Вы тут

Кіналагічны цэнтр Узброеных Сіл адзначыў 30-гадовы юбілей


За ўсю гісторыю свайго існавання ўнікальная воінская часць падрыхтавала не менш як 3,5 тысячы спецыялістаў службовага сабакаводства. Прыкладна столькі ж — службовых сабак. Чатырохлапыя байцы спецыялізуюцца на каравульнай, патрульнай, мінна-вышуковай, пошукава-ратавальнай і вышуковай дзейнасці. Знайсці зброю, наркотыкі або выбуховае рэчыва для службовага сабакі — задача без зорачкі.


За гэтымі ўнікальнымі здольнасцямі, якія дэманструюць чатырохлапыя выхаванцы кіналагічнага цэнтра, — штодзённая карпатлівая праца калектыву прафесіяналаў. З першага дня пасля нараджэння маленькія істоты трапляюць у надзейныя рукі, якія клапоцяцца аб іх як маці аб сваіх дзецях і вядуць па жыцці. Маладыя людзі, што праходзяць тэрміновую службу ў кіналагічным цэнтры, знаходзяць тут верных сяброў. Без сабак, побач з якімі праслужылі год ці паўтара, яны не ўяўляюць свайго жыцця, а таму застаюцца, з цягам часу папаўняючы афіцэрскія шэрагі краіны.

«Сабака і кінолаг — гэта тандэм, экіпаж: яны адзін аднаго адчуваюць і разумеюць», — кажа начальнік кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл палкоўнік Андрэй Бардукоў. Гэтай унікальнай воінскай часцю ён кіруе на працягу амаль сямі гадоў. Увогуле ў кіналагічным цэнтры з 2002 года. Праходзіў службу на розных пасадах: пачынаў намеснікам камандзіра вучэбнай роты, затым быў яе камандзірам, пасля — старшым афіцэрам штаба, намеснікам начальніка цэнтра па ідэалагічнай рабоце, пасля чаго ўзначаліў воінскае падраздзяленне.

На вачах Андрэя Бардукова радавыя станавіліся афіцэрамі, разам са сваімі гадаванцамі ваеннаслужачыя дасягалі высокіх поспехаў на міжнароднай арэне, у цэлым развівалася і ўдасканальвалася айчынная ваенная кіналагічная школа. Аб асноўных дасягненнях цэнтра, а таксама тонкасцях службы ў тандэме і пагутарылі з нагоды юбілею.

— Андрэй Юр’евіч, мала хто ведае, што кіналагічны цэнтр Узброеных Сіл ствараўся з мэтай узмацнення аховы ваенных аб’ектаў. Мяркую, што за тры дзесяцігоддзі спектр задач у воінскага падраздзялення істотна пашырыўся…

— За апошнія пяць-сем гадоў мы значна ступілі наперад. Калі раней мы рыхтавалі сабак выключна для аховы ваенных аб’ектаў, то цяпер нашы ваеннаслужачыя разам са сваімі чатырохлапымі сябрамі ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ва Узброеных Сілах. Адпрацоўваем задачы па ахове месцаў дыслакацыі войскаў, забеспячэнні дысцыпліны і правапарадку ў падраздзяленнях, патруляванні, выстаўленні на пастах, выяўленні выбуховых рэчываў і інш. Не так даўно, напрыклад, прымалі ўдзел у вучэннях на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Улічваючы тое, што адбываецца навокал, нам гэты вопыт патрэбны. Акрамя таго нашы кінолагі разам са сваімі гадаванцамі сумесна з ваеннаслужачымі ваенных камендатур ажыццяўляюць мерапрыемствы па прафілактыцы нарказлачынстваў сярод вайскоўцаў. Аднак асноўная наша задача — падрыхтоўка спецыялістаў і службовых сабак па шматлікіх відах службы.

— Апошнім часам у кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл часцей можна назіраць школьнікаў…

— Удзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі з’яўляецца яшчэ адным немалаважным кірункам нашай дзейнасці. Дзеці прыходзяць да нас, а мы, у сваю чаргу, наведваем дзіцячыя сады, школы, а таксама ўстановы сярэдне-спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Ва Узброеных Сілах створана цэлая сістэма, калі воінскія часці замацаваны за пэўнымі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі. Кіналагічны цэнтр супрацоўнічае з навучальнымі ўстановамі Фрунзенскага раёна сталіцы. Гісторыя і тое, што адбываецца ў свеце, паказваюць, што пытанню ваенна-патрыятычнага выхавання варта ўдзяляць вялікую ўвагу. Без гэтага будучыні ў краіне не будзе, або яна будзе такой, як мы бачым у суседніх краінах. Малады чалавек павінен ведаць гісторыю сваёй дзяржавы, любіць сваю Радзіму, разумець, для чаго патрэбна армія, што мы заўсёды гатовы абараніць сваю краіну, калі гэтага запатрабуе абстаноўка.

