Вы тут

12 сакрэтаў рэстараннага этыкету


Камфортная абстаноўка ў зале, якасна прыгатаваныя стравы, першакласнае абслугоўванне. Усё гэта неабходна, але не дастаткова, каб праведзены ў рэстаране час прынёс задавальненне. Як правільна ўзаемадзейнічаць з персаналам? Дзе размясціць сумку падчас трапезы? Хто павінен аплачваць рахунак? Сакрэты рэстараннага этыкету высвятляла журналіст «Алесі».


1. Куды паставіць сумку.

Фота: pixabay.com

Вы гатовы размясціцца за сталом. А што рабіць з сумкай? Некаторыя ўстановы прадугледжваюць падобныя сітуацыі, таму прыносяць дамам спецыяльныя невялікія падстаўкі. Аднак калі такія адсутнічаюць, вырашаць пытанне даводзіцца самой. Не варта класці сумку на стол ці ставіць на падлогу. Правільнае месца для яе — на крэсле, у вас за спінай. Дзеля гэтага, сядаючы, пакідайце ззаду траціну свабоднай прасторы. Так сумка не выкліча дыскамфорту.

2. Як быць з тэлефонам.

Па правілах рэстараннага этыкету, на стале не павінна быць старонніх прадметаў: ключоў, сродкаў гігіены, акуляраў, кашалькоў і тэлефонаў таксама. Нягледзячы на тое, што ў апошні час гэтае правіла часта парушаецца, пра яго не варта забываць. Паставіўшы тэлефон на бязгучны рэжым і прыбраўшы яго ў сумку, вы створыце максімальна камфортныя ўмовы.

3. Як зрабіць заказ.

Каб азнаёміцца з меню і вызначыцца з выбарам страў, неабходны час, таму варта папрасіць афіцыянта падысці да вашага стала праз 5–10 хвілін. Меню трэба трымаць так, каб яно не адрывалася ад стала: ніжняя частка павінна так ці інакш дакранацца да паверхні.

Калі пры выбары ўзніклі цяжкасці, можна паклікаць афіцыянта і папрасіць дапамагчы, апісаўшы яму свой густ. У некаторых установах адсутнічаюць саставы страў, таму бывае складана прадбачыць, што ў сябе ўключае пазіцыя. Калі ў вас ёсць алергія на той ці іншы прадукт, важна загадзя паведаміць аб гэтым. Часам афіцыянты самі адразу кажуць аб наяўнасці алергенаў, тым не менш, лепш самастойна агучыць гэты факт.

Першым робіць заказ той чалавек, якога запрасілі. Але ў выпадку з рамантычным спатканнем сітуацыя іншая: аб выбраных стравах афіцыянту паведамляе мужчына, загадзя даведаўшыся пажаданні дамы.

4. Як прыцягнуць увагу афіцыянта.

 Не варта актыўна жэстыкуляваць, пстрыкаць пальцамі, выкрыкваць «эй!», «афіцыянт!», «гарсон!». У дадзеным выпадку дапаможа зрокавы кантакт, за якім павінен быць ледзь прыкметны ківок або лёгкае падняцце падбародка: такім чынам вы прадэманструеце неабходнасць ва ўвазе афіцыянта. Дапамагчы можа і невысока паднятая рука. Пры зносінах з афіцыянтам варта звяртацца да яго па імені, пазначаным на бэйджы, — такое рашэнне будзе найбольш слушным і пакажа вашу выхаванасць і ўважлівасць.

5. Як выкарыстоўваць сурвэткі і зубачысткі.

У некаторых установах, апроч папяровых сурвэтак, ёсць і тканкавыя. Іх варта размясціць на каленях, каб засцерагчы адзенне ад магчымых забруджванняў. Тканкавыя сурвэткі не выкарыстоўваюць для выцірання твару і рук — з гэтай мэтай лепш узяць папяровыя. Пры неабходнасці выйсці з-за стала тканкавую сурвэтку трэба акуратна скласці і пакінуць злева ад талеркі. Гэтаксама варта рабіць з выкарыстанымі папяровымі сурвэткамі — класці іх у талерку непрымальна.

