Вы тут

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»


«Любіце спорт, а мы яго пакажам» — слоган самага вядомага ў краіне спартыўнага тэлеканала «Беларусь 5». Па-за ўвагай журналістаў, якія любяць спорт не менш, чым іх гледачы, не застаецца ні адзін турнір. 

І гэта працягваецца ўжо 10 гадоў. Як спорт нешта большае, чым проста спаборніцтвы, так і «Беларусь 5» больш, чым тэлеканал. У 2018 годзе быў запушчаны інтэрнэт-канал «Беларусь 5. Інтэрнэт», дзе глядач можа ўбачыць усё, што не ўвайшло ў тэлевізійныя рамкі. 

А ў 2023 годзе пачаў працаваць сайт sport5.by, які паказвае спорт пераважна ў пісьмовым выглядзе. «Мы з пяцёркай па жыцці. Кожныя пяць гадоў адкрываем новыя формы работы, каб нашай аўдыторыі было яшчэ цікавей. Думаю, варта зрабіць гэта добрай традыцыяй, ідэй у нас хапае», — адзначае Павел Булацкі, галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5». У гонар юбілею свайго дзецішча ён распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг» у складзе холдынга Белтэлерадыёкампаніі. А яшчэ падзяліўся некаторымі сакрэтамі тэлевізійнай працы.


— Павел Вячаслававіч, калі адкруціць час на 10 гадоў таму, успомніце, як пачыналася гісторыя «Беларусь 5»?

— Я марыў аб спартыўным канале з пачатку 2000-х гадоў, як толькі з’ездзіў на свае першыя Алімпійскія гульні. Тады ўбачыў, што ва ўсім свеце ёсць спартыўныя тэлеканалы, а ў нас няма. 

У маі 2013 года неабходнасць стварэння такога канала адзначыў і кіраўнік дзяржавы. А ў кастрычніку таго ж года мы ўжо выйшлі ў эфір. За паўгода стварыць тэлеканал — гэта рэкорд. «Беларусь 5» узору 2013-га і «Беларусь 5» 2023-га — розныя тэлеканалы. Зразумела, 10 гадоў таму ён быў значна слабейшы, чым сёння. 

10 гадоў таму ў нас была адна перасовачная тэлевізійная станцыя, якая працавала ў фармаце HD. І мы далёка не заўсёды маглі задзейнічаць яе на спартыўных мерапрыемствах. Тэхнікі не хапала катастрафічна. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы адразу вырашылі, што ў сваім развіцці павінны імкнуцца наперад, увесь час вучыцца і ўдасканальвацца. 

З часам на канале з’яўляліся новыя твары, развівалася тэхніка, і паступова канал станавіўся такім, якім мы яго ведаем цяпер.

— Спецыялізаваных СМІ ў нашай краіне не так ужо і шмат. Але ў медыя, як і ў спорце, патрэбна канкурэнцыя. Ці не адчуваеце яе недахоп?

— Калі ўключыць любое спадарожнікавае або лічбавае тэлебачанне, там дастаткова спартыўных каналаў. Галоўная задача «Беларусь 5» — паказваць беларускаму гледачу беларускі спорт. І гэтым канал выдзяляецца. Возьмем, напрыклад, Алімпійскія гульні. Той жа Eurosport будзе трансліраваць розныя віды спорту, але наўрад ці яны будуць рабіць акцэнт на тым, што цікава беларусам. Мы ж, трансліруючы Алімпіяду, з разнастайнасці відаў спорту паказваем тыя, у якіх удзельнічаюць нашы спартсмены. Наўрад ці на нейкім іншым канале можна ўбачыць чэмпіянаты Беларусі па баскетболе, футболе, валейболе, хакеі і шматлікіх іншых відах спорту. І, як сведчаць рэйтынгі, калі паралельна з гульнёй топавых замежных футбольных каманд будуць гуляць беларускія каманды, глядач аддасць перавагу беларусам. Таму наша задача — паказваць і развіваць беларускі спорт, а не быць рэтранслятарам міжнародных спаборніцтваў. Так, без іх нікуды, без іх спорт нецікавы. Да адхілення беларусаў ад міжнародных стартаў мы паказвалі ўвесь сусветны спорт, набылі вялікі пакет буйных спаборніцтваў па розных відах спорту. Але з увядзеннем санкцый гэта ўсё прыпынілася. Ды і які сэнс нам паказваць міжнародныя спаборніцтвы, дзе не ўдзельнічаюць нашы спартсмены? Таму цяпер шукаем для свайго гледача нейкую альтэрнатыву і стараемся даваць яму цікавы беларускі кантэнт.

