Вы тут

Як прайшла сустрэча пісьменнікаў з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў


Дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі наведала заканадаўчы орган краіны — Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.


Дом урада ў Мінску на плошчы Незалежнасці — месца знаёмае, бадай, кожнаму беларусу. У пэўнай ступені — гэта наогул візітная картка нашай краіны. Збудаванне здзіўляе сваім магутным размахам, незвычайным архітэктурным рашэннем. Цікава даведацца, што адбываецца там унутры, як уладкаваны, як кажуць, «калідоры ўлады». Вядома, што ў гэтым будынку знаходзіцца цэнтральны орган выканаўчай улады краіны — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Але нас у дадзеным выпадку цікавіць правае крыло, дзе размешчана так званая ніжняя палата парламента, у якой нараджаюцца законы, па якіх жыве краіна і па якіх ствараецца яе дабрабыт. 

Нас сустракае, у прыватнасці, ініцыятар гэтай сустрэчы старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін Семяняка. Да ўсяго Валянцін Міхайлавіч — член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Дружнай кагортай падымаемся ў яго рабочы кабінет, каб перайсці на дзелавы лад сустрэчы, з першых вуснаў пачуць, як выконваецца галоўная задача парламента: ствараецца заканадаўчая аснова непасрэдна пад яе практычную рэалізацыю. Кранаюць словы дэпутата аб безумоўным падыходзе да любога заканадаўчага акта: «Каб ён нёс карысць, не пагоршыў, а палепшыў сітуацыю ў краіне. Трэба ўзважваць кожную літару закона і разумець наступствы, тое, як ён будзе працаваць». 

У камандзе старшыні камісіі яшчэ пяць дэпутатаў. І мы жартам прапануем часова памяняцца з імі месцамі нашым пісьменнікам, каб лепш усвядоміць, хто якія функцыянальныя абавязкі выконвае. Адразу становіцца зразумелай вялікая і грунтоўная работа кожнага дэпутата і па падрыхтоўцы дакументаў, і па стасунках з іншымі дзяржаўнымі, грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі, і не менш важны ўдзел у жыцці сваіх рэгіёнаў — выбарчых акруг. Валянцін Міхайлавіч падкрэслівае: «Калі мы працуем над заканадаўчымі актамі, вядзём нараду з народам». І яшчэ дэпутаты, канешне ж, займаюцца вырашэннем розных жыццёвых праблем, з якімі звяртаюцца людзі да сваіх абраннікаў.

Далей Валянцін Міхайлавіч прадстаўляе калегу — дэпутата па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Андрэя Ганчука. Ды ўласна з Андрэем Аляксандравічам многія з пісьменнікаў пазнаёміліся падчас Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах. Напярэдадні свята мы пабачыліся з дэпутатам у СВК «Калгас «Радзіма»», дзе Саюз пісьменнікаў Беларусі прэзентаваў кнігу «Парыж, Эйфелева вежа і...» лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Віктара Праўдзіна.

Галоўным героем твора стаў старшыня калгаса Аляксандр Лапаценкаў. Пісьменнік пабываў у гаспадарцы і застаўся надзвычай уражаным амаль камуністычным ладам жыцця мясцовых працаўнікоў. Праўда, усе выгоды даюцца людзям тут не за так — за сумленную, старанную працу. 

Некалькі гадоў таму Аляксандра Міхайлавіча, на вялікі жаль, не стала. Яго справу, і даволі паспяхова, працягвае сын Алег Лапаценкаў. З Андрэем Ганчуком мы згадваем светлым словам слыннага чалавека, які сорак гадоў кіраваў гаспадаркай, умеў знаходзіць да людзей ключыкі, часам нават у вельмі складаных сітуацыях. 

Відавочна, што гэтая размова тут, у сценах парламента, не выпадковая. Заслужыць павагу ў людзей — задача надзвычай няпростая для кожнага дэпутата, як, між іншым, і для пісьменніка таксама. Як і не хапае ў сучаснай літаратуры вобразаў вось такіх сапраўдных герояў суайчыннікаў, вельмі чалавечных людзей. 

Музей парламентарызму — яшчэ адзін аб’ект нашай цікавасці. Гісторыя і традыцыі заканадаўчага органа Беларусі ў лічбах, фотаздымках, артэфактах са змястоўным расповедам дэпутата Кірыла Праяненкава, намесніка начальніка інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення сакратарыята Палаты прадстаўнікоў — усё гэта значна пашырае веды аб беларускай дзяржаўнасці, самастойным шляху развіцця нашага народа. У сувязі з гэтым яшчэ больш усведамляецца стваральная роля ў развіцці краіны Саюза пісьменнікаў Беларусі, якому ў наступным годзе споўніцца 90 гадоў. Пісьменнік жыве клопатамі і трывогамі грамадства, праяўляе сваю грамадзянскую пазіцыю. І наша наведванне парламента — гэта таксама адлюстраванне адзінага з усёй краінай дыхання.

Месца асаблівага прыцягнення — Авальная зала. Тут гаворка ідзе пра структуру беларускага парламента, пра сістэму электроннага галасавання, наогул пра рэгламент работы Палаты прадстаўнікоў і пра дзейнасць усяго дэпутацкага корпуса. У пісьменнікаў ёсць магчымасць прысесці на тое або іншае дэпутацкае крэсла, каб з гэтай адметнай кропкі па-дзяржаўнаму акінуць позіркам усю краіну. 

І, безумоўна, вабіць трыбуна, з якой вядуцца гарачыя дыскусіі, пакуль ідзе падрыхтоўка чарговага законапраекта. У нашым выпадку ўсё адбываецца вельмі пазітыўна. Па просьбе пісьменнікаў за трыбуну выходзіць Валянцін Семяняка і чытае свой верш, у якім філасофскі роздум пра чалавека і абраны ім лёс. 

Пісьменнікаў вабіць і Прэзідэнцкая бібліятэка Беларусі. Многія тут частыя госці, нехта трапіў упершыню. Тым не менш усім хочацца прайсціся па бібліятэчных пакоях, пабачыць старадрукі і рэдкія выданні, якія з’яўляюцца асаблівым гонарам Прэзідэнцкай бібліятэкі. Яе дырэктар 

Сяргей Квачан заўважае, што значнасць у бібліятэцы маюць кнігі з аўтографамі. Калекцыя гэтых выданняў у дзень нашага наведвання Прэзідэнцкай бібліятэкі папоўнілася шэрагам разнажанравых кніг, падораных пісьменнікамі Саюза. 

Алена СТЭЛЬМАХ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.