— На што звяртаеце ўвагу падчас адбору ваеннаслужачых?

— Вітаецца, калі ў маладых людзей ёсць ветэрынарная адукацыя. Аднак гэта больш пра медыцыну. Кіналогія — найперш работа з сабакам, яго дрэсіроўка, абслугоўванне. Аднак факультэтаў, дзе б навучалі кіналагічнай службе, у нас няма. Пэўныя кірункі ёсць у навучальных установах Расійскай Федэрацыі. Мы ж рыхтуем кадры ў сябе. Прызываючы маладых людзей на тэрміновую ваенную службу, звяртаем увагу на вопыт работы з сабакамі. У многіх ёсць хатні гадаванец, часта са сваім сабакам малады чалавек удзельнічае ў клубе службовага сабакаводства. Практычна ў кожным горадзе ёсць нашы паплечнікі. Трэці, абавязковы, крытэрый паступлення да нас на службу — маладыя людзі павінны любіць сабак, не баяцца іх.

— Ці застаюцца ў кіналагічным цэнтры пасля праходжання тэрміновай ваеннай службы?

— Шмат хто застаецца, дасягае прафесійных вышынь. Прыходзяць да нас салдатамі, становяцца афіцэрамі. Напрыклад, мой намеснік, падпалкоўнік Валерый Рык, у свой час прыйшоў сюды для праходжання тэрміновай службы. Акрамя таго, ваеннаслужачыя кіналагічнага цэнтра карыстаюцца попытам у іншых сілавых ведамствах. Наша школа, падрыхтоўка і базавыя навыкі, якія мы закладваем, запатрабаваны ў многіх сферах дзейнасці. У асноўным робім упор на кантрактную службу. Кантрактнік — гэта больш падрыхтаваны, прафесійны спецыяліст. Такі падыход толькі на карысць жывёлам. Няма пераходнага моманту, калі сабака перажывае сыход свайго гаспадара. У гэта цяжка паверыць, але сабакі таксама плачуць. Некаторыя да месяца сумуюць па сваім гаспадары. Бывае, што маладыя людзі застаюцца ў арміі з-за сваіх гадаванцаў, да якіх прывыклі за час службы.

— Кінолагі цэнтра разам са сваімі чатырохлапымі байцамі з’яўляюцца рэгулярнымі ўдзельнікамі Міжнародных армейскіх гульняў. З якой мэтай нашы ваеннаслужачыя і іх верныя сябры ўдзельнічаюць у падобных спаборніцтвах?

— З 1998 года кіналагічны цэнтр Узброеных Сіл удзельнічае ў многіх міжнародных спаборніцтвах. У народзе іх называюць «біятлонам з сабакамі». У свой час ездзілі ў Бельгію, Чэхію, Францыю, Галандыю, заўсёды займалі прызавыя месцы. Тройчы станавіліся чэмпіёнамі. Пачынаючы з 2016 года, удзельнічаем у Міжнародных армейскіх гульнях. Конкурс, у якім спаборнічаюць кінолагі, называецца «Верны сябар» — гэта свайго роду біятлон, толькі бегчы трэба з сабакам. Наша каманда заўсёды на п’едэстале. Тройчы мы былі другімі, чатыры разы станавіліся бронзавымі прызёрамі. Eсць да чаго імкнуцца. Прынята рашэнне, што Міжнародныя армейскія гульні будуць праводзіцца раз на два гады, таму рыхтуемся да старту ў 2024 годзе. Выстаўляем дзве каманды: і жаночую, і мужчынскую. Галоўная мэта ўдзелу нашых вайскоўцаў у міжнародных спаборніцтвах — павышэнне прэстыжу дзяржавы на міжнароднай арэне. Кожны раз беларускія кінолагі стаяць на п’едэстале з прадстаўнікамі такіх краін, як Расія, Кітай. Мы паказваем добрыя вынікі, дэманструем, што беларуская ваенная кіналагічная школа жыве, развіваецца і ідзе наперад. Другі момант, які таксама вельмі важны ў правядзенні армейскіх гульняў, — гэта абмен вопытам з ваеннаслужачымі-кінолагамі іншых дзяржаў.