— Ці пагодзіцеся вы, што з увядзеннем санкцый цікавасць балельшчыкаў да ўнутраных чэмпіянатаў значна вырасла?

— Мы можам абапірацца толькі на тэлевізійныя рэйтынгі, а яны ў чэмпіянатаў Беларусі па розных відах спорту на годным узроўні. Напрыклад, беларускі чэмпіянат па футболе глядзяць лепш за чэмпіянат Іспаніі. Беларускі футбол, нягледзячы ні на што, мае свайго адданага гледача, якому многія матчы чэмпіянату Іспаніі зусім нецікавыя.

— ІІ Гульні краін СНД, якія прайшлі ў жніўні, былі гэтак жа папулярныя ў аўдыторыі?

— Рэйтынгі кажуць, што так. Але ад ІІ Гульняў краін СНД, як і чатыры гады таму ад ІІ Еўрапейскіх гульняў, «Беларусь 5» вынес тое, што значна важней за рэйтынгі, — вопыт. Гэтыя форумы былі для нас вялікімі выпрабаваннямі. На Еўрапейскіх гульнях наш канал не быў дамашнім вяшчальнікам, быў адзіны іспанскі вяшчальнік, нам на водкуп аддалі толькі спаборніцтвы ў Палацы спорту. У 2019 годзе наша дырэкцыя была меншай, чым цяпер. Мы працавалі на ўсіх стадыёнах. Быў задзейнічаны кожны супрацоўнік. Калі б выпаў хоць адзін, яго не было б кім замяніць. Такая ж гісторыя і на ІІ Гульнях краін СНД, але з адной істотнай папраўкай. Мы трансліравалі не адзін, а 10 відаў спорту, прычым у розных гарадах. Нашы пяць тэлевізійна-перасоўных станцый усе 10 дзён ездзілі па краіне. Абсалютна ўсе працавалі суткі напралёт. Мы б не справіліся з такімі дзесяцідзённымі выпрабаваннямі, калі б не было ў нас людзей, якія прайшлі Алімпійскія гульні. Як і ў спорце, на кожную Алімпіяду да касцяка прафесіяналаў падключаецца моладзь, якой трэба набірацца вопыту. Працаваць на Алімпійскіх гульнях — значыць быць занятым круглыя суткі. Нам выдзяляюць вельмі маленькія квоты, а задач вельмі шмат. Навіны, інтэрв’ю, выніковыя праграмы кожны дзень робяцца ў рэжыме нон-стоп. І не было яшчэ ніводнай Алімпіяды, каб наш калектыў не справіўся.

— Зразумела, што большую частку эфірнага часу займаюць віды спорту, якія прыносяць беларусам добрыя вынікі. Але ёсць віды, якія гэтым пахваліцца не могуць. Аднак калі журналісты не будуць пра іх казаць, то і ніякага развіцця, а значыць, і вынікаў не будзе. Як «Беларусь 5» вырашае гэтую дылему?

— Калі мы не паказваем віды спорту ў трансляцыях, мы гаворым пра іх у аўтарскіх праграмах, якіх у нас дастаткова. Папулярныя праграмы «Вялікі спорт» і «Спартыўны інтарэс» асвятляюць віды спорту, якія раней на экраны не траплялі. Некаторыя праграмы ідуць у прамым эфіры. Напрыклад, «На мяжы фолу», дзе шчыра абмяркоўваюцца праблемы нашага футбола, чаму не заўсёды рада федэрацыя футбола. Але калі ёсць праблемы, значыць, трэба пра іх казаць, а не рабіць добрую міну пры дрэннай гульні. У свой час дзякуючы праграме «Вялікі спорт» была вырашана праблема з інвентаром для лыжнікаў, і пачалося адраджэнне вытворчасці спартыўнага інвентару ў Беларусі. Мы даём магчымасць выказвацца людзям, адказным за развіццё спорту. І самае галоўнае, што іх чуюць.