Трэба памятаць аб тым, што зубачысткамі карыстацца ў чыёй-небудзь прысутнасці катэгарычна забаронена. Нават стараючыся зрабіць гэта неўзаметку. Варта адысці ў туалетны пакой і там правесці ўсе маніпуляцыі. Пры неабходнасці наведаць прыбіральню не варта паведамляць аб гэтым спадарожнікам. Тактоўна папрасіце прабачэння і ўстаньце з-за стала, не тлумачачы намераў.

6. Як трымаць бакалы і кубкі.

Вінныя бакалы і фужэры для шампанскага прынята трымаць за ножку, выкарыстоўваючы тры, чатыры ці пяць пальцаў. Са сніфтэрамі — бакаламі для каньяку — дзейнічае іншы прынцып. Іх неабходна трымаць, размясціўшы ножку паміж безыменным і сярэднім пальцамі. За абедам не варта адрываць сподак ад паверхні, а вось за кававым столікам гэта дапушчальна.

7. Вада з лімонам.

У некаторых установах да страў з крэветкамі, ракамі і іншымі морапрадуктамі падаюць ваду з лімонам. Гэта робіцца для таго, каб па завяршэнні трапезы вы пры неабходнасці маглі намачыць пальцы і пазбавіцца ад паху рыбы. Цалкам апускаць рукі ў ваду ці, тым болей, піць яе не варта.

8. Апошні кавалак.

На агульнай талерцы застаўся адзіны кавалак, і вы хочаце ўзяць яго сабе. Не імкніцеся зрабіць гэта неўзаметку, адцягваючы спадарожнікаў гутаркай, — так вы прадэманструеце сваю непавагу да іх. Правільным будзе пацікавіцца ў астатніх, ці жадаюць яны з’есці тое, што засталося. Пры адмове вы зможаце спакойна забраць ежу сабе.

9. Што рабіць з неядомымі часткамі.

Падчас трапезы могуць заставацца розныя неядомыя элементы: рыбныя ці мясныя костки, цэдра лімона і іншае. Не варта складаць іх у сурвэтку і куды-небудзь хаваць. Усё гэта можна пакінуць у левай частцы талеркі.

10. Што рабіць з прыборамі, якія ўпалі.

Ад няёмкіх сітуацый ніхто не абаронены. Што рабіць, калі падчас прыёму ежы вы ўпусцілі прыборы? У такія моманты хочацца хутчэй вырашыць праблему, нахіліўшыся і падняўшы тое, што ўпала. Але рабіць так не варта. Як правіла, персанал заўважае падобнае. Калі ўсё ж афіцыянт не заўважыў, што вы ў цяжкасці, паклічце яго і паведаміце аб сітуацыі — той неадкладна падніме выпушчанае і прынясе вам новыя прыборы. Гэтак жа варта паводзіць сябе з выпадкова пабітым шкляным посудзе.

11. Хто павінен аплачваць рахунак.

Рахунак павінен аплачваць чалавек, які запрасіў на сустрэчу. Тым не менш, пытанне аплаты варта абмеркаваць загадзя, каб пазбегнуць збянтэжанасці ў канцы. Калі было вырашана расплаціцца паасобку, не варта ў прысутнасці афіцыянта разбірацца з рахункам. У такім выпадку неабходна падзяліць суму на колькасць гасцей і перадаць грошы за сваю ежу аднаму чалавеку, які заплаціць за агульны заказ.

12. Як пакінуць чаявыя.

Калі ад наведвання ўстановы ў вас засталіся добрыя ўражанні, вы можаце падзякаваць персаналу, пакінуўшы чаявыя. Як правіла, іх памер — 10 працэнтаў ад сумы чэка. Перадаваць грошы напрамую ў рукі лічыцца непрыстойным. Лепш за ўсё пакласці іх у чэкбук або перавесці безнаяўным спосабам — адсканаваць, пры наяўнасці, QR-код для чаявых. Па жаданні падзяку можна пакінуць і работнікам гардэроба.

Лізавета МАЛЬЧУК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.