— А ці ўлічваеце ў сваёй дзейнасці вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі? Здаецца, у сучасным узброеным канфлікце абсурдна давяраць пэўныя задачы сабакам…

— Дарэмна вы так думаеце. Несумненна, роля беспілотных лятальных апаратаў на перадавой высокая. Але тэхніка выходзіць са строю, у некаторых падраздзяленнях яе проста няма. Сабака — незаменны індыкатар прысутнасці або набліжэння ворага. Магчымасці органаў пачуццяў чатырохлапых у некалькі разоў лепш развіты, чым у чалавека. Мы не можам пачуць, што адбываецца за 300–400 метраў ад нас, а сабака гэта адчувае. Больш таго, сабакі, падрыхтаваныя па пэўных кірунках, шмат умеюць. Напрыклад, выяўляць разведгрупы праціўніка, вяртацца і папярэджваць аб гэтым свайго важатага. Пры гэтым сабака не будзе брахаць, а проста сваімі дзеяннямі, якія разумее толькі кінолаг, данясе патрэбную інфармацыю. Узяць іншы прыклад. Сучасны мінашукальнік — гэта добра, але, як паказвае СВА, пры размініраванні населеных пунктаў сабаку яшчэ ніхто не замяніў. Таму, як бы ні развівалася тэхніка, недаацэньваць магчымасці чатырохлапых байцоў не варта.

— Узаемадзейнічаючы з іншымі сілавымі структурамі, якія задачы вырашаеце?

— У кожнага сілавога ведамства — свае задачы, але кірункі дзейнасці, па якіх рыхтуюць службовых сабак, падобныя. Мы складаем планы, дамаўляемся аб выкарыстанні вучэбнай базы. Калегі прыязджаюць да нас, мы — да іх. Рыхтаваць сабаку ў адных умовах нельга: ён прызвычаіцца выконваць задачы толькі ў канкрэтным месцы. А трэба, каб жывёла праяўляла свае здольнасці ў любой абстаноўцы. Напрыклад, летась у нас па пошуку выбуховых рэчываў навучаліся пагранічнікі. Мы, у сваю чаргу, каб у боегатоўным стане ўтрымліваць сваіх сабак, якія спецыялізуюцца па пошуку наркатычных сродкаў, звяртаемся ў Міністэрства ўнутраных спраў. Або супрацоўнікі Нацыянальнага аэрапорта Мінск удасканальваюць свае веды на нашай базе, нам таксама ёсць чаму павучыцца ў іх. Пры гэтым узаемадзеянне паміж рознымі ведамствамі не абмяжоўваецца выкарыстаннем вучэбна-матэрыяльнай базы адзін аднаго. Мы ўдзельнічаем у сумесных семінарах, спаборніцтвах паміж сілавымі структурамі. Акрамя таго, рыхтуем кінолагаў і службовых сабак для іх. Наладжана ўзаемадзеянне і на міжнароднай арэне. Напрыклад, нашы сабакі выконваюць задачы ў Катары або Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

— У кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл ёсць свой гадавальнік. Вырошчваеце шчанят толькі для сябе або ёсць попыт на пародзістых чатырохлапых сярод цывільнага насельніцтва?

— Асноўная наша задача — папаўненне пагалоўя службовых сабак ва Узброеных Сілах. Аднак нараджаецца шчанят больш, чым нам патрэбна. У нас ёсць ліцэнзія на іх продаж. Людзі з задавальненнем да нас звяртаюцца. Усе нашы сабакі сертыфікаваныя, маюць радаслоўную, адпаведнае ветэрынарнае суправаджэнне. Дарэчы, нашы спецыялісты аказваюць ветэрынарныя паслугі і гадаванцам цывільнага насельніцтва. Прапаноўваем увесь спектр паслуг: гэта і тэрапеўтычная, і хірургічная, і стаматалагічная дапамога. Попытам у мясцовага насельніцтва карыстаюцца і такія платныя паслугі, як дрэсіроўка і ўтрыманне сабак. Людзі з’язджаюць у адпачынак за мяжу, і сабаку няма з кім пакінуць, мы, у сваю чаргу, гатовы аказаць ім садзейнічанне: даглядаем, кормім, арганізоўваем адпаведнае ветэрынарнае суправаджэнне.

— Андрэй Юр’евіч, кажуць, што практычна ўсіх сабак цэнтра вы ведаеце пайменна. А ці ёсць сярод іх любімчыкі?