— Федэрацыі па відах спорту разумеюць, што ў іх інтарэсах супрацоўнічаць з тэлебачаннем і са СМІ ў цэлым?

— Мы 10 гадоў даносілі да спартыўных федэрацый, што праводзіць спаборніцтвы для тысячы чалавек на трыбунах — гэта адно, а паказваць іх для шматмільённай тэлевізійнай аўдыторыі — іншае. І другое значна важней. Ад таго, як будзе паказаны спорт на тэлеэкране, залежыць інтарэс людзей, якія ў будучыні могуць прыйсці і на трыбуны. І не трэба забываць, што дзякуючы тэлебачанню спаборніцтвы могуць убачыць людзі з самых розных населеных пунктаў. Мы працуем для гэтых людзей. Цяпер на «Беларусь 5» трапляюць віды спорту, чые федэрацыі гэта разумеюць. Хто не разумее, таго не паказваем. На шчасце, усё больш федэрацый усведамляе важнасць тэлебачання. Напрыклад, федэрацыя футбола на ўсіх сваіх стадыёнах устанавіла тэлевізійныя вышкі. Падчас рэканструкцыі старых спартыўных аб’ектаў і будаўніцтва новых у нас запытваюць тэхнічнае заданне, пытаюцца нашы рэкамендацыі наконт таго, што неабходна для арганізацыі трансляцый.

— «Беларусь 5» паказвае розныя віды спорту. Але ці ёсць тыя, якія канал пакуль не можа паказаць?

— Не хачу хваліцца, але сёння мы гатовы паказаць любы від спорту, які Беларусь гатова прыняць. Гэта магчыма, у тым ліку, і таму, што мы не баімся вучыцца ў калег. Мы старанна рыхтаваліся да этапу Кубка свету па біятлоне, які ў 2022 годзе павінны былі прыняць «Раўбічы». Біятлон — адзін з самых складаных відаў для тэлебачання, таму што камеры размешчаны далёка адна ад адной і ў лесе. У трансляцыі задзейнічана вельмі шмат людзей. Мы праехалі па розных спаборніцтвах і паглядзелі, як працуюць замежныя калегі. Яны да нас прыязджалі і нас вучылі. Адначасова даводзілася вырашаць мноства арганізацыйных праблем. Напрыклад, на стрэльбішча ў «Раўбічах» немагчыма завезці спецыяльную куленепрабівальную будку для аператара. У выніку спускалі яе на верталёце. Для здымак біятлона патрэбны спецыяльныя камеры, якія праграмуюцца камп’ютарамі і на рэйках пад’язджаюць да кожнай мішэні. У нас іх няма — бралі ў расійскіх калег, вучыліся ў іх карыстацца такімі камерамі. Цяпер мы гатовы паказваць любыя спаборніцтвы па біятлоне. Але нават гэта не самае крутое, што мы паказвалі. Самы цяжкі для паказу спорт — гэта лёгкая атлетыка. У чым мы яшчэ раз пераканаліся ў 2019 годзе падчас матчавай сустрэчы Еўропа — ЗША. Калі на біятлоне дастаткова дзвюх ПТС і адной здымачнай брыгады, то на лёгкай атлетыцы іх было пяць. На адным стадыёне паралельна праходзяць спаборніцтвы па розных дысцыплінах, кожную здымае асобная брыгада. Працаваць трэба так, каб не перашкаджаць калегам і спартсменам. Яшчэ адна брыгада зводзіць гэта ўсё ў адно, ствараючы для гледача цэласную карцінку таго, што адбываецца на стадыёне. У кожнай лёгкаатлетычнай дысцыпліны вельмі шмат тэлевізійных «фішак». Напрыклад, у сектары для скачкоў у даўжыню закапалі мікрафон у пясок, каб перадаць эмоцыі спартсмена непасрэдна ў скачку. Гэта нам падказалі замежныя калегі. Так ад турніру да турніру вучымся новаму і ўдасканальваемся.

— Павел Вячаслававіч, што б вы адказалі людзям, якія сцвярджаюць, што тэлебачанне памірае?

