Вы тут

«Мы апынуліся нібы ў музеі, дзе літаральна ўсё сапраўднае!»


«Некалі гадавалі дзяцей і ні на што, здаецца, не скардзіліся»

...Валя хоць і была ў дэкрэтным адпачынку, але ўставала рана. У той дзень, як заўжды, зазірнула да сваіх малеч, асцярожна, каб не пабудзіць, паправіла на ложках коўдрачкі, ціхенька выйшла з пакоя. Потым, накінуўшы світку, выскачыла за парог, хуценька зачыніла дзверы, каб не напусціць у хату лішняга холаду. На падворку азірнулася — яшчэ раз прыкінула, што ёй трэба зрабіць, пакуль дзеці спяць. Па-першае — накарміць і адправіць на работу мужа (сняданак яна прыгатавала яшчэ з вечара), па-другое — расчысціць ад снегу дарожкі і агледзець гаспадарку, па-трэцяе — злазіць у склеп па бульбу, бо малыя любяць камякі, па-чацвёртае — нанасіць у хату вады і дроў, прапаліць грубку, вымыць посуд і падлогі (дзеці любяць гуляць на дыване)…

Пакуль планавала, муж пагаліўся, паснедаў і пайшоў на аўтобус. У яе хвілін дваццаць пайшло на тое, каб адкінуць з дарожак снег, каб зазірнуць у хату, але там было яшчэ ціха: малыя спалі. Значыць, можна зноў выскачыць на вуліцу — нанасіць дроў, схапіць вёдры, каб нацягаць вады. Яе ў той дзень трэ было шмат (хоць бы вёдзер з дзесяць, бо збіралася мыць бялізну), а студня — праз чатыры двары. На тое, каб выкапаць сваю, каля хаты, пакуль не хапала грошай.

...Перш чым пайсці да калодзежа, Валя зноў забегла ў дзіцячы пакой, каб упэўніцца, што малыя спяць.

Там жа, гледзячы на іх, падумала, што спачатку, мусіць, лепей злазіць па бульбу. Хуценька схапіла кашы, але рушыла з імі чамусьці не да склепа, а на вуліцу і далей да... студні.

Адтуль насустрач ёй з двума вёдрамі ішла сяброўка Зіна: павіталася, прыпынілася, сказала чамусьці, што бульбу саджаць яшчэ рана. «А пры чым тут бульба?» — не зразумела Валя і толькі цяпер заўважыла, што трымае ў руках... кашы. «Закруцілася я, сябровачка, запрацавалася! — зарагатала Валя. — Так хачу ўсё паспець, пакуль дзеці спяць. Сабралася во ў склеп па бульбу, а пайшла па ваду»…

На падворак вярнулася, вядома ж, без яе (кашамі не наносіш), схапіла вёдры, подбегам, бо з хвіліны на хвіліну маглі прачнуцца дзеці, панеслася да студні.

...На той час мне, Валянціне і даўно ўжо Віктараўне, было 22 гады. Жыццё ў вёсцы вымагала шмат вельмі рознай штодзённай працы, бо хацелася, каб у хаце было цёпла, чыста і ўтульна, каб на стале — смачная, здаровая ежа, каб у шафе — напрасаваная бялізна, каб у гаспадарцы і на падворку — поўны парадак, каб прыгажосць пад вокнамі і ў гародзе…

А ў дапамогу ж тады ні пральных машын-аўтаматаў, ні мультыварак, мікрахвалёвак, ні электрычных духовак, ні пыласосаў, ні водаправода, ні газавага ацяплення, ні падгузкаў і дзіцячых садкоў, ні нават праваднога тэлефона, каб выклікаць тую ж «хуткую», калі малое, крый бог, захварэе…

Аднак мы, жанчыны, з радасцю гадавалі іх і ні на што, здаецца, не скардзіліся. А вось сённяшнія мамкі плачуцца, наракаюць: ім — цяжка…

Слухаючы гэта, я заўсёды ўспамінаю сябе 22-гадовую: такую, бывала, стомленую (бо круцілася як вавёрка ў коле!) і ў той жа час такую шчаслівую.

В. БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ

в. Радкава, Салігорскі раён


«Мы апынуліся нібы ў музеі, дзе літаральна ўсё сапраўднае!»

На старонках «Звязды» часам з’яўляецца рубрыка «Уражанні». Якраз яны і прымусілі мяне сесці за гэты ліст. Шчыра і адразу: ніколі не думаў, што ў Беларусі ў нашым ХХІ стагоддзі, пасля ўсіх войн і трагедый, стане магчымым падарожжа ў часе: у чыстым полі ўбачыць капліцу, знайсці дот часоў Вялікай Айчыннай альбо «размеркаваныя» па ўсім раёне распяцці з адной царквы. Аднак тут і цяпер не пра іх.

Калі коратка, то ў адзін прыгожы дзень мы з сябрамі вырашылі на машынах праехацца па нашым Палессі, наведаць у вёсцы Сінкевічы адзін з найстарэйшых драўляных храмаў — Георгіеўскую царкву. Знешне яна не так і ўражвала, але, апынуўшыся ўнутры, я без перабольшвання знямеў! Вам не перадаць, якая паўстала карціна! Машына часу перанесла мяне гадоў на 200–300 назад, я бачыў усё вачыма продкаў, што жылі тут многія пакаленні назад... Ды што там — я сам адчуваў сябе тым самым продкам-палешуком…

Тыя ж эмоцыі перажывалі і мае спадарожнікі. Яны казалі, што апынуліся нібы ў музеі, дзе літаральна ўсё аўтэнтычнае, дзе нават апошнія рамонты не знішчылі арэала ўсяго ўбранства.