— Кожны мой працоўны дзень пачынаецца з таго, што я абыходжу тэрыторыю кіналагічнага цэнтра, у тым ліку вальеры, дзе сабакі праводзяць большасць свайго часу. Мой любімчык, бельгійская аўчарка па мянушцы Бард, з нядаўняга часу нясе службу ў войсках. Ёсць яшчэ любіміца — Урсула. Таксама бельгійская аўчарка. Чаму менавіта гэтыя сабакі? Напэўна таму, што я назіраў за імі з моманту нараджэння. Яны выраслі на маіх вачах.

— А ці ёсць у начальніка кіналагічнага цэнтра хатні гадаванец?

— Вядома. Гэта ёркшырскі тэр’ер па мянушчы Піт. Калі сын сыходзіў вучыцца ў Акадэмію МУС, мы заставаліся з жонкай удваіх. Каб не сумаваць, вырашылі завесці чатырохлапага сябра, аб чым ніколі не пашкадавалі.

— Аб чым думаецца на пачатку новага дзесяцігоддзя цэнтра?

— У першую чаргу, аб людзях, з якімі пашчасціла праходзіць службу. У нас створаны калектыў аднадумцаў. Прычым гэта датычыцца і ваеннаслужачых, і цывільнага персаналу. Выконваем пастаўленыя задачы, ставім перад сабой мэты, якіх заўсёды дасягаем. Хацелі стварыць добрую канкурэнтназдольную спартыўную каманду — мы яе стварылі. Вырашылі перайсці ад драўляных вальераў, якія ва ўмовах нашага надвор’я доўга не стаяць, да зборна-разборных — перайшлі. Зрабілі рамонт у тых памяшканнях, дзе ўтрымліваем службовых сабак. Пабудаваны вальеры для знаходжання шчанят і сабак у зімовых умовах. На дадзены момант ажыццяўляецца рамонт у штабе, казармах, сталовай. Многае зроблена сваімі рукамі, у тым ліку па ўдасканаленні вучэбна-матэрыяльнай базы. Сем-восем гадоў таму ў нас было ўсяго два вучэбныя класы. Цяпер у кожным вучэбным падраздзяленні — свой вучэбны клас. Больш таго, яны абсталяваныя па апошнім слове тэхнікі. Створаны летнія вучэбна-палявыя класы. Гэта ўсё дзякуючы людзям, якія тут працуюць і служаць. Ад душы жадаю ўсім ваеннаслужачым і цывільнаму персаналу моцнага здароўя, мірнага неба, поспехаў у службе і працоўнай дзейнасці. Упэўнены, што сумесна мы дасягнём вышынь. Самае галоўнае, у нас ёсць мэта — удасканальваць дзейнасць цэнтра па падрыхтоўцы службовых сабак для Узброеных Сіл, нашай краіны і з гонарам прадстаўляць сваіх сабак і ваеннаслужачых на міжнароднай арэне, даказваючы, што Беларусь займае годнае месца ў гэтай сістэме.


Адным з падраздзяленняў кіналагічнага цэнтра з’яўляецца гадавальнік. Тут маленькія камячкі з’яўляюцца на свет — для гэтага створаны ўсе неабходныя ўмовы. Цяпер у гадавальніку падрастае 12 шчанят. Племянная работа заключаецца не толькі ў павелічэнні пагалоўя службовых сабак, а і ў паляпшэнні працоўных якасцяў чатырохлапых.

— Сабакі з’яўляюцца на свет у радзільным аддзяленні, — расказвае начальнік гадавальніка кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл старшы прапаршчык Валерый Еўтуховіч. — На працягу двух месяцаў за імі тут назіраюць, даглядаюць, прывіваюць базавыя навыкі. Праз паўгода сабак перадаюць у падраздзяленне, дзе пачынаецца навучальны працэс. У выніку вырастаюць службовыя сабакі, якія выконваюць задачы па прызначэнні.

Дарэчы, з мамай шчанюкоў раздзяляюць, калі ім спаўняецца па месяцы. У іх прарэзваюцца зубкі, і маме ўжо балюча карміць малых. З месяца пачынаецца прыкорм, шчанят пераводзяць на корм. На гэтым этапе адбываецца адбор: кінолагі выбіраюць сабе чатырохлапых напарнікаў.