— Памірае не тэлебачанне, памірае тэлевізар як сродак дастаўкі кантэнту аўдыторыі. Тэлебачанне застаецца, проста яно мяняе свае формы і сыходзіць у інтэрнэт. Што такое тэлебачанне? Гэта зняты на камеру і зманціраваны відэаматэрыял. YouTube, TіkTok — гэта таксама тэлебачанне, але ў іншым фармаце. Тэлебачанне жыве, яно толькі памяняла сродак дастаўкі інфармацыі да спажыўца. Я даўно пра гэта гавару. Таму ў нас і з’явіліся праекты «Беларусь 5. Інтэрнэт» і sport5.by. І мы будзем далей развіваць гэты напрамак.

— Малады праект sport5.by чаканні апраўдвае?

— Да 1 верасня ён працаваў у тэставым рэжыме. 

У канцы кастрычніка па выніках двух месяцаў мы ўбачылі паказчыкі ў тры мільёны карыстальнікаў. Для беларускага рынку салідная лічба.

І ў нас ёсць задумкі, як развівацца далей. На сёння работай праекта, якому ўсяго тры месяцы, я задаволены. Шчыра, мы чакалі, што будзе горш. Вядома, вопытныя журналісты «Беларусь 5» рыхтуюць матэрыялы для партала, але ў іх вельмі шмат тэлевізійнай працы. Касцяк каманды — студэнты журфака. Я перакананы, што трэба даваць моладзі зялёнае святло, сваімі свежымі ідэямі яны рухаюць любы праект наперад. Чым раней студэнт журфака пачне працаваць у СМІ, тым лепш для яго прафесійнага развіцця. Таму мы рады студэнтам, яны ходзяць да нас на практыку, мы да іх прыглядаемся і самых перспектыўных бяром у штат. Я сам працую на тэлебачанні з другога курса журфака, таму кажу зыходзячы са свайго досведу.

— Тэлевізійныя кастынгі — наколькі гэта эфектыўны спосаб пошуку і набору супрацоўнікаў на канал?

— На «Беларусь 5» працуе плеяда людзей, якія трапілі на канал пасля першага кастынга ў 2013 годзе. 

У нас працуюць людзі з самых розных сфер, шмат у каго няма журналісцкай адукацыі. І я не бачу ў гэтым нічога страшнага. Вядома, для рэпарцёра гэта важна. Але ў каментатараў на першым месцы веданне спорту, а не адукацыя. Таму што ў гледачоў ёсць запыт на цікавую і праўдзівую інфармацыю аб спорце ад прафесіяналаў. Ды і на тэлеканале шмат залежыць ад рэжысёраў, тэхнічных спецыялістаў і іншых людзей з розных сфер, на першы погляд, далёкіх ад журналістыкі.

— Які запыт гледачоў цяпер «Беларусь 5» складаней за ўсё задаволіць?

— Вядома, мы вельмі жадаем паказваць нашым гледачам, як беларускія спартсмены ўдзельнічаюць у міжнародных спаборніцтвах. Але, нажаль, гэта залежыць не ад нас. Санкцыі наносяць урон не Белтэлерадыёкампаніі, а сусветнаму спорту і гледачам. Беларусы і расіяне не выступаюць у біятлоне. Біятлон стаў нецікавы. У лёгкай атлетыцы, мастацкай гімнастыцы, плаванні такая ж сітуацыя. Хацелася б, каб гэтае вар’яцтва скончылася і вялікі спорт вярнуўся на вялікія беларускія экраны.

— Павел Вячаслававіч, нягледзячы на ўсе сённяшнія цяжкасці, чым вы як кіраўнік «Беларусь 5» больш за ўсё ганарыцеся за гэтыя 10 гадоў?

— Людзі — гэта самы вялікі гонар і каштоўнасць. У 2013 годзе на канале працавала 20 чалавек, сёння гэты паказчык набліжаецца да сотні. Мы выгадавалі цэлае пакаленне моцных спартыўных журналістаў. Дзякуючы ім канал жыве і развіваецца, і гэта дарагога варта. Гэта толькі здаецца, што проста націснуў кнопку, і ўсё ідзе. Тэлеканал — вялізны механізм, у які ўваходзіць мноства шрубак. І калі хоць адна працуе дрэнна, усё спыняецца. Мы не спыняемся.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.