Вы тут

Ці варта сілкаваць ілюзіі?


Вялікі тэатр Беларусі прадставіў прэм’еру балета «Ілюзіі кахання». Яе чакалі — гэта першая прэм’ера бягучага сезона. І падрыхтаваў яе галоўны харэограф тэатра Ігар Колб. У адрозненне ад класічнага балета «Жызэль», да якога прыклаў намаганні Ігар Паўлавіч, «Ілюзіі кахання» — цалкам аўтарская гісторыя, ён сам прыдумаў лібрэта, ствараў харэаграфію і працаваў як балетмайстар-пастаноўшчык над спектаклем, для якога выкарыстана музыка трох вельмі розных аўтараў — Дзмітрыя Шастаковіча, Фрэдэрыка Шапэна і сучанага беларускага кампазітара Леаніда Шырына. Але як жа, як іх можна аб’яднаць у адной пастаноўцы — розныя эпохі, розны настрой, эмоцыі?.. Вось дзеля эмоцый, уласна, усё і было задумана. Бо нейкага незвычайнага балета з суперсучасным падыходам чакала беларуская балетная публіка. І вось атрымала — цяпер ёсць падставы для спрэчак і размоў. Зрэшты, ці не таму мы і любім прэм’еры наогул і неардынарныя ў прыватнасці?..


А тут неардынарна ўсё, пачынаючы ад таго, як ідзе расповед гісторыі Дзяўчыны, што жыве балетам. Дзяўчына з мінулага стагоддзя — час нямога кіно (і ёсць на гэта спасылка), зараджэння піянерыі (бачым гэтых герояў), папулярнасці вар’етэ — яшчэ адзін эпізод, з якіх складаецца першая дзея. Тут шмат розных эпізодаў — толькі паспявай складваць з іх адзіны вобраз часу і мясцовасці (дзеяне адбываецца на марскім курорце). Эпізод за эпізодам, а то і некалькі адначасова, так падыходзім да кульміацыі, якая раптам здараецца напрыканцы першай дзеі: гіне малады чалавек, які ўпадабаў Дзяўчыну. Да кахання яны не дайшлі. Але думкі, пра тое, што гэта магло б быць менавіта яно, дзяўчына будзе перажываць глыбока — ужо пад музыку Шапэна. Гэты самы драматычны эпізод дапамагла напоўніць эмоцыямі лаўрэат міжнадных конкурсаў піяністка Таццяна Лях, якая грала на раялі на сцэне, а дзяўчына ў гэты час танцавала сваю самоту. З гэтым пачуццём яна пойдзе па жыцці, і нават калі стане зоркай (у ружовым футры), на якую палююць прыхільнікі-кавалеры, то ўсё адно не пазбавіцца ад яго. Кахання так і не здарыцца, хіба толькі ілюзіі (ці не таму музыка Леаніда Шырына ідзе пад фанаграму?). Што тут скажаш, у рэчаіснасці, напэўна, так бывае — не ўсім шчасціць знайсці свайго чалавека на ўсё жыццё.

Для гледача звышзадача — дайсці да думкі скрозь безліч розных эпізодаў, якія развіваюцца як на сцэне, так і з выхадам у залу (нават самога Ігара Колба і дырыжора-пастаноўшчыка Мікалая Калядкі). Вядома, на балет ходзяць дзеля любімых артыстаў, якія танцуюць галоўныя партыі. Першую прэм’еру танцавалі Вікторыя Трэнькіна і Дзяніс Шпак. На наступны дзень у партыі Дзяўчыны можна было пабачыць Людмілу Хітрову. Але яшчэ ў галоўных ролях задзейнічаны Лізавета Мусорына, Аліна Рудэнка, Канстанцін Белахвосцік, Уладзімір Руда, Дзмітрый Уксуснікаў, Марына Вежнавец, Вольга Гайко, Таццяна Уласень, Антон Краўчанка... 

Балет наогул шматнаселены, дае магчымасць задзейнічаць вялікую частку трупы, што важна, каб артысты маглі больш працаваць над сабой.  Але і апрануць на сцэне трэба было кожнага. 

А гэта асобная тэма ў межах прэм’еры. Таму што кацюмы артыстаў — гэта тое, на чым адразу спыняецца вока. Яны здзіўляюць крэатыўнацю стылізацый, арыгінальнацю дызайна, наогул зачароўваюць. Таму гэты спектакль ацэняць візуалы, для якіх важна, каб было прыгожа і стыльна. Гэта атрымалася дзякуючы працы дзвюх мастачак. Вольга Мельнік-Малахава, якая працавала як мастак-пастаноўшчык ўсяго спектаклю, стварала касцюмы для першага акта. Дызайнер Людміла Тараканава працавала над вобразамі другога акта, і ўсяго стварыла 134 эскізы, пры тым, што толькі 22 у выніку прадстаўлены на сцэне. Але гэта той тэатральны шык, які можа ўразіць частку публікі, асабліва ў спалучэні з асвятленнем (за яго адказваў Ігар Фамін). 

Розныя людзі ў тэатры могуць атрымаць сваю порцыю ўражанняў: ад музыкі, якую выконвае аркестр (Шастаковіч у беларускім балетным спектаклі гучыць упешыню), ад візуальнага рада, ад сустрэчы з любімымі выканаўцамі. І не варта забывацца на тэму ілюзій у мастацтве: кожны можа напоўніць гэтае паняцце ўласным сэнсам, бо іх насамрэч шмат у рэчаіснаці. Як і ўражанне ад ўбачанага кожны глядач сфарміруе сам у залежнасці ад сваёй абазнанасці і любові да балета, які ў Беларусі здаўна меў як класічны, так і сучасны складнік. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота: facebook.com/bolshoibelarus

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.