Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. Урок для мажораў


Апошняя рыбалка

У нашай кампаніі рыбакоў-аматараў быў адзін, як моладзь кажа, чал. (ад чалавек), які не разменьваўся на дробязі — лавіў выключна вялікую рыбу, на бойлы (гэта як бы «клёцкі» такія — з яек, манны, мукі...). Дарагія, халера, таму чал. браў іх з сабою няшмат — тры-чатыры штукі... І рыбу падымаў рэдка: за сезон — у найлепшым выпадку — разы са два, але ж ЯКУЮ…

Найчасцей лавіліся сазаны — кілаграмаў па восем, па дзесяць. Многія на іх зайздросцілі. А Іван — той проста захварэў: вырашыў таксама перайсці на буйняк, але лавіць яго не на бойлы (што задорага), а на спецыяльныя аладкі.

З чаго ён іх толькі не пёк?! І чым толькі зверху не здобіў — мёдам, часнаком, шакаладнай пастай... Буйняк жа ўпарта не кляваў — ні раней, ні ў той раз: мы, рыбакі, кучкаваліся вакол кавы і піва, пакуль…

Спінінг Івана — стары, правераны часам, з «неўскаю» шпулькай — не клюнуў канцом у ваду.

Рыбак кінуўся да вудачкі — паспрабаваў зрабіць падсечку, але спінінг проста злажыўся папалам, а затым вырваўся з рук і... кануў (?!) у ваду.

Змірыцца з гэтым Іван (у іншых абставінах чалавек разважлівы) ну ніяк не мог: нырнуў услед за спінінгам (у кастрычніку!), ухапіў, адчуў, што на тым канцы — РЫБА!.. Мо на цэлы пуд!..

І мы яе — яго, сазана! — такі ж дасталі — усім «калгасам»!

...Праз пару дзён Іван — чаго ніколі не было — запрасіў на вячэру, на сазаняціну.

Прычына нечуванай шчодрасці раскрылася пры дэгустацыі. У смажаным выглядзе рыбу было не ўгрызці, у тушаным — не праглынуць, студзень з галавы пахам нагадваў сталярны клей…

Што навеяла — яшчэ адзін досыць смешны ўспамін.

...Сяргею, зусім не рыбаку, проста ўдзельніку выезду, мы ўручылі тады буйнога дзікага карпа — кілаграмаў на сем. У той жа вечар ён пазваніў — папрасіў падысці да яго пад’езда, і ўсім, хто з’явіўся, уручыў па пакеце з кавалкамі рыбы.

Мы, вядома ж, спыталі, з чаго б?

І Сяргей расказаў, што, толькі пачаўшы чысціць трафей, мякка кажучы, «удзелаў» усё — не толькі на сабе, але і на кухні…

Прыйшлося раздзецца (што важна — да чырвоных плавак) і з рыбінай перайсці ў ванны пакой — чысціць там, не ўмеючы ды яшчэ і спехам, каб усё прыбраць да прыходу жонкі, але…

Яна з сяброўкай пасля ўдалага шопінгу з’явілася раней. З парога папрасіла, каб дапамог «разгрузіцца».

Сяргей, вядома ж, паслухаў: голы, увесь у крыві, з гэткім жа акрываўленым цесаком выйшаў насустрач, ад чаго адна з жанчын дзіка заверашчала, другая — у непрытомнасці — па сценцы «спаўзла» на падлогу…

Калі жарсці ўлягліся, гатаваць тога карпа гаспадыня адмовілася — наадрэз. І Сяргея на рыбалку болей не пусціла.

А мо і сам не захацеў.

Алег ІВАНОЎ

г. Масква


Урок для мажораў

Некалі, у далёкія 80-я мінулага стагоддзя, у адну з нашых вёсак панадзіліся два кавалеры — ды такія крутыя!