Як і многія, у кіналагічны цэнтр Валерый Еўтуховіч трапіў на тэрміновую ваенную службу. Уцягнуўся, а таму застаўся па кантракце. За 14 гадоў службы ніколі не пашкадаваў аб сваім рашэнні. Падчас службы Валерый завочна скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. «Вельмі люблю сабак, з дзяцінства імі займаюся, — кажа начальнік гадавальніка. — З чатырохлапымі не засумуеш: яны заўсёды табе рады, што б не адбылося. Сабакі вельмі добра адчуваюць чалавека».

За Валерыем таксама замацаваны службовы сабака па мянушцы Бура на Марсе. Мянушку, дарэчы, прыдумаў сам: па яго словах, яна поўнасцю адлюстроўвае характар сабакі. Ёсць чатырохлапыя сябры ў старшага прапаршчыка і дома — нямецкая аўчарка, мопс, французскі бульдог, даберман і кошка. Кажа, што ўсе паміж сабой сябруюць.

Мянушку гадаванцы павінны атрымаць да месячнага ўзросту. У шчанюкоў з аднаго памёту імёны будуць на адну літару — такое правіла. Мянушка павінна падыходзіць па характары, адпавядаць знешнасці сабакі. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што іх можна пераблытаць. «Калі кожны дзень праводзіш разам, бачыш, што сабакі адрозніваюцца адзін ад аднаго, — кажа Валерый Еўтуховіч. — У кагосьці лапка больш светлая, у кагосьці — адметная пляма на грудзі. Зусім аднолькавых сабак, як і людзей, не бывае».


На тэрыторыі кіналагічнага цэнтра функцыянуе ветэрынарная служба. Лячэнне і рэабілітацыю тут праходзяць сабакі з усіх воінскіх часцей Беларусі — свайго роду галоўны ваенны шпіталь для чатырохлапых байцоў. Без перабольшання тут ратуюць жыцці і вяртаюць службовых сабак у строй.

На працягу многіх гадоў ветэрынарную службу кіналагічнага цэнтра ўзначальвае капітан Міхаіл Баран. Ён — старэйшына воінскага падраздзялення. У 1996 годзе прыйшоў сюды салдатам тэрміновай службы. За 27 гадоў практычнай дзейнасці Міхаіл Анатольевіч бачыць сваіх пацыентаў наскрозь: з ходу можа паставіць дыягназ, арыентуючыся выключна на клінічныя прыкметы. І толькі для таго, каб яго пацвердзіць, праводзяцца дадатковыя маніпуляцыі.

«У сабак адзін мінус — яны не ўмеюць размаўляць, — кажа начальнік ветэрынарнай службы. — Урачам-педыятрам і то прасцей: неабходную інфармацыю можна спытаць у маці ці бацькі. Сабака ж не скажа: з’еў ён атручаную мыш або ланцужок. Гаспадар не ўсё можа дагледзець».

Матэрыяльна-тэхнічная база ветэрынарнай службы дазваляе праводзіць усе неабходныя аперацыі, дыягнастычныя і лабараторныя даследаванні, ажыццяўляць стацыянарнае лячэнне жывёл. У ветлазарэце, разлічаным на дзесяць месцаў, можна ўтрымліваць прааперыраванага або хворага сабаку столькі, колькі гэта неабходна. Вялікая ўвага ўдзяляецца прафілактыцы захворванняў у сабак. З гэтай мэтай праводзіцца рэгулярная дыспансерызацыя. Давяраюць айбалітам у пагонах і цывільныя грамадзяне. Медыцынская дапамога аказваецца ім на платнай аснове.

Аказваецца, хварэюць сабакі так, як і людзі. Апошнім часам пачасціліся выпадкі анкалогіі. Для службовых сабак прафесійнымі захворваннямі з’яўляюцца траўмы.

Як многія людзі баяцца наведваць урачоў, так і сабакі — ветэрынараў. «Дзякуючы свайму нюху яны адчуваюць нас за кіламетр, — заўважае Міхаіл Баран. — Як толькі мы заходзім на тэрыторыю вальераў, у іх пачынаецца паніка. Дрыжаць, калі прыходзяць да нас, у ветэрынарную 
службу».

Па словах начальніка, давяраць сабаку нельга. «Ён цябе можа ўкусіць не са злосці, а з жывёльнага страху, — тлумачыць капітан. — Нават самы добры сабака ў стрэсавай сітуацыі можа паводзіць сябе агрэсіўна. Да кожнай жывёлы трэба знайсці падыход. Аднак не да ўсіх атрымліваецца. У такім выпадку трэба хутчэй рабіць усё неабходнае. Некаторых пагладзіш — і яны супакойваюцца».

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.