Вы тут

Адкрылася незвычайная выстава да юбілея Беларускага саюза мастакоў


Якая падзея можа сабраць разам усіх мастакоў краіны? Менавіта 85-годдзе Беларускага саюза мастакоў. Адсвяткавалі яе сапраўды ўрачыста, у тым ліку адкрыццём знакавай выставы «Старшыня» у Палацы Мастацтва.


У чым жа ўнікальнасць гэтай выставы? А ў тым, што на ёй сабраны выключна творы тых людзей, якія на працягу ўсяго гэтага часу ўзначальвалі Беларускі саюз мастакоў.

— Мы доўга думалі, які праект можа быць сімвалам сённяшняга нашага юбілею. І выбралі менавіта тое, што спалучае ўсе гэтыя 85 год. Гэта тыя, хто кіраваў нашым саюзам, — адзначыў на адкрыцці выставы цяперашні старшыня творчай арганізацыі Глеб Отчык, — Калі мы паглядзім на нашу знакавую выставу, гэта той пласт, культурны, гістарычны, які сведчыць, што сёння Беларускі саюз мастакоў — не проста творчая супольнасць, гэта рупар і ідэалогія нашага грамадства. Таму трэба вельмі ўважліва адносіцца да кожнага твора, бо сёння на нас з вамі вялікая адказнасць наконт таго, што будзе заўтра. 

 

 

Цікава, што на выставе прысутнічалі былыя старшыні Беларускага саюза мастакоў Генадзь Буралкін і Уладзімір Савіч, а яшчэ госці з Кітая, якія дзеля гэтага юбілея здзейснілі далёкі шлях. Сказана было шмат цёплых слоў аб Беларускім саюзе мастакоў і аб самой выставе. У тым ліку і тое, што сярод гэтых карцін можна знайсці адказы на ўсе пытанні. Ці так? Давайце разглядзім карціны падрабязней.

У кожнага мастака, колішняга старшыні саюза, свой светапогляд, свае мастацкія прыёмы, але ёсць і тое, што прасочваецца ва ўсіх творах — гэта любоў да Радзімы. Яна ва ўсім: у пейзажах роднай Беларусі, у партрэтах суайчыннікаў, у побытавых і гістарычных падзеях.

Выяваў краявідаў Беларусі шмат, кожная карціна адгукаецца ў сэрцы. Затрымаемся перад творам Віктара Грамыкі «Свежы вецер». Глядзіш на гэтую панарамную карціну, і здаецца, быццам бы сам удыхаеш гэтае асаблівае паветра перад навальніцай. Нельга, канешне, абыйсці і пейзажы Віталя Цвіркі. Яго «Ваколіца Вязынкі» напоўнена тугой і смуткам. Гледзячы на гэтую карціну, так і хочацца згадаць творы Янкі Купалы, а таксама вядомы верш Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей».

А яшчэ на выставе шмат адметных партрэтаў суайчыннікаў. Уражвае іх разнастайнасць. Вось побач размешчаны два партрэты, напісаныя Яўгенам Зайцавым — але якія розныя! На першым адлюстравана даярка Ганна Халаева. Жанчына глядзіць удалячынь, абапёршыся на плот. Быццам усяго на хвілінку стала перадыхнуць. Вакол яркія фарбы пачатку восені, статак кароў. Здаецца, будзённае жыццё — але колькі ў ім яркасці! На другой карціне мы бачым паэта Пятра Глебку. Тут ужо няма такой каляровай разнастайнасці, усё выканана ў стрыманай палітры. Герой сядзіць, яго погляд задумлівы, у руцэ недапаленая цыгарэта. Магчыма, успамінае франтавыя дарогі, а ўспаміны складаюцца ў паэтычныя радкі.

Безумоўна, на выставе шырока прадстаўлена тэма Вялікай Айчынай вайны. Так і прыцягвае ўвагу твор Уладзіміра Гардзеенка «Бесмяротнасць (Вера Харужая)». Жанчына, акружаная накіраванай на яе варожай зброяй, быццам бы зазірае гледачу ў самую душу, увасабляючы нескароны беларускі народ.

Цікава, што на одной з карцін ваенай тэматыкі знайшлося месца і для нашай газеты. Так, Віктар Пратасеня адлюстраваў Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышку падчас нарады ў падполлі. Твар героя заліты мяккім цёплым святлом. Такое адчуванне, што ён вось-вось скончыў сваю прамову і выслухоўвае меркаванні паплечнікаў. Левай рукой Мікалай абапіраецца на стол. Вось там, на краі і ляжыць «Звязда», быццам бы нагадваючы гледачам пра свае гераічнае мінулае.

 

Уражваюць і творы сучаснага старшыні Глеба Отчыка. Яго карціны з серыі «Мірны час» з філасофскай глыбінёй падымаюць тэму вайны і міра праз бытавыя сюжэты. Напрыклад, глядзіш на карціну «Пакінутыя рэчы», бачыш заход сонца ў вёсцы. Але літаральна праз некалькі секунд разумееш, што на калках платоў не звыклыя чыгуны, а пабітыя каскі салдат. Ды і сама карціна напалову чорна-белая — быццам выцвілі ўсе колеры на зямлі. Толькі неба па-ранейшаму пераліваецца ўсімі адценнямі заходу.

Твораў на выставе «Старшыня» шмат, і расказваць пра іх можна бясконца. Але ўсё ж лепей убачыць усё на свае вочы. Экспазіцыя будзе працаваць да 25 лістапада.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.