І пры гэтым царква, на жаль і на жах, перажывае зусім не найлепшыя часы: ёй патрэбная рэстаўрацыя, прычым найхутчэй.

Мы з сябрамі і бацюшка, які прадставіў сканы, спадзяёмся на тое, што сродкі на яе знойдуцца. Магчыма, дзякуючы газеце.

Замест каментарыя

Апошнім часам у рэдакцыю прыйшлі два лісты на падобную тэму. І абодва, што называецца, паклікалі ў дарогу. З першай камандзіроўкі наш карэспандэнт ужо вярнуўся. У хуткім часе, спадзяёмся, выедзе ў другую. А пакуль — шчыры дзякуй чытачам за лісты і... уражанні.

Максім КАЗЛОЎ

г. Мінск


«Усіх прыезджых тут прымаюць як родных...»

Не вам казаць: сёння, як ні старайся, як ні беражы сваё здароўе, а захварэць можаш. І галоўнае — тады не застацца з бядой сам-насам, атрымаць правільнае лячэнне, прайсці рэабілітацыю. На яе (дзякуючы прафкаму) мне пашчасціла трапіць у санаторый «Іслач», многаму парадавацца і падзівіцца, з многімі пазнаёміцца.

Для таго каб аднавіцца пасля цяжкіх хвароб і аперацый (інсульту, інфаркту, выдалення міжпазваночнай грыжы і інш. у суправаджэнні родных і без іх, пры фінансавай падтрымцы прафсаюзных арганізацый і за свой кошт) у «Іслач» людзі едуць не толькі з беларускіх гарадоў і мястэчак, але і расійскіх — Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Калінінграда, Іркуцка, Мурманска — і з далёкага Баку (пяты раз!)... Многія прыязджаюць на адпачынак і цэлымі сем’ямі.

Распытваў, што іх прываблівае ў нашай «Іслачы»?

Па-першае, расказвалі, невысокія, у параўнанні з расійскімі, цэны на пуцёўкі. Па-другое, санаторый знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад Мінска (зручна дабірацца), да таго ж — у вельмі прыгожым месцы (лес, возера, чыстае паветра)... Але галоўнае, мабыць, — уважлівае, чулае стаўленне медперсаналу: усіх прыезджых тут прымаюць як родных, заўсёды ўсё патлумачаць, ва ўсім дапамогуць.

Мне да сёння прыгадваецца былая медсястра гэтага санаторыя па імені Ева (прозвішча, на жаль, не запомніў), якая ўсім пацыентам казала: «Праходзьце ў кабіначку, кладзіцеся на кушэтачку...» і тым самым лячыла не толькі працэдурамі, але і сваёй увагай, узнімала настрой, вымушала верыць у лепшае.

На шчасце, вось гэтую традыцыю ў «Іслачы» ёсць каму прадаўжаць: вельмі ўважлівыя і клапатлівыя дзяўчаты працуюць «на солях». Перад працэдурай (а ўсе фізіятэрапеўтычныя тут можна праходзіць не толькі ў будныя дні, але і ў выхадныя) Алёна Астравух і Ларыса Каўрыга заўжды папытаюцца пра самаадчуванне, дапамогуць з накідкай, уважліва прасочаць за тым, каб пацыент не перабраў устаноўленыя нарматывы па часе: каб сам сабе не нашкодзіў.

Парадамі і падказкамі (апроч гразелячэння) дапамагае хворым медсястра Юлія Кавальчык; не раз мне даводзілася звяртацца і атрымліваць дапамогу ад дзяжурных сястрычак Іны Марушчак і Іны Смаль.

Арганічна, як выглядае, «упісалася» ў калектыў нядаўна прызначаная на пасаду галоўнай медыцынскай сястры Наталля Якушкіна. Высокі прафесійны рэйтынг маюць намеснік галоўнага ўрача Ігар Анісімаў (вельмі спакойны, спагадлівы чалавек), урач-неўролаг Юлія Аляксандраўна Камоцкая (дарэчы, не кожны санаторый мае ў штаце такога спецыяліста), а таксама прафесіяналы па ручным масажы Ірына Рэвуцкая і падводным душы-масажы Вольга Муравейнікава.

Шмат добрых слоў за час знаходжання ў санаторыі даводзілася чуць пра клапатлівых і абыходлівых медсястру фізіятэрапеўтычных працэдур Марыю Крукоўскую і культарганізатара Ірыну Цяцерыну. Пад яе непасрэдным кіраўніцтвам у санаторыі цікава праходзяць вечары знаёмстваў, інтэлектуальныя гульні, майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, канцэрты з удзелам саміх пацыентаў, шматлікія танцавальныя конкурсы і турніры…

Вялікую цікавасць у наведвальнікаў санаторыя, асабліва расіян, выклікаюць выязныя экскурсіі: па вячэрняй сталіцы, у Нясвіжскі і Мірскі замкі, у Брэст і Белавежскую пушчу, у Гродна, Хатынь... Пацыентам цікава наведваць нашы Мінскі трактарны і аўтамабільны заводы, кандытарскую фабрыку «Камунарка», у самім санаторыі пабачыць выступленні вядомых артыстаў беларускай эстрады…

Іншымі словамі, кіраўніцтву дзяржаўнага прадпрыемства «Санаторый «Іслач» на чале з галоўным урачом Андрэем Чэшыкам удалося стварыць моцны калектыў аднадумцаў і шчырую, дабратворную атмасферу, накіраваную на аздараўленне і адпачынак людзей, ад імя якіх і хацелася б сказаць дзякуй.

Мікалай МІКУЛІЧ

г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.