пончыкаў, якую плануюць адкрыць у будынку пад яе кватэрай. Па словах жанчыны, пазбегнуць характэрных пахаў і шуму для суседзяў кафэ не ўдасца, бо апошняе плануюць адкрыць у былых жылых памяшканнях з неналежнай шумаізаляцыяй. Такі вопыт жыхары «сіняга дома» ўжо маюць — побач працуюць некалькі ўстаноў грамадскага харчавання. Губернатар паабяцаў паглыбіцца ў пытанне і паведаміць жыхарам дома аб рашэнні.

Падчас прамой тэлефоннай лініі прагучалі пытанні аб адкрыцці крамы і аптэкі ў пасёлку Віцьба Віцебскага раёна, аднаўленні чаргі для атрымання жылля шматдзетнай сям’і, замены ліній электраперадачы, капітальнага рамонту дамоў.

Жыхарка Віцебска прапанавала заклікаць неабыякавых выйсці на прыборку парку Мазурына. Аляксандр Субоцін адзначыў, што добраўпарадкаванне парку ён лічыць адным з прыярытэтных кірункаў работы па развіцці Віцебска і фарміраванні камфортнага гарадскога асяроддзя. «Сёння мы актыўна займаемся цэнтральнай часткай, але паступова пераўтварэнні будуць рухацца да ўскраін. Мэта — зрабіць увесь горад прыгожым. У гэтым аспекце Парк Мазурына — адна з прыярытэтных грамадскіх прастор для развіцця. Такую задачу я вызначыў для сябе, і новы старшыня гарвыканкама Генадзь Сабыніч пацвердзіць маю пазіцыю. Акрамя таго, сярод прыярытэтаў — гарадская набярэжная і заапарк. Усе гэтыя аб’екты трэба зрабіць максімальна камфортнымі месцамі для адпачынку. Будзе здорава, калі атрымаецца набярэжную падоўжыць да парку Мазурына, каб з’явілася магчымасць з цэнтра па беразе даходзіць да паркавай зоны. Гэта ўсё ў планах, але, вядома, не на найбліжэйшую перспектыву», — паведаміў старшыня аблвыканкама.

Пераважная большасць званкоў паступіла з Віцебска і раёна, пытанні агучылі і жыхары Бешанковічаў, Талачына, Аршанскага 
раёна. Тры заяўніцы патэлефанавалі Аляксандру Субоціну, каб падзякаваць за аказаную дапамогу.

«Я меркаваў, што будзе больш пытанняў па расчыстцы вуліц, але людзі з разуменнем ставяцца да сітуацыі і бачаць, што пайшлі зрухі. Раней было шмат зваротаў па транспартных зносінах, цяпер адзінкавыя. Значыць, ідзе паступовая праца. Але ёсць і тое, што пакуль выпадае, на жаль, з поля зроку, і людзі пра гэта кажуць падчас прыёмаў, тэлефонных ліній, паказваюць нам, дзе мы працуем недастаткова. Таму такі фармат зносін з жыхарамі рэгіёна запатрабаваны, павінен быць. Ён карысны і людзям, і ўладзе», — рэзюмаваў Аляксандр Субоцін.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.