Фота: pexels.com

Зрэшты, гэтага слова ў адносінах да людзей яшчэ не было, а вось яны самі…

Брат аднаго ў «загранку» хадзіў, бацька другога мясцовым багацеем лічыўся. Таму хлопцы, абодва, «рассякалі» на матацыклах «Ява» (калі ў большасці ні «мінскачоў», ні старэнькіх «Іжоў» не было), фарсілі ў фірмовых джынсах ды куртках-варанках, ганарыліся японскімі магнітафонамі…

І ў адну з субот заляцаліся да адных дзяўчат (запрашалі танцаваць, праводзілі дадому, прызначалі спатканні...), а ў наступную кліны падбівалі ўжо да іншых, балазе, дзяўчат там процьма была: і тых, што адвучыліся і ў вёсцы працавалі, і тых, хто прыехаў на канікулы, і школьніц-старшакласніц... Многіх хлопцы «матросілі», аж пакуль не нарваліся на дзвюх вясёлых сябровак... Яны — Таня з Алёнай — як толькі зразумелі, што «свята», прыйшло на іхнюю вуліцу, хуценька і цішком распрацавалі план — сталі дзейнічаць. Ну, па-першае, зрабілі выгляд, што проста без памяці ад увагі сваіх кавалераў! Па-другое, зманілі пра ўзрост — «прыкінуліся» студэнткамі. Па-трэцяе, дазволілі сябе не проста праводзіць…

Пачатак аперацыі быў удалы: адна парачка збочыла на сцежку, што вяла да хаты... Танінай прабабулі. У сенцах дзяўчына папрасіла кавалера пачакаць, пакуль яна праверыць, ці спяць бацькі, а сама тым часам адчыніла люк у падвал, што знаходзіўся адразу ж за парогам, і гучна прашаптала: «Заходзь. Усё ў парадку!»

Куды «зайшоў» Дзіма, казаць, напэўна, не трэба? Вышыня там была невялікая, для мякчэйшай пасадкі Таня кінула ўніз сеннічок, на якім звычайна спаў сабака, і, хуценька апусціўшы люк, усцягнула на яго нажную швейную машыну і цяжкаваты куфэрак з абрусамі ды ручнікамі…

Алёна ж тым часам запрасіла Вову ў... Таніну хату (нібыта ў сваю, бо да сваёй далёка ды і не па плане): у веранду, у невялікую летнюю кухню... Папрасіла залётніка там пачакаць. Сама ж паўз ложак у пакоі, дзе звычайна прымалі гасцей, а цяпер чамусьці спаў Танін дзед, прайшла да акна і сіганула ў кветнік.

Па плане яна павінна была знадворку падперці дзверы ў хату, але... прачнуўся дзядуля. «Гэта хто тут аціраецца?!» — гучна папытаўся ён, двухметровы асілак, ад чаго Воўка аж падскочыў — даўся галавой у самаробную паліцу, перакуліў на сябе каструльку з кісялём і выскачыў у веранду, дзе ўжо пстрыкнуў выключальнік і асвятліў «групу захопу» — грознага дзеда Сямёна ў кальсонах, маленькую бабулю Надзю з чапялой наперавес і Танінага тату з прасам у руцэ.

Воўка — з малінава-кісельным чубам — кінуўся з хаты, але дзед паспеў схапіць яго за кішэнь штаноў-«бананаў» і выдраць яе, што называецца, з мясам…

Таня з Алёнай у кутку паміж сцяной і верандай паўзлі ад смеху.

...Дзіма, як даведаліся пасля, вылез з падвала праз акенца, у якое звычайна ссыпаюць бульбу (прабабуля, мякка кажучы, глухаватая, нават не прачнулася). Вова нацярпеўся таксама…

Не дзіва, што абодвух ганарліўцаў у вёсцы болей не бачылі. Мо даліся ў іншы бок дурыць галовы дзяўчатам. А можа, урок пайшоў на карысць?

Алена НЕСЦЯРОНАК

г. Докшыцы


Трымай галаву ў холадзе,

Жывот у голадзе... А зубы — дзе?

Антось — мужчына што трэба: пры пасадзе, сям’і, з прывабнай знешнасцю, з падвешаным языком. Такім, згадзіцеся, прасцей знаёміцца, весці перамовы, кантактаваць, жартаваць з жанчынамі…

У Антося, праўда, не больш: жонцы ён не здраджваў ніколі, хоць па санаторыях ездзіў і ў камандзіроўках быў... Часам, здаралася там, кагосьці кадрыў, але ж розуму пры гэтым не траціў: адчуўшы небяспеку, хуценька здаваў назад…

Даўнавата гэта было — у маладосці, а пад старасць…

Адкуль што ўзялося? Здаецца ж, і стаматолагаў слухаў, і як след даглядаў, а зубы ўсё роўна страціў — адзін за адным, на нейкім шостым дзясятку... Замест беленькіх ды роўненькіх, сваіх, з’явіліся штучныя…

Камплексаваў Антось. Толькі жонка бачыла, як ён нанач здымаў пратэз, як апускаў яго ў шклянку. Альбо клаў пад падушку.

І днём быў асцярожным: нічога цвёрдага не кусаў, адмовіўся ад пікнікоў на прыродзе, бо новыя зубы пасля закускі часам трэ было даставаць, паласкаць…

Карацей, бярогся чалавек, ды на прыгоду ўсё ж нарваўся.

На рабоце далі яму пуцёўку ў санаторый. Жонка адпраўляла спакойна: едзь, маўляў, ды глядзі, калі нейкую пацалуеш, то лепей у шчочку... «Не хвалюйся, — у тон ёй адказаў Антось. — Я равесніц буду кадрыць, каб раніцай пратэзы не зблытаць». 

Было там што ці не, гісторыя замоўчвае. Факт, што непадалёк ад таго санаторыя жылі Антосевы сваты. Ён гадоў з дзесяць у іх не быў. «Заедуся, дзён колькі пабуду», — звоніць сваёй палавіне. Жонка не супраць, хоць якраз тады ў яе дзень нараджэння... Дата, праўда, не круглая... «Без мяне пасвяткуеце, — прапанаваў Антось. — А потым яшчэ і ўдваіх пасядзім».

Як надумалі, так зрабілі. На верандзе, за святочным сталом, чалавек мо дзесяць сабралася. Павіншавала матулю дачка, сказала тост супрацоўніца — выпіць не паспелі: паштальёнка зайшла:

— Атрымайце, — кажа, — і распішыцеся. Бандэролька вам.

— Якая? Адкуль? — дзівіцца гаспадыня і тут жа бачыць: з санаторыя. Значыць, Антоська нешта прыслаў?!

— Мусіць, завушнічкі! — уголас падумала дачка.

— Не, мяркуючы па каробачцы, духі, — запярэчыла суседка.

— Мне мой ахламон, — цяжка ўздыхнула каляжанка, — ніколі і нічога не прысылаў.

Гаспадыня тым часам з хваляваннем разгарнула пакунак, у якім — ніхто не згадаўся — былі не завушніцы. Не духі, а... зубны пратэз. І кароткі ліст з санаторыя: так і так, маўляў, прыбіраючы нумар, пакаёўка знайшла — у тумбачцы…

Смеху надоўга было — і за сталом, і потым, калі Антось прыехаў дадому. Жонцы сказаў, што прапажу «заўважыў» праз гадзіну пасля ад’езду, але ж падумаў, што пратэз у сумку паклаў…

Калі там не знайшоў, вырашыў: па дарозе ад родзічаў заедзе ў санаторый і забярэ. А тут во які канфуз атрымаўся — не перад нейкай залёткай дык перад жонкай.

Віктар САБАЛЕЎСКІ​

г. Узда


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж.

Першая з сённяшніх гісторый (у досыць вольным перакладзе з рускай...) — з кнігі «Пра рамантыку, рыбалку, людзей і норавы» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2023). Будуць, на жаль, і апошнія — прынамсі, у гэтым годзе... Конкурс на найлепшую выйшаў на фінішную прамую, але шанс паспець яшчэ ёсць